Саба́чка1 памянш. да сабака1 (гл.).

Саба́чка2 ’спускавы механізм у агнястрэльнай зброі’, ’прыстасаванне ў машынах, механізмах, якое перашкаджае руху назад зубчастага кола’ (ТСБМ), ’прылада, пры дапамозе якой здымаюць бобы’ (Сцяшк. Сл.), ’частка ткацкага станка’, ’слясак’ (Мат. Гом.), ’дэталь у ніты красён’ (Сл. ПЗБ), ’палачка, якая злучае панажы з нітамі’ (Жыв. сл., Нар. сл.), ’прылада ў кроснах, якая трымае набілкі на патрэбнай вышыні’ (Бяльк.), ’кружкі ў кроснах, на якіх перамяшчаюцца ніткі асновы’ (Сцяшк. Сл.), соба́чка ’вільчак’ (палес., Нар. сл.), соба́чкі ’тры маленькія драўляныя палачкі па абодвух баках ніта’ (Влад.). Агляд семантыкі бел. сабачка гл. таксама Н. А. Старасценка, Бел. мова, 8, 1981, 77 і наст. Параўн. рус. соба́чка ’спускавы механізм у агнястрэльнай зброі’, а таксама назвы дэталяў для захвата, зачэплівання чаго-небудзь, у тым ліку і ў кроснах. Да папярэдняга слова.

Саба́чка3 ’галоўка дзядоўнік, шышка’ (Нас., Байк. і Некр.). Рус. собачка ’тс’. Да сабачка1 па ўласцівасці зачэплівацца. Параўн. яшчэ ваўчкі.

Саба́чка4 ’мужчынскі гальштук у выглядзе банта’ (Сл. рэг. лекс.). Да сабачка1 па знешняму падабенству.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

КРО́СНЫ,

ручны ткацкі станок з навітай асновай для вырабу тканін у хатніх умовах. Найб. важныя часткі і прыстасаванні пашыраных на Беларусі гарызантальных К.: ставы (апорны каркас), на якіх мацаваліся навоі (для асновы і тканіны); ніты, у якіх накідалася аснова; бёрда з набіліцамі для прыбівання ўтку; панажы, кацёлкі для прывядзення ў рух нітоў і ўтварэння зева пры тканні. Пачыналі наладку К. з навівання падрыхтаванай асновы. Расплятаючы аснову, яе ўвесь час часалі драўляным грэбенем (для раўнамернага размеркавання) і, нацягваючы, накручвалі на навой. Для ўтварэння зева ў аснову прапускалі 2 вузкія (2—3 см) «чыноўныя» дошчачкі, якія перасоўвалі па меры накручвання асновы. Наступны этап — накіданне асновы ў ніты. Парадак прапускання асновы ў ніты і іх колькасць залежалі ад узору будучай тканіны (колькасць нітоў вагалася ад 2 да 16 і больш). Аснову прапускалі ў бёрда, звязвалі па некалькі нітак разам, прадзявалі пруточак і замацоўвалі яго на навоі. Ніты злучалі з панажамі. Наладка К. і тканне лічыліся жаночай справай. На К. выраблялі разнастайныя тканіны ад 2-нітовага палатна да шматнітовых і перабіраных узорыстых ручнікоў, абрусаў, посцілак і інш.

