вонкавая адкрытая тэраса ці закрытая галерэя, якая абкружае будынак на ўзроўні перакрыццяў падклецця. Выкарыстоўвалася ў культавых будынках 16—17 ст., часам у пабудовах свецкага характару. У драўляным дойлідстве існавала ў выглядзе стоек з укосінамі ў верхняй частцы (Троіцкая царква Маркава манастыра ў Віцебску), у мураваным — у выглядзе аркадных і ордэрных галерэй, глухіх прыбудоў да асн. будынка (храм-пахавальня ў Полацкім Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ХЦІЦКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры класіцызму і барока. Фарміравалася ў 16—1-й пал. 19 ст. ў в. Кухцічы (цяпер пас. Першамайск Уздзенскага р-на Мінскай вобл.). У комплекс уваходзілі палац, флігелі і парк з капліцай-пахавальняй Завішаў.
Палац (захаваліся бакавыя флігелі) — разгорнутая па фронце 3-часткавая кампазіцыя, цэнтрам якой быў 1-павярховы П-падобны ў плане аб’ём з 4-калонным порцікам на гал. фасадзе. Флігелі — лаканічныя па архітэктуры 1-павярховыя прамавугольныя ў плане будынкі, вось сіметрыі якіх вылучана 4-калоннымі порцікамі дарычнага ордэра з трохвугольнымі франтонамі. Бутавая муроўка сцен дэкарыравана атынкаванымі пілястрамі, вуглы раскрапаваны руставанымі цаглянымі лапаткамі. Гал. фасады апяразаны фрызамі з трыгліфамі. Палац знаходзіўся ў маляўнічым пейзажна-рэгулярным парку. Капліца-пахавальня размешчана ў паўн.-ўсх.ч. парку. Пабудавана ў 2-й пал. 16 ст. як кальвінскі збор уладальнікамі маёнтка Кавячынскімі, у 17 ст. касцёл, у канцы 18 ст. капліца-пахавальня. Мураванае кампактнае 12-граннае ў плане збудаванне (таўшчыня сцен да 1,5 м) з конусным шатровым дахам і кубападобнай апсідай. Гал. фасад фланкіраваны цыліндрычнымі вежамі з шатровымі дошкамі і вузкімі байніцамі. У дэкоры выкарыстаны ляпныя гірлянды, геральдыка, слаістыя пілястры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАТО́НДА (італьян. rotonda ад лац. rotundns круглы),
круглае ў плане цэнтрычнае збудаванне, звычайна завершанае купалам, з размешчанымі па перыметры калонамі. Вядома з часоў Стараж. Грэцыі і Рыма ў некат. храмах, маўзалеях, залах, паркавых павільёнах, альтанках і інш. (Рымскі пантэон). Сустракаліся ў культавых збудаваннях сярэдніх вякоў, эпохі Адраджэння, стылю класіцызму. На Беларусі вядома з 16 ст., найб. пашырана ў культавым дойлідстве стылю класіцызму (Чачэрская Спаса-Праабражэнская царква, Лідскі Іосіфаўскі касцёл піяраў, капліца-пахавальня ў в. Пральнікі Валожынскага р-на Мінскай вобл.). Форму Р. мелі ў сваіх завяршэннях некат. манум. збудаванні: Гродзенскі палац Тызенгаўза, ратушы ў Гродне, Мінску, г. Драгічын (Брэсцкая вобл.). У выглядзе Р. вырашаны альтанкі і павільёны ў рэгулярных і пейзажных парках сядзіб вёсак Станькава Дзяржынскага р-на Мінскай вобл., Варняны Астравецкага, Залессе Смаргонскага р-наў Гродзенскай вобл., Альбінскага палацава-паркавага ансамбля і інш. (18—19 ст.), альтанкі ў архітэктуры 1950-х г. (на набярэжнай р. Свіслач і каля гал. ўвахода ў Цэнтр дзіцячы парк імя М.Горкага ў Мінску).
С.А.Сергачоў.
Капліца-пахавальня ў форме ратонды ў в Пральнікі Валожынскага раёна Мінскай вобл. (цяпер Мікалаеўская царква). 2-я пал 19 ст. Фота 2000.Да арт.Ратонда. Царква-ратонда Святой Труны ў г. Кембрыдж (Вялікабрытанія). Каля 1101—30.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНТЭО́Н (лац. Pantheon ад грэч. Pantheion месца, прысвечанае ўсім багам),
1) у Стараж. Рыме — «храм усіх багоў» (гл.Рымскі пантэон).
