у Расіі 14—17 ст. катэгорыя феадальна залежнага, але асабіста свабоднага сельскага насельніцтва, якое жыло на дзярж. («чорных») землях і эксплуатавалася непасрэдна дзяржавай. Кіравалі імі дзярж. чыноўнікі і выбарныя органы з саміх сялян. Ворыва і частка інш. угоддзяў знаходзіліся ў прыватна-долевым уладанні сял. сем’яў; пашы, лясы і рэкі — у абшчынна-валасным карыстанні. Ч.с. мелі больш эканам. свабоды, чым прыватнаўласніцкія, займаліся разнастайнымі промысламі (солеварэнне, рыбацтва, паляванне і інш.). Сістэматычная раздача маскоўскімі вял. князямі (потым царамі) населеных дзярж. зямель памешчыкам прывяла да значнага скарачэння колькасці Ч.с. У канцы 17 ст. іх заставалася каля 50 тыс. двароў, пераважна на Еўрап. Поўначы і ў Сібіры. У пач. 18 ст. Ч.с. ўвайшлі ў катэгорыю дзяржаўных сялян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
прыва́т-дацэ́нт
(ням. Privatdozent, ад лац. privatim docens = які навучае прыватна)
вучонае званне пазаштатнага выкладчыка вышэйшай школы ў Расійскай імперыі і некаторых іншых краінах.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ВАЛЧАНЕ́ЦКАЯ Валянціна Фёдараўна (9.12.1898, г. Ніжні Ноўгарад — 5.5.1980),
бел. спявачка (мецца-сапрана). Нар.арт. Беларусі (1955). Вучылася ў Маскоўскай кансерваторыі (1917—20) і прыватна ў В.Пятровай-Званцавай. Працавала ў Смаленскім перасоўным т-ры, у оперных т-рах Тбілісі, Саратава, Баку і інш. У 1940—57 салістка Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Валодала голасам прыгожага тэмбру, выдатнымі акцёрскімі здольнасцямі, была тонкім, удумлівым інтэрпрэтатарам. Сярод партый: у операх бел. кампазітараў — Ганка, Агата («Міхась Падгорны» і «Дзяўчына з Палесся» Я.Цікоцкага), Марыя Грагатовіч («Кастусь Каліноўскі» Дз.Лукаса), Сцепаніда («Надзея Дурава» А.Багатырова); у класічных операх — Графіня («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Любаша («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Княгіня («Русалка» А.Даргамыжскага), Кармэн («Кармэн» Ж.Бізэ), Няня («Дэман» А.Рубінштэйна).
Літ.:
Смольскі Б.С. Майстар музычнай справы. // Майстры беларускай сцэны. Мн., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УКЛА́Д ГРАМА́ДСКА-ЭКАНАМІ́ЧНЫ сістэма эканам. адносін, якая характарызуе грамадскую форму вытв-сці; тып гаспадарання з пэўнай формай уласнасці, спецыфічным кіраваннем. Сацыяльны бок У.г.-э. вызначаецца ступенню ўдзелу ўласніка, кіраўніка і працаўніка ў працэсе прымання гасп. рашэнняў. Паняцце «У.г.-э.» з’явілася ў марксісцкай тэорыі для характарыстыкі сац.-эканам. змен у ходзе пераходу ад аднаго тыпу грамадства да другога. Так, калі ў Сав. Расіі праводзілася адзяржаўленне ўсіх відаў уласнасці, вылучалася 5 У.-г.э.: патрыярхальны, дробнатаварны, прыватна-капіталістычны, дзярж.