ПАДЫ́МНАЕ,

асноўны дзярж. пазямельны падатак у Рэчы Паспалітай, у т. л. на Беларусі, у 17—18 ст. Уведзена ў 1649. Адзінка абкладання — двор ці дым; стаўка 1 П. складала 0,5 злотага (15 грошаў за год). Памер падатку не залежаў ад заможнасці гаспадаркі і вызначаўся сеймам: у 1650—16 П., у 1653—12 П. з дыма. Плацілі П. сяляне, мяшчане і дробная шляхта; феадалы ад яго вызваляліся (да 1775) і збіралі яго з насельніцтва ў сваіх уладаннях. Для налічэння П. перыядычна праводзіліся перапісы дымоў, пры гэтым феадалы нярэдка ўгойвалі частку дымоў, а падатак з іх прысвойвалі. Пасля далучэння Беларусі да Расіі заменены інш. падаткамі.

т. 11, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБУШЫ́НСКІЯ,

дынастыя рас. прамыслоўцаў, банкіраў і паліт. дзеячаў. Заснавальнік М.​Я.​Рабушынскі быў вядомы з 1840-х г. як уладальнік тэкст. фабрык у Маскве і Калужскай губ. У канцы 19 — пач. 20 ст. валодалі шматлікімі баваўнянымі, шклянымі, ільноапрацоўчымі, папяровымі і паліграф. прадпрыемствамі ў розных губ.; у гады 1-й сусв. вайны набылі шэраг прадпрыемстваў лясной і металаапрацоўчай прам-сці, пачалі будаваць аўтамаб. завод. У 1900 падпарадкавалі сабе Харкаўскі пазямельны банк, у 1902 засн. Банкірскі дом братоў Р. (з 1912 Маскоўскі банк). Адыгрывалі вядучую ролю ў прадпрымальніцкіх арг-цыях Расіі. З Р. найб. вядомы ўнук М.​Я.​Рабушынскага Павел Паўлавіч (30.6.1871, Масква — 19.7.1924), саўладальнік і кіраўнік (з 1900) «Т-ва мануфактур П.​М.​Рабушынскага з сынам», Маскоўскага банка, «Т-ва друкарань П.​П.​Рабушынскага», акцыянер многіх кампаній. У 1905—06 чл. ЦК партыі акцябрыстаў. З 1906 уваходзіў у кіраўніцтва партыі мірнага абнаўлення, з 1912 — прагрэсістаў. У 1915 ініцыятар стварэння і старшыня маскоўскага Ваен.-прамысл. к-та. Падтрымаў Карнілава мяцеж 1917. З 1919 у Францыі.

т. 13, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

gruntowy

gruntow|y

1. глебавы;

woda ~a — грунтавыя воды;

2. зямельны;

podatek gruntowy — пазямельны падатак;

3. грунтавы; градкавы;

uprawa ~a — грунтавая (градкавая) культура;

4. грунтавы;

farba ~a — грунтавая фарба

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

умо́ва, ‑ы, ж.

1. Пісьмовая або вусная згода, дамоўленасць. Выканаць умову. □ [Дубіцкі:] — Ну што ж! Тады ідзіце. Толькі ўмова: доўга там не будзьце, каб тут пра вас [хлопцаў] не трывожыцца. Чарнышэвіч. Васіль, як па ўмове, з палеткаў Ужо набліжаўся сюды. Калачынскі.

2. Афіцыйны дакумент. Трыпут раптам прыгадаў той дзень, калі яны складалі ўмову. Савіцкі. Васіль дамогся свайго — заключыў з МТС умову. Шамякін.

3. часцей мн. (умо́вы, умоў). Патрабаванні або прапановы аднаго з дагаворных бакоў, якія прымаюцца або адхіляюцца другім бокам. [Настаўніца:] — Я дам табе, Ігнась, пару кніжак, толькі з умоваю, што, прачытаўшы, ты перакажаш мне змест. Мурашка. [Тамара] дала згоду быць жонкай Сімона, паставіўшы толькі адну ўмову: не Гамрэклія, а Гамрэкелі. Самуйлёнак. [Машыніст:] — Згодны вы [генерал] прыняць нашы ўмовы ці не? Лынькоў. // Узаемныя абавязацельствы дагаворных бакоў, якія забяспечваюць заключэнне, выкананне дагавору. Умовы перамір’я. Умовы кантракта. Умова аб тэрмінах аплаты. // Якія‑н. гарантыі, ільготы і пад., што дае каму‑н. асоба ці ўстанова. Умовы найму. Працаваць на льготных умовах. □ [Гарлахвацкі:] У мяне ёсць на ўвазе добрыя работнікі, якія ахвотна пойдуць да мяне працаваць, калі ім забяспечыць належныя ўмовы. Крапіва. Сялянскі пазямельны банк даваў на кабальных умовах крэдыт для куплі зямлі і гаспадарчых патрэб. «Весці».

4. часцей мн. (умо́вы, умоў). Правілы, законы, прынятыя, устаноўленыя ў якой‑н. галіне дзейнасці, жыцця. Умовы карыстання электрычнымі прыборамі.

5. часцей мн. (умо́вы, умоў). Абставіны, у якіх працякае або пры якіх адбываецца што‑н. Кліматычныя ўмовы. Жыллёвыя ўмовы. □ Праводзіўся грамадскі агляд — у якім стане ахова працы, тэхніка бяспекі, .. падрыхтоўка завода да работы ў зімовых умовах. Карпаў. Ва ўмовах суровай рэчаіснасці праходзіць Андрэй Касцевіч школу рэвалюцыйнага выхавання. Хромчанка.

6. Прадпасылка, ад якой залежыць існаванне, ажыццяўленне чаго‑н. Спецыяльныя веды, высокая прафесійная падрыхтоўка, агульная культура чалавека ператвараюцца ў абавязковую ўмову паспяховай працы ўсё больш шырокіх слаёў работнікаў. «Звязда». Росквіт нацый пры сацыялізме — неабходная ўмова іх збліжэння і паступовага развіцця пры поўным камунізме. «Полымя».

7. толькі мн. (умо́вы, умоў). Звесткі, даныя, якія ляжаць у аснове чаго‑н. Умовы доследу.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)