2) Пахавальня выдатных людзей. Звычайна П. размяшчаюць у будынках, якія маюць (ці першапачаткова мелі) культавае прызначэнне [Вестмінстэрскае абацтва ў Лондане; П. у Парыжы, з 1791, (б. царква Сент-Жэнеўеў, 18 ст., арх. Ж.Ж.Суфло)]. Гл. таксама Грабніца.
3) У шырокім сэнсе — найменне гал. багоў у пэўнай рэлігіі (напр., П. багоў-алімпійцаў у стараж. грэкаў).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХА́ІКА (ад грэч. archaïkos старадаўні, старажытны),
ранні этап у гіст. развіцці якой-небудзь з’явы. У мастацтвазнаўстве тэрмін выкарыстоўваецца гал. чынам для вызначэння ранняга перыяду развіцця архітэктуры і выяўл. мастацтва Старажытнай Грэцыі (7—6 ст. да н.э.), калі выпрацоўваліся найважнейшыя арх.-маст. прыёмы, традыцыйныя для грэч.класікі.
Архітэктура развівалася на аснове стоечна-бэлечнай канструкцыйнай сістэмы, выяўл. мастацтва — вобразаў ант. міфалогіі. Найважнейшымі дасягненнямі мастацтва перыяду архаікі была выпрацоўка прапарцыянальных канонаў і дэкар. формаў арх.ордэра (у т. л. дарычнага і іанічнага), асн. тыпажу манум. скульптуры, чорна- і чырвонафігурнага стыляў вазапісу; з’явіліся і новыя тыпы манум. скульптуры — статуі юнакоў-атлетаў (курас) і дзяўчат (кора). У больш шырокім значэнні архаіка — мастацтва стараж.гіст. эпох, якое вызначаецца прымітывізмам формаў. У мастацтвазнаўстве тэрмін «архаіка» выкарыстоўваецца ў дачыненні да твораў, у якіх ёсць рэтраспектыўныя формы старажытнасці (пераважна антычнасці).
На Беларусі зварот да формаў архаікі найб. выявіўся ў познім класіцызме ў інтэр’еры палацаў (Жыліцкі палацава-паркавы ансамбль) і пры трактоўцы малых арх. формаў у палацава-паркавым мастацтве (сфінксы на варотах Новага замка ў Гродне, фантан Нараўлянскага сядзібна-паркавага ансамбля і мемарыяльнай архітэктуры (капліца-пахавальня сядзібы ў в. Маліноўшчына Маладзечанскага р-на).
А.М.Кулагін.
Да арт.Архаіка. Фрагмент вазапісу. Майстар Эксекій. 6 ст. да н.э.Да арт.Архаіка. Капліца-пахавальня ў в. Маліноўшчына Маладзечанскага раёна Мінскай вобл. 2-я пал. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САР’Я́НСКІ КАСЦЁЛ, Сар’еўскі касцёл,
помнік архітэктуры несапраўднай готыкі ў в. Сар’я Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1852—57 (арх. Г.Шахта) І.Лапацінскім як родавая пахавальня. З 1865 належаў праваслаўным, у 1989 перададзены католікам. Цагляны, 1-нефавы, прамавугольны ў плане, з 5-граннай апсідай і 2 невял. сакрыстыямі. Кампазіцыя гал. фасада ступеньчатая, 3-часткавая. Цэнтр. частку вылучаюць партал, завершаны вімпергам з разеткай у цэнтры, і 5-гранныя контрфорсы з пінаклямі. Аналагічныя пінаклі і на вуглавых контрфорсах. Пластыку бакавых фасадаў узбагачаюць 2-часткавыя лапаткі, аркатурныя паясы і скразная востразубчатая аркада. Стральчатыя аконныя праёмы аздоблены архівольтамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАСТАВІ́ЦКІ КАСЦЁЛ ВІЗІТА́ЦЫІ ДЗЕ́ВЫ МАРЫ́І,
помнік архітэктуры ранняга барока. Пабудаваны каля 1615 у г.п. Вялікая Бераставіца Гродзенскай вобл. па фундацыі Гераніма Хадкевіча пад уплывам касцельнай архітэктуры Дж.Трэвана. У 1741 і 1855 касцёл рамантаваўся, у 1794 пры ім існаваў шпіталь, у 2-й пал. 18 — 1-й пал. 19 ст. дзейнічала школа. Храм — мураваная 3-нефавая базіліка з трансептам, паўкруглай апсідай і 2 нізкімі сакрысціямі па баках алтарнай часткі. Гал.зах. фасад бязвежавы, падзелены пілястрамі на 3 часткі і завершаны ступеньчатым атыкам. Рэліквіяй касцёла быў абраз анёлаў-ахоўнікаў работы мастака Ф.Смуглевіча (1797—1807). Пад будынкам крыпта (пахавальня) — 9 памяшканняў, злучаных пераходамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАВО́Е,
вёска ў Беларусі, у Дзяржынскім раёне Мінскай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 9 км на ПдЗ ад г. Дзяржынск, 47 км ад Мінска, 11 км ад чыг. ст. Койданава. 420 ж., 147 двароў (1995).
