няскла́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не вызначаецца складнасцю, зграбнасцю. Сам камандзір батальёна сядзеў за сталом.. Побач з ім сядзеў узводны Букрэй — няскладны і шырокі, як шафа. Колас. [Громаў-Дар’яльскі] сядзеў, абхапіўшы калені няскладнымі кашчавымі рукамі, і курыў. Васілевіч. // Дрэнна, непрыгожа зроблены; нязграбны. [Жанчына] прыехала на нейкім няскладным вялікім возе, у які быў запрэжаны высозны і худы конь. Чорны.
2. Пазбаўлены лагічнай паслядоўнасці, сувязі. Дзед.. насмешліва пазіраў на хлопцаў, слухаючы іх няскладную гутарку. Чарнышэвіч. // Нязладжаны, нястройны (пра гукі, спеў і пад.). А тут музыка грае ўвесь час, нейкая няскладная, дзікая; гучней за ўсё грыміць бубен. Нікановіч.
3. Няўдалы, недарэчны. Варка — кемлівая, разумная, але сама, здаецца, пакутуе ад няскладнага кахання. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нязгра́бны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае несуразмерную, непрапарцыянальную постаць, форму; няскладны, нястройны. [Аня] вельмі змянілася: папаўнела, пахарашэла, пабыла тую няўлоўную жаночую чароўнасць, якой не хапала ёй дзесяць гадоў назад. Тады яна находзіла больш на нязграбнага хударлявага падлетка, чым на дарослую дзяўчыну. Васілевіч. У карчме амаль на самай сярэдзіне стаіць вялізная нязграбная грубка. Пестрак. Фурманкі пасталі. Завязалася гутарка. З вазоў пазлазілі нязграбныя .. дзядзькі. Мурашка.
2. Няспрытны, непаваротлівы. Здалёку пачулася нейкае няроўнае чвяканне, быццам нехта цяжкі і нязграбны прабіраецца па багністай і гразкай глебе. В. Вольскі. Сутычка з карчом была немінучая; праскочыць з такім нязграбным чаўном было ўжо нельга. Маўр.
3. перан. Пазбаўлены лагічнай паслядоўнасці; няскладны. Ні пра падгляд, ні пра падказ Мы думаць больш не смелі І свой нязграбны пераказ Пісалі, як ўмелі. Лужанін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чу́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Уважлівы, спагадлівы; добразычлівы. Дзеці вельмі любілі сваю класную настаўніцу — чулую, добрую жанчыну. Няхай. [Бацька] быў чулы чалавек і не ўспомніў сыну ў гэты дзень тое, пра што ўжо раней было дагаворана з ім: трэба ісці з дому шукаць работы. Чорны. // Які сведчыць пра ўважлівасць, спагадлівасць да людзей. Стары Несцер, абапёршыся на кій, стаў на жоўты пясок каля магілы і чулымі, простымі словамі, па-бацькоўску пашкадаваў Алесю. Пестрак. Яшчэ да болю закране Душу гарачы позірк чулы. Тарас. // Сардэчны, цёплы. Адносіны [Веры Антонаўны] да бацькоў, здаецца, былі больш цёплыя, чулыя. Карпаў.
2. Які жыва, востра ўспрымае жыццёвыя з’явы; уражлівы. Усе іх памылкі ў гэтым сэнсе .. [настаўнік] стараўся выправіць і адзначыць так, каб не пакрыўдзіць і не ўразіць чулае дзіцячае сэрца. Колас. Балела і збітае бізуном і розгамі цела, і чулая да людскога гора .. душа [Базылька]. Якімовіч. // Які хутка рэагуе на якія‑н. з’явы, дзеянні, востра ўспрымае акаляючае. Народная мова сама вельмі чулая да тых змен, якія адбываюцца ў жыцці грамадства, і спагадліва адгукаецца на гэтыя змены. Юрэвіч.
3. Які тонка, лёгка ўспрымае што‑н. органамі пачуццяў. Нястройны гул і смех, і млявы голас скрыпак Мой чулы слых ахутваюць ватай. Панчанка. Чулае салдатава вуха ўлавіла, што і за дзвярыма нехта адмервае крокі. Сабаленка.
4. Які хутка адзываецца, адказвае на ўздзеянне, раздражненне (гук, датыканне і пад.). Я ўзбег на ганак Хісткі і пахілы, Крануўся кнопкі Чулага званка. Хведаровіч. Мускулы твару вельмі рухлівыя, чулыя і кожную хвіліну мяняюць выраз. Бядуля.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)