ПЕЛАПАНЕ́С (Peloponnēsos),

паўвостраў і гіст.-геагр. вобласць на Пд Грэцыі. Злучаны з асн. ч. Балканскага п-ва Карынфскім перашыйкам, прарэзаны Карынфскім каналам. 21,5 тыс. км². Берагі моцна расчлянёны бухтамі і залівамі. Пераважаюць горы (выш. да 2404 м, г. Аяс-Іліяс), у сярэдняй ч. — карставае Аркадскае пласкагор’е. Клімат субтрапічны, міжземнаморскі, ападкаў ад 400 мм на У да 1000 мм на 3 за год, летнія засухі. Міжземнаморскія хмызнякі (маквіс, фрыгана), рэшткі лясоў. На П. — Спарта, Карынф, Патры; руіны Мікенаў, Алімпіі і інш.

У старажытнасці П. насялялі пеласгі, якіх у 2-м тыс. да н.э. выцеснілі ахейцы. Каля 1550 да н.э. на тэр. П. існавала некалькі моцных ахейскіх дзяржаў: Ахая, Эліда, Лаканіка, Аргаліда, Карынфія, Сікіён і Аркадыя. У 1200 да н.э. заваяваны дарыйцамі, якія падпарадкавалі сабе ахейскія абшчыны. Вядучую ролю на п-ве пачала адыгрываць Спарта, якая ў 550 да н.э. ўзначаліла Пелапанескі саюз. У 280 да н.э. стараж.-грэч. гарады П. ўтварылі Ахейскі саюз. З 146 да н.э. пад уладай Стараж. Рыма, потым Візантыі. З пач. 8 ст. н.э. атрымаў назву Марэя. У 1204 крыжаносцы засн. тут княства Ахая, тэр. якога з 1261 пачалі вяртаць сабе візантыйцы. У 1283 яны засн. тут дэспатыю Марэя са сталіцай у г. Містра. У 1460 заваяваны туркамі. У 1680—1715 належаў Венецыі. З 1830 у складзе Грэцыі.

т. 12, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕЛО́ПС, Пелоп,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі герой, сын лідыйскага цара Тантала, унук Зеўса. Бацька забіў П. і падаў яго мяса багам, якіх запрасіў да сябе на баляванне. Разгневаныя багі жорстка пакаралі Тантала, а П. ажывілі і зрабілі прыгажуном. П. ажаніўся з дачкой цара Эліды (на п-ве Пелапанес у Грэцыі) Энамая, якога вераломна загубіў, каб захапіць яго прастол. Атрымаўшы ў спадчыну Эліду, П. пашырыў сваю ўладу на ўсю Паўд. Грэцыю, назву якой Пелапанес стараж. грэкі выводзілі ад імя П.

т. 12, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАКАТРО́НІС (Kolokotronēs) Тэадорас (14.4.1770, п-аў Пелапанес, Грэцыя — 15.2.1843),

дзеяч грэчаскага нац.-вызв. руху, военачальнік. З 1818 член падп. арг-цыі «Філікі Этэрыя». У грэчаскую нацыянальна-вызваленчую рэвалюцыю 1821—29 паўстанцы на чале з К. 8.10.1821 авалодалі г. Трыпаліс, летам 1822 разбілі тур. армію Махмудапашы Драмалі (30 тыс. чал.), якая ўварвалася на п-аў Пелапанес, у 1825—27 на чале грэч. атрадаў Пелапанеса вёў партыз. вайну супраць сіл егіп. палкаводца Ібрахіма-пашы. З 1827 прыхільнік І.Кападыстрыі, з 1831 лідэр прарасійскай паліт. групоўкі. У 1835—43 чл. Дзярж. савета пры грэч. каралю Атоне I. Аўтар мемуараў.

т. 7, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫ́НДЫЗІ—ПА́ТРЫ,

чыгуначная паромная пераправа цераз Іанічнае м., злучае Пд Італіі з п-вам Пелапанес у Грэцыі. Адлегласць 640 км. Дзейнічае з 1973. Курсіруе 6 спецыялізаваных двухпалубных суднаў умяшчальнасцю 110 вагонаў кожнае.