-капіталістычны і сацыялістычны; ва ўмовах адм.-каманднай сістэмы пераважаў дзярж.-сацыялістычны ўклад (дзярж. сацыялізм). Пазней у СССР шматукладнасць у нар. гаспадарцы паступова знікала. У постсацыялістычных краінах пераход да рыначнай эканомікі характарызуецца фарміраваннем розных тыпаў гаспадарання, мноствам форм уласнасці і арганізацыйна-прававых форм прадпрыемстваў. У іх вылучаюць дзярж. формы гаспадарання, прыватныя (індывідуальныя і калектыўныя) і змешаныя; пашыраны кааператывы, акц. і інш. віды т-ваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНАЛІТЫ́ЧНАЯ ФІЛАСО́ФІЯ,
кірунак у філасофіі 20 ст., гал. чынам у англамоўных краінах. Развівалася ў рэчышчы неапазітывізму. Асн. задачу філас. даследавання зводзіла пераважна да аналізу моўных сродкаў пазнання, а філасофска-гнасеалагічную праблематыку — да прыватна-навук. праблем, якія вырашаюцца сродкамі і метадамі логікі, лінгвістыкі, семіётыкі і інш. Класічную філасофію абвяшчае «метафізікай», пазбаўленай навук.-пазнавальнага сэнсу. Метад аналізу, што ўкараніўся ў аналітычнай філасофіі, бярэ пачатак ад даследаванняў Дж.Мура і Б.Расела. У распрацоўку аналітычнай філасофіі зрабілі ўклад Л.Вітгенштэйн і прадстаўнікі «Венскага гуртка». Асн. плыні: філасофія лагічнага аналізу, якая сродкі аналізу бярэ ў сучаснай матэм. логіцы і арыентуецца пераважна на «мову навук» (Р.Карнап, Г.Фейгль і інш.), і лінгвістычная філасофія, што даследуе тыпы ўжывання выразаў у натуральнай паўсядзённай мове, замяняючы фармальна-лагічныя сродкі аналізу лінгвістычнымі і адмаўляючыся ад культу навук. ведаў (Г.Райл, Дж.Осцін і інш.). Абедзве плыні імкнуцца культываваць аналіз як чыстую тэхніку, якая лёгка ўключаецца ў кантэкст розных філас. вучэнняў (экзістэнцыялізм, неатамізм і інш.).
Літ.:
Бегиашвили А.Ф. Метод анализа современной буржуазной философии. Тбилиси, 1960;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДЛЁВАЯ ПАЛА́ТА,
незалежная грамадская арг-цыя, якая спрыяе развіццю гандл.-эканам. і навук.-тэхн. сувязей паміж рознымі краінамі. У развітых краінах Гандлёвая палата з’яўляецца адной з формаў аб’яднання гандл.-прамысл. колаў, займаецца высвятленнем кан’юнктуры ў гандлі і прам-сці, пошукам рынкаў збыту і інш. Паводле прававога становішча гандлёвыя палаты могуць быць прыватнымі асацыяцыямі, што ўтвараюцца на аснове добраахвотнага членства (т.зв.прыватна-прававыя), або дзярж. арг-цыямі (т.зв. публічна-прававыя). Першая Міжнар. Гандлёвая палата (Парыж) засн. ў 1920 як міжнар. няўрадавая арг-цыя, што аб’ядноўвае дзелавыя колы і асобныя фірмы многіх краін. Асн. яе задача — садзейнічанне паляпшэнню ўмоў гандлю паміж рознымі краінамі і вырашэнню міжнар.эканам. праблем. Існуюць нац. і змешаныя (2 краіны) гандлёвыя палаты.
