поп-музыка з рэгулярным строга арганізаваным метрарытмам.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
ЭСТРА́ДНАЯ МУ́ЗЫКА параўнальна невял. муз. творы
(эстр. і масавыя песні, танц.музыка, эстр.інстр. мініяцюры, асобныя разнавіднасці джаза, апрацаваныя нар. песні і інш.),
якія вызначаюцца прастатой успрымання, кампазіцыйнай нескладанасцю. Нярэдка атаясамліваецца з лёгкай музыкай; мяжуе з паняццем «поп-музыка». Тэрмін «Э.м.» ўвёў Л.Уцёсаў у 1948. Выкарыстоўваецца для абазначэння музыкі 19—20 ст. Лепшыя творы бел. Э.м. характарызуюцца глыбінёй лірычных эмоцый, мяккай манерай выканання, знешняй стрыманасцю, зместам. Э.м. на Беларусі звязана з дзейнасцю кампазітараў У.Будніка, Э.Зарыцкага, Л.Захлеўнага, А.Елісеенкава, В.Іванова, І.Лучанка, У.Мулявіна, В.Раінчыка, Ю.Семянякі, Р.Суруса, Э.Ханка, А.Шпянёва; дырыжораў Ю.Бяльзацкага, Б.Райскага, М.Фінберга; спевакоў В.Вуячыча, Э.Міцуля, А.Падгайскага, В.Прышчапёнка, Ю.Смірнова, М.Шуманскага, В.Юневіча, а таксама І.Афанасьевай, Н.Багуслаўскай, Я.Еўдакімава, С.Кульпы, В.Кучынскага, Я.Навуменкі, В.Пархоменкі, Т.Раеўскай, А.Саладухі, М.Скорыкава, Г.Халшчанковай, В.Шутавай; вакальна-інстр. ансамбляў «Песняры», «Верасы», «Сябры», «Чараўніцы» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАНЦАВА́ЛЬНАЯ МУ́ЗЫКА,
у шырокім сэнсе — музыка для суправаджэння танца, а таксама муз. творы, якія захоўваюць прыкметы танц. жанраў, але прызначаны для слухання; у вузкім сэнсе — лёгкая музыка, якая суправаджае бытавыя танцы, састаўная частка эстр. і джазавай музыкі. Для Т.м. характэрны дамінаванне метра, тыповыя рытмавыя формулы, акрэсленасць кадэнцый, перавага інстр. жанраў (не выключаецца і вакал).
Т.м. — адзін са стараж. відаў музыкі. Першапачаткова Т.м. — вакальная, а першыя муз. інструменты — ударныя; падзялялася на нар. і прафес. (палацавая, цырыманіяльная, тэатралізаваная). На працягу развіцця Т.м. і некат. муз. жанры ўплывалі адзін на адзін. Да Т.м. адносяцца творы прафес. аўтараў з самаст.маст. каштоўнасцямі, якія маюць жанрава-танц. аснову (вальсы і мазуркі Ф.Шапэна, «Славянскія танцы» А.Дворжака, «Арагонская хота» М.Глінкі). У гэтых творах элементы Т.м. спалучаюцца з танцавальнасцю як асаблівым эстэт. прынцыпам. У агульнамаст. плане танцавальнасць уласціва значнай колькасці твораў прафес. музыкі самых разнастайных жанраў. З 20 ст. Т.м. — найб. пашыраны від муз. мастацтва, што належыць да масавай культуры (гл.Поп-музыка). Сваёй папулярнасцю і уніфікаванасцю Т.м. абавязана сродкам масавай інфармацыі. Сярод традыц. і сучаснай Т.м. 20 ст.найб. папулярныя вальс, танга, рок-н-рол, брэйк-данс інш.
Літ.:
Ефименкова Б. Танцевальные жанры в творчестве замечательных композиторов прошлого и наших дней. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
pop3[pɒp]n.
