прысу́тнасць, ‑і, ж.

Знаходжанне, асабістае прабыванне ў якім‑н. месцы ў пэўны час. — О, не, — прамовіў Лабановіч, — я лічу, што ў завітанскай чараўніцы і так вялікі штат кавалераў, і мая там прысутнасць ніколечкі не павялічыць яе вагі. Колас. [Таццяне] раптам зрабілася надзвычай весела, і яна адчувала сябе вельмі ўтульна ў лесе ў прысутнасці гэтага разважлівага хлапца. Шамякін. // Наяўнасць чаго‑н. у чым‑н., дзе‑н. У прысутнасці марганцу, а асабліва бору расліна накоплівае больш вугляводаў. «Беларусь».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

со́нечна,

1. Прысл. да сонечны (у 2–5 знач.).

2. безас. у знач. вык. Пра яснае, бясхмарнае надвор’е. У той дзень было ясна, сонечна. Чорны. На дварэ сонечна, недалёка ад вакзала сад, на дрэвах густа бялеюць яблыкі. Хомчанка.

3. безас. у знач. вык. Пра асветленасць сонцам чаго‑н. З раніцы да вечара ў.. [доме] было сонечна, і мусіць таму так бушавалі тут вазоны. Васілевіч.

4. перан.; безас. у знач. вык. Радасна, весела. Бывае на душы так сонечна, Як на касе каля вады. Тады не сумна мне ніколечкі, Хоць ад мяне далёка ты. Грачанікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штат 1, ‑а, М штаце, м.

1. Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў некаторых буржуазных і федэратыўных дзяржавах, якая карыстаецца пэўнай ступенню самакіравання. Аўстралійскія штаты. □ Працяглая барацьба рабочага класа за скарачэнне рабочага дня прывяла да таго, што ў ЗША ў многіх штатах былі выдадзены законы аб 8‑гадзінным рабочым дні. «Звязда».

2. толькі мн. (шта́ты, ‑аў). Назва саслоўна-прадстаўнічых устаноў, якія існавалі ў Нідэрландах і Францыі. Генеральныя штаты.

[Ад ням. Staat — дзяржава.]

штат 2, ‑у, М штаце, м.

1. звычайна мн. (шта́ты, ‑аў). Дакумент, які вызначае склад супрацоўнікаў якой‑н. установы і ўказвае іх пасаду і аклад. Зацвярджаць штаты. Рэгістраваць штаты. Пераглядаць штаты.

2. Пастаянны, зацверджаны, устаноўлены склад супрацоўнікаў якой‑н. установы. Штат гасцініцы невялікі. Адна дзяўчына — адміністратарка, яна ж і бухгалтар, і касір. В. Вольскі. [Зубараў:] — Вельмі рад мець у сваім штаце такую чароўную жанчыну. Новікаў. Намеснік старшыні Цяцера (Па штату ён — і аграном) Малюе табель — на фанеры Выводзіць лічбы за сталом. Калачынскі. // Разм. Колькасць, склад асоб, якія маюць дачыненне да каго‑н. — О, не, — прамовіў Лабановіч, — я лічу, што ў завітанскай чараўніцы і так вялікі штат кавалераў, і мая там прысутнасць ніколечкі не павялічыць яе вагі. Колас.

3. У ваенна-марскім флоце — нарукаўны знак адрознення матросаў па спецыяльнасці.

•••

Належыць па штату — пра тое, што адпавядае службоваму, грамадскаму становішчу, заслугам і пад. каго‑н.

[Ням. Staat.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)