ПАДВІ́Д (лац. subspecies),
таксанамічная катэгорыя (ранг) у сістэматыцы раслін і жывёл, рангам ніжэйшая за від. Сукупнасць геаграфічна (радзей экалагічна або геахраналагічна) адасобленых папуляцый віду, у якіх большасць асобін адрозніваецца адным або некалькімі (звычайна марфал.) прыкметамі ад асобін інш. папуляцый таго ж віду. Бел. назва П. складаецца з 2 слоў. Лац. назву П. ўтвараюць дадаткам трэцяга слова (падвідавога эпітэта) да назвы віду. Напр., адзін з П. ліса звычайнага (Vulpes vulpes) — ліс сярэднярускі, абазначаецца як Vulpes vulpes vulpes. Міжнар. кодэкс заал. наменклатуры прызнае П. за найніжэйшую таксанамічную адзінку. Міжнар. кодэкс бат. наменклатуры прызнае і інфрападвідавыя (ніжэйшыя за П.) катэгорыі (варыетэт, форма і інш.).
А.М.Петрыкаў.
т. 11, с. 489
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
мікраэвалю́цыя
(ад мікра + эвалюцыя)
эвалюцыйны працэс, які адбываецца ўнутры папуляцый і прыводзіць да дыферэнцыяцыі віду.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АЎТЭКАЛО́ГІЯ (ад аўта... + экалогія),
раздзел экалогіі, які вывучае дзеянне розных фактараў знешняга асяроддзя (пераважна абіятычных фактараў) на асобныя папуляцыі і віды. Гал. задача аўтэкалогіі — вывучэнне фактараў дынамікі колькасці і біямасы папуляцый, жыццёвых цыклаў і паводзін.
т. 2, с. 123
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНСУЛЯРЫЗА́ЦЫЯ (ад лац. insula востраў),
працэс узнікнення ізаляцыі папуляцый ва ўмовах існавання на астравах. Да І. належаць разнастайныя вынікі такой ізаляцыі з магчымасцю ўзнікнення калапсу. І. таксама магчыма ў форме геагр. ці экалагічнай ізаляцыі розных відаў.
т. 7, с. 276
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НО́РМА ПРО́МЫСЛУ,
якасна-колькасны ліміт здабычы якога-н. прыроднага рэсурсу, што забяспечвае яго самааднаўленне, або для неўзнаўляльных прыродных рэсурсаў, рацыянальныя тэмпы расходавання. Напр., Н.п. дзікіх жывёл, або норма здабычы (вылаву), — гранічная колькасць асобін дадзенага віду ці групы (для рыб — агульная маса), дазволеная да здабычы на пэўнай тэр. ці аднаму паляўнічаму (рыбалову) за пэўны перыяд (дзень, сезон) з улікам полаваўзроставага складу папуляцый. Для ласёў, высакародных аленяў, дзікоў, казуль, баброў і глушцоў (на Беларусі здабываюцца па разавых дазволах) вызначаны працэнт забірання ў залежнасці ад шчыльнасці іх пражывання. Н.п. біял. рэсурсаў дазваляюць падтрымліваць прыродную шчыльнасць, структуру і функцыянаванне папуляцый і экасістэм ці змяняць іх у гаспадарча мэтазгодным кірунку.
П.І.Лабанок.
т. 11, с. 378
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖЭ́НІНГС ((Jennings) Герберт Спенсер) (1868—1947),
амерыканскі біёлаг. Замежны чл.-кар. Расійскай АН з 1924. Праф. заалогіі ун-та Дж.Хопкінса ў г. Балтымар. Навук. працы па генетыцы папуляцый і экалогіі жывёл, фізіялогіі размнажэння, спадчыннасці і паводзін прасцейшых і інш. ніжэйшых жывёл.
т. 6, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕТЫ́ЧНАЯ ІЗАЛЯ́ЦЫЯ,
адрозненні спадчыннага апарата, якія прыводзяць да несумяшчальнасці палавых клетак; адна з форм рэпрадукцыйнай (біялагічнай) ізаляцыі. Адрозніваюць прэзігатычную (перашкаджае гібрыдызацыі паміж прадстаўнікамі розных папуляцый і тым самым прадухіляе ўтварэнне гібрыдных зігот) і постзігатычную (паніжае жыццяздольнасць або пладавітасць гібрыдаў) несумяшчальнасць. Абодва тыпы несумяшчальнасці не дапускаюць абмен генамі паміж папуляцыямі.
т. 5, с. 157
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМБІНАЦЫ́ЙНАЯ ЗМЕ́НЛІВАСЦЬ,
гібрыдная зменлівасць, якая ўзнікае ў выніку новых спалучэнняў (камбінацый), рэкамбінацый і ўзаемадзеяння генаў пры скрыжаваннях. Разам з мутацыямі з’яўляецца формай спадчыннай зменлівасці, што забяспечвае прыстасаванасць папуляцый і відаў да зменлівых умоў існавання. У практычнай селекцыі К.з. служыць асн. крыніцай атрымання новых парод жывёл, сартоў раслін і штамаў мікраарганізмаў.
т. 7, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЫСЛО́ВЫЯ РЭСУ́РСЫ,
сукупнасць прамысловых запасаў узнаўляльных прыродных рэсурсаў, якія мае асобная краіна ці рэгіён. Для рацыянальнага выкарыстання П.р. неабходна прытрымлівацца пэўных аб’ёмаў эксплуатацыі, якія не перавышаюць здольнасць папуляцый да самаўзнаўлення, выкарыстоўваць метады экстэнсіўнага, штучнага ўзнаўлення (напр. з дапамогай рыбагадоўчых гаспадарак і інш.). Звесткі аб П.р. заносяць у прамысловы кадастр.
П.І.Лабанок.
т. 13, с. 10
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТРАПАГЕНЕ́ТЫКА (ад антрапа... + генетыка),
раздзел генетыкі і антрапалогіі, які вывучае спадчыннасць і зменлівасць нармальных прыкмет чалавека, а таксама пэўных груп людзей (ад папуляцый да рас у працэсе іх індывідуальнага эвалюц. і сац. развіцця). Паталагічныя прыкметы і спадчынныя ненармальнасці вывучае генетыка медыцынская. Антрапагенетыка мае 2 асн. кірункі: даследаванне зменлівасці і генетычнага складу папуляцый з аналізам прычын фарміравання генафонду чалавека і даследаванне спадчыннай зменлівасці пад уплывам змен навакольнага асяроддзя, а таксама ў працэсе біял. эвалюцыі з абгрунтаваннем яе тэндэнцыі. Сучасныя метады вывучэння прыкмет людзей з розным тыпам спадчыннасці (у першую чаргу храмасомнага апарату, фактараў крыві, асаблівасцяў скурнага рэльефу далоняў, колеру вачэй, формы носа і інш.) грунтуюцца на дасягненнях і метадах біяхіміі, імуналогіі, папуляцыйнага аналізу і інш. раздзелаў біял. навукі.
Літ.:
Алексеев В.П. Очерки экологии человека. М., 1993;
Фогель Ф., Мотульски А. Генетика человека: Пробл. и подходы: Пер. с англ. Т. 1—3. М., 1989—90.
Л.І.Цягака.
т. 1, с. 390
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)