1. (таксамаpop-music) поп-му́зыка;
top of the pops пе́сня – перамо́жца хіт-пара́да
2.AmE, infml та́та
♦
have/take a pop (at smb.)BrE, infml атакава́ць (каго́-н.); засыпа́ць (пытаннямі)
Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)
ПАЛІВО́ДА Ігар Ігаравіч (16.5.1950, г. Стэрлітамак, Башкортастан — 28.2.1996),
бел. кампазітар, піяніст. Скончыў Бел. кансерваторыю па класах фп. (1974, клас Р.Шаршэўскага) і кампазіцыі (1988, клас Дз. Смольскага). У 1976—84 у вак.-інстр. ансамблі «Песняры», з 1988 у Дзярж. аркестры сімф. і эстр. музыкі Рэспублікі Беларусь. Працаваў пераважна ў галіне вак.-інстр. музыкі, дзе стварыў арыгінальны песенны стыль. Сярод твораў: кантата «Слова» на вершы сав. паэтаў (1987); Музыка для струнных і фп. (1984), Канцэрт для фп. з арк. (1986), Прэлюдыя і фуга для стр.арк. (1995); камерна-інстр.: 12 прэлюдый і Варыяцыі для фп. (1983), Саната для фп.; Таката для віяланчэлі і фп.; фантазія для ансамбля цымбал (1985), Скерца для актэта драўляных духавых (1995); поп-опера «Максім» на вершы М.Багдановіча (1991), опера-песня «Беларушчына» на вершы Я.Купалы (1992), цыклы песень «Матчын спеў» на вершы А.Куляшова (1993), «Нёман» на нар. словы (1995), песні на вершы Р.Барадуліна, Н.Гілевіча, Л.Пранчака.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫТАВА́Я МУ́ЗЫКА,
музыка, якая функцыянуе ў штодзённым прыватным і грамадскім жыцці людзей, выконваецца па-за канцэртнай залай, прафес. т-рам, царквой. У шырокім разуменні ўключае спецыфічна бытавыя паводле зместу і ўмоў выканання жанры нар.-песеннага і нар.-інстр. мастацтва, у больш вузкім значэнні — музыкагар. побыту. Займае прамежкавае становішча паміж традыц.сял. фальклорам і творчасцю прафес. кампазітараў. Па змесце і стылі бытавая музыка вызначаецца прастатой, выразнасцю, агульнадаступнасцю муз. мовы, павышанай экспрэсіўнасцю. Прафес. кампазітары выкарыстоўваюць інтанацыі і рытмы бытавой музыкі як сродак дэмакратызацыі сваіх твораў, канкрэтызацыі іх вобразнага зместу, узвышаючы банальнае да ўзроўню высокамастацкага, а каштоўныя ўзоры класікі, часта ў адаптаваным выглядзе, пранікаюць у бытавую музыку.
Вытокі бытавой музыкі ў глыбокай старажытнасці, калі музыка была неаддзельная ад інш. відаў мастацтва. Пышны росквіт быт. музіцыравання характэрны для эпохі Адраджэння, калі склалася мноства свецкіх быт.вак. жанраў (фроталы, віланелы, вільянсіка, шансон і інш.), пашырылася сольная і ансамблевая ігра на розных інструментах (лютня, віёла, скрыпка, інстр. ансамблі). Нар.-быт. аснова яскрава выступала ў разнастайных пратэстанцкіх гімнах. У 17—18 ст. пашырыліся і паглыбіліся сувязі паміж музыкай побыту, першаснымі жанрамі і прафес. кампазітарскай творчасцю (напр., з сюіты быт. танцаў развіўся высокі жанр сімфоніі). Новыя рысы ў сферу бытавой музыкі ўнесла Франц. рэвалюцыя 1789—94, калі рэв.песні, гімны, маршы сталі неад’емнай часткай рэв. часу; яны ператварыліся ў актыўны сродак грамадз. выхавання. У 19 ст. ўзнік гар.раманс, блізкі да песні, разлічаны на спевакоў-аматараў. На жанравы і інтанацыйны склад бытавой музыкі моцна ўплываюць разнастайныя жанры муз.-тэатр. мастацтва і эстрады, у т. л.джаз, поп-музыка, рок-музыка, аўтарская песня. Найб. уплывовы жанр бытавой музыкі сав. часу — масавая песня.
