кана́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

Памянш. да канапа; невялікая канапа. Свідраль меў звычку пасля работы пераапрануцца ў піжаму і, пакуль жонка згатуе вячэру, паляжаць з газетай на мяккай канапцы, крыху падрамаць. Дуброўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падрама́ць, ‑драмлю, ‑дрэмлеш, ‑дрэмле; зак.

Драмаць некаторы час. Свідраль меў звычку пасля работы пераапрануцца ў піжаму і, пакуль жонка згатуе вячэру, паляжаць з газетай на мяккай канапцы, крыху падрамаць. Дуброўскі. Зліпаліся павекі. Трэба было хоць крыху падрамаць, каб заўтра з новымі сіламі ўзяцца за работу. Мяжэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адле́жаць, ‑жу, ‑шыш, ‑жыць; зак.

1. што. Доўга або ў нязручнай паставе лежачы, выклікаць зняменне, ацёк якой‑н. часткі цела. Адлежаць нагу.

2. без дап. Хварэючы, праляжаць пэўны час у пасцелі.

•••

Месца (вугла і пад.) не адлежыць — ляжаннем шкоды не зробіць (як дазвол прылегчы, паляжаць, паначаваць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

парашо́к, ‑шку і ‑шка; мн. парашкі, ‑оў, м.

1. ‑шку. Расцёртае на дробныя частачкі цвёрдае рэчыва. Мыльны парашок. Зубны парашок.

2. ‑шка. Лекавае рэчыва пэўнай дазіроўкі ў раздробленым выглядзе. Марцін тым часам даў старому парашок і сказаў: — Паляжаць трэба, дзядзька Юстынь. Чарнышэвіч.

•••

Персідскі парашок (уст.) — парашок для знішчэння блох і клапоў.

Сцерці ў (на) парашок гл. сцерці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пазагара́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. Загараць некаторы час. Пасля трывог і паходаў прыемна было выкупацца ў моры, паляжаць на цёплай гальцы і пазагараць. Бачыла. // перан. Разм. Пачакаць некаторы час. Аказваецца, варожая авіяцыя разбурыла мост праз раку. — Прыйдзецца пазагараць, пакуль пантоны павядуць, — паведаміў шафёр, які паспеў пабываць на беразе. «Звязда».

2. Загарэць — пра ўсіх, многіх або ўсё, многае. Дзеці яшчэ больш, чым дарослыя, пазагаралі і ад загару, і ад пылу зусім чорныя.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пама́рыць, ‑ма́ру, ‑ма́рыш, ‑ма́рыць; зак.

Марыць некаторы час. Робячы нешта сур’ёзнае, падчас бывае прыемна і памарыць. Брыль. Добра згубіцца ў шырокім стэпе, паляжаць на мяккай зямлі, памарыць. Няхай.

памары́ць, ‑мару́, ‑мо́рыш, ‑мо́рыць; зак., каго-што.

Разм.

1. Патруціць, атруціць усіх, многіх. Памарыць мышэй.

2. перан. Замучыць, замарыць усіх, многіх. [Міхал:] — Ну, сядай, расказвай, старшыня, як верхаводзіла. Людзей голадам не паморыш, хлеб ёсць на працадні? Васілевіч.

3. Спец. Апрацаваць спецыяльным растворам або марылкай усё, многае.

4. і без дап. Марыць некаторы час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ляно́та, ‑ы, ДМ ‑ноце, ж.

1. Адсутнасць жадання працаваць, рабіць што‑н., займацца чым‑н. Пра бацьку ў вёсцы казалі, што праз ляноту сваю ён жыў у недагледжанай хаце. М. Стральцоў. // Стан вяласці, санлівасці. Лёнька аж прыжмурыў вочы: прыемна грэла ў спіну, цяпло расходзілася па целе і на ўсяго яго стала нагортвацца такая млявасць і нейкая лянота, што хоць пальцам не варушы. Капыловіч.

2. у знач. вык., каму з інф. Разм. Не хочацца, няма ахвоты. [Бондар:] — Ты далікатны! Так і выкіроўваеш, каб на баку паляжаць. Да таго ж лянота думаць... Гурскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пу́за, ‑а, н.

