МААНЗУ́НДСКІЯ АПЕРА́ЦЫІ ў 1-ю сусветную вайну,
1) аперацыя герм. флоту Балт. мора пад камандаваннем віцэ-адм. Э.Шміта (больш за 70 караблёў) з мэтай прарыву праз Ірбенскі праліў (адсюль другая назва — Ірбенская) у Рыжскі заліў, знішчэння рас. марскіх сіл у Рыжскім заліве (каля 50 караблёў, камандуючы контр-адм. М.К.Бахіраў), загароды выхаду з праліва Маанзунд 8—21.8.1915. 8 жн. рас. караблі адбілі спробу прарыву герм. флоту, у ходзе баёў 16—17 жн. патоплены і пашкоджаны 9 ням. караблёў, страчаны 2 рас. кананерскія лодкі. 19 жн. герм. эскадра ўвайшла ў Рыжскі заліў, але з-за магчымага падрыву на мінах, атак падводных лодак праціўніка і адсутнасці месцаў базіравання 21 жн. пакінула заліў.
2) Аперацыя «Альбіён» герм. флоту (больш за 300 баявых і дапаможных караблёў, каля 100 самалётаў, 25 тыс. чал. дэсанта) па знішчэнні рас. марскіх сіл у Рыжскім заліве (больш за 50 караблёў), захопу Маанзундскага архіпелага (яго абараняў 12-тыс. рас. гарнізон) і падрыхтоўкі ўдару па Петраградзе. 12 кастр. герм. караблі спынілі агонь 16 рас. берагавых батарэй, высадзілі дэсант у бухце Талагахт і на в-ве Эзель (Саарэмаа), які 16 кастр. заняў востраў, а герм. караблі адначасова ўвайшлі ў Рыжскі заліў. 18 кастр. немцы захапілі в-аў Маон (Муху), 19 кастр. — в-аў Даго (Хійумаа). З-за ўпартага супраціўлення рас. маракоў (знішчылі і пашкодзілі 32 ням. караблі) герм. камандаванне мусіла адмовіцца ад прарыву ў Фінскі заліў і 20 кастр. адвяло свае марскія сілы з Рыжскага заліва.
Літ.:
Матвеев А.И. В боях за Моонзунд. М., 1957.
т. 9, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МІНСК»,
1) лідэр эскадраных мінаносцаў Балт. флоту, экіпаж якога вызначыўся ў Вял. Айч. вайну. Пабудаваны ў 1934—39 на Балт. з-дзе ў Ленінградзе; спушчаны на ваду ў 1935 у прысутнасці дэлегацыі з Мінска, якая ўзяла шэфства над караблём. Меў на ўзбраенні гарматы розных калібраў, зеніткі, кулямёты, тарпедныя апараты, бомбакідальнікі, міны; экіпаж 343 чал. Удзельнічаў у баях у сав.-фінл. вайну 1939—40, у абароне Таліна ў пач. Вял. Айч. вайны. 28—29.8.1941 пры прарыве караблёў Балт. флоту з Таліна ў Кранштат быў флагманскім караблём атрада прыкрыцця, адбіў некалькі атак герм. тарпедных катэраў, падарваўся на міне, але экіпаж ліквідаваў пашкоджанні і дайшоў да Кранштата. 23.9.1941 патоплены ням. авіяцыяй. У 1942 падняты і зноў уведзены ў строй. З 1959 быў вучэбным караблём.
2) Былы авіянясучы процілодачны крэйсер Ціхаакіянскага флоту, адзін з найбуйнейшых сав. баявых караблёў. Пабудаваны на верфі ў г. Мікалаеў (Украіна), уступіў у строй у 1978.
Меў на ўзбраенні 21 карабельны верталёт, 12 самалётаў-штурмавікоў з верт. узлётам і пасадкай, процікарабельныя і зенітныя ракеты, водазмяшчэнне каля 40 тыс. т, экіпаж каля 1 тыс. чал. (разам з лётным персаналам; значную ч. экіпажа складалі ўраджэнцы Беларусі, у т. л. Мінска). З сак. 1989 у рамонце.
У 1993 карабель выключаны са складу флоту, потым з яго знята баявое і навігацыйнае абсталяванне, у 1999 ён прададзены Расіяй Кітаю. Былі аднатыпныя з «М.» крэйсеры «Кіеў» (на Паўн. флоце) і «Новарасійск» (на Чарнаморскім флоце). Іл. гл. пры арт. Крэйсер.
Літ.:
Розанов М. Лидер «Минск»: (Материалы к истории лидера «Минск» эскадры КБФ). Таллин, 1946;
Тыцких В. На крейсере «Минск»: Заметки из дальнего похода // Звезда. 1985. №5;
Полюхов А. Авианосный металлолом // Новое время. 1993. № 7.
Р.К.Паўловіч, У.Я.Калаткоў.
т. 10, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)