ФЛЮС (ням. Fluß літар. — паток, цячэнне),

дапаможны матэрыял, які выкарыстоўваецца пераважна ў металургічных працэсах, пры зварцы і пайцы.

У металургіі Ф. уводзіцца ў шыхту для забеспячэння вадкацякучасці, рафіновачнай здольнасці і інш. спец. уласцівасцей шлаку. Бываюць Ф. асноўныя (вапна, магнезія), кіслыя (крэменязём) і нейтральныя (гліназём, флюарыт). У ліцейнай вытворчасці Ф. (вапняк, флюарыт, даламіт, бура, крыяліт, кварцавае шкло і інш.) засыпаюць у вагранку ці інш. плавільную печ, каб выдаліць з металу шкодныя дамешкі серы і фосфару. Зварачны Ф. паляпшае якасць зварнога шва. Пры газавай і кавальскай зварцы выкарыстоўваюць буру, борную к-ту, хларыды, фтарыды, у якіх раствараюцца аксіды; пры электрашлакавай зварцы — здробнены, звычайна зярністы матэрыял складанага саставу, праз які прапускаюць эл. ток і атрымліваюць цеплату для нагрэву зварных дэталей. Пры пайцы Ф. у выглядзе парашку або пасты (хларыд цынку, хларыд амонію, каніфоль, бура і інш.) выкарыстоўваюць для ачысткі паверхняў, якія спайваюць, ад аксідаў і забруджванняў, прадухілення ўтварэння аксідаў у працэсе пайкі і г.д.

А.​П.​Ласкаўнёў.

т. 16, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛЯСА́РНА-ЗБО́РАЧНЫ ІНСТРУМЕ́НТ,

ручны і механізаваны інструмент для слясарна-зборачных работ. Падзяляецца на інструмент для разметачных, кантрольна-вымяральных, апрацоўчых, зборачных і аддзелачных аперацый.

Для разметкі і вымярэнняў выкарыстоўваюць лінейкі, лякалы, рулеткі, рэйсмусы, вугольнікі, штангенцыркулі, кронцыркулі, вугламеры, чарцілкі, кернеры; для ўстаноўкі і фіксавання вырабаў і загатовак — дамкраты, ціскі, шрубцынгі, пласка- і круглагубцы, пасатыжы, а таксама спецыялізаваныя зборачныя прыстасаванні; для рубкі і рэзання металу — зубілы, крэйцмейселі, нажоўкі, нажніцы па метале, шліцоўкі, трубарэзы; для ўдарных работ (гнуццё, праўка) і клёпкі — малаткі, кіянкі, кувалды, падтрымкі, абціскачкі, нацяжкі; для свідравання і апрацоўкі адтулін — дрылі, зенкеры, калаўроты, разгорткі, свердлы; для наразання разьбы — метчыкі, плашкі, калаўроцікі, плашкатрымальнікі, клупы; для падгоначных работ (абпілоўвання) — абразіўныя інструменты, напільнікі, рашпілі, надфілі, шаберы, прыціры; для зборкі разьбовых злучэнняў — гаечныя і развадныя ключы, адвёрткі, гайка- і шпількавёрткі; для пайкі — паяльнікі, паяльныя лямпы. Шэраг слясарных работ робіцца кавальскім інструментам, металарэзным інструментам, ручнымі машынамі.

Літ.:

Крупицкий Э.И. Слесарное дело. 3 изд. Мн., 1970;

Дмитрович А.М. Книга для начинающего слесаря. 2 изд. Мн., 1991;

Инструменты и приспособления. 2 изд. Мн., 1997;

Умелец в доме: Энцикл. для всех. М., 1998.

У.​М.​Сацута.

т. 15, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМО́НІЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,

хімічныя злучэнні з зараджаным атамам азоту (амонію катыёнам), які кавалентна звязаны з вадародам ці арган. радыкаламі і іоннай сувяззю з аніёнам. Найпрасцейшыя неарганічныя амонію злучэнні — гідраксід амонію (NH4OH) і солі амонію: хлорысты амоній (NH4Cl), нітрат амонію (NH4NO3) і інш. Гідраксід амонію атрымліваюць растварэннем аміяку ў вадзе; пры дысацыяцыі праяўляе ўласцівасці слабай асновы. Большасць соляў амонію раствараюцца ў вадзе, дысацыіруюць, гідралізуюцца, пры награванні раскладаюцца. Гідроліз і тэрмічнае раскладанне іх залежыць ад прыроды аніёна, напр. NH4Cl раскладаецца па схеме: NH4Cl=NH3+HCl; у солях з аніёнам-акісляльнікам адбываецца акісляльна-аднаўляльны працэс, напр. NH4NO3=N2O+2H2O. Солі амонію маюць шырокае выкарыстанне: хлорысты амоній — у сухіх батарэях, як флюс для пайкі і зварвання металаў, дымаўтваральнік; сульфат і нітрат — азотныя ўгнаенні, нітрат — кампанент выбуховых рэчываў; гідракарбанат амонію выкарыстоўваецца ў кандытарскай вытв-сці. Да арганічных амонію злучэнняў належаць першасныя [RNH3]​+X​−, другасныя [R2NH2]​+X​−, трацічныя [R3NH]​+X​− і чацвярцічныя амоніевыя солі [R4N]​+X​−, унутраныя чацвярцічныя амоніевыя солі, напр. бетанін (CH3)3N​+CH2COO​−, оніевыя злучэнні з атамам азоту. Найб. распаўсюджаныя чацвярцічныя амоніевыя солі, якія атрымліваюць алкіліраваннем (кватэрнізацыяй) трацічных амінаў. Злучэнні хоць з адным доўгім алкільным радыкалам валодаюць паверхневаактыўнымі і антысептычнымі ўласцівасцямі. Выкарыстоўваюцца як эмульгатары, стабілізатары, змочвальнікі, дэзінфекцыйныя сродкі, лек. прэпараты (метацын, кватэрон), пры амыленні тлушчаў. Сустракаюцца ў прыродзе ў раслінах (алкалоіды); халін, ацэтылхалін — фізіялагічна актыўныя рэчывы.

