Нямчу́р ’маламоўны; немец’ (Сцяц.), ’маўклівы або нямы чалавек’ (Сл. ЦРБ, Сцяшк. Сл.; міёр., З нар. сл.; Крыў., Дзіс.), немчур ’маўчун’ (Мат. Гом.), Экспрэсіўнае ўтварэнне з суфіксам ‑ур ад нямко ’нямы чалавек’ ці немец (гл.), параўн. немцура экспр. ’немцы’, немчурикі ’тс’ (ТС). Параўн. аналагічнае экспрэсіўнае ўтварэнне славен. nemčur ’германафіл’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

немо́й

1. прил., в разн. знач. нямы́;

немо́й челове́к нямы́ чалаве́к, нямко́;

нема́я тишина́ перен. няма́я цішыня́;

нема́я ка́рта няма́я ка́рта;

нема́я а́збука няма́я а́збука;

2. сущ. нямы́, -мо́га м., нямко́, -ка́ м.; не́мец, -мца м.;

нем, как ры́ба (как моги́ла) нямы́, як ры́ба (як магі́ла).

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Не́мец1нямко, нямы чалавек’ (ТС), не́мяц ’глухі, глуханямы’ (Мал.), не́міц ’вельмі маўклівы’ (міёр., З нар. сл.), рус. не́мец ’нямы чалавек; чалавек, які невыразна, незразумела гаворыць’, славен. némecнямко’, серб.-харв. дыял. немь́ц «онај ко је нем, без моћи говора» (СДЗб., 29, 147), балг. не́мец ’нямы чалавек’. Прасл. *němьcь, утворана ад němъ, гл. нямы.

Не́мец2 ’немец’ (ТСБМ, ТС), не́мяц ’тс’ (Мал., Жд. 1, Цых.), укр. ні́мець, рус. не́мец, польск. Niemiec, чэш. Němec, славац. Nemecy в.-луж. Němc, н.-луж. Nimc, славен. Némec, серб.-харв. Не́мац, мак. Немец, балг. не́мец. Прасл. тэрмін, фіксуецца ў візантыйскі перыяд (1088) як Νεμίτζοι. Паходжанне этноніма застаецца канчаткова нявысветленым, найбольш верагодныя дзве версіі. Згодна з першай версіяй, ад немец1 (гл.) з развіццём семантыкі ’чалавек, што гаворыць няясна, невыразна’ да ’чужаземец’ (з канкрэтызацыяй ’немец’), гл. Брукнер, 360; Фасмер, 3, 62; Шустар-Шэўц, 13, 998; Мартынаў, Лекс. взаим., 102–104 і інш. Паводле другой версіі, што ўзыходзіць да Шафарыка, з кельцкай назвы германскага племені Nemetes, адзначанай рымскімі аўтарамі, што звязваецца з кельц. nomet ’свяшчэнны, знатны’, гл. Шахматаў. К вопросу о древн. слав.-кельт. отношениях. Казань, 1912, 37. Аднак абедзве версіі сустракаюць пярэчанні, параўн. Ковалев Г. Ф. Общеславянский этноним немец. Мат. по русско-слав. языкознанию. Воронеж, 1977, 41–45. Форма Не́мцы ’Германія’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. Немцы: оутечеть оу Немци и Прꙋсы (XVII ст., Карскі 2-3, 329) з польск. Niemcy ’тс’, звычайна Няме́ччына (Немеччына) (Нас.).

Не́мец3 ’гульня’ (Бяльк.), ’пасаж у гульні’ (ТС), не́мчык ’тс’ (ТС). Няясна, хутчэй за ўсё да не́мец2 аднак матывацыя застаецца нявысветленай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вало́даць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., кім-чым.

1. Умець абыходзіцца з чым‑н., умела карыстацца чым‑н. Валодаць зброяй. Валодаць шпагай. □ Лагуновіч вельмі любіць тэхніку і людзей, якія валодаюць ёю дасканала. Казека. // Добра ведаць якую‑н. справу, быць майстрам у якой‑н. галіне. [Васіль] валодаў цяслярскай справай, быў нядрэнным мулярам і плытагонам. Няхай. Андрэй Вуйскі так валодаў нямецкай мовай, як не валодалі ёю многія немцы. Шамякін.

2. Падпарадкоўваць сваёй уладае, волі, уплыву; кіраваць. Валодаць аўдыторыяй. // Ахопліваць (пра пачуцці, імкненні, думкі). [Турсевіч:] — І нейкія асаблівыя думкі пачынаюць валодаць табою. Колас. Валодала мной у той час юнацкае імкненне шукаць прыгожы х, сапраўды ідэальных людзей. Навуменка.

3. Дзейнічаць, рухаць часткамі свайго цела. Убачыўшы катэры, матросы з апошняй сілы падаліся насустрач, але стомленыя рукі ўжо слаба валодалі. Кулакоўскі. [Дубік] далонь ушчэнт пашчапаў, тры пальцы, кажа, валодаць не будуць. Скрыган. Часта перад тым, як ісці дадому.., [Захар Зынга] ужо ледзьве валодаў нагамі. Чорны.

