ГІ́ДРА,
у грэчаскай міфалогіі пачварная 9-галовая змяя, якая жыла ў Лернейскім балоце на п-ве Пелапанес, параджэнне пачвар Тыфона і Яхідны. Ядавітае дыханне гідры знішчала ўсё жывое. Лічылася непераможнай, бо на месцы адсечанай галавы ў яе вырасталі 2 новыя. Паводле міфа, Геракл з дапамогай пляменніка Іалая стаў прыпальваць абрубкі шыі і забіў гідру, а яе жоўць і кроў выкарыстоўваў як смяротны яд для стрэл.
т. 5, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗА́КІНТАС, Закінф,
(Zakynthos), востраў у Іанічным м., самы паўднёвы ў групе Іанічных астравоў. Тэр. Грэцыі. Пл. 408 км². Аддзелены ад п-ва Пелапанес пралівам Закінтас (шыр. каля 20 км). Зах. палова вострава гарыстая (вапняковы масіў выш. да 756 м), зараснікі маквісу і фрыганы; на У узгорыстая раўніна з садамі, вінаграднікамі, гаямі аліваў. Клімат міжземнаморскі, ападкаў да 1000 мм за год. Радовішча асфальту. Гал. горад і порт Закінтас.
т. 6, с. 505
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕМЕ́ЙСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,
спаборніцтвы, якія адбываліся ў Стараж. Грэцыі ў Немейскай даліне (у Аргалідзе, Пелапанес) каля храма Зеўса. Паводле падання засн. Адрастам, які ўзначаліў паход семярых супраць г. Фівы, ці Гераклам. Вядомы з 573 да н.э. Праходзілі адзін раз у 2 гады ў маладзік чэрвеня. У праграму гульняў уваходзілі спарт. і муз. спаборніцтвы. Арганізатарамі Н.г. былі жыхары г. Клеон, з 460 да н.э. — г. Аргас. Пераможцы ўзнагароджваліся вянкамі з аліўкавых галін, пазней — з сельдэрэю. Н.г. спыніліся ў 4 ст. н.э. пасля ўсталявання хрысціянства.
т. 11, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКІ́ФАР I (Nikēphoros; ?—26.7.811),
візантыйскі імператар [802—811]. Быў скарбнікам пры двары імператрыцы Ірыны. Пасля яе звяржэння абвешчаны імператарам. Для ўмацавання фін. становішча дзяржавы ўвёў новыя падаткі, у т. л. з царкоўнай маёмасці. Умацаваў флот, развіваў гандаль шляхам прадастаўлення купцам дзярж. пазыкі. Задушыў паўстанне славян у г. Патры (Пелапанес) і пачаў іх хрысціянізацыю. З 802 ваяваў з араб. халіфам Харунам-ар-Рашыдам, у 804 пацярпеў паражэнне ў Фрыгіі, у 807 падпісаў зневажальны для Візантыі мір. Забіты ў час вайны 809—11 з Балгарыяй.
т. 11, с. 341
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРСЕ́Й,
у старажытнагрэчаскай міфалогіі герой, сын Зеўса і Данаі. Паводле міфа, дзед П. цар Аргаса (на п-ве Пелапанес) Акрысій, якому прадказалі смерць ад рукі ўнука, загадаў зачыніць яго разам з маткай у скрыні і кінуць у мора. Выратаваныя рыбакамі, яны жылі на в-ве Серыфас, адкуль мясц. цар Палідэкт паслаў П. ў паход па галаву гаргоны Медузы. Здабыўшы яе пасля шматлікіх прыгод, П. на зваротным шляху выратаваў ад марской пачвары Андрамеду, якая стала яго жонкай. Паводле позніх міфаў, П. і Андрамеда былі ўзнесены на неба і ператварыліся ў сузор’і. П. прыпісвалі заснаванне г. Мікены.
т. 12, с. 298
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫ́РЫ́НФ (грэч. Tiryns),
старажытнагрэчаскі горад у Аргалідзе (Пелапанес). Паселішча ўзнікла ў эпоху неаліту. У пач. 2-га тыс. да н.э. Т. стаў цэнтрам дзяржавы ахейцаў. У час росквіту Т. (16—13 ст. да н.э.) быў пабудаваны палац, упрыгожаны фрэскамі ў мінойскім стылі, акропаль умацаваны мурамі таўшчынёй да 10 м (т.зв. цыклапічная муроўка). Сярод цароў Т. вядомы Дыямед, удзельнік Траянскай вайны. У канцы 13 ст. да н.э. горад спустошаны дарыйцамі. У 1-м тыс. да н.э. існаваў як невялікі поліс. Канчаткова разбураны каля 470 да н.э. Археал. даследаванні праводзяцца з 1831, найб. значныя вынікі атрыманы Г.Шліманам і В.Дзёрпфельдам у 1884—85.
