ТО́ЕСНАЕ ПЕРАЎТВАРЭ́ННЕ,

замена аднаго аналітычнага выразу іншым, тоесна яму роўным, але адрозным па форме (гл. Тоеснасць).

Мэта Т.п. — наданне выразу выгляду, больш зручнага для лікавых разлікаў ці далейшых пераўтварэнняў, для лагарыфмавання, дыферэнцавання, інтэгравання, рашэння ўраўненняў і інш. Да Т.п. адносяцца, напр., прывядзенне падобных членаў, раскрыццё дужак, раскладанне на множнікі, прывядзенне алг. дробаў да аднаго назоўніка і інш.

т. 15, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сістэматыза́цыя, ‑і, ж.

Прывядзенне чаго‑н. у сістэму (у 1, 2 знач.). Сістэматызацыя назіранняў. Сістэматызацыя раслін.

[Фр. systematisation ад грэч. systēma, systēmatos — злучэнне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

настрыфіка́цыя, ‑і, ж.

Спец. Прывядзенне ў адпаведнасць (прыраўнаванне) дыпломаў, выдадзеных дзяржаўнымі органамі іншых краін, з адпаведнымі дыпломамі нашай краіны.

[Ад лац. noster — наш.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

РЭГУЛЯВА́ННЕ (ням. regulieren рэгуляваць ад лац. regulare норма, правіла),

1) прывядзенне чаго-н. у пэўную сістэму, падпарадкаванне пэўнаму правілу.

2) Наладжванне правільнага ўзаемадзеяння частак механізма.

т. 13, с. 549

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сінхраніза́цыя, ‑і, ж.

Прывядзенне да сінхранізму дзвюх або некалькіх з’яў ці працэсаў, якія перыядычна змяняюцца. Сінхранізацыя гуку і адлюстравання ў гукавым кіно.

[Ад грэч. synchronos — адначасовы.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЭКЗЕКВАТУ́РА (ад лац. exsequor выконваю) у міжнародным праве, 1) прывядзенне ў выкананне ў пэўнай краіне суд. рашэння, вынесенага ў інш. краіне.

2) Афіц. дакумент аб прызнанні консула ўрадам дзяржавы, якая яго прымае.

т. 18, кн. 1, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАБІЛІЗА́ЦЫЯ (ад лац. stabilis устойлівы, пастаянны),

прывядзенне чаго-н. ва ўстойлівы стан і падтрымка гэтага стану на вызначаным узроўні; забеспячэнне пастаянства якіх-н. велічынь; працэсаў, уласцівасцей. Напр., стабілізацыя палімераў, стабілізацыя частаты, С. палітычных адносін і г.д.

т. 15, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУБАРДЫНА́ЦЫЯ (ад суб... + лац. ordinatio прывядзенне ў парадак),

сістэма службовага падпарадкавання малодшых старшым, ніжэйшых органаў вышэйшым; у больш шырокім сэнсе — выкананне правіл службовай, у т. л. воінскай, дысцыпліны ва ўзаемаадносінах паміж рознымі па службовым становішчы і званні асобамі. Гл. таксама Табель аб рангах.

т. 15, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДО́БНЫЯ СКЛА́ДНІКІ мнагаскладу,

аднасклады, якія ўваходзяць у мнагасклад і адрозніваюцца каэфіцыентамі, знакамі ці нічым не адрозніваюцца. Могуць быць заменены аднаскладам, роўным іх алг. суме (прывядзенне П.с.), надр., мнагасклад 2a + 5a​3b + 3ab​2 − 3a​3b пасля прывядзення П.с. набывае выгляд 2a + 2a​3b + 3ab​2.

т. 11, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІНХРАНІЗА́ЦЫЯ (ад грэч. synchronos адначасовы),

прывядзенне некалькіх працэсаў да строгай узгодненасці іх працякання ў часе, у выпадку перыядычных працэсаў — забеспячэнне роўнасці (кратнасці) іх перыядаў ці супадзення фаз. Выконваецца сінхранізатарамі. Шырока выкарыстоўваецца ў энергетыцы, тэлебачанні, шматканальнай радыёсувязі, радыёлакацыі, сістэмах дакладнага вымярэння часу, выліч. тэхніцы і інш. Гл. таксама Сінхрагенератар, Сінхранізацыя ваганняў.

т. 14, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)