Прататыпам К. лічаць вядомыя з эпохі неаліту спец. квадратныя дошчачкі з дзіркамі па 4 вуглах, у якіх прапускалася аснова; пры паварочванні дошчачак у аснове ўтвараўся зеў для прапускання ўтку. Стараж. прыстасаваннем было таксама бёрдзечка — прамавугольная дошка памерам 25—30 × 18—25 см, на якой рабіліся круглыя дзірачкі для прапускання цотных нітак асновы і падоўжаныя — для няцотных; пры перамяшчэнні бёрдзечка ўніз і ўверх утвараўся зеў. Найб. стараж. былі прымітыўныя К. на «сохах», у якіх адсутнічалі бакавыя станіны (ставы), абодва навоі мацаваліся на падстаўках (слупках), укапаных у земляную падлогу развілкай уверх (захаваліся на У і ПдУ Беларусі да канца 19 — пач. 20 ст.). Больш дасканалымі былі К. са ставамі (ставіцамі), якія рабілі са ствала дрэва, выкапанага з каранямі, што служылі ножкамі, навой з асновай размяшчаўся на лаве, ніты, як і ў К. на «сохах», мацавалі да столі (у 19 ст. пашыраны ў цэнтр. і ўсх. раёнах). Самымі пашыранымі былі рамныя К., аснову якіх складала рама з 4 падставак, злучаных унізе папярочкамі, навоі мацаваліся на ставах, з боку ніцянога навоя — стойкі з перакладзінай (паднёбнік), на якія падвешвалі ніты. У 2-й пал. 19 ст. атрымалі пашырэнне тэхнічна больш удасканаленыя К. — варштаты, якімі напачатку карысталіся на саматужных промыслах, потым з некат. зменамі — сяляне. У 20 ст. на Беларусі пашыраны рамныя К. і варштат.

К. таксама называлі ніцяную аснову, што навівалася на навой ткацкага стана. Гл. таксама Ткацтва, Ткацтва мастацкае.

Г.М.Курыловіч.

Кросны.

т. 8, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ла́па1, ла́пка ’ступня або ўся нага ў некаторых жывёл і птушак’ (ТСБМ, Сцяшк., Бес., Сл. паўн.-зах., Клім., Яруш., Мат. Гом., Бяльк.) (экспр.) ’нага чалавека’, ’ножка стала, ложка, услона’ (Сл. паўн.-зах., Нас., Шатал.), ’ступня чалавека’ (ігнал., даўг., Сл. паўн.-зах.), ’рука’ (Нас.), даўг. лапка ’кісць рукі’ (Сл. паўн.-зах.), драг. ла́па, ла́пыско ’вялікая ступня’ (Нар. лекс.), ла́па ’расплюшчаны і загнуты канец у некаторых інструментах, прыстасаваных для выцягвання цвікоў’ (ТСБМ, Сцяшк., Мат. Гом.), драг. ’для сцягвання ботаў’ (І. Лучыц-Федарэц; Сл. паўн.-зах.), в.-дзв. ’для абдзірання галовак ільну’ (Шат.), ’зуб у вілах’ (навагр., З нар. сл.), ’ручка ў сасе, плузе’ (Тарн., Смулк., Шатал.; лях., ганц., Сл. паўн.-зах.), ’матыка’ (глыб., Сл. паўн.-зах.), ’чапяла’ (кобр., ДАБМ, к. 251), ’камплект панажоў у кроснах’ (Бяльк., Мат. Маг., Уладз., Мат. Гом.), ’дошчачка ў калаўроце, на якую наступаюць нагой пры прадзенні’, малар. ’стойкі ў калаўроце, паміж якімі знаходзіцца кола’ (Уладз.), лельч. ’водаўдарная дошчачка на вобадзе вадзянога кола’ (ЛАПП), ’шып на канцы бервяна, які ўстаўляецца ў выемку другога бервяна пры звязванні іх у вянец’ (ТСБМ), ’паз у бервяне ў вугле’ (Мат. Гом.), (перан.) ’удар па далоні лінейкай як від пакарання ў дарэвалюцыйнай школе’ (Нас., Бяльк.; маладз., Хрэст. дыял., ТСБМ, Сл. паўн.-зах.), у выразе: лапамі араць ’упірацца, не даваць згоды’ (КЭС, лаг.), ст.-бел. лапица ’след’. Укр. лапа, зах.-укр. ла́ба, рус. лапа ’тс’, смал. лапы ’рукавіцы’, польск. łapa — апрача асноўнага значэння ’нага’ польская моўная тэрыторыя звязваецца з беларускімі значэннямі ’частка калаўрота’, ’панажы ў кроснах’, якія адсутнічаюць у рускіх гаворках; усх.-польск. łaba, каш. łapca (< łapica), чэш. tlapa, мар. dlapa (< прасл. lapa) — t‑/d‑ тут пад уплывам ням. Tatze ’лапа’ (Ільінскі, РФВ, 78, 194), а, паводле Шмілаўэра (Махэк₂, 645), чэш. tlapa — вынік кантамінацыі слав. łapa і ням. Tappe ’лапа’; славац. laba, славен. lapa, якое, паводле Плятэршніка (1, 499), са ст.-слав.; балг., макед. лапа ’нага некапытнай жывёлы’. Прасл. lapa ’ступня, нага некапытных жывёл’ з’яўляецца працягам і.-е. *lāpā ’рука, далонь, лапа’ (Слаўскі, 4, 465), параўн. адпаведнікі з іншых і.-е. моў: літ. lópa ’лапа жывёл, якія не маюць капытоў’, ’кісць рукі, нагі’, лат. lãpa ’лапа’, гоц. lōfa, ст.-ісл. lófi ’далонь’ (Бернекер, 690; Буга, Rinkt., 2, 170; Покарны, 1, 679; Брукнер, 306; Траўтман, 160; Фрэнкель, 339–340; Фасмер, 2, 458). Сабалеўскі (РФВ, 70, 95) без падстаў рэканструяваў прасл. *tlapa зыходзячы з чэш. формы tlapa.

