ВАХТА́НГ I Гаргасал

(?—502),

цар Іберыі (Картлі). Змагаўся за цэнтралізацыю дзярж. улады. Пры ім перабудаваны Тбілісі для перанясення сюды сталіцы з Мцхеты. Вёў працяглую барацьбу з сасанідскім Іранам за незалежнасць Картлі. У 484 узначаліў вялікае антысасанідскае паўстанне грузінаў і армян. Празваны персамі Гаргасалам — «Воўчай галавой» за тое, што насіў шлем з такой выявай. Забіты ў баі з персамі. Груз. народ склаў пра яго песні і вершы.

т. 4, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЭ́ТНІКАЎ (Мікалай Мікалаевіч) (28.6.1930, Масква — 9.10.1994),

расійскі кампазітар. Засл. дз. маст. Расіі (1993). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1953, клас В.Шабаліна). Сярод твораў: оперы «Тыль Уленшпігель» (1984), «Містэрыя апостала Паўла» (1986), балеты «Геолагі» (паст. 1963), «Ваніна Ваніні» паводле Стэндаля (паст. 1961), «Малы Цахес, празваны Цыноберам» паводле Э.Т.​А.​Гофмана (паст. 1970); «Пяць духоўных песнапенняў» (1970); 5 сімфоній (1950—69); камерна-інстр. ансамблі; канцэрт для духавых інструментаў (1968); фп. п’есы; апрацоўкі нар. песень; музыка да драм. спектакляў, кіна- і тэлефільмаў.

т. 8, с. 126

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЛЮ́ХЕР ((Blücher) Гебхард Леберэхт фон Вальштат) (Wahlstatt; 16.12.1742, г. Ростак, Германія — 12.9.1819),

прускі ваен. дзеяч, ген.-фельдмаршал (1813), князь Вальштацкі (1814). Пачаў службу ў швед. арміі (1758). У час Сямігадовай вайны 1756—63 трапіў у прускі палон, стаў прускім афіцэрам (1760). Камандаваў кав. корпусам у вайну 1-й кааліцыі супраць рэсп. Францыі 1793—94, прускім авангардам у Іена-Аўэрштэцкай бітве 1806, прускімі войскамі ў Памераніі (1807—11), рус.-прускай Сілезскай арміяй (1813) і інш. Асабліва вызначыўся ў Лейпцыгскай бітве 1813 і каля Ватэрлоо (1815). За свае ваен. поспехі празваны «маршал Уперад».

т. 3, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́ДМЕН ((Goodman) Бені) (Бенджамін Дэйвід; 30.5.1909, г. Чыкага, ЗША — 13.6.1986, амерыканскі джазавы віртуоз-кларнетыст, кампазітар, кіраўнік джаз-аркестра. З 1921 выступаў з рознымі (з 1934 з уласным) джазавымі калектывамі; адзін з першых практыкаваў сумеснае музіцыраванне неграў і белых. Адзін з заснавальнікаў стылю свінг (празваны «каралём свінгу»),

выпрацаваў індывід. віртуозна-імправізацыйны стыль ігры на кларнеце. Вядомы і як выканаўца акад. музыкі (у т. л. канцэрта В.​А.​Моцарта, а таксама прысвечаных Гудмену твораў для кларнета Б.​Бартака, А.​Копленда, П.​Хіндэміта, І.​Стравінскага, Д.​Міё і інш.). Аўтар камерных джазавых твораў.

Б.Гудмен.

т. 5, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭЦІ́НА ((Aretino) П’етра) (19.4.1492, г. Арэца, Італія — 21.10.1556),

італьянскі пісьменнік і публіцыст эпохі Адраджэння. У памфлетах-«прадказаннях», сатырах, пасквілях выступаў супраць манархаў і Ватыкана, за што быў празваны «бічом уладыкаў». Еўрап. вядомасць набылі 5 «Дыялогаў» Арэціна, тры з якіх наз. «Разважанні» (1534, 1536, 1539). Разам з Н.Макіявелі заснаваў італьян. камедыю нораваў («Прыдворнае жыццё», 1534; «Крывадушнік», 1542, і інш.). Шырокую карціну грамадскага і культ. Жыцця Італіі 1-й пал. 16 ст. дае яго эпісталярная спадчына (больш за 3 тыс. лістоў). Творчая манера Арэціна адметная рэзкасцю выказванняў, дасціпнасцю і сарказмам. У 1558 царква ўнесла яго творы ў спіс забароненых.

т. 2, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРУ́НІ ((Bruni) Леанарда) (празваны Арэціна; Aretino; 1369, г. Арэца, Італія — 8.3.1444),

італьянскі гуманіст, пісьменнік, гісторык. У 1410, 1427—44 канцлер Фларэнцыі. У паліт. памфлетах выступаў супраць тыраніі, абараняў рэсп. лад, адстойваў ідэю ўсебаковага развіцця асобы і асуджаў аскетызм. Філас. і эстэт. погляды выклаў у творах, напісаных на лац. мове (трактат «Уводзіны ў навукі пра мараль», дыялог «Спрэчка пра высакароднасць» і інш.). Найбольш вядомыя яго гіст. творы («Гісторыя Фларэнцыі», «Запіскі аб падзеях майго часу»). Аўтар біяграфій Дантэ, Ф.​Петраркі, Дж.​Бакачыо на італьян. мове. Перакладаў з грэч. Платона, Арыстоцеля, Плутарха; кн. «Аб правільным перакладзе» — адна з першых спроб стварыць тэорыю перакладу.