На Беларусі з 2-й пал. 16 ст. вядомы канты і псальмы, якія да канца 18 ст. заставаліся асн. жанрамі быт. музіцыравання. Рэфармац. рух 2-й пал. 16 — пач. 17 ст. абумовіў пранікненне разнастайных пратэстанцкіх гімнаў. Пра характар тагачаснай бытавой музыкі дае ўяўленне т.зв.«Полацкі сшытак». З пач. 17 ст. пры асобных калегіумах і дварах магнатаў узнікалі капэлы, якія выконвалі пераважна зах.-еўрап. і польск. танцы. Розныя быт. функцыі ўскладаліся ў 18 ст. на касцельныя і уніяцкія інстр. ансамблі (ігралі на балях, паляваннях, абедах), прыкладное прызначэнне мелі рагавыя аркестры, «янычарская музыка» і інш. віды аркестраў пры дварах магнатаў (гл.Прыгонныя аркестры і капэлы). У 1-й пал. 19 ст. пашырылася дамашняе і салоннае камернае музіцыраванне (скрыпічнае і квартэтнае выканальніцтва). У дэмакратызацыі муз. жыцця значную ролю адыгралі музычныя таварыствы. Рэв. і нац.-вызваленчы ўздым пач. 20 ст. адбіўся на дзейнасці аматарскіх аб’яднанняў і на змесце бытавой музыкі. У муз. побыце Беларусі выразна прасочваюцца агульныя тэндэнцыі бытавой музыкі, у т. л. павышэнне муз. культуры ўсяго народа, далучэнне да актыўнага музіцыравання ў калектывах маст. самадзейнасці, выхаванне эстэт. густаў, уключэнне ў штодзённы муз. побыт сферы высокай музыкі дзякуючы сродкам масавай інфармацыі, камунікацыі і грамзапісу, цесныя інтанац. сувязі паміж бытавымі, у т. л. масавай песняй, і «сур’ёзнымі» жанрамі. Многія прафес.бел. кампазітары працуюць у галіне бытавой музыкі — масавай і лірычнай песні, быт. танца, марша і інш.
Літ.:
Асафьев Б.В. Русская музыка, XIX и начало XX века. Л., 1968;
Яго ж. Бытовая музыка после Октября // Новая музыка. Л., 1927. Вып. 1(5);
Сохор А.Н. Эстетическая природа жанра в музыке // Сохор А.Н. Вопросы социологии и эстетики музыки. Л., 1981. Вып. 2;
Щербакова Т. Быт — бытовой диалект — классика // Сов. музыка. 1986. № 4;
Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЁГКАЯ МУ́ЗЫКА,
умоўная назва шырокай сферы муз. жанраў, прызначаных пераважна для развесялення. Лёгкадаступная для ўспрымання шырокімі масамі слухачоў. Для яе характэрны дэмакр. інтанацыйная мова, прастата муз. формы, рэльефнасць вобразна-эмацыянальнага зместу. Л.м. звычайна проціпастаўляюць «сур’ёзнай», класічна арыентаванай музыцы. Узоры Л.м. ў розны час стварылі І.Ланер, бацька і сын Штраусы, Ж.Афенбах, І.Дунаеўскі і інш. Са сферай Л.м. перакрыжоўваюцца традыц.муз. жанры: ад масава-быт. песні да аркестравых сюіт, фантазій, папуры, аперэт і нават опер («Маленькая начная серэнада» В.А.Моцарта, фп. рапсодыі Ф.Ліста, вальсы з балетаў і арыі з опер П.Чайкоўскага, «Рэгтайм» І.Стравінскага, «Пушкінскія вальсы» С.Пракоф’ева, «Святочная уверцюра» Дз.Шастаковіча, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў Г.Свірыдава і інш.). У муз. культуры 2-й пал. 20 ст. Л.м. цесна ўзаемадзейнічае з эстраднай музыкай (джаз, рок, біт і інш.), часам яе атаясамліваюць з поп-музыкай. Л.м. выкарыстоўваецца як аптымізуючы псіхал. фактар у вытворчасці (функцыян.музыка) і ў мед. мэтах (псіх. рэлаксацыя, муз. тэрапія). У апошні час сфера Л.м. імкліва пашыраецца, істотна ўплывае на фарміраванне муз.-эстэт. густаў слухачоў. На Беларусі ў галіне Л.м. працуюць кампазітары У.Буднік, Э.Зарыцкі, Л.Захлеўны, В.Іваноў, І.Лучанок, У.Мулявін, В.Раінчык, Э.Ханок і інш. Да Л.м. можна аднесці шэраг п’ес бел. кампазітараў, якія не задуманы як масавыя, але сталі імі дзякуючы яркай вобразнасці, меладызму, рэльефнасці муз. формы (сімф. мініяцюры «Мушкецёры» і «Сувеніры», фрагменты з балетаў Я.Глебава, вальсы і мазурка з музыкі А.Багатырова да драмы М.Лермантава «Маскарад», фрагменты з балетаў Г.Вагнера, праграмныя п’есы, у т. л. для аркестра нар. інструментаў А.Мдывані і інш.).