Разм.

1. Жывот чалавека або жывёліны. Умее .. [трактарыст] і на пузе поўзаць, і дагары паляжаць пад трактарам, калі спатрэбіцца. Ермаловіч. Ромка цаляе ў голае Петрыкава пуза вадою з конаўкі, не трапляе, і хлопчык аж заходзіцца ад вясёлага, дураслівага рогату. Місько. Лёд трэснуў, і ў чорнай палонцы паказалася белае пуза рыбіны. Ігнаценка. / у перан. ужыв. Шэрым пузам душаць хмары Поля нудныя абшары. Крапіва. З-пад белага, бліскучага пуза самалёта раптам папоўз чорны дым. Асіпенка.

2. пагард. Пра вялікі, тоўсты жывот у чалавека. Круглае пуза так далёка выдавалася ўперад, што пэўна пан не бачыў за ім сваіх кароценькіх ножак. Колас.

•••

Ад пуза — уволю, удосталь (наесціся, напіцца і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скале́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

1. каго. Учыніць каму‑н. цяжкае калецтва, зрабіць калекам. Адмаўчалася Зося. Не пікнула нават, абы толькі паляжаць яшчэ дзянёк, каб не скалечыць сябе на ўсё жыццё. Крапіва. [Савасцянчык:] — Кінуць жывёлу на дажджы... Хамут жа намокне, вы ж каня скалечыце, пакуль да сваёй Лонвы даедзеце. Пташнікаў. // што. Сапсаваць што‑н., пашкодзіць. І мы парашылі машыну разбіць, скалечыць так, каб ні адна дэталь не магла быць скарыстана. Шамякін. [Лора:] — Тыя прафесары, што вучылі мяне, скалечылі мой голас назаўсёды. Вітка.

2. перан.; што. Маральна знявечыць, сапсаваць. Скалечыць душу. □ Спрактыкаваны педагог, .. [Адам Юр’евіч] добра ведаў, што дзіцячы розум вельмі лёгка можна скалечыць няправільным выхаваннем, і стараўся, каб яго дзеці з маленства пранікаліся павагай да людзей працы. Майхровіч. З болем гляджу на чалавека, якога знявечыла, скалечыла жыццё, і хочацца яму памагчы. Вярцінскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пашко́дзіць, ‑шкоджу, ‑шкодзіш, ‑шкодзіць; зак.

1. каму-чаму. Зрабіць шкоду. З-за сваёй радасці за дачку яны [бацькі] не хацелі заўважаць ні яе дробных капрызаў, ні тых рысаў характару, якія ў далейшым маглі пашкодзіць ёй у жыцці. Хадкевіч. Паклёпніцкі фельетон, які з’явіўся ў газеце, не толькі не пашкодзіў Лемяшэвічу, але яшчэ вышэй узняў яго аўтарытэт. Кучар. / у безас. ужыв. — Табе, маці, адпачыць бы перад вечарам не пашкодзіла... — сказаў Міхал. Карпаў.

2. што. Зрабіць няспраўным, сапсаваць. Выбух пашкодзіў два іншыя «юнкерсы». Шамякін. / у безас. ужыв. Нават радыё перастала гаварыць — дзесьці пашкодзіла сець. Гроднеў. // безас. каго-што. Параніць; панесці шкоду здароўю. Рана была не вельмі сур’ёзная — пашкодзіла трохі левую руку, — так што ў шпіталі прыйшлося паляжаць нядоўга. Шахавец. «А як жа вы самі? — пачала непакоіцца жанчына. — Вас хоць нічога, не пашкодзіла?» Кулакоўскі.

3. Перашкодзіць. — Лепшага месца я і не чакаў: ціхае, глухое. Нішто не пашкодзіць весці працу, — прамовіў Лабановіч. Колас. Хоць і прыйшоў Пеця ў школу з вялікім спазненнем, гэта ўсё ж не пашкодзіла яму хутка выбіцца ў першыя вучні. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)