ЖАЛЯЗНЕ́ННЕ,

1) нанясенне слоя жалеза на паверхню метал. вырабаў; разнавіднасць металізацыі. Робіцца электралітычным асаджэннем, газаполымным і плазменным напыленнем, выпарэннем і кандэнсацыяй жалеза ў вакууме. Выкарыстоўваецца для ўзнаўлення памераў зношаных дэталей, павышэння зносаўстойлівасці дэталей, якія труцца, ліквідацыі дэфектаў у адліўках; у паліграфіі — для вырабу клішэ спосабам гальванапластыкі, нанясення жал. пакрыццяў на медныя пласцінкі спосабам гальванастэгіі (для аховы іх ад акіслення друкарскай фарбай) і павышэння тыражаўстойлівасці стэрэатыпаў (гл. Стэрэатыпія).

2) Уціранне цэменту ў бетонныя паверхні зацірачнай машынай або стальной цёркай да паяўлення метал. бляску. Робіцца для павышэння трываласці на сціранне і шчыльнасці бетонных пакрыццяў.

т. 6, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КСІЛАЛІ́Т (ад ксіла... + lithos камень),

штучны буд. матэрыял з сумесі магнезіяльнага вяжучага рэчыва, пілавіння і драўнянай мукі з дабаўленнем тонкадысперсных мінер. рэчываў і пігментаў. Выкарыстоўваецца пераважна для пакрыццяў бясшвовых падлог і асноў пад падлогі з сінт. матэрыялаў.

т. 8, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРАШКО́ВЫЯ ФА́РБЫ,

парашкападобныя кампазіцыі, якія выкарыстоўваюць для атрымання пакрыццяў пераважна на тэрмаўстойлівых матэрыялах (металы, кераміка, шкло, бетон). Высокаэканамічныя ў выкарыстанні. Пакрыцці на аснове П.ф. вызначаюцца высокімі фіз.-мех. і ахоўнымі ўласцівасцямі.

Асн. кампаненты П.ф. — плёнкаўтваральныя рэчывы (эпаксідныя і поліэфірныя смолы, поліакрылаты, поліаміды, полівінілхларыд, поліэтылен і інш.) і пігменты (напр., аксіды тытану, хрому, жалеза). Маюць таксама напаўняльнікі, пластыфікатары, стабілізатары і інш. дабаўкі. Высокадысперсныя (памер часцінак 10—300 мкм). У прам-сці атрымліваюць змешваннем сухіх кампанентаў у млынках або турбазмешвальніках ці здрабненнем сумесі кампанентаў, гомагенізаванай у расплаве. Наносяць на падрыхтаваную паверхню вырабаў напыленнем. Таўшчыня пакрыццяў, што ўтвараюць П.ф., 50—400 мкм. Гл. таксама Лакафарбавыя пакрыцці.

Літ.:

Яковлев А.Д. Порошковые краски. Л., 1987.

т. 12, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬВАНАСТЭ́ГІЯ (ад гальвана... + грэч. stegō укрываю),

спосаб нанясення на метал. вырабы метал. пакрыццяў электралітычным асаджэннем. Робіцца для аховы вырабаў ад карозіі, павышэння іх цвёрдасці і зносаўстойлівасці, у дэкар. і інш. мэтах.

Перад нанясеннем пакрыцця паверхню вырабу абястлушчваюць, пратраўліваюць, шліфуюць і паліруюць. Працэс гальванастэгіі адбываецца ў гальванічнай ванне, дае анодам служаць металы, што раствораны ў электраліце, а катодам — вырабы. Пры працяканні пастаяннага эл. току метал з электраліту асаджаецца на паверхні вырабу. Наносяцца медзь (мядненне), цынк (цынкаванне), кадмій (кадміраванне), высакародныя металы, сплавы і інш. Пакрыцці адрозніваюцца моцным счапленнем з металам асновы, малой порыстасцю і дробнакрышталічнай структурай. Якасць гальванічных пакрыццяў і скорасць працэсу гальванастэгіі абумоўлены шчыльнасцю эл. току, саставам і т-рай электраліту.

Схема нанясення дэкаратыўнага пакрыцця метадам гальванастэгіі: 1 — катод (выраб); 2 — электраліт; 3 — анод; 4 — крыніца пастаяннага току.