Літ.:

Общая органическая химия. Т. 3. М., 1982.

т. 1, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЛІЙ (лац. Gallium),

Ga, хімічны элемент III групы перыядычнай сістэмы, ат. н. 31, ат. м. 69,72. Прыродны складаецца з 2 стабільных ізатопаў ​69Ga (61,2%) і ​71Ga (38,8%). У зямной кары 1,8∙10​−3 % па масе. У прыродзе рассеяны (мінерал галіт CuGaS2 вельмі рэдкі), спадарожнік алюмінію. Адкрыты ў 1875 франц. хімікам П.​Э.​Лекокам дэ Буабадранам, названы ў гонар Францыі (лац. Gallia).

Светла-шэры легкаплаўкі (tпл 29,76 °C) метал з вял. тэмпературным інтэрвалам існавання ў вадкім стане (tкіп 2205 °C), шчыльн. (кг/м³) цвёрдага 5903,7 (29,6 °C), вадкага 6094,8 (пры зацвярдзенні аб’ём галію павялічваецца). У паветры пры звычайнай т-ры пакрыты ахоўнай плёнкай аксіду. Раствараецца ў мінер. к-тах і шчолачах, утварае адпаведна солі галію і галаты — солі ортагаліевай Ga(OH3) ці H3GaO3 і метагаліевай HGaO2 к-т. Найб. пашыраны солі галію: трыхларыд GaCl3, бясколерныя крышталі, tпл 77,8 °C; сульфат Ga2(SO4)3, які з сульфатамі шчолачных металаў і амонію ўтварае галын. Пры сплаўленні з фосфарам, мыш’яком і сурмой галій утварае крышт. паўправадніковыя злучэнні, адпаведна фасфід GaP (жоўта-аранжавы, tпл 1790 °C), арсенід GaAs (цёмна-шэры з фіялетавым адценнем, tпл 1238 °C), антыманід GaSb (светла-шэры, tпл 712 °C).

Выкарыстоўваюць у вытв-сці паўправадніковых матэрыялаў, для «халоднай пайкі» керамічных і металічных дэталей у радыёэлектроніцы, люстраў з высокай адбівальнай здольнасцю, высокатэмпературных (900—1600 °C) тэрмометраў, манометраў.

І.​В.​Боднар.

т. 4, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛЬТРАГУКАВА́Я АПРАЦО́ЎКА,

апрацоўка матэрыялаў, вырабаў або рэчываў уздзеяннем ультрагуку (звычайна з частатой 15—50 кГц). Выконваецца з дапамогай электраакустычных (пераважна магнітастрыкцыйных і п’езаэл.) выпраменьвальнікаў (гл. Электраакустычныя пераўтваральнікі), апаратаў у выглядзе свісткоў і сірэн.

У.а. цвёрдых матэрыялаў уключае ультрагукавую зварку металаў, пластмас і сінт. тканін; абразіўна-імпульсную апрацоўку крохкіх матэрыялаў; У.а. металаў ціскам (штампоўка, валачэнне, прасаванне, коўка і інш.); размерную апрацоўку дэталей на ультрагукавых станках; луджэнне і пайку металаў; рэзанне металаў, керамікі, шкла і інш.; ачыстку дэталей і матэрыялаў, зняцце задзірын і інш. У.а. выкарыстоўваюць таксама для дыспергавання цвёрдых парашкападобных матэрыялаў, эмульгавання вадкасцей, якія не змешваюцца, атрымання аэразоляў, полімерызацыі (або дэструкцыі) высокамалекулярных злучэнняў, дэгазацыі расплаваў металаў і інш. вадкасцей, для экстрагавання, хемасорбцыі, дыфузіі, разбурэння біял. аб’ектаў (напр., мікраарганізмаў). У.а. падвяргаюць сыпкія, порыстыя і інш. матэрыялы пры іх сушцы, розныя газы пры ачыстцы ад цвёрдых часцінак і аэразоляў. У.а. часта выкарыстоўваецца ў спалучэнні з інш. відамі апрацоўкі для паскарэння або актывізацыі многіх тэхнал. працэсаў (хім. або электрахім. траўлення і асаджэння матэрыялаў, насычэння порыста-капілярных матэрыялаў і інш.). Гл. таксама Электрахімічная апрацоўка.