4. Мець у сваёй уласнасці, уладаць. Валодаць маёмасцю. // Мець якія‑н. якасці, уласцівасці. Не толькі ў нашым сяле, а і ў суседніх лічылася, што Нямко валодае незвычайнай сілай. Кулакоўскі.

•••

Валодаць пяром — умець выразна і пераканаўча выказваць свае думкі на паперы.

Валодаць сабою — трымацца спакойна ў любых абставінах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АДАМО́ВІЧ Алесь

(Аляксандр Міхайлавіч; 3.9.1927, в. Канюхі Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 26.1.1994),

бел. пісьменнік, крытык, літ.-знавец, грамадскі дзеяч. Чл.-кар. АН Беларусі (1980), д-р філал. н. (1962), праф. (1971). У Вял. Айч. вайну партызан. Скончыў БДУ (1950), у 1962—64 слухач Вышэйшых сцэнарных курсаў (Масква). З 1954 працаваў у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1987 дырэктар НДІ кінамастацтва (Масква). Літ. дзейнасць пачаў у 1953 як крытык. Найб. значныя літ.-знаўчыя манаграфіі «Беларускі раман» (1961), «Маштабнасць прозы» (1972), «Здалёк і зблізку» (1976), «Браму скарбаў сваіх адчыняю...» (1980), «Вайна і вёска ў сучаснай літаратуры» (1982), «Нічога важней» (1985). Як крытык змагаўся супраць дагматычных уяўленняў пра л-ру, дбаў пра эстэт. аналіз, спалучаў яго са сцвярджэннем гуманіст. каштоўнасцяў. Адраджаў і развіваў знішчаныя ў перыяд сталінізму метадалагічныя прынцыпы праўдзівасці і гістарызму. З 1959 выступаў як празаік. Пісаў на бел. і рус. мовах. У дылогіі «Партызаны» (раманы «Вайна пад стрэхамі», 1960, «Сыны ідуць у бой», 1963) раскрыў вытокі нар. супраціўлення акупантам у Вял. Айч. вайну (аднайм. кінадылогія на кінастудыі «Беларусьфільм», 1970, сцэнарый Адамовіча ў сааўт.). Змаганне з таталітарызмам у абліччы фашызму і камунізму складае асн. пафас «Хатынскай аповесці» (1972, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1976), рамана «Карнікі» (1980), аповесцяў «Венера» і «Нямко» (абедзве 1993). Па матывах «Хатынскай аповесці» кінафільм «Ідзі і глядзі» (сцэнарый Адамовіча і Э. Клімава, залаты медаль на Маскоўскім міжнар. кінафестывалі, 1985). У дакумент. кнізе «Я з вогненнай вёскі...» (1975, з Я.Брылём і У.Калеснікам) расказана пра трагедыю бел. Хатыняў. У апошнія гады жыцця выявіў сябе як паліт. дзеяч, змагаўся з пагрозай ядзернай вайны. Публіцыстыка Адамовіча ў кн. «Выберы — жыццё» (1986), «Дадумваць да канца» (1988), «Мы — шасцідзесятнікі» (1991), «Апакаліпсіс па графіку» (1992).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. Мн., 1981—83.

Літ.:

Мележ І. Пра «Хатынскую аповесць» // Зб. тв. Мн., 1983. Т. 8;

Брыль Я. Алесь Адамовіч // Зб. тв. Мн., 1981. Т. 4;

Быкаў В. [Алесь Адамовіч] // Быкаў В. На крыжах. Мн., 1992;

Каваленка В. Святло вялікіх мэт // Полымя. 1977. № 9;

Дедков И. Во имя справедливости // Адамович А. Каратели. М., 1981.

М.А.Тычына.

т. 1, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

разне́сці, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. разнёс, ‑несла і ‑нясла, ‑несла і ‑нясло; заг. разнясі; зак., каго-што.

1. Носячы, даставіць кожны прадмет у пэўнае месца, пэўнай асобе. А цяпер, брат, паштар у нас, з сумкай, кожную хату абыдзе, да паперачкі ўсё разнясе. Ермаловіч. Ніхто за .. [Андрэя] .. [коням] ні сена не разнясе, ні гной з-пад ног на двор да паветкі не выкіне. Пташнікаў. // Ходзячы, вандруючы, распаўсюдзіць што‑н. сярод каго‑н., дзе‑н. Разнесці заразу. // і без дап. Разм. Паведаміць многім, зрабіць вядомым усюды. Не дай бог трапіць .. [дзецям] на вока, разнясуць на ўсю вёску. С. Александровіч. На другі ўжо дзень газеты і радыё на ўвесь свет разнеслі звестку аб ашчасліўленым латарэяй чалавеку. Быкаў.

2. Размеркаваць, запісаўшы ў розных месцах; распісаць. Разнесці па графах.