Літ.:
Сохор А.Н. О массовой музыке // Сохор А.Н. Вопросы социологии и эстетики музыки. Л., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛА́Ж (франц. collage літар. наклейванне),
1) у выяўленчым мастацтве — тэхніка выканання маст. твора спосабам наклейвання на якую-н. аснову розных па сваёй прыродзе, фактуры і колеры матэрыялаў; твор, выкананы ў гэтай тэхніцы. Выкарыстоўваецца ў графіцы, фотамастацтве, жывапісе для дасягнення большай эмацыянальнай выразнасці і незвычайнасці суадносін фактуры твора.
Тэхніка К. вядома з сярэдневякоўя для надання творам сакральнага характару праз дэкар. ўрачыстасць і святочнасць (візант. і стараж.-рус. абразы з элементамі німбаў і фонаў, выкананых пры дапамозе залатых наклеек). Выкарыстоўваўся ў творах некат. мастакоў Адраджэння (С.Батычэлі і інш.), зах.-еўрап. і рус. мастакоў 18—19 ст., асабліва пашырылася ў творчасці прадстаўнікоў мадэрну, якія надавалі работам выразнае дэкар. гучанне праз выкарыстанне ў жывапісных кампазіцыях разнастайных матэрыялаў (тканіны, сярэбранай ніткі, фольгі, каменьчыкаў і інш.). Як самаст. від маст. дзейнасці і творчага метаду, што адлюстроўваў прынцыпы своеасаблівага ўспрыняцця свету, уведзены ў 20 ст. кубістамі (кампазіцыі П.Пікасо, Ж.Брака і інш.). У якасці вобразных сродкаў яны выкарыстоўвалі газеты, шпалеры, этыкеткі, часткі аб’яў і інш. К. стаў адным з гал. прынцыпаў мастацтва авангарду, пашырыўся ў творчасці прадстаўнікоў футурызму (Дж.Северыні, А.Кручоных), дадаізму (К.Швітэрс, Ж.Грос, М.Рэй), супрэматызму (К.Малевіч, У.Татлін), сюррэалізму (Ж.Міро, М.Эрнст), поп-арту (Р.Гамільтан, Дж.Дайн) і інш.
У бел. мастацтве тэхніка К. выкарыстоўвалася ў некат. абразах 18—19 ст., у творах мастакоў У.Стржамінскага, У.Мудрогіна, М.Данцыга, М.Паўлоўскага, М.Селешчука, Г.Хацкевіча-Мінскага, В.Смаляк, Л.Кальмаевай і інш., асобных кампазіцыях мастакоў тэатра і кіно.
2) У музыцы — выкарыстанне ў муз. творах стылістычна іншародных цытат (з твораў інш. кампазітараў ці ўласных) дзеля дасягнення асаблівых сэнсавых вынікаў. Адзін з прыёмаў тэхнікі полістылістыкі, пашыраны ў 20 ст. Сустракаецца ў творах Ч.Айвза (квартэт № 2), А.Берга (Канцэрт для скрыпкі), Л.Берыо (сімфонія), Дз.Шастаковіча (сімфонія № 15), Р.Шчадрына (балет «Ганна Карэніна»); у бел. музыцы — у Дз.Смольскага («Элегія і Таката памяці Дз.Шастаковіча»). Эфект К. не ўзнікае пры стылявой асіміляцыі цытаты (паэма «1812 год» П.Чайкоўскага), у творах з запазычаным тэматызмам («Варыяцыі па тэму Паганіні» І.Брамса, «Пацалунак феі» І.Стравінскага).
