РАБЛЬ ((Rabl) Карл) (2.5.1853, г. Вельс, Аўстрыя — 24.12.1917),

аўстрыйскі вучоны ў галіне эмбрыялогіі, цыталогіі і анатоміі. Адукацыю атрымаў ва ун-тах Вены, Лейпцыга і Іены. З 1885 праф. Венскага, з 1886 — Пражскага, з 1904 — Лейпцыгскага ун-таў. Навук. працы па паходжанні і развіцці мезадэрмы, канечнасцей і метамерыі галавы пазваночных. Даследаваў развіццё хрусталіка і шклопадобнага цела вока, будову сэрца земнаводных, мочапалавой сістэмы акул і інш., вызначыў палярнасць клетачных ядраў. Прапанаваў тэорыю (разам з Т.Боверы) «індывідуальнасці храмасом», якая лягла ў аснову храмасомнай тэорыі спадчыннасці.

т. 13, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЯ́РНЫЯ МАЛЕ́КУЛЫ,

малекулы хім. злучэнняў, якія пры адсутнасці знешняга эл. поля маюць пастаянны дыпольны момант.

У шмататамных малекулах эл. дыпольны момант вызначаецца колькасцю палярных сувязей (разнавіднасць кавалентнай сувязі) і іх накіраванасцю; роўны вектарнай суме дыпольных момантаў асобных сувязей, а таксама незвязваючых электронных пар у малекуле. Малекулы з палярнымі сувязямі паміж атамамі ў залежнасці ад іх прасторавай будовы могуць быць непалярнымі (напр., малекула СО2, у ёй вектары палярных сувязей накіраваны ад атама вугляроду ў процілеглыя бакі пад вуглом 180° да атамаў кіслароду). Рэчывы, утвораныя моцна П.м., звычайна добра раствараюцца ў палярных растваральніках. Эксперыментальна дыпольны момант П.м. вызначаюць пры вывучэнні залежнасці палярызацыі ад т-ры (гл. Дыэлектрыкі) і разлічваюць палярнасць хім. сувязей і эфектыўныя зарады атамаў.

т. 12, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ТНЫЯ ПО́ЛЮСЫ ЗЯМЛІ́,

пункты на паверхні Зямлі, дзе вектар індукцыі магнітнага поля Зямлі накіраваны вертыкальна: уніз на Паўн. полюсе (магнітны нахіл + 90°), уверх на Паўд. (нахіленне − 90°). У сучасную магнітную эпоху сапраўдныя М.п.З. размешчаны наадварот: Паўн. каля Паўд. геагр. полюса, Паўд. каля Паўн. геагр. полюса. Перыядычна адбываецца інверсія геамагнітнага поля і полюсы мяняюць сваю палярнасць на процілеглую. У М.п.З. зыходзяцца ўсе мерыдыяны магнітныя. Магнітныя полюсы паступова перамяшчаюцца на паверхні Зямлі. Каардынаты М.п.З. (1985) 77°36′ паўн. ш., 102°48′ зах. д.; 65°06′ паўд. ш., 139° усх. д. (гл. Палеамагнетызм). У раёнах моцных магнітных анамалій (Курская, Усх.-Сібірская і інш.) назіраюцца лакальныя магнітныя полюсы. Існуе таксама паняцце геамагнітныя полюсы — пункты перасячэння паверхні зямной кары з магнітнай воссю аднародна намагнічанай Зямлі. У іх зыходзяцца мерыдыяны геамагнітныя. Знаходзяцца на адлегласці ў некалькі градусаў ад адпаведных магнітных полюсаў. Месцазнаходжанне іх вызначаецца аналітычна.

Я.​І.​Майсееў.

т. 9, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНВЕ́РТАР (ад лац. inverto пераварочваю, пераўтвараю),

1) у радыётэхніцы — электронная прылада (ці эл. ланцуг), на выхадзе якой змены амплітуды, фазы або палярнасці сігналаў процілеглыя ўваходным. Ва ўзмацняльнай апаратуры выкарыстоўваюцца для атрымання 2 аднолькавых па амплітудзе і процілеглых па фазе сігналаў (фазаінвертары).

2) У электратэхніцы — прылада для пераўтварэння пастаяннага току ў пераменны з дапамогай кіроўных вентыляў. Выконваецца на газаразрадных (ігнітроны, тыратроны) ці паўправадніковых (тырыстары) прыладах. Бываюць залежныя (кіраванне ад эл. сеткі; выкарыстоўваюцца ў высакавольтных лініях электраперадач, сістэмах электрапрывода) і незалежныя, або аўтаномныя (выкарыстоўваюцца як пераўтваральнікі частаты ў сістэмах электрапрывода, для індукцыйнага нагрэву, люмінесцэнтнага асвятлення і інш.).

3) У вылічальнай тэхніцы — электронная прылада з адным уваходам і адным выхадам, у якой выхадны сігнал выяўляецца пры адсутнасці ўваходнага. Выкарыстоўваецца для рэалізацыі лагічнага адмаўлення (лагічнай аперацыі «НЕ»).

Бываюць патэнцыяльныя (найб. пашыраныя) і імпульсныя. Патэнцыяльныя І. забяспечваюць нізкі ўзровень выхаднога напружання пры высокім узроўні ўваходнага і наадварот (у аналагавых выліч. машынах — выхадны сігнал процілеглы па палярнасці ўваходнаму). Імпульсны змяняе палярнасць уваходнага імпульсу на процілеглую або фарміруе імпульс пры адсутнасці ўваходнага сігналу.

П.​С.​Габец.

Схемы інвертараў: 1 — самаўзбуджальнага аўтаномнага (Д — дросель, С — кандэнсатар, L — шпуля індуктыўнасці, В — вентыль, Т — трансфарматар, Rн — нагрузка); 2 — патэнцыяльнага на транзістары p—n—p (A — уваходны сігнал, P — выхадны сігнал, R — амічнае супраціўленне, E — крыніца пастаяннага току); 3 — імпульснага на імпульсным трансфарматары (A — уваходны сігнал, P — выхадны сігнал).

т. 7, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)