МІ́РСКАЯ КА́ФЛЯ,

архітэктурна-дэкаратыўная кераміка 15 — пач. 20 ст. з г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. У 15—16 ст. мясц. майстры выраблялі гаршковую кафлю з круглым, квадратным вусцямі або ў выглядзе чатырохпялёсткавай разеткі. З канца 16 ст. пашырана плоская тэракотавая, паліваная аднатонная (пераважна зялёная) і паліхромная кафля з рэльефным геам., расл., геральдычным, сюжэтнымі і інш. малюнкамі. Паводле тыпаў М.к. канца 16—17 ст. падзяляецца на сценную, вуглавую, паясную, карнізную, «каронкі», «дахоўкі», «гарадкі», медальёны. Кожнаму тыпу адпавядаў пэўны характар дэкору, які ў залежнасці ад месца размяшчэння кафлі на грубцы меў адпаведны сюжэт. Найб. пашыраны сценныя квадратныя кафлі памерамі 20 × 20 і 19 × 19 см з румпай даўж. 7—8 см, аздобленыя расл. і геральдычным арнаментам: выявы стылізаваных лістоў і кветак белага і жоўтага колераў на цёмна-сінім фоне, герб Радзівілаў (на жоўтым фоне аднагаловы цёмна-карычневы арол з распасцёртымі крыламі і шырока расстаўленымі лапамі; вядома каля 10 варыянтаў арла). Паясныя кафлі ўпрыгожвалі рэльефнымі выявамі міфалагічных істот, карнізныя — выявамі на міфалагічныя, расл., рэліг. сюжэты. Кафлі-«каронкі» і «гарадкі» аздабляліся выявамі букетаў, гірляндаў кветак, дубовых лістоў; «дахоўкі» — малюнкам «рыбіна луска». Пашырана выкарыстанне белага, сіняга, цёмна-карычневага, жоўтага, светла-зялёнага колераў. У 18 ст. выраблялі сценную гладкую непаліваную і пакрытую зялёнай (радзей белай) палівай кафлю, У 19 — пач. 20 ст. пашырана аднатонная, пакрытая карычневай або белай палівай кафля, гладкая і з рэльефным малюнкам, у стылі мадэрн.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Мірская кафля. Паліхромная кафля з раслінным арнаментам. Канец 16 — 1-я пал. 17 ст.
Да арт. Мірская кафля. Паліхромная кафля з выявай герба князёў Радзівілаў. Канец 16 — пач. 17 ст.

т. 10, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЖ ЕФРАСІ́ННІ ПО́ЛАЦКАЙ,

унікальны твор старабел. эмальернага мастацтва, помнік пісьменства 12 ст.; рэліг. і духоўная святыня беларусаў. Зроблены ў 1161 полацкім ювелірам Лазарам Богшам паводле заказу Ефрасінні Полацкай як каўчэг для захавання хрысц. рэліквій. Крыж 6-канцовы, выш. 51,8 см, даўж. верхняга перакрыжавання 14 см, ніжняга — 21 см, таўшчыня 2,5 см. Аснова з кіпарысавага дрэва, зверху і знізу пакрыта 21 залатой пласцінкай з каштоўнымі камянямі, арнаментамі і 20 эмалевымі абразкамі, бакі абкладзены 20 сярэбранымі з пазалотай пласцінкамі, брыжы пярэдняга боку абведзены шнурком жэмчугу. Пласціны пярэдняга боку ўтвараюць іканапісную кампазіцыю — вял., або расшыраны, дэісус. На верхніх канцах крыжа паясныя выявы Хрыста, Маці Божай, Іаана Прадцечы. У цэнтры ніжняга перакрыжавання — 4 евангелісты, на канцах — архангелы Гаўрыіл і Міхаіл. Унізе крыжа — патроны заказчыцы і яе бацькоў; св. Ефрасіння Александрыйская, Георгій і Софія. У верхнім перакрыжаванні прымацаваны невял. 4-канцовы крыжык, у ніжнім — 6-канцовы. На адвароце выявы айцоў царквы Іаана Златавуста, Васіля Вялікага, Грыгора Багаслова, апосталаў Пятра і Паўла, св. Стафана, Дзмітрыя, Панцеляймона. З імі чаргуюцца эмалевыя арнаментальныя пласціны. Над кожным абразком часткова грэч., часткова слав. літарамі зроблены надпісы. У сярэдзіне крыжа ў 5 квадратных падпісаных гнёздах знаходзіліся рэліквіі: кавалачкі крыжа Гасподняга з кроплямі яго крыві, кавалачак каменю ад дамавіны Маці Божай, часткі мошчаў св. Стафана і Панцеляймона, кроў св. Дзмітрыя. Унізе дробны надпіс з імем майстра: «Господи, помози рабоу своемоу Лазорю, нареченномоу Богъши, съделавъшемоу крьстъ сии црькви святаго Спаса и Офросиньи». На баках крыжа па спіралі ў 2 рады зроблены вял. завяшчальны надпіс: «У лета 6669 кладзе Ефрасіння святы крыж у сваім манастыры, у царкве святога Спаса. Дрэва святое бясцэннае, акова ж яго золата і срэбра, і камяні і перлы на 100 грыўняў, а да...40 грыўняў, і хай не выносяць яго з манастыра ніколі, і не прадаюць, не аддаюць. Калі ж не паслухаецца хто і вынесе з манастыра, хай не дапаможа яму святы крыж ні ў жыцці гэтым, ні ў будучым, хай пракляты будзе ён святой жыватворную Тройцаю ды святымі айцамі... і хай напаткае яго доля Іуды, які прадаў Хрыста. Хто ж насмеліцца ўчыніць такое... валадар або князь, або епіскап ці ігумення, або іншы які чалавек, хай будзе на ім гэты праклён. Ефрасіння ж, раба Хрыстова, што справіла гэты крыж, здабудзе вечнае жыццё з усімі святымі...» Захоўваўся (з перапынкамі) у Полацку. У 1921 крыж рэквізаваны. У 1929—41 зберагаўся ў Магілёўскім краязнаўчым музеі, адкуль знік пры нявысветленых абставінах. У 1992 прынята рашэнне аб узнаўленні крыжа і створана навук.-кансультатыўная група, у склад якой уваходзілі бел. і рас. вучоныя. У 1997 брэсцкі мастак М.Кузьміч узнавіў крыж, які быў асвячоны і перададзены ў Спаса-Ефрасіннеўскі манастыр у Полацку.

Літ.:

Арлоў У.А. Таямніцы полацкай гісторыі. Мн., 1994;

Крест — красота церкви: [История создания и воссоздания Креста преподобной Ефросинии Полоцкой]. Мн.. 1998.

Т.​В.​Пешына.

Крыж Ефрасінні Полацкай Майстар Л.​Богша 1161.

т. 8, с. 501

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)