т. 3, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́ЛЕСПІ (Gillespie) Джон Бёркс [празваны Дызі

(Dizzy); 21.10.1917, г. Чыра, ЗША — 1993], амерыканскі джазавы музыкант (трубач, а таксама выканаўца на трамбоне, фп., ударных),

аранжыроўшчык, кампазітар. Вучыўся ў Ларынбергскім ін-це (1933—35, штат Паўн. Караліна). З 1935 у аркестрах Філадэльфіі і Нью-Йорка. У сярэдзіне 1940-х г. разам з Ч.Паркерам і інш. стварыў стыль джаза бібоп (боп). Выступаў са сваім квінтэтам, затым біг-бэндам; апіраўся на малы імправізац. ансамбль, выкарыстоўваў багатую рытмічную арнаментыку (упершыню выкарыстаў лац.-амер. ўдарныя). Стварыў шэраг мелодый, якія сталі эталонам стылю бібоп, зрабіў значны ўклад у распрацоўку інш. джазавых стыляў. Аўтар кампазіцыі «Брат Кінг» (1963), прысвечанай М.​Л.​Кінгу.

т. 5, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАВІ́Д БУДАЎНІ́К, Давід IV Георгіевіч (каля 1073 — студз. 1125),

грузінскі цар [1089—1125]. З дынастыі Багратыёнаў. Аб’яднаў груз. княствы ў адзіную цэнтралізаваную дзяржаву. У 1907 спыніў плату даніны сельджукам і аднавіў незалежнасць Грузіі. Далучыў да сваіх уладанняў Кахеты, Эрэты (1104) і інш. землі. У 1121 у Дыдгорскай бітве груз. войскі перамаглі кааліцыю мусульманскіх правіцеляў. У 1122 пасля вызвалення Тбілісі Давід Будаўнік перанёс сюды сталіцу з Кутаісі. Вёў барацьбу за цэнтралізацыю ўлады, стварыў пастаяннае войска, падпарадкаваў сабе феадалаў, царкву і гарады. У 1123—24 вызваліў ад сельджукаў Шырван і г. Ані. Надаваў вял. значэнне буд-ву гарадоў, дарог, мастоў, садзейнічаў развіццю асветы, заснаваў акадэмію і манастыр у Гелаты. За сваю дзейнасць празваны Будаўніком.

т. 5, с. 562

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛУ́ПІ (Galuppi; празваны Буранела; Buranello) Бальдасарэ

(18.10.1706, в-аў Бурана, каля г. Венецыя, Італія — 3.1.1785),

італьянскі кампазітар. Вучыўся ў кансерваторыі «Інкурабілі» ў Венецыі. У 1761—85 яе дырэктар і капельмайстар сабора Сан-Марка ў Венецыі. У 1765—68 прыдворны капельмайстар у Пецярбургу. Адзін з буйнейшых майстроў опер-буфа, у т. л. на лібрэта К.​Гальдоні «Святло месяца» (1750), «Вясковы філосаф» (1754). Аўтар опер-серыя, у т. л. «Пакінутая Дыдона» (1741), «Кароль-пастух» (1758), для Пецярбургскай сцэны — «Іфігенія ў Таўрыдзе» (1768) з акрэсленымі рэфарматарскімі тэндэнцыямі. Сярод інш. твораў: араторыі, кантаты, царк. музыка, інстр. творы, у т. л. клавірныя санаты з рысамі раннекласічнай санатнай формы.

Літ.:

Крунтяева Т. Бальтассаре Галуппи // Крунтяева Т. Итальянская комическая опера XVIII в. Л., 1981.

т. 4, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖАЙНІ́ЗМ,

рэлігійна-філасофскае вучэнне, пашыранае ў Шры-Ланцы і Індыі. Узнікла ў Індыі каля 6 ст. да н.э. Заснавальнікам лічыцца Вардхамана, празваны Джынай (пераможцам). Джайны пакланяюцца сваім паўміфічным прарокам як божаствам. Паводле вучэння Дж., не існуе адзінага бога-творца, сусвет бясконцы і нікім не створаны, усе істоты маюць жыватворчы пачатак — душу. Вял. значэнне надаецца прынцыпу ахімсы — непрычыненню зла жывому. У чалавека вызначаюцца 2 сутнасці: матэрыяльная (цела) і духоўная (душа). Выратавання і вечнай асалоды можа дасягнуць толькі той, хто верыць у ісціннасць вучэння, выконвае правілы, выпрацаваныя ў Дж., маўкліва скараецца лёсу. Існуюць 2 асн. кірункі Дж.: дыгамбары (адмаўляюцца ад усіх спакус жыцця) і шветамбары (прапаведуюць менш строгі падыход да жыцця).

Да арт. Джайнізм. Храм у Калькуце. 1986.

т. 6, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)