Літ.:

Вероман В.Ю., Аренков А.Б. Ультразвуковая обработка материалов Л., 1971;

Ультразвуковая технология. М., 1974;

Попилов Л.Я. Электрофизическая и электрохимическая обработка материалов: Справ. 2 изд. М., 1982;

Северденко В.П., Клубович В.В., Степаненко А.В. Прокатка и волочение с ультразвуком. Мн., 1970;

Іх жа. Обработка металлов давлением с ультразвуком. Мн., 1973;

Клубович В.В., Тявловский М.Д., Ланин В.Л. Ультразвуковая пайка в радио- и приборостроении. Мн., 1985;

Прохоренко П.П., Пугачев С.И., Семенова Н.Т. Ультразвуковая металлизация материалов. Мн., 1987.

У.​У.​Клубовіч, А.​В.​Сцепаненка.

Ультрагукавая апрацоўка: а — схема атрымання адтулін (1 — дэталь. у якой робіцца адтуліна; 2 — інструмент; 3 — зерні абразіву; 4 — хвалявод; 5 — пераўтваральнік; 6 — процівага); б — схема ультрагукавога паяльніка (1 — наканечнік; 2 — магнітастрыкцыйны выпрамяняльнік; 3 — абмотка. злучаная з ультрагукавым генератарам; 4 — абмотка для награвання наканечніка; 5 — прыпой; 6 — месца пайкі).

т. 16, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВА́РКА,

нераздымнае злучэнне дэталей машын, канструкцый і збудаванняў пры іх награванні або пластычным дэфармаванні, у выніку якіх у месцы злучэння ўстанаўліваюцца трывалыя міжатамныя сувязі. Вызначаецца прадукцыйнасцю, універсальнасцю і эканамічнасцю. Пашырана ў прам. вытв-сці і буд-ве (гл. Зварныя канструкцыі). Найб. значэнне мае З. металаў і сплаваў; зварваюць таксама пластмасу, шкло, кераміку і інш.

Адрозніваюць З. плаўленнем і З. ціскам (пластычным дэфармаваннем). Да З. плаўленнем адносяцца: адзін з відаў высокачастотнай зваркі, газавая зварка, дугавая зварка, у т. л. газаэлектрычная зварка і падводная (гл. Падводная зварка і рэзка), лазерная зварка, плазменная зварка, электрашлакавая зварка, электронна-прамянёвая зварка і інш. Да З. ціскам адносяцца: адзін з відаў ВЧ-зваркі, кантактавая зварка, зварка выбухам, зварка трэннем, ультрагукавая зварка, халодная зварка, дыфузійная зварка і інш. У залежнасці ад віду зварачнага абсталявання адрозніваюць ручную, механізаваную і аўтам.

З.; ад спосабу аховы зварнога шва ад шкоднага ўздзеяння паветра — З. ў ахоўных газах, у вакууме, пад флюсам, з аховай шлакам; ад тыпу электродаў — З. плаўкімі і няплаўкімі (вугальнымі, вальфрамавымі і інш.) электродамі. Да зварачных адносяць таксама працэсы пайкі, наплаўкі і інш. Найпрасцейшыя віды З. (кавальская зварка, ліцейная) узніклі з пачаткам вытв-сці і апрацоўкі металаў. Найб. пашыраныя віды электразваркі (дугавая, кантактавая) створаны ў 19 ст. ў выніку прац В.У.Пятрова, М.М.Бенардоса, М.Г.Славянава і інш. Першую гарэлку зварачную (ацэтыленакіслародную) сканструяваў франц. інж. Э.​Фушэ (1903). Праблемы З. вывучаюцца ў Ін-це электразваркі АН Украіны і інш. Важныя даследаванні ў галіне З. правялі Я.А.Патон, Б.Я.Патон, Г.А.Нікалаеў, М.​М.​Рыкалін, К.​К.​Хрэнаў і інш.

Літ.:

Сварка в СССР. Т. 1—2. М., 1981;

Руге Ю. Техника сварки: Справ. Пер. с нем. Ч. 1—2. М., 1984;

Гурд Л.М. Основы технологии сварки: Пер. с англ. М., 1985;

Верховенко Л.В., Тукин А.К. Справочник сварщика. Мн., 1977;

Гуревич С.М. Справочник по сварке цветных металлов. 2 изд. Киев, 1990;

Сварка и свариваемые материалы: Справ. Т. 1—2. М., 1991—96.

У.​М.​Сацута.

Да арт. Зварка. А — схема дугавога разраду пры зварцы (1 — катод, 2 — слуп дугавога разраду, 3 — анод, 4 — полымя зварачнай дугі); Б — парашковы дрот для зваркі (1 — бясшвовы, 2 — трубчасты з нахлёсткай, 3 — фальцаваны, 4 — двухслойны).
Схема зваркі трэннем: 1, 2 — дэталі, якія зварваюцца; 3 — паверхня трэння і зваркі; V — скорасць; P — намаганне.

т. 7, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)