КРАСНАГО́РСКІ (Мікалай Іванавіч) (8.7.1882, С.-Пецярбург — 2.8.1961),

савецкі фізіёлаг і педыятр, акад. АМН СССР (1945). Скончыў Ваенна-мед. акадэмію. (1908). Вучань І.П.Паўлава. Навук. працы па вышэйшай нерв. дзейнасці. Выкарыстоўваў метад умоўных рэфлексаў для вывучэння функцый мозга. Даследаваў узаемадзеянне сігнальных сістэм, тармазныя ўмоўныя рэфлексы, комплексную дзейнасць кары вял. паўшар’яў мозга. Дзярж. прэмія СССР 1952.

Тв.:

Высшая нервная деятельность ребенка. Л., 1958.

т. 8, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙДУ́ЗЕК ((Gajdusek) Даніэл Карлтан) (н. 9.9.1923, г. Іонкерс, ЗША),

амерыканскі педыятр, вірусолаг і эпідэміёлаг. Чл. Амерыканскай акадэміі навук і мастацтваў, Нац. АН ЗША, Амерыканскай акадэміі неўралогіі. Скончыў Рочэстэрскі ун-т (1943). З 1949 у Гарвардскім ун-це, у 1954 — у Пастэраўскім ін-це ў Тэгеране, у 1955—57 у Ін-це мед. даследаванняў у Мельбурне, з 1958 у Нейралагічным цэнтры Нац. ін-та здароўя (ЗША). Навук. працы па вірусалогіі, эпідэміялогіі, педыятрыі, генетыцы і эвалюцыі чалавека ў ізаляваных папуляцыях. Стваральнік вучэння пра павольныя вірусныя інфекцыі чалавека (хваробы з працяглым інкубацыйным перыядам і пашкоджаннем ц. н. с.). Нобелеўская прэмія 1976 (разам з Б.Бламбергам).

Д.К.Гайдузек.

т. 4, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДОМ ДЗІЦЯ́ЦІ рэабілітацыйна-выхаваўчая ўстанова для дзяцей да 3 гадоў: сірот, дзяцей з дэфектамі разумовага і фіз. развіцця. У спецыялізаваных Д.дз. выхоўваюцца дзеці з частковым пашкоджаннем ц. н. с. да 4 гадоў; ёсць групы дзяцей з недахопамі ў разумовым і фіз. развіцці. Выпісваюць дзяцей з Д.дз., калі яны вяртаюцца ў сям’ю, пры ўсынаўленні ці афармленні апекі, пераводзе ў дзіцячы дом, дом-інтэрнат сац. забеспячэння.

Найб. пашыраны Д.дз. на 60—80 месцаў. Узначальвае іх гал. ўрач; урач-педыятр і кругласутачны пост мед. сясцёр прызначаецца на 40, лагапед — на 6—10 дзяцей. У вял. і спецыялізаваных Д.дз. ёсць урачы-неўрапатолагі, псіхіятры. З дзецьмі працуюць выхавальніцы і метадысты-псіхолагі. У групе да 3 гадоў 6—8, у групе 3—4-гадовых 8—10 дзяцей. У 1980 на Беларусі было 18 Д.дз. на 1780 месцаў, у 1995—13 на 1095 месцаў.

Э.​А.​Вальчук.

т. 6, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІКЛІ́НІКА (ням. Poliklinik ад грэч. polis горад + klinikē лячэнне),

шматпрофільная ці спецыялізаваная лячэбна-прафілактычная ўстанова, якая забяспечвае насельніцтва кваліфікаванай мед. дапамогай у самой установе і дома; асн. звяно першаснай мед.-сан. дапамогі. Ахоплівае больш за 80% насельніцтва. Паводле функцый П. падзяляюць на гар. (для дарослых, падлеткаў, дзяцей, студэнтаў), цэнтр., раённыя, гарнізонныя, курортныя і інш. Пры абл. і рэсп. бальніцах, клініках мед. ін-таў, НДІ ствараюцца кансультацыйныя П.; функцыянуюць і спец. П. (стаматалагічныя, фізіятэрапеўт. і інш.). Бываюць самаст. ці ў складзе аб’яднання з бальніцай. Маюць рэгістратуру, лячэбна-прафілакт., дыягнастычныя і інш. аддзяленні. Ствараюцца тэр. мед. аб’яднанні, куды ўваходзіць П. для дарослых, дзіцячая, жаночая кансультацыя з акушэрска-тэрапеўт. і педыятрычнымі комплексамі (сям’ю абслугоўвае ўрач-тэрапеўт, педыятр і акушэр-гінеколаг). Есць гасп.-разліковыя П.

