КІНАЛО́ГІЯ [ад грэч, kyōn (kynos) сабака + ...логія],

навука пра сабак; аснова сабакагадоўлі. Вывучае анатомію і фізіялогію сабак, у т. л. заканамернасці іх вышэйшай нерв. дзейнасці і паводзін, паходжанне і эвалюцыю парод, магчымасці выкарыстання для палявання, службовых і дэкаратыўных мэт, навук. эксперыментаў, распрацоўвае метады і спосабы іх гадоўлі, селекцыі, выхавання і дрэсіроўкі, прафілактыкі хвароб, лячэння. Існуе Міжнар. кіналагічная федэрацыя (г. Цюэн, Бельгія), у яе складзе працуе навук. камісія па К. Бел. кіналагічная федэрацыя створана ў 1992, аб’ядноўвае 40 клубаў.

Большасць сучасных парод сабак выведзена ў сярэднія вякі. Узнікненне К. звязана з утварэннем клубаў сабакаводаў у канцы 19 ст. (1873, Англія). Пазней клубы сталі аб’ядноўвацца ў кіналагічныя т-вы. Гл. таксама Дэкаратыўна-пакаёвыя сабакі, Паляўнічыя сабакі, Службовыя сабакі.

Л.​П.​Шкляроў.

т. 8, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́РНЫЯ САБА́КІ,

група парод паляўнічых сабак, якія выкарыстоўваюцца для палявання на жывёл, што хаваюцца ў норах (лісоў, барсукоў, янотападобных сабак і інш.). Гоняць звера па ходах нары, забіваюць яго там або выганяюць пад выстрал паляўнічага. У якасці Н.с. выкарыстоўваюцца вельштэр’ер, таксы, фокстэр’еры, лэйклендтэр’ер, ням. паляўнічы, або ягдтэр’ер, скайтэр’ер, чэш. тэр’ер, шатл., або скотчтэр’ер, і некат. інш. тэр’еры. Таксама могуць высочваць дзічыну, знаходзіць і прыносіць падстрэленую дзічыну на зямлі і ў вадзе, браць след і заганяць звера, працаваць па крывавым следзе, выкарыстоўваюцца ў паляванні на дзікоў (найб. буйныя); знішчаюць пацукоў у гасп. памяшканнях. Гл. таксама іл. да арт. Дэкаратыўна-пакаёвыя сабакі.

Норныя сабакі: 1 — лэйклендтэр’ер; 2 — ягдтэр’ер; 3 — скайтэр’ер; 4 — чэшскі тэр’ер.

т. 11, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

со́хнуць, -ну, -неш, -не; сох, -хла; -ні; незак.

1. Рабіцца сухім, трацячы вільгаць.

На лузе сохне сена.

У горле сохне (безас.; перасыхае).

2. Вянуць, гінуць (пра расліны).

Пакаёвыя кветкі чамусьці сохнуць.

Трава сохне без дажджу.

3. перан. Худзець (ад хваробы, перажыванняў, цяжкай працы).

Хворы сохне.

4. Пакутаваць ад кахання.

С. па дзяўчыне.

|| зак. вы́сахнуць, -ну, -неш, -не; вы́сах, -хла; -ні (да 1 знач.), засо́хнуць, -ну, -неш, -не; засо́х, -хла; -ні (да 2 знач.) і прасо́хнуць, -ну, -неш, -не; прасо́х, -хла; -ні (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ЛІЛЕЯКВЕ́ТНЫЯ (Liliales),

парадак аднадольных раслін. Каля 20 сям., больш за 6,5 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмеранай і субтрапічнай зонах. На Беларусі 3 сям. (лілейныя, спаржавыя, цыбулевыя), 14 родаў (бялюк, гусіная цыбуля, купена, ландыш, лілея, майнік, мудранка, пазнацвет, спаржа, тафільдыя, цыбуля, цюльпан, чамярыца, птушкамлечнік) і шмат інтрадукаваных відаў з родаў алоэ, амарыліс, белакветнік, гальтонія, гіяцынт, драцэна, красадзён, нарцыс, рабчык і інш. Лілея кучаравая (царскія кучары), мядзведжая цыбуля (чарамша), познацвет асенні, тафільдыя чашачкавая, цюльпан лясны занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Шматгадовыя травы з карэнішчам, цыбулінамі ці клубнецыбулінамі, радзей дрэвападобныя расліны, некат. ліяны. Лісце суцэльнае. Кветкі звычайна двухполыя, правільныя ў гронках, мяцёлках і інш. суквеццях. Плод — каробачка, часам — ягада. Лек., агароднінныя, інсектыцыдныя, меданосныя, тэхн., дэкар., пакаёвыя расліны; ёсць ядавітыя.