Літ.:
Музыкальные культуры народов: Традиции и современность. М., 1973.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭКСПРЭСІЯНІ́ЗМ (ад лац. expressio выражэнне),
кірунак у еўрапейскім мастацтве 1-й пал. 20 ст. Узнік як пратэст супраць жахаў 1-й сусв. вайны, сац. несправядлівасці, трагізму чалавечага быцця. Абапіраючыся на пошукі інтуітывізму А.Бергсана і фенаменалогію Э.Гусерля, прадстаўнікі Э. лічылі найб. адэкватным спосабам пазнання інтэлектуальную інтуіцыю. Тэрмін «Э.» увёў у навук. ўжытак Г.Вальдэн у 1911. Прынцыпы Э. найб. яскрава выявіліся ў мастацтве Германіі і Аўстрыі. Пасля 1-й сусв. вайны Э. пашырыўся ў л-ры, выяўл. мастацтве, тэатры, кінематографе, музыцы, архітэктуры ў краінах Еўропы і Амерыкі. Асн. яго рысы: «антыкласічнасць», цяга да абстрактнага абагульнення, адмаўленне ад гарманічнай яснасці форм, экспрэсія, паглыбленне ў свет суб’ектыўных перажыванняў. У палеміцы з натуралізмам і імпрэсіянізмам, зыходзячы з падкрэслена суб’ектыўнага адлюстравання жыцця, Э. абвясціў мэтай мастацтва не адлюстраванне рэчаіснасці, а выяўленне яе сутнасці. Упершыню Э. аформіўся ў жывапісе і графіцы на аснове традыцый постімпрэсіянізму В.Ван Гога, П.Гагена, Э.Мунка і інш.
У выяўленчым мастацтве Э. імкнуўся да ўсяго невыразнага, няўстойлівага як у духоўным выяўленні вобраза, так і ў форме. У жывапісе Э. не парываў з выяўленчасцю, але яна балансавала на мяжы ідэальнага («Ноч», «Арганаўты» М.Бекмана); малюнак характарызуецца ламанасцю ліній, кантрастнасцю колераў, дэфармаванасцю прасторы, калі выява ў нейкім новым аспекце прымушае гледача востра рэагаваць на карціну, уцягваючы яго ў кола перажыванняў мастака (О.Какошка, Э.Л.Кірхнер, Э.Нольдэ і інш.). Члены аб’яднання «Сіні коннік» (Мюнхен, 1911) В.В.Кандзінскі, П.Клее, Ф.Марк і інш. імкнуліся знайсці такія законы колеру і формы, якія б дазволілі выказаць, на іх думку, «нябачныя сутнасці», не выяўляючы аб’ект знешняга свету, а прыходзячы да адной з гал. задач абстрактнага мастацтва. У пач. 1980-х г. паявіўся новы экспрэсіянісцкі рух у выяўл. мастацтве — неаэкспрэсіянізм. Ён народжаны жаданнем новага пакалення мастакоў вызваліцца ад некаторых характэрных рыс поп-арта і інш. стыляў («мінімалізму», «колеравага» жывапісу). Яго прадстаўнікі М.Морлі, Д.Шнабел (ЗША), Д.Базілец (Германія), Ф.Клементэ, Э.Кучы (Італія), К.Кіф (Вялікабрытанія) абвясцілі вяртанне ў жывапіс фантазіі, містыкі, эротыкі, галюцынацый, няўстрыманасці.
У тэатры Э. зацвердзіў формулу т.зв. «Stationen-drama», дзе дзеянне развівалася не паступова, а штуршкамі, адмаўлялася праўдападабенства ў сюжэце і вобразах, дзе найперш ажыццяўлялася драма пэўных ідэй. Большасці такіх п’ес уласцівы аголены схематызм калізій (К.Штэрнгайм), сюжэты часам робяцца фантастычнымі, умоўнымі, алегарычнымі («Чалавек — маса» Э.Толера, 1921). Напр., у п’есах Г.Кайзера «З ранку да паўночы» і «Карал» персанажы пазбаўлены індывід. рыс, іх мова напружаная і патэтычная. У пастаноўках п’ес І.Бехера, Ф.Верфеля, Г.Кайзера, Штэрнхейма рэжысёры Р.Вейхерт, К.Х.Марцін, Г.Гартунг распрацоўвалі асаблівыя экспрэсіўныя прыёмы, вобразы будавалі на аснове якой-небудзь адной характэрнай рысы, ператвараючы іх у маскі. Вял. ўвага аддавалася афармленню сцэны: незвычайнае асвятленне, абстрактныя дэкарацыі з касымі і нахіленымі плоскасцямі, сімвалічныя аксесуары. Экспрэсіянісцкія прыёмы выкарыстоўваліся і ў пастаноўках класічных твораў У.Шэкспіра, Ф.Шылера і інш. У СССР гэты ўплыў выявіўся ў некаторых пастаноўках Я.Б.Вахтангава, У.Э.Меерхольда, А.Я.Таірава і інш.