Вядома з 16 ст. ў складзе Старынкаўскай вол. Мінскага пав.ВКЛ, уласнасць Радзівілаў. У 1756 пабудавана царква. У 19 ст. ў складзе Койданаўскай вол. У 1867 адкрыта пач. школа. З 1924 цэнтр сельсавета Койданаўскага р-на, з 1932 — нац. польскага сельсавета, з 1936 — бел. сельсавета Дзяржынскага р-на. У Вял.Айч. вайну ў Баравым дзейнічала падп. група Дзяржынскага антыфаш. к-та. У 1970 — 288 ж., 99 двароў. У Баравым сярэдняя школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік архітэктуры — капліца-пахавальня (пач. 20 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЗКО́ЎСКІ ((Idźkowski) Адам) (24.12.1798, Альшанка, каля г. Пултуск, Польшча — 3.5.1879),
польскі архітэктар і тэарэтык архітэктуры. Прадстаўнік позняга класіцызму і неаготыкі. Вучань А.Карацы. Вучыўся ў Варшаўскім ун-це (1820—24) і за мяжой. Сярод работ у Варшаве: перабудовы кафедральнага сабора св. Яна Хрысціцеля (1836—40) у стылі англ. готыкі, Саскага палаца (1838—42) у класіцыстычным стылі і інш. Работы на Беларусі: рэканструкцыя і дабудова Гомельскага палаца, праект планіроўкі Гомельскага палацава-паркавага ансамбля; палац, гасп. пабудовы і пахавальня ў в. Трылесіна Горацкага р-на Магілёўскай вобл. Аўтар тэарэт. прац «Архітэктурныя канструкцыі ў розных іх варыянтах як прадмет прыгажосці» (1832) і «Планы будоўлі... у розных архітэктурных стылях» (1843).
В.Ф.Марозаў.
А.Ідзкоўскі.А.Ідзкоўскі Кафедральны сабор святога Яна Хрысціцеля ў Варшаве. Здымак 1929.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЯ КАПЛІ́ЦА,
помнік архітэктуры псеўдарускага стылю. Пабудавана ў 1870—89 у Гомелі паводле праекта арх. Я.Чарвінскага. Дэкар. работы выкананы мясц. майстрамі пад кіраўніцтвам мастака С.Садзікава. Рэстаўрыравана ў 1971—75. Размешчана ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі. Квадратнае ў плане мураванае збудаванне (пл. каля 30 м²) накрытае высокім 8-гранным шатром з люкарнамі і цыбулепадобнай галоўкай (агульная выш. 18 м). Падобныя галоўкі завяршаюць вуглы асн. аб’ёму. Фасады абліцаваны светлай цэглай, аздоблены керамічнымі дэталямі і каляровай маёлікай. На паўд. фасадзе ўваход з лесвіцай і арачным парталам. Побач з капліцай уваход у фамільную пахавальню Паскевічаў. Пахавальня складаецца з надземнай часткі (невял. мураваная пабудова, увянчаная маленькім барабанам з галоўкай), якая звязана лесвіцай са склепам — падземнай часткай (даўж. 28 м). Сцены склепа абліцаваны колатым каменем, пакрытым палівай, каля іх — мемар. пліты, на тарцовай — мазаічнае пано.