ФЕЙСАЛАБА́Д,

горад на ПнУ Пакістана, у правінцыі Пенджаб. Засн. ў 19 ст. (б. назва Лаялпур). 1920 тыс. ж. (2000). Трансп. вузел. Буйны гандл.-прамысл. цэнтр у бавоўнаводчым р-не. Прам-сць: баваўняная, швейная, харч. (цукр., алейная), хім. (мінер. ўгнаенні), машынабудаванне (тэкст. абсталяванне) і металаапрацоўка. ЦЭС. Рамёствы: ручное дыванаткацтва, саматужна-маст. вырабы, у т. л. ювелірныя з каштоўных і паўкаштоўных камянёў.

т. 16, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НГЛА-СІ́КХСКІЯ ВО́ЙНЫ,

захопніцкія войны англ. Ост-Індскай кампаніі супраць дзяржавы сікхаў у Пенджабе (Індыя). Справакаваўшы пагранічны канфлікт, англічане змусілі сікхаў пачаць ваен. дзеянні. У першай англа-сікхскай вайне (1845—46) сікхі, якія напачатку дамагліся ваен. поспехаў, пацярпелі паражэнне. Англічане захавалі Пенджабу ўяўную самастойнасць, аднак сікхі заплацілі за гэта часткай сваіх зямель. Другую англа-сікхскую вайну (1848—49) пачалі англічане пад выглядам барацьбы з мяцежнікамі. У 1849 сікхскія войскі разбіты і англ. кампанія захапіла Пенджаб.

т. 1, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́КХІ (на мове хіндзі сікх — вучань),

паслядоўнікі сікхізму. У канцы 18 ст. стварылі ў Пенджабе ўласную дзяржаву, якая была знішчана англічанамі ў 1849 (гл. Англа-сікхскія войны). Зараз складаюць большасць насельніцтва інд. штата Пенджаб і значную ч. насельніцтва штата Утаранчал-Прадэш; асобныя абшчыны С. раскіданы па ўсёй Індыі, пераважна ў гарадах. У выніку міграцыі за мяжу абшчыны С. узніклі таксама ў Паўд.-Усх. Азіі, Усх. і Паўд. Афрыцы, у апошнія дзесяцігоддзі ў ЗША.

т. 14, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЎНТБЕ́ТЭНА ПЛАН,

план прадастаўлення незалежнасці Брыт. Індыі, які прапанаваў яе віцэ-кароль Л.​Маўнтбетэн. Абнародаваны брыт. урадам 3.6.1947. Прадугледжваў падзел Брыт. Індыі на 2 дамініёны — Інд. Саюз (пераважна з індуісцкім насельніцтвам) і Пакістан (пераважна з мусульм. насельніцтвам). Правінцыі Пенджаб і Бенгалія падзяляліся паміж імі паводле вынікаў галасавання ў мясц. асамблеі. Правіцелі княстваў мелі права далучыцца да аднаго з дамініёнаў або захаваць ранейшыя адносіны з Вялікабрытаніяй. 15.8.1947 працэдура падзелу была скончана, а М.п. зацверджаны каралём Вялікабрытаніі як Закон пра незалежнасць Індыі.

т. 10, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАХО́Р,

горад на У Пакістана, на р. Раві, за 25 км ад мяжы з Індыяй. Адм. ц. прав. Пенджаб. 5 млн. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Буйны эканам., гандл. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, харч., маш.-буд. (станкабудаванне, эл.-тэхн., зборка трактароў і матаролераў), металаапр., папяровая, шкляная, хім., у т. л. вытв-сць мінер. угнаенняў. Нар. промыслы; ручное дыванаткацтва, вышыўка, саматужна-мастацкія вырабы з тэкстылю, воўны і шоўку, серабра, бронзы і медзі. 2 ун-ты, у т. л. Пенджабскі. Музеі, у т. л. музей зброі. Арх. помнікі пераважна эпохі Вял. Маголаў (16—18 ст.): Шыш-Махал («Люстраны палац»), Бадшахі-Масджыт (адна з найбуйнейшых мячэцяў свету). Сады Шалімара (засн. ў 1641) і форт (16 ст.) уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Вядомы з 7 ст. У 10 ст. цэнтр індускага княства. У 1099—1114 і 1153—86 сталіца дзяржавы Газневідаў. Пры дэлійскіх султанах і Вялікіх Маголах цэнтр Пенджабскага намесніцтва. Л. неаднаразова разбуралі маголы (1240), хахары (1342, 1394), войскі Цімура (1398). Найб. росквіту дасягнуў у 16—17 ст., цэнтр транзітнага караваннага гандлю. У 1739 захоплены Надзір-шахам. У 1799—1849 сталіца дзяржавы сікхаў. У 1849—1947 пад уладай Вялікабрытаніі, цэнтр Лахорскай вобл. і аднайм. акругі Брыт. Індыі. У 1947—55 і з 1970 адм. ц. пакістанскай прав. Пенджаб, у 1955—70 — вобласці Лахор і прав. Зах. Пакістан.

Агульны выгляд горада Лахор.

т. 9, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУРЫ́ДЫ,

дынастыя султанаў, якая правіла на тэр. сучаснага Афганістана і ч. Індыі ў 1148—1206. Паходзілі з роду Суры. Цэнтр заснаванай імі дзяржавы ахопліваў горную вобл. Гур у Афганістане (адсюль назва дынастыі), сталіцамі былі гарады Фірузкух і Газні. Найб. магутнасці дасягнулі ў час. праўлення братоў Гіяс-ад-дзіна Мухамеда [1163—1203] і Шыхаб-ад-дзіна (Муіз-ад-дзіна ці Мухамеда Гуры, правіў у 1203—06), якія заваявалі амаль усе афг. землі, Сінд, Пенджаб, Бенарэс і інш. вобласці і гарады Індыі. Пасля ваен. паражэння Гурыдаў у барацьбе з харэзмшахамі іх дзяржава распалася (1206).