У кінамастацтва Э. прынёс містычныя сюжэты, прасякнутыя фатальнай наканаванасцю («Пражскі студэнт» С.Рыўе, 1913); матывы хаосу і жорсткасці («Кабінет васковых фігур», рэж. П.Лені, 1924); у галюцынацыях і кашмарах вар’ятаў свет атаясамліваецца з домам звар’яцелых («У кабінеце ўрача Калігары», рэж. Р.Віне, 1919). Экранізацыя рамана Б.Стокера «Дракула» дала пачатак шматлікім галівудскім «фільмам жахаў». Спосабам павышэння выразнасці былі рэзкія кантрасты святла і ценю, дэфармацыя прадметаў, натура замянялася дэкарацыямі, наплывы і шматлікія экспазіцыі стваралі вобраз фантастычнага свету. У сав. кінамастацтве ў экспрэсіянісцкай манеры пастаўлены фільм І.А.Пыр’ева «Дзяржаўны чыноўнік» (1931). Да 1925 Э. вычарпаў сябе як цэласны кірунак, але асобныя яго выяўл. сродкі да нашых дзён уплываюць на развіццё выяўл. сродкаў кінамастацтва.
У музыцы асаблівасць экспрэсіянісцкай школы выявілася ў страце ідэалаў: хваравітае ўспрыняцце незваротнай страты, туга па мінулым, пачуццё асуджанасці, песімізм, падсвядомы страх перад «цёмнымі сіламі» будучага. Шэраг такіх элементаў праявіўся ў творах Г.Малера («Песня пра зямлю», 1908), у операх Р.Штрауса («Саламея», 1905, «Электра», 1908). Найб. яскрава Э. праявіўся ў творчасці кампазітараў т.зв. Новай венскай школы — А.Шонберга, А.Берга, А.Веберна, якія выпрацавалі атанальнасць — адмаўленне ад напеўнай мелодыі, ясных танальных устояў. Напр., у «Месяцавым П’еро» Шонберга (1912) танальнасць поўнасцю раствараецца. У 1920-я г. Шонберг стварыў сістэму кампазіцыі, заснаванай на рознага роду паўторах (серыйная музыка), якая атрымала назву дадэкафонія. Дадэкафоннае пісьмо шырока выкарыстоўваў і Берг (опера «Воцэк», 1918—20).
У архітэктуры Э. характарызаваўся разрывам з традыцыйнымі нац., гіст. стылямі, прапагандай выкарыстання новых канструкцый і матэрыялаў (Р.Штэрнер, Э.Мендэльзон, Г.Пёльцыг, Б.Таўт і інш.).
У літаратуры асаблівасці Э. — гратэскавая фантастычнасць сюжэтаў і вобразаў, алагічнасць, імітацыя кашмарных сноў, ускладненая метафарычнасць мовы (мова Э.Толера, Р.Зорге, некаторыя творы Л.М.Андрэева).
У пач. 20 ст. ў мастацкай культуры Беларусі Э. як самаст. кірунак не праявіўся. У 1920 — пач. 30-х г.выяўл. сродкі і стылістыка Э. выкарыстоўваліся ў бел. л-ры, музыцы, тэатры. Творчае засваенне дасягненняў Э. працягваецца і ў сучасным мастацтве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЫКА 1990 — пач. 2000-х гадоў.