На Беларусі Гандлёвая палата створана ў 1972 на базе Аддз. Усесаюзнай Гандл.-прамысл. палаты СССР. У 1991 — Гандлёвая палата БССР, з 1994 — Бел.гандл.-прамысл. палата. Асн. кірункі дзейнасці: расшырэнне гандл.-эканам. сувязей з замежнымі дзяржавамі; арганізацыя і правядзенне выставак; пошук партнёраў для дзелавога супрацоўніцтва; аперацыі па патэнтаванні вынаходстваў; экспертыза тавараў, выдача сертыфікатаў аб іх паходжанні, распрацоўка і рэгістрацыя таварных знакаў; падрыхтоўка кадраў па знешнеэканам. зносінах і менеджменту і інш. Мае 6 абл. аддзяленняў і выставачны комплекс «Мінскэкспа». На пач. 1995 яе членамі былі больш за 800 прадпрыемстваў і арг-цый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЭ́КА (ад грэч. apothēkē склад, кладоўка),
медыцынская ўстанова, дзе рыхтуюць, захоўваюць і адпускаюць лякарствы, прадметы санітарыі, гігіены і інш. тавары мед. прызначэння. Папярэднічалі аптэцы лабараторыі для прыгатавання лекаў у краінах стараж. свету (Кітай, Егіпет, Рым). Як установы з дзярж. рэгламентацыяй дзейнасці аптэкі ўзніклі ў Багдадзе ў 8 ст., у Расіі — у 16 ст. (падпарадкоўваліся Аптэкарскаму прыказу). На Беларусі першыя аптэкі з’явіліся ў Пінску (1561), Брэсце (1566). У 16—18 ст. іх было больш за 30, у 1-й пал. 19 ст. — каля 70 прыватных і 15 казённых, у 1913 — 297. На пач. 1994 дзейнічалі каля 1200 аптэк, пачала фарміравацца сетка аптэк недзярж. формаў уласнасці. Пераважная іх большасць — дзярж. гасп.-разліковыя аптэкі (у зах. краінах пераважаюць прыватна-прадпрымальніцкія); існуюць аптэкі самастойныя (у т. л.цэнтр., раённыя), пры лячэбна-прафілакт. установах, бальнічных стацыянарах і г.д.
Асн. функцыя аптэкі — забеспячэнне насельніцтва лек. сродкамі і мед. таварамі — спалучаецца з вытв. (выраб, прыгатаванне і расфасоўка лекаў непасрэдна ў аптэцы, арганізацыя нарыхтовак і закупак лек. сыравіны ў насельніцтва), інфарм.-асветнай (звесткі аб наяўнасці прэпаратаў і іх заменнікаў, пашырэнне ведаў па санітарыі, гігіене, фармацыі, умовах захоўвання лекаў і інш.), фін. і гасп. дзейнасцю. Усім аптэкам устанаўліваецца адзіны парадак захоўвання і рэалізацыі лек. сродкаў, даводзіцца пералік прэпаратаў, на атрыманне якіх патрэбны спец. дазвол (напр. наркатычныя сродкі). Заканадаўствам Беларусі прадугледжаны льготныя формы абслугоўвання некаторых катэгорый насельніцтва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛЕ́ДСТВА,
у крымінальным працэсе — збіранне і праверка доказаў, неабходных і дастатковых для высвятлення акалічнасцей, што ўваходзяць у прадмет даказвання. Складаецца з папярэдняга С. (у Рэспубліцы Беларусь ідзе за ўзбуджэннем крымін. справы і ажыццяўляецца следчымі пракуратуры, органаў мін-ваўнутр. спраў, дзярж. бяспекі і фін. расследаванняў, а таксама органамі дазнання) і судовага С., якое ажыццяўляе суд. пасяджэнне і з’яўляецца састаўной часткай судаводства з удзелам абвінавачанага, яго абаронцы, пацярпелага, істца і адказчыка (іх прадстаўнікоў). Пры гэтым робіцца праверка доказаў, сабраных папярэднім С., збіранне і праверка новых доказаў з мэтай усебаковага, аб’ектыўнага высвятлення ўсіх істотных акалічнасцей справы. Судовае С. вядзецца вусна ва ўмовах галоснасці, неперарыўнасці суд. разбору, нязменнасці складу суда (суддзі), роўнасці правоў удзельнікаў суд. працэсу. Па ўсіх справах публічнага, прыватна-публічнага і прыватнага абвінавачання, узбуджаных пракурорам, абавязковы ўдзел у суд. разборы дзярж. абвінаваўцы, які агалошвае абвінавачанне, прад’яўляе доказы, удзельнічае ў даследаванні, выказвае сваю думку