А.Г.Зельскі.
т. 16, с. 80
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАРЫ́ЙЦЫ, даране (Dōrieis),
адно з асноўных стараж.-грэч. плямён паўн.-зах. дыялектнай групы. Першапачаткова жылі ў Паўн. і Сярэдняй Грэцыі. На працягу 12 ст. да н.э. разам з інш. паўн. плямёнамі перасяляліся ў паўд.-зах. напрамку, што прывяло да выцяснення ахейцаў і знішчэння ахейскіх цэнтраў — Мікенаў, Тырынфа, Піласа і інш. Д. занялі вобласці Лаканіка, Месенія, Кінурыя, Аргаліда, Мегарыда (п-аў Пелапанес), Карынфія (Істмійскі перашыек), потым каланізавалі а-вы Родас, Крыт, Фера, Мелас, Кос, Калімнас, узбярэжжа М.Азіі (гарады Кнід, Галікарнас і інш.). У 8—6 ст. да н.э. аформіліся іх раннерабаўладальніцкія дзярж. аб’яднанні (Спарта, Аргас, полісы Крыта) і ўзніклі іх калоніі па-за межамі Грэцыі (напр., Сіракузы). Ад імя Д. паходзіць назва арх. дарычнага ордэра.
т. 6, с. 58
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХЕ́ЙЦЫ,
адно з асноўных стараж.-грэч. плямёнаў, якое жыло ў Фесаліі. З пач. 2-га тыс. да нашай эры засялялі Пелапанес і некаторыя а-вы Эгейскага м. Яны захавалі заснаваны іанійцамі саюз 12 гарадоў. У 17—16 ст. да нашай эры ўтварыліся дзяржавы ахейцаў Мікены, Пілас і інш., якія ў 15—13 ст. да нашай эры дасягнулі высокага эканам. і паліт. росквіту. Удзельнічалі ў Траянскай вайне. У 12 ст. да нашай эры выцеснены дарыйцамі ў М.Азію, на Кіпр і інш. астравы, на Пн Пелапанеса, дзе ўтварылі вобласць Ахая. Значэнне ахейцаў вырасла пасля 280 да нашай эры, калі полісы Ахаі арганізавалі Ахейскі саюз. У паэмах Гамера ахейцамі наз. ўсе грэкі.
т. 2, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́РГАС (Argos),
горад у Грэцыі на п-ве Пелапанес. Засн. ў пач. 2-га тыс. да н.э. У 15—14 ст. да н.э. адзін з цэнтраў ахейскага аб’яднання. Пасля захопу яго ў 12—11 ст. да н.э. дарыйцамі гал. сапернік Спарты. Дасягнуў росквіту ў час праўлення тырана Федона (7 ст. да н.э.), які першы ў Грэцыі пачаў чаканіць сярэбраную манету. У час грэка-персідскіх войнаў 500—449 да н.э. захоўваў нейтралітэт. У 4 ст. да н.э. трапіў у залежнасць ад Македоніі. У 229 да н.э. ўвайшоў у Ахейскі саюз. З 146 да н.э. пад уладай Рыма. У 297 і 395 н.э. разбураны готамі. У ант. часы з мастацкай школы Аргаса выйшлі грэч. скульптары Агелад, Паліклет, Палімед. Археал. раскопкі вядуцца з 1902.
т. 1, с. 468
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЛАПЕМЕ́Н (Philopoimen; 253—183 да н.э.),
старажытнагрэчаскі паліт. дзеяч і палкаводзец. У 222—221 да н.э. ўдзельнічаў у вайне Ахейскага саюза са спартанскім царом Клеаменам III, вызначыўся ў бітве каля Селасіі. З 209 да н.э. гіпарх (начальнік конніцы), з 207 да н.э. стратэг (выбіраўся 8 разоў). Правёў ваен. рэформы, атрымаў шэраг перамог над Спартай. У 193 падпарадкаваў саюзу амаль увесь Пелапанес і ўключыў у яго склад Спарту (192). Змагаўся за незалежнасць Грэцыі ад Македоніі і Рыма, за што празваны «апошнім элінам». У 183 трапіў у палон да месенцаў і атручаны.
Літ.:
Плутарх. Избранные жизнеописания: Пер. с греч. Т. 1. М., 1990;
Герои Греции в войне и мире: История Греции в биогр. Г.В.Штолля: Пер. с нем. М., 1992.
А.Г.Зельскі.
т. 16, с. 385
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)