ПАДЗІША́Х (ад стараж.-перс. уладар + перс. цар),
тытул манарха ў шэрагу краін Б. і Сярэдняга Усходу. Узнік у стараж. Іране. Тытул П. насілі правіцелі Асманскай імперыі (15 — пач. 20 ст.), Магольскай імперыі (16—19 ст.), Майсура (2-я пал. 18 ст.), Афганістана (1926—73) і інш.
т. 11, с. 497
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАР’Я́ (цюрк.-перс.),
рака. У мовах народаў Сярэдняй Азіі тэрмін выкарыстоўваецца для абазначэння вял. рэк (Амудар’я, Сырдар’я).
т. 6, с. 60
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХЕМЕНІ́ДЫ,
дынастыя правадыроў стараж.-перс. плямёнаў (каля 700—550 да нашай эры) і цароў у Ахеменідаў дзяржаве (550—330 да нашай эры). Назва ад яе родапачынальніка Ахемена, які жыў у 8—7 ст. да н.э. Даследчыкі адрозніваюць 2 іх лініі: старэйшую [Ахемен, Тэісп, Кір І, Камбіс І (2-я пал. 6 ст.), Кір II (558—530), Камбіс II (530—522)] і малодшую [Дарый І (522—486), Ксеркс І (486—465), Артаксеркс І (465—424), Ксеркс II (424), Сагдыян (424—423), Дарый II (423—404), Артаксеркс II (404—358), Артаксеркс III (358—338), Арсес (338—336), Дарый III (336—330)]. Дынастыя Ахеменідаў спыніла сваё існаванне ў выніку заваявання перс. дзяржавы Аляксандрам Македонскім.
т. 2, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
парсі́зм
(ад перс. Pārsī = перс)
сучасная назва зораастрызму ў Індыі.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
КІР II Вялікі
(? — 530 да н.э.),
першы цар [558—530 да н.э.] стараж.-перс. Ахеменідаў дзяржавы. У 558 узначаліў саюз перс. плямён, якія ў 553 паўсталі супраць мідыйцаў. У 550—549 да н.э. заваяваў Мідыю, у 546 — Лідыю і грэч. гарады М. Азіі, паміж 545 і 539 — значную ч. Сярэдняй Азіі, у 539 — Вавілонію (Вавілон зрабіў адной з рэзідэнцый) і Месапатамію. Загінуў у час паходу ў Сярэднюю Азію. Вобраз К. адлюстраваны ў стараж.-ўсх. і ант. л-ры («Гісторыя» Герадота, «Кірапедыя» Ксенафонта і інш.).
т. 8, с. 275
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КСЕРКС I (стараж.-перс. Хшаяршан, грэч. Xerxēs; ? — 465 да н.э.),
старажытнаперсідскі цар [486—465 да н.э.]. З дынастыі Ахеменідаў. Сын Дарыя I (гл. Дарый) і Атосы, дачкі Кіра ІІ. Задушыў паўстанне егіпцян (486—484 да н.э.). Пасля пачатку ў 482 паўстання вавіланян разбурыў г. Вавілон, а Вавілонію ператварыў у перс. сатрапію (правінцыю). Няўдачы К. ў грэка-персідскіх войнах (паражэнні каля Саламіна ў 480, Мікале ў 479, Платэяў у 479) аслабілі магутнасць Ахеменідаў дзяржавы. Каб умацаваць цэнтралізацыю дзяржавы, правёў рэліг. рэформу. Забіты ў выніку дварцовай змовы.
т. 8, с. 543
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРАФО́НСКАЯ БІ́ТВА,
першая буйная бітва паміж грэч. і перс. войскамі ў 490 да н.э. ў час грэка-персідскіх войнаў 500—449 да н.э. каля мяст. Марафон непадалёку ад Афінаў. У час 2-га паходу ў Грэцыю перс. войска (20 тыс. чал.) высадзілася каля Марафона, каб рушыць на Афіны. Пры ўваходзе ў Марафонскую даліну яго сустрэла грэч. войска (11 тыс. чал.) пад камандаваннем Мільтыяда. Скарыстаўшы перавагі мясцовасці, грэч. фаланга бягом атакавала персаў, якія, аднак контратакавалі і здолелі прарваць слабы цэнтр грэкаў. Але на флангах грэкі разграмілі персаў і пад пагрозай акружэння прымусілі іх уцякаць да караблёў. М.б. затрымала новы паход персаў на Грэцыю на 10 гадоў, прадэманстравала перавагу грэч. ваеннай арг-цыі над персідскай, мела вял. ўплыў на ход грэка-перс. войнаў.