т. 3, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫ́НФСКІ ЗАЛІ́Ў (Korinthiakos kolpos),

заліў Іанічнага м., аддзяляе п-аў Пелапанес ад асн. ч. Грэцыі. Даўж. 130 км, шыр. каля ўвахода 3 км, макс. — каля 35 км, глыб. да 935 м. Паўн. гарыстыя берагі расчлянёны шматлікімі залівамі і бухтамі. Злучаны Карынфскім каналам з Эгейскім морам.

т. 8, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ТРЫ (Patrai),

горад у Грэцыі, на п-ве Пелапанес. Адм. ц. нома Ахея. Стараж. іанічны горад. Каля 200 тыс. ж. (2000). Марскі порт, чыг. ст., аэрадром. Паромная сувязь з г. Брындызі (Італія). Прам-сць: маш.-буд., шынная, дрэваапр., гарбарная, харчасмакавая, тэкст., папяровая. Ун-т. Турызм.

т. 12, с. 182

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЯ́ФА (Kaïápha),

бальнеалагічны і кліматычны курорт у Грэцыі. На ПдЗ ад Афін, на п-ве Пелапанес, на беразе зал. Іанічнага м. Субтрапічны клімат, крыніцы тэрмальных (27—36 °C) радонавых вод. Лечаць хваробы органаў руху і апоры, скуры, печані, жоўцевых шляхоў. Побач інш. папулярныя курорты. На Пн ад К. руіны стараж. Алімпіі, рэшткі храмаў Зеўса, Геры і інш. багоў.

т. 8, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКАНІ́Я (Lakōnia), Лаканіка,

паўднёва-ўсходняя вобласць п-ва Пелапанес у Стараж. Грэцыі на мяжы з Аргалідай і Аркадыяй на Пн, Месеніяй на 3. У 12 ст. да н.э. заваявана дарыйцамі, якія на яе тэрыторыі заснавалі дзяржаву Спарта (афіц. назва Лакедэмон). Назвы Л., Лакедэмон, Спарта часта выкарыстоўваюцца як сінонімы. Паводле паданняў жыхары Л. былі вядомы дакладнасцю і сцісласцю мовы — лаканізмам.

т. 9, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКЕ́НЫ (Mykēnai),

старажытнагрэчаскі горад у Аргалідзе (п-аў Пелапанес), буйны цэнтр Крыта-мікенскай культуры ў эпоху бронзы. Заселены ў пач. 3-га тыс. да н.э. З 17 ст. да н.э. сталіца адной з дзяржаў ахейцаў. У 14—12 ст. да н.э. дасягнулі эканам. і паліт. росквіту, пашырылі свой уплыў на ўвесь Пелапанес, авалодалі Кносам, замацавалі сувязі з Егіптам, хецкай дзяржавай, Кіпрам, Сірыяй. У канцы 12 ст. да н.э. разбураны дарыйцамі. У 1-м тыс. да н.э. невял. паселішча, якое ў 468 да н.э. заваявалі і зруйнавалі аргосцы.

У выніку раскопак (пачаты ў 1874—76 Г.Шліманам) адкрыты: шахтавыя грабніцы з багатым пахавальным інвентаром (17—16 ст. да н.э.), цыклапічныя сцены крэпасці з т. зв. Львінымі варотамі, палац з прапілеямі, лесвіцамі, дваром, гасп. і жылымі памяшканням, аздобленымі фрэскамі, статуямі і інш., жылыя дамы (усё 14—13 ст. да н.э.), зернесховішча (12 ст. да н.э.) і інш. У ніжнім горадзе выяўлены жылыя дамы, цыстэрны, толасы (14—13 ст. да н.э.).

Літ.:

Бартонек А. Златообильные Микены: Пер. с чеш. М., 1991.

Да арт. Мікены. Ільвіныя вароты. 14—13 ст. да н.э.

т. 10, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІ́ДРА,

у грэчаскай міфалогіі пачварная 9-галовая змяя, якая жыла ў Лернейскім балоце на п-ве Пелапанес, параджэнне пачвар Тыфона і Яхідны. Ядавітае дыханне гідры знішчала ўсё жывое. Лічылася непераможнай, бо на месцы адсечанай галавы ў яе вырасталі 2 новыя. Паводле міфа, Геракл з дапамогай пляменніка Іалая стаў прыпальваць абрубкі шыі і забіў гідру, а яе жоўць і кроў выкарыстоўваў як смяротны яд для стрэл.

т. 5, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)