т. 4, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРПЕ́НКА (Генадзь Дзмітрыевіч) (17.9. 1949, Мінск—6.4.1999),

бел. вучоны ў галіне тэхналогіі распрацоўкі новых матэрыялаў і пакрыццяў, дзярж. дзеяч. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1994), д-р тэхн. н. (1990). Засл. дз. нав. Беларусі (1991). Скончыў БПІ (1972). З 1972 у Ін-це ядз. энергетыкі АН Беларусі, з 1983 у Бел. НДІ парашковай металургіі. У 1987—90 дырэктар з-да парашковай металургіі (г. Маладзечна), у 1992—94 старшыня Маладзечанскага гарвыканкома, у 1990—96 дэпутат, у 1996 нам. Старшыні Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь. Пад яго кіраўніцтвам распрацавана тэхналогія вырабу вакуумных пакрыццяў з зададзенымі фіз.-мех. ўласцівасцямі і створаны шэраг установак для іх атрымання. Дзярж. прэмія Беларусі 1986. Прэмія АН Беларусі 1994.

Тв.:

Структура и методы формирования износостойких поверхностных слоев. М., 1991 (разам з А.​У.​Белым, М.​К.​Мышкіным).

Г.​Дз.Карпенка.

т. 8, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ДСКІ ІНДУСТРЫЯ́ЛЬНЫ ТЭ́ХНІКУМ.

Засн. ў 1964 у г. Ліда. Рыхтуе тэхнолагаў і тэхнікаў-механікаў. Спецыяльнасці (1998/99 навуч. г.): тэхн. эксплуатацыя і рамонт аўтатрансп. сродкаў; арганізацыя перавозак і кіраванне рухам на аўтатранспарце; мікраэлектроніка; вытв-сць вырабаў і пакрыццяў з палімерных матэрыялаў. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 9, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ ХІ́МІКА-ТЭХНАЛАГІ́ЧНЫ ТЭ́ХНІКУМ Засн. ў 1967 у Магілёве. Спецыяльнасці (1998/99 навуч. г.): аўтаматызацыя тэхнал. працэсаў і вытв-сці, вытв-сць вырабаў і пакрыццяў з палімерных матэрыялаў, тэхналогія прадукцыі грамадскага харчавання, электраэнергетыка, машыны і апараты харч. вытв-сцей, халадзільна-кампрэсарныя машыны і ўстаноўкі, камерцыйная дзейнасць. Прымае асоб з базавай і сярэдняй адукацыяй. Навучанне дзённае і завочнае.

т. 9, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ЗАВО́Д ЭФЕКТЫ́ЎНЫХ ПРАМЫСЛО́ВЫХ КАНСТРУ́КЦЫЙ.

Створаны ў 1987 у Мінску. Выпускае вырабы з бетону і жалезабетону (1999): бэлькі, пакрыцці і перакрыцці, сценавыя панэлі для каркасных будынкаў, калоны, рыгелі, па́лі для фундаментаў, пліты пакрыццяў рабрыстыя, пліты перакрыццяў шматпустотныя, экраны агароджы лоджый, бэлькі керамзіта-бетонныя з тэрмаўкладышам, бэлькі-лаўкі для тэнісных кортаў, прамысл. перагародкі, бэлькі бетонныя для сцен падвалаў і інш.

т. 10, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРАШНІ́Н (Леанід Рыгоравіч) (н. 20.2.1936, в. Альхоўка Курганскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне матэрыялазнаўства. Д-р тэхн. н. (1976), праф. (1978). Скончыў Чэлябінскі політэхн. ін-т (1959). З 1962 у Бел. політэхн. акадэміі. Навук. працы па хіміка-тэрмічнай апрацоўцы металаў і сплаваў. Прапанаваў металатэрмічны метад атрымання дыфузійных пакрыццяў шматмэтавага прызначэння (зноса-, гарача-, кавітацыйнаўстойлівых і інш.).

Тв.:

Антикоррозионные диффузионные покрытия. Мн., 1981.

т. 4, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЬМІЦІ́НАВАЯ КІСЛАТА́,

[CH3(CH2)14COOH], насычаная вышэйшая тлустая кіслата. Пашырана ў прыродзе, у выглядзе гліцэрыдаў ёсць амаль ва ўсіх прыродных тлушчах (у пальмавым алеі 35%, свіным сале 30%, каровіным сале 25%). Уваходзіць у склад воскаў (пчаліны воск, спермацэт). Мае агульныя ўласцівасці тлустых к-т. Солі П.к. ў сумесі з солямі некат. інш. к-т выкарыстоўваюць для атрымання мыла, некат. эфіры — у прыгатаванні фарбаў і пакрыццяў.

т. 12, с. 21

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)