Кліку́н 1 ’начны стораж, які павінен пераклікацца з іншымі старажамі’ (Нас., Гарб.), той, хто заклікае на панскую працу’ (Нас.), ’загоншчык на паляванні’ (Нар. сл., Бяльк.). Гл. клікаць.
Кліку́н 2 ’адзін з відаў лебедзяў’ (ТСБМ). Да клікаць (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
перагу́квацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Абменьвацца час ад часу воклічамі, словамі, гукамі, даючы знаць пра сябе; пераклікацца. Гулі ў цемры сірэны санітарных аўтамабіляў, патрулі перагукваліся, вецер разносіў па вуліцах пах дыму. Мікуліч. Недзе перагукваліся дзявочыя галасы. Крапіва. / Пра птушак, жывёл. Над вёскай павісла цішыня, толькі на далёкім жытнім палетку перагукваліся перапёлкі. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пераклі́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
1. Выклік па прозвішчах, імёнах для праверкі прысутнасці пэўных асоб. [Настаўніца] зрабіла пераклічку вучняў па спісу. Якімовіч. — Комлік! — як на пераклічцы, выгукнуў Кашын. Карпаў.
2. Дзеянне паводле дзеясл. пераклікацца (у 1, 2 знач.), а таксама гукі гэтага дзеяння. [Цішыня] парушаецца іншы раз лёгкім усплёскам вясла, спевамі птушак, пераклічкай рыбакоў. «Звязда». На двары хрыпла.. заспяваў певень. Яму адказаў другі, трэці. І пайшла па вёсцы звонкая пераклічка. Курто. Кожны чуў у ранішняй пераклічцы гудкоў магутны гул суладнай чалавечай працы. Лынькоў.
3. Падабенства, унутраная сувязь, агульныя рысы, прыкметы ў чым‑н. Ідэйна-тэматычная і нават вобразная пераклічка Янкі Купалы і Якуба Коласа з Максімам Горкім прыкметна ў многіх творах беларускіх класікаў. Ларчанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)