У гэты перыяд абнаўляльную ролю адыгралі прадстаўнікі новай кампазітарскай генерацыі — В.Капыцько, У.Каральчук, В.Кузняцоў, А.Літвіноўскі, Дз.Лыбін, Я.Паплаўскі, Л.Сімаковіч, А.Хадоска і інш. Працягваецца пашырэнне вобразна-паэт. дыяпазону бел. музыкі. Яна ўзбагацілася літургічнымі жанрамі, муз. сімволікай знаменных спеваў, харала; традыцыі духоўнай музыкі пануюць у жанрах вак.-сімф. і харавой музыкі, літургічныя рысы выяўляюцца ў оперы, балеце, сімфоніі, камерна-інстр. музыцы; уплываюць на стыль кампазітараў А.Багатырова, А.Бандарэнкі, С.Бельцюкова, А.Залётнева, А.Хадоскі, Л.Шлег і інш. Ідэі нац. адраджэння стымулююць цікавасць да гіст. мінулага. У 1992 арганізавана тэатральна-канцэртнае аб’яднанне «Беларуская капэла», якая вядзе працу па збіранні і ўвядзенні ў культурны ўжытак муз. помнікаў. На іх аснове створаны арыгінальныя транскрыпцыі постмадэрнісцкага кірунку: опера «Апалон-заканадаўца» В.Вардоцкага—Дз.Смольскага, кантата «Куранты» В.Капыцько (па матэрыялах ананімнага зборніка 17 ст.). Неакласіцыстычная тэндэнцыя ў творах В.Кузняцова, А.Літвіноўскага, С.Янковіча набывае нац. афарбоўку, неафальклорная — выступае ў традыцыйных (Р.Сурус, К.Цесакоў) і арыгінальных (В.Капыцько, Дз.Лыбін, Я.Паплаўскі) формах. Новая хваля развіцця бел. музыкі звязана з радыкальным абнаўленнем кампазітарскай тэхнікі, калі авангардныя сродкі выразнасці ўспрымаюцца як развіццё традыцый сусв. музыкі 2-й пал. 20 ст. Новае ў фанасферы звязана з шырокім развіццём санорнай музыкі, з’яўленнем электраакустычных і электронных кампазіцый; на нац. стыль уплываюць муз. элементы нееўрап. культур. Павялічылася роля сінкрэтызму; постмадэрнісцкія тэндэнцыі выявіліся ў працэсе ўплываў на акадэмічныя жанры поп-музыкі. У 1991 пры Саюзе кампазітараў Беларусі арганізавана Бел. асацыяцыя сучаснай музыкі, якая актывізавала міжнар. сувязі бел. музыкантаў. Найб. якасныя змены ўласцівы муз.-тэатральнай творчасці бел. кампазітараў. Падзеяй у нац. культуры 1990-х г. сталі пастаноўкі оперы «Князь Наваградскі» А.Бандарэнкі і балета «Страсці» («Рагнеда») А.Мдывані. Трактаваная ў легендарным ключы нац. гісторыя прадстаўлена праз прызму духоўнай праблематыкі, драм. эпас адцяняецца лірыка-псіхалагічнай драмай, у муз. стылістыцы вял. роля належыць неаархаіцы. Філасофская і маральна-этычная праблематыка вызначае канцэпцыі оперы «Майстар і Маргарыта» Я.Глебава паводле М.Булгакава і «Візіт дамы» С.Картэса паводле Ф.Дзюрэнмата. Іх вылучае своеасаблівая паэтыка (спалучэнне трагедыі, сатыры, прытчы, элементаў містэрыі), вял. роля трагічнага гратэску, дынамічная мантажная драматургія на аснове скразнога сімф. развіцця.
У 2-й пал. 1990-х г.Нац.т-р оперы Беларусі паставіў камерную камічную оперу «Юбілей» С.Картэса паводле А.Чэхава, Нац.т-р балета Беларусі — аднаактовую кампазіцыю «Кругаверць» А.Залётнева па матывах бел.нар. балад і камерны балет-сімвал «Макбет» В.Кузняцова паводле У.Шэкспіра. З’явіліся новыя тэатральныя формы: манаопера «Адзінокі птах» А.Залётнева (т-р «Зніч»), муз.-пластычная містэрыя «Благаславі нас, Гасподзь» на аснове харавых кампазіцый С.Бельцюкова і А.Залётнева (Нац.рус.драм.т-р Беларусі). Самабытнасцю вылучаюцца сінкрэтычныя муз.-пластычныя дзействы «Інтуіцыя міфу» і «Эўтаназія. Апошні рытуал» Л.Сімаковіч (фалькл.т-р «Госціца» Нац.дзярж. тэлерадыёкампаніі Беларусі). Элементы рытуальнага дзейства закладзены і ў структуру шэрагу камерных твораў В.Капыцько, В.