Літ.:
Дельбрюк Г. История военного искусства в рамках политической истории: Пер. с нем.: В 7 т. Т. 1. СПб., 1994.
Я.У.Новікаў.
т. 10, с. 105
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́КА-ПЕРСІ́ДСКІЯ ВО́ЙНЫ 500—449 да н.э., войны паміж Персіяй і стараж.-грэч. полісамі (гарадамі-дзяржавамі) Балканскага п-ва. Гал. прычына войнаў — захопніцкая палітыка Персіі (гл. Ахеменідаў дзяржава) у басейне ўсх. ч. Міжземнага м. Падставай для перс. ўварвання паслужыла дапамога ваен. караблёў Афін і Эрэтрыі іанійскім гарадам на чале з г. Мілет, што паўсталі супраць Персіі. Першы паход перс. войска ў Грэцыю пад камандаваннем Мардонія вясной 492 да н.э. быў няўдалы: флот разбіла бура. Перс. цар Дарый накіраваў у Грэцыю паслоў з патрабаваннем «зямлі і вады», г. зн. прызнання залежнасці ад Персіі, але самыя вял. полісы — Афіны і Спарта — яму не скарыліся. Гэта стала прычынай 2-га паходу персаў. Вясной 490 да н.э. перс. армія на чале з Датысам і Артафернам пераправілася цераз мора і, захапіўшы а-вы Родас, Наксас, Дэлас і Эўбею, высадзілася на ўзбярэжжы Атыкі. 13.9.490 да н.э. аб’яднаныя сілы афінян і платэйцаў пад камандаваннем афінскага стратэга Мільтыяда ў Марафонскай бітве разграмілі перс. армію. Пасля смерці Дарыя цар Ксеркс з вял. войскам уварваўся ў Эладу. Для барацьбы з ім быў створаны абарончы саюз 31 горада на чале са Спартай. Пад Фермапіламі персы разбілі грэч. атрад на чале са спартанскім царом Леанідам, занялі Беотыю і Атыку, захапілі Афіны. Ход вайны змяніла бітва каля в-ва Саламін (28.9.480 да н.э.), якая прынесла перамогу грэкам. У 479 да н.э. каля г. Платэі разгромлена сухапутнае войска персаў, перс. флот разбіты ў вусці р. Эўрымедонт у 469. У апошняй бітве паміж персамі і грэкамі, якая адбылася ў 449 да н.э. паблізу кіпрскага г. Саламін, персы пацярпелі паражэнне. Паводле заключанага т.зв. Каліева міру Персія адмаўлялася ад гегемоніі ў Эгейскім м., грэч. гарадах М.Азіі і на шляхах у Прычарнамор’е. Перамога грэкаў у вайне была абумоўлена перавагай грэч. узбр. сіл, асабліва марскога флоту, і ваен. тактыкай, што было вынікам больш высокага ўзроўню сац.-эканам. развіцця грэч. полісаў у 5 ст. да н.э. Грэкі атрымалі новыя гандл. шляхі, новыя рынкі, паскорылася развіццё грэч. эканомікі і культуры.
Літ.:
Лисовый И.А., Ревяко К.А. Античный мир в терминах, именах и названиях. Мн., 1996.
Н.А.Дзянісава.
т. 5, с. 491
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТА́Н (перс. вобласць, правінцыя),
адм.-тэр. адзінка ў Іране з 1937. На чале Астана стаіць астандар (ген.-губернатар), які падначальваецца міністру ўнутр. спраў. Астан падзяляецца на некалькі шахрастанаў (раёнаў).
т. 2, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Мерд ’мужчына’ (Гарб.). Іранізм. Параўн. яцвяжск. mard ’чалавек’ < ’смяротны’, а таксама перс. merd ’тс’ (< ст.-перс. martiya ’чалавек’).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)