Ла́па2, ла́пка ’галінка хвоі, елкі’ (Нас., Яруш., Сцяшк., Бяльк., Касп., Шат.; глус., Янк. Мат., Сл. паўн.-зах.), ла́пнік ’тс’ (Бяльк.), ’галіна дрэва з лісцем’ (карэліц., лях., ганц., Сл. паўн.-зах.), ’гронка вінаграду’ (карэліц., Шатал.), ганц. ла́пкі ’сцяблы і лісце бульбы’ (ДАБМ, с. 867), ’амяла, Viscum L.’ (Маш.). Рус. ла́пина ’галінка дрэва, дубчык’, ла́па ’тс’, ла́пник, ла́пняк ’шырокія лапы ялін, якімі пакрываюць на зіму двары’. Балтызм. Параўн. літ. lãpas ’ліст’, лат. lapa ’галіны дрэў з лісцем, якія падкладваюцца пад стог ці тарпу’.

*Ла́па3, воўча ла́па, кото́вые (котя́чі) ла́пкі ’ткацкі ўзор, малюнак якога нагадвае след жывёл’ (Уладз.). Параўн. таксама лат. lapa ’узор вязання рукавіц’, укр. лапки́ (мн. л.) ’род узору для вышывання’. Да ла́па1 (гл.).

Ла́па4 ’лапік, латка’ (пін., ДАБМ, 925), ла́пка ’тс’ (езярышч., віц., бярэз., пін., светлаг., ДАБМ, 924–925). Балтызм. Параўн. літ. lõpas ’тс’ (Лаўчутэ, Балтызмы, 117–118). Канчатак ‑а пад уплывам лексемы лата ’латка’. Сюды ж ла́піна ’латка’ (ДАБМ, к. 324), ла́пінка ’тс’ (ДАБМ, с. 924–925; Федар. I, Федар. 3, Сцяшк., Нар. сл.; міёр., Нар. словатв.), ’пустое месца на полі, непакрытае гноем’ (Жд. 2), ’прагаліна’ (Мат. Гом.; міёр., Нар. словатв.); навагр. ла́піна ’ануча’ (Нар. сл.), ’праталіна’ (Некр.), ’невялікая плошча зямлі, на якой расце што-небудзь’ (Жд. 1), ’частка поля, сенажаці ў 4–6 м²’ (Шат.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)