Кузняцова, не разлічаных на тэатральную сцэну. У жанрах аперэты і мюзікла ў 1990-я г. плённа працавалі У.Кандрусевіч («Джулія» паводле С.Моэма і «Шклянка вады» паводле Э.Скрыба), А.Чыркун (нар.муз. камедыя «Калі заспявае певень»). У рэпертуары для дзяцей з’явіліся мюзікл «Пітэр Пэн» А.Буцько, опера «Вясновая песня» В.Войціка. Многія спектаклі драм. т-раў набываюць статус муз. камедыі і мюзікла, музыку да якіх пішуць У.Кур’ян, В.Кандрасюк, У.Кандрусевіч. У вак.-сімфанічнай і харавой музыцы духоўнай змястоўнасцю вылучаюцца кантаты, усяночныя, харавыя канцэрты і мініяцюры А.Бандарэнкі, А.Безансон, А.Літвіноўскага, Я.Паплаўскага, Л.Шлег, А.Хадоскі (на літургічныя тэксты). Сучасную інтэрпрэтацыю набывае адроджаны жанр імшы («Грыгарыянская імша» А.Літвіноўскага, «Меса ў гонар святога Францыска Асізскага» В.Капыцько, «Нясвіжская імша» Ф.Шымкевіча—А.Залётнева). Фалькл. кірунак прадстаўлены араторыяй «Беларускае вяселле» К.Цесакова, «Каляднай сімфоніяй» для нар. хору Э.Наско, арыгінальнай фанічнай канцэпцыяй «Спевы даўнейшых ліцвінаў» В.Кузняцова (на тэксты Я.Чачота). Дасягнула росквіту камерная і сольная кантата: «Тысяча гадоў надзеі» Г.Гарэлавай, «Аб мудрасці, смутку і радасці» (на тэксты М.Кузанскага, Т.Мэлары, К.Чукоўскага), «Карнавальная ноч» (на тэкст Т.Мана), «Знакі» (на тэкст М.Рэрыха) В.Капыцько. Значную ролю ў муз.-выканаўчым працэсе адыгрывае Дзярж. камерны хор і капэла «Санорус». У бел. сімфанічнай музыцы 1990 — пач. 2000-х г. вырасла роля абагульненай праграмнасці. Філасофскае асэнсаванне рэчаіснасці набыло трагедыйную накіраванасць у 8-й і 10-й («10 адкрыццяў») сімфоніях Дз.Смольскага, 9-й і 10-й («Чорная быль») сімфоніях Ф.Пыталева, 8-й («Шлях зямны», паводле Дантэ) А.Мдывані, 2-й сімфоніі і канцэрце для трубы У.Дамарацкага, канцэрце-сімфоніі з саліруючым трамбонам У.Каральчука; арыгінальная трактоўка жанру ў 9-й сімфоніі з саліруючай электрагітарай Дз.Смольскага. Укладам у бел. Скарыніяну сталі сімфоніі: 3-я «Францыск Скарына: жыццё і бессмяротнасць» У.Дарохіна і «Lux aeterna» Я.Паплаўскага. Жанр духоўнай музыкі прадстаўлены 2-й сімфоніяй А.Хадоскі; на санорнай аснове ў свабодных формах напісаны 3-я сімфонія і «Цэзій-134» В.Кузняцова, сімф. паэма «Гефсіманія» С.Бельцюкова, арыгінальная канцэпцыя камернай сімфоніі «Апошняя восень паэта» В.Войціка (на вершы П.Верлена ў перакладзе М.Багдановіча). На высокім маст. узроўні застаюцца творы канцэртнага жанру; пашыраецца кола сола-інструментаў, індывідуалізуецца аркестравы склад. Рэпертуарнымі сталі канцэрты для гітары, для альта, для 2 труб «Троіцкія фрэскі» Г.Гарэлавай, фартэпіянны канцэрт Дз.Смольскага, для віяланчэлі Ф.Пыталева, для цымбал У.Кур’яна. Створаны канцэрты для домры, балалайкі (Г.Ермачэнкаў), для духавога аркестра (У.Прохараў). Сярод камерных жанраў лідзіруе інструментальны. Актыўныя пошукі ў галіне тэмбравых спалучэнняў, вытанчанасць эмацыянальна-вобразнага свету характэрны разнастайным камерным ансамблям, якія напісаны для ансамбля салістаў «Класік-авангард».
Актыўна развіваюцца традыцыйныя камерна-інстр. жанры, якія трансфармуюцца знутры. Праводзяцца Міжнар. фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» (з 1992), нац. «Музыка і тэатр» (з 1996), муз. «Адраджэнне бел. капэлы» (з 1991), духоўнай песні «Магутны божа» (з 1992), «Міжнародны джаз-фестываль» (з 1994), Міжнар. фестываль сучаснай музыкі і інш.
Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Беларусі імя Р.Шырмы.