Літ.:

Жизнь растений. Т. 6. Цветковые растения. М., 1982.

т. 9, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́КТУСЫ,

кактусавыя (Cactaceae), сям. двухдомных сукулентных раслін парадку гваздзіковыя. Каля 160 (па інш. звестках, да 225) родаў, 3000 відаў. Пашыраны пераважна ў Амерыцы ў пустынях, паўпустынях, гарах. Акліматызаваны ў Аўстраліі, Індыі, Міжземнамор’і, Крыме, на Каўказе, Японіі. На Беларусі вырошчваюцца як пакаёвыя і аранжарэйныя расліны віды родаў апунцыя, мамілярыя, эхінопсіс (Echinopsis), філакактус (Phyllocactus) і інш.

Шматгадовыя травы, кусты, радзей дрэвы выш. ад 2—5 см да 10—12 м. Сцябло мясістае, зялёнае, рознай формы, укрытае бародаўкамі ці сасочкамі. Лісце амаль ва ўсіх рэдукаванае ў калючкі або ў дробныя лусачкі. Кветкі двухполыя, вялікія, яркага колеру, адзіночныя. Плады — ягадападобныя, шматнасенныя. Харч., кармавыя, лек., дэкар. расліны, выкарыстоўваюцца ў буд-ве.

Літ.:

Удалова Р.А., Вьюгина Н.Г. В мире кактусов. 2 изд. М., 1983.

Н.​В.​Богдан.

Кактусы родаў 1 — псеўдалабівія; 2 — эрыякактус; 3 — эпіфіліум; 4 — эхінопсіс; 5 — бесхларафільныя формы; 6 — крыстатная форма.

т. 7, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кве́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Орган размнажэння ў пакрытанасенных раслін, які развіваецца з пупышкі (бутона) і складаецца з кветаножкі, кветаложа, чашачкі, вяночка, звычайна каляровага, тычынак і песціка (песцікаў). Апылкаванне кветак. □ Кветкі, якія згортвалі нанач свае пялёсткі, распусціліся, і вакол іх звінелі пчолы, бомкалі чмялі. Дайліда. // Гэта частка расліны разам са сцяблом. Букет палявых кветак.

2. Травяністая расліна, якая прыгожа і пахуча цвіце. Пакаёвыя кветкі. Садзіць кветкі.

•••

Жывыя кветкі — натуральныя, не штучныя кветкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КАМЕНЯЛО́МНІК (Saxifraga),

род кветкавых раслін сям. каменяломнікавых. Каля 370 відаў. Пашыраны ў горных краінах Еўропы, Азіі, Амерыкі: частка відаў трапляецца на раўнінах умеранага і халоднага паясоў. Растуць у трэшчынах скал і камянёў (адсюль назва). На Беларусі 3 дзікарослыя віды: К. балотны (S. hirculus) — арктабарэальная галарктычная рэліктавая расліна; К. зярністы (S. granulata) — атл.-еўрап. рэліктавая расліна; К. трохпальцы (S. tridactylites) — атл.-еўрап. скальная расліна. К. балотны і зярністы занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Каля 10 відаў інтрадукаваны як дэкар. расліны, з іх вырошчваюць К. Арэндса (S. × arendsii), мохападобны (S. hypnoides), дзярністы (S. caespitosa), трохвілаваты (S. trifurcata) і скурысталісты (S. repanda).

Шмат- ці аднагадовыя травяністыя расліны, рэдка паўкусцікі з аблісцелымі ці амаль бязлістымі кветаноснымі сцёбламі. Лісце чаргаванае або супраціўнае, рознай формы і памераў, часта сабранае ў разетку. Кветкі звычайна правільныя, 5-пялёсткавыя, у суквеццях (мяцёлках, шчытках і інш.), радзей адзіночныя, рознага колеру, двухполыя. Плод — двухрогая шматнасенная каробачка. Дэкар., лек., харч., кармавыя, меданосныя і пакаёвыя расліны.

Г.​У.​Вынаеў.

Каменяломнік: 1 — мяцёлчаты; 2 — Арэндса (гібрыд).

т. 7, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)