Ажыццяўляе комплекс прафілакт. мерапрыемстваў па аздараўленні насельніцтва і папярэджанні захворванняў, вызваляе хворых ад працы, праводзіць мед.-сан. экспертызу з прызнаннем устойлівай непрацаздольнасці, накіроўвае на шпіталізацыю, санаторна-курортнае лячэнне, праводзіць дыспансерызацыю, проціэпідэмічныя мерапрыемствы (напр., прышчэпкі) і інш.

На Беларусі 557 самаст. П. і амбулаторый, у т. л. 146 гар., 411 сельскіх; 695 паліклінічных аддзяленняў бальніц і радзільных дамоў, у т. л. 300 гар., 395 у сельскай мясцовасці, 77 стаматалагічных П., 367 дзіцячых (1998).

Э.​А.​Вальчук.

т. 11, с. 558

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РЧАК (Korczak) Януш [сапр. Гольдшміт Генрых; 22.7.1878

(1879?),

Варшава — жн. 1942], польскі педагог, урач-педыятр, дзіцячы пісьменнік, публіцыст і грамадскі дзеяч. Скончыў мед. ф-т Варшаўскага ун-та (1905). Працаваў урачом у дзіцячай бальніцы ў Варшаве, выхавальнікам у дзіцячых летніх калоніях (уражанні адлюстраваны ў кн. «Моські, Ёські і Срулі», 1910, «Юзькі, Яські і Франкі», 1911). У 1-ю сусв. вайну на фронце. Пасля яе заканчэння кіраваў у Варшаве дзіцячымі прытулкамі («Дом сірот» і «Наш дом»), выкладаў у Ін-це спец. педагогікі, Свабодным польск. ун-це, выступаў як эксперт у судзе па справах непаўналетніх і інш. Аўтар кніг пра выхаванне: «Выхаваўчыя моманты» (1919), «Правілы жыцця» (1930), «Жартаўлівая педагогіка» (1939); мастацкіх твораў для дзяцей і пра дзяцей: «Кароль Мацюсь Першы» (1923), «Калі я зноў стану маленькім» (1925) і інш. Захаваўся «Дзённік» К., які ён вёў у 1942 у гета (надрук. 1958). К. выпрацаваў уласную педканцэпцыю шляхоў фарміравання дзіцяці як асобы (выкладзена ў кн. «Як любіць дзіця», т. 1, 2; 1920—21). Зыходны яе тэзіс — дзіця як самаст., адносна незалежная ад інш. волі асоба. Адстойваў ідэі паўнацэннасці дзіцяці як чалавека. Мэтай выхавання лічыў поўнае і гарманічнае развіццё дзіцяці, фарміраванне яго асобы ў адпаведнасці з ідэаламі дабрыні, прыгажосці і свабоды. Стрыжань яго выхаваўчай сістэмы — абуджэнне ў дзіцяці патрэбы да самапазнання, самаацэнкі, самакантролю і волі да самаўдасканалення. Адхіліўшы прапановы аб уцёках з варшаўскага гета, разам з 200 выхаванцамі і ўсім персаналам «Дома сірот» загінуў у канцлагеры Трэблінка. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі Я.​Бяганская, У.​Васілевіч.

Тв.:

Бел. пер. — Кароль Мацюсь Першы Мн., 1970;

Кароль Мацюсь на бязлюдным востраве. Мн., 1982;

Рус. пер. — Избр. пед. произв. М., 1979;

Педагогическое наследие. М., 1990.

Літ.:

Шлензакова А.Я. Януш Корчак: Пер. с пол. Варшава, 1978;

Педагогическое наследие Януша Корчака: Библиогр. указ. М., 1978.

Я.Корчак.

т. 8, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)