па сутнасці абвінавачання, робіць суду прапанову аб прымяненні крымін. закону і назначэнні абвінавачанаму пакарання, прад’яўляе або падтрымлівае заяўлены іск, калі гэта патрабуе абарона правоў грамадзян, дзярж. або грамадскіх інтарэсаў. Калі ў ходзе суд. разбору будзе высветлена, што прад’яўленых доказаў недастаткова для пастановы прыгавору, суд па хадайніцтве бакоў прыпыняе справу і прапануе дзярж. абвінаваўцу арганізаваць правядзенне дадатковага С. ці інш. працэсуальных дзеянняў. Суд мае права спыніць справу, калі для гэтага будуць законныя падставы. Суд. разбор крымін. справы праводзіцца толькі ў адносінах абвінавачанага і толькі па тым абвінавачанні, якое таму было прад’яўлена на папярэднім С. Суд правамоцны змяніць кваліфікацыі злачынства незалежна ад пазіцыі дзярж. абвінаваўцы, калі гэта не пагаршае становішча абвінавачанага і не патрабуе змены сутнасці абвінавачання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЛЬНІ́ЦА,
медыцынская ўстанова для стацыянарнага лячэння хворых. Бываюць шматпрофільныя (аказваюць дапамогу па 5—10 і болей профільных кірунках) і спецыялізаваныя (анкалагічныя, туберкулёзныя, кардыялагічныя, псіхіятрычныя, інфекцыйныя), дзіцячыя, шпіталі для інвалідаў і інш. Цэнтры спецыялізаванай бальнічнай дапамогі могуць утварацца на базе буйных шматпрофільных бальніц, аб’яднаных з паліклінікай (на Беларусі паліклініка — абавязковая структурная частка рэсп., абл. і цэнтр. раённых бальніц) і неаб’яднаныя (самастойныя ці з функцыян. прымацаваннем паліклінікі да яе). Да ўстаноў бальнічнага тыпу належаць дыспансеры, радзільныя дамы, клінікі, бальніцы аднаўленчага лячэння, хуткая дапамога і інш.мед. ўстановы, у якіх ёсць умовы (ложкавы фонд і кваліфікаваны мед. персанал) для дапамогі і стацыянарнага лячэння хворых.
У зах. краінах існуюць і дзейнічаюць пераважна прыватна-прадпрымальніцкія (камерцыйныя) бальніцы пры наяўнасці больш танных або бясплатных муніцыпальных, а таксама бальніцы, якія належаць рэлігійным, філантрапічным і інш. арг-цыям. На Беларусі бальніцы захоўваюць статут агульнадаступных дзярж. лячэбна-прафілакт. устаноў з бясплатнай формай мед. абслугоўвання. Паказаннямі для накіравання або звароту хворых у бальніцу з’яўляюцца цяжкія і вострыя формы захворванняў, пры якіх патрэбна экстранная ці працяглая кваліфікаваная мед. дапамога з комплексным падыходам да абследавання, дыягностыкі і лячэння, з выкарыстаннем складанай мед. тэхнікі, пастаянным назіраннем урача і доглядам, хірург. умяшаннем (пры неабходнасці). Гал. прынцып дзейнасці бальніцы — этапнасць лячэння хворых, заснаваная на дыферэнцыраваным па інтэнсіўнасці лячэння і догляду комплексным лячэбна-дыягнастычным працэсе. Адпаведна ў бальніцах ствараюцца кансультатыўна-дыягнастычныя цэнтры, службы анестэзіялогіі і рэанімацыі, аддзяленні профільныя, рэанімацыі з палатамі інтэнсіўнай тэрапіі, далечвання і рэабілітацыі. Стацыянарнае лячэнне дзяцей праводзіцца ў дзіцячых бальніцах або на базе дзіцячых аддзяленняў (ложкаў) інш. бальнічных устаноў. Клінічныя бальніцы служаць базамі для навучання і падрыхтоўкі мед. кадраў, правядзення навук. даследаванняў.
Першыя бальніцы (шпіталі) на тэр. Беларусі ўзніклі ў 15—16 ст. У пач. 19 ст. ў губернскіх і павятовых гарадах Беларусі арганізоўваліся бальніцы прыказаў грамадскай апекі (Мінск, 1799; Магілёў, 1802; Гродна і Віцебск, 1804), невял. турэмныя, фабрычныя, прыватныя, філантрапічныя бальніцы. Характарыстыку развіцця сучаснай бальнічнай сеткі ў Беларусі гл. ў табл. 1, 2, а таксама ў арт.Ахова здароўя, Медыцына.