ПОЛІАМІ́ДЫ,

палімеры, якія маюць у асн. ланцугу макрамалекулы амідныя групы —C(O)—NH—. Паводле хім. будовы П. з’яўляюцца бялкі і пептыды, але структурай і ўласцівасцямі яны істотна адрозніваюцца ад сінт. П., таму вылучаны ў асобныя класы злучэнняў.

Найб. пашыраны аліфатычныя П. з агульнай ф-лай [—HNRNHOCR′CO—]n і [—HNRCO—]n, дзе R, R′ — алкіл (напр., полікапраамід, полігексаметыленадыпінамід), мал.м. (1—3)∙10​4. Тэрмапластычныя палімеры. Бясколерныя крышт. або шклопадобныя рэчывы, tпл 180—300 °C (макрамалекулы ў П. злучаны паміж сабой вадароднымі сувязямі). Раствараюцца ў моцнапалярных растваральніках (напр., канцэнтраванай сернай кіслаце). Характарызуюцца высокай зноса- і цеплаўстойлівасцю, нізкім каэф. трэння, добрымі электраізаляцыйнымі і трываласнымі ўласцівасцямі. Атрымліваюць полікандэнсацыяй дыкарбонавых кіслот (ці іх эфіраў) з дыамінамі, полімерызацыяй лактамаў. Выкарыстоўваюць у вытв-сці валокнаў (гл. Поліамідныя валокны), плёнак, канстр., быт. і інш. вырабаў, як аснову кляёў.

т. 12, с. 472

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛО́КНЫ ХІМІ́ЧНЫЯ,

валокны, якія фармуюць з раствораў ці расплаваў палімераў. Падзяляюцца на сінт.сінт. палімераў, напр., поліамідныя валокны, поліэфірныя валокны, поліакрыланітрыльныя валокны) і штучныя (з прыродных палімераў, пераважна з цэлюлозы і яе эфіраў — ацэтатнае валакно, віскознае валакно, медна-аміячныя валокны).

Выпускаюць у выглядзе монаніткі, штапельнага валакна ці пучка з многіх тонкіх і доўгіх валокнаў, злучаных пры дапамозе кручэння. Вытворчы працэс складаецца з 3 стадый: падрыхтоўка прадзільных расплаваў ці раствораў; фармаванне — працісканне расплаву (раствору) праз тонкія адтуліны фільеры ў асяроддзе, якое выклікае зацвердзяванне валокнаў у халодным ці гарачым паветры («сухі» спосаб) ці спец. растворы («мокры» спосаб) з далейшым арыентацыйным выцягваннем у 3—10 разоў і тэрмафіксацыяй для павышэння трываласці; апрацоўка валокнаў рознымі тэкстыльна-дапаможнымі рэчывамі.

Выкарыстоўваюць для вытв-сці тканін рознага прызначэння, штучнага футра, дывановых і панчошна-шкарпэткавых вырабаў, рыбалоўных сетак. У Беларусі штучныя валокны вырабляюць на Магілёўскім і Светлагорскім ВА «Хімвалакно», сінтэтычныя — на Наваполацкім ВА «Палімір» і Гродзенскім ВА «Хімвалакно».

Літ.:

Папков С.П. Теоретические основы производства химических волокон. М., 1990;

Цебренко М.В. Ультратонкие синтетические волокна. М., 1991.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 3, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)