т. 5, с. 538

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБУ́Р Захірэддзін Мухамед (15.2.1483, г. Фергана, Узбекістан — 26.12.1530),

узбекскі і індыйскі правіцель, палкаводзец, заснавальнік дзяржавы Вялікіх Маголаў (1526) у Індыі. Нашчадак Цімура па мужчынскай і Чынгісхана па жаночай лініі. У 1494 атрымаў у спадчыну ад бацькі прастол Ферганы. У 1504 узбекі-качэўнікі выгналі яго з Сярэдняй Азіі. У тым жа годзе ён заваяваў Кабул і Кандагар. У 1526 пад Паніпатам разбіў армію дэлійскага правіцеля Ібрагіма Лодзі і захапіў Дэлі і Агру. У 1527—29 авалодаў далінай Інда. Уладанні Бабура ўключалі Усх. Афганістан, Пенджаб і даліну Ганга да граніц Бенгаліі. Захаваліся вершы Бабура на чагатайскай (цюркскай) мове і мове фарсі, а таксама аўтабіягр. нататкі «Бабурнамэ». у якіх апісаны звычаі народаў Сярэдняй Азіі, Афганістана і Індыі.

Бабур. Малюнак 16 ст.

т. 2, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЛЬМЕРСТАН (Palmerston) Генры Джон Тэмпл (20.10.1784, Лондан — 18.10.1865),

брытанскі паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Скончыў Эдынбургскі (1803) і Кембрыджскі (1806) ун-ты. Напачатку паліт. кар’еры прымыкаў да торы, з 1830 — да вігаў. З 1807 дэп. палаты абшчын. З 1809 міністр па ваен. справах, у 1830—51 (з перапынкамі) міністр замежных спраў, у 1852—55 міністр унутр. спраў, у 1855—58 і з 1859 прэм’ер-міністр. У 1855—65 лідэр Ліберальнай партыі. Імкнуўся да захавання ў Еўропе прынцыпу «раўнавагі сіл» і ўмацавання ролі Вялікабрытаніі ў якасці яго гаранта; падтрымліваў нац. і ліберальныя рухі, калі іх дзейнасць і мэты супадалі з брыт. інтарэсамі. Адзін з ініцыятараў міжнар. прызнання незалежнасці Бельгіі. Садзейнічаў развязванню Крымскай вайны 1853—56. Урад П. анексіраваў Пенджаб (1849), задушыў Індыйскае народнае паўстанне 1857—59, Тайпінскае паўстанне ў Кітаі.

т. 12, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМРЫ́ТСАР,

горад на ПнЗ Індыі, штат Пенджаб, 709 тыс. ж. (1991). Трансп. вузел. Прамысл. і гандл. цэнтр. Тэкст., маш.-буд., хім. прам-сць. Вядомы рамёствамі: вытв-сць тканін, дываноў, вырабы з металу, косці, скуры.

Засн. ў канцы 16 ст. гуру Рам Дасам. Гал. рэліг. і культ. цэнтр сікхаў з ун-там Гуру Нанака. Тут знаходзіцца іх свяцілішча — «Залаты храм», дзе захоўваецца свяшчэнная кніга Адыгрантх. У 1-й пал. 19 ст. Амрытсар уваходзіў у склад дзяржавы Ранджыт Сінгха. У 1849 у выніку 2-й англа-сікхскай вайны захоплены англ. Ост-Індскай кампаніяй. У 1918—22 Амрытсар — адзін з цэнтраў нац.-вызв. барацьбы. 13.4.1919 англ. войскі расстралялі ў Амрытсары мітынг пратэсту супраць палітыкі калан. ўрада; у выніку т.зв. Амрытсарскай разні забіта і паранена больш за 1 тыс. чал. У 1947 Амрытсар значна разбураны ў час індуска-мусульманска-сікхскіх пагромаў.

т. 1, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІМУ́Р, Тамерлан,

Цімурленг («Цімур кульгавы»; 1336, с. Хаджа-Ільгар каля г. Шахрысабз, Узбекістан — 18.2.1405),

сярэднеазіяцкі дзярж. дзеяч, эмір, палкаводзец; заснавальнік дынастыі Цімурыдаў. Сын бека Тарагая з цюркізаванага манг. племені барлас. У 1370 захапіў уладу ў Маверанахры, дзе стаў кіраваць ад імя нашчадкаў Чынгісхана. Сталіца яго дзяржавы — г. Самарканд. З 1370-х г. здзейсніў больш за 20 паходаў. У 1380—90-я г. спалучаў аб’яднанне зямель Сярэдняй Азіі (да 1388 канчаткова падпарадкаваў Харэзм) з паходамі ў Іран, Закаўказзе і інш. У выніку трох паходаў супраць Тахтамыша (1389, 1391, 1394—95), разграміў Залатую Арду, абрабаваў яе сталіцу Сарай-Берке і інш. гарады. У 1398 уварваўся ў Індыю і захапіў г. Дэлі. Выйграў вайну з тур. султанам Баязідам I, якога ў час Анкарскай бітвы 1402 узяў у палон. Распачаты ім у 1404 паход на Кітай перапынены з-за смерці Ц. У пач. 14 ст. яго дзяржава ўключала Маверанахр, Харэзм, Харасан, Закаўказзе, Іран і Пенджаб. Усе паходы Ц. суправаджаліся разбурэннем гарадоў, масавым знішчэннем і паланеннем насельніцтва.

Літ.:

Новосельцев А.П. Об исторической оценке Тимура // Вопр. истории. 1973. № 2.

т. 17, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)