3. Разм. Расцягнуць па частках, раскрасці. Зладзеі маглі б разнесці сад за два дні. Корбан.

4. Рассеяць, развеяць; разагнаць. Вецер ужо абарваў з дрэў пажоўклае лісце, разнёс яго па лесе. Ляўданскі. Вецер выдзьмуў з нечай цыгаркі зыркія іскрынкі, падхапіў іх і разнёс. М. Стральцоў.

5. Разм. Разбурыць, разбіць, разламаць. Непаваротлівая, цяжкая, прызначаная для стральбы з тылу гаўбіца сваім магутным снарадам разнесла танк на кавалкі. Быкаў. Спрытныя суседчыны рукі ўмомант разнеслі старую арфу на трэскі. Васілевіч. / у безас. ужыв. — Разнясе станок, — усё яшчэ з разгубленым здзіўленнем на твары сказаў Піліп. Кулакоўскі. // Забіць, разарваўшы на кавалкі. Нейкія людзі, у парыве сыноўскай удзячнасці, кінулі дзве бомбы ў цара-вызваліцеля і разнеслі яго ў шматкі. Караткевіч. / у безас. ужыв. Па інструкцыі, калі міна «на батарэйку» не ўзарвецца, кранаць яе нельга: замыканне можа наступіць зусім нечакана і партызана разнясе на кавалкі. Карпюк. // Перакуліць, выкінуць (пра коней). Іншага двухгодка сам чорт у аглоблях не ўтрымае, разаб’е, разнясе ўсё, а Нямко возьме яго за повад, і адразу дзікая жывёліна становіцца рахманым кацянём. Кулакоўскі.

6. перан. Разм. Моцна аблаяць, падвергнуць знішчальнай крытыцы. Не думаў .. [Шаройка], што яго, лепшага гаспадара, могуць так разнесці. Шамякін.

7. безас. Разм. Пра ўтварэнне апухласці на чым‑н. Занылі ў вавёркі зубы. Даводзіць боль яе да згубы, Шчаку разнесла як падушку. Валасевіч. // Пра чыю‑н. празмерную паўнату. [Матруна:] — І прападзеш, калі піць не кінеш! Вунь цябе ўжо як разнесла... Зуб.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

лаві́ць, лаўлю, ловіш, ловіць; незак., каго-што.

1. Хапаць каго‑, што‑н. на ляту. Лавіць мяч. □ Рукою маткі На ўслон шпурляліся аладкі, А дзеці іх даўно сачылі і на ляту блінцы лавілі. Колас. // Імкнуцца дагнаць, схапіць таго (тое), што аддаляецца, ухіляецца. Увішна Нінку ловіць Петрык. Смагаровіч. // Намацваючы, адшукваючы, браць, затрымліваў. Лёгшы ў пасцель, [Міхаська] мяккімі пальчыкамі ловіць матчыну руку. Скрыган. А падыдзе Нямко, дык [конь] ловіць губамі яго руку, трэцца мордаю аб вопратку, ла[шчы]цца як шчанё. Кулакоўскі.

2. Здабываць (рыбу, звяроў, птушак) з дапамогай спецыяльных прыстасаванняў. Лавіць невадам рыбу. Лавіць сеткай птушак. □ Спачатку Міколка з бацькам з таптухай цялёпкаліся, а потым узяліся рукамі плотак лавіць паміж карчоў. Лынькоў. // Мець сталым заняткам промысел, здабычу каго‑н. Ён — паляўнічы, ён — рыбак, Страляе, ловіць, пяе песні. Колас. [Бацька:] — Вось цяпер я магу спакойна і паміраць, бо бачу, што вы розуму набраліся: ловіце, страляеце і гаспадарку даглядаеце. Якімовіч.

3. Разм. Высочваць, вышукваць, каб затрымаць, арыштаваць, абясшкодзіць. Лавіць кантрабандыстаў. □ Седас уеўся людзям у косці так, што .. перад самым адыходам польскага войска яго лавілі, падпільноўвалі, каб не выпусціць жывога з рук. Чорны. // Старацца заспець, захапіць каго‑н. у пэўным месцы, за пэўным заняткам. Каля самай вёскі Вару сустрэў Даніла. Ён часта лавіў яе на вячэрніх сцежках. Дуброўскі.

4. Не прапускаць магчымасці для ажыццяўлення чаго‑н., выбіраць зручны момант. Мы лавілі кожную хвіліну перадышкі, каб прылегчы ці .. па чарзе падрамаць. Шамякін. Нявідны стаяў і цярпліва лавіў зручны момант, каб выйсці з свае засады. Колас.

5. перан. Успрымаць слыхам, зрокам, розумам. Лавіць погляд таварыша. □ Лемяшэвіч з непакоем назіраў, з якой зачараванасцю лавіў Алёша кожнае слова сакратара. Шамякін. Ніна прагна, з вострай увагай прыглядалася да ўсяго, лавіла гукі жыцця. Мележ. // Убіраць у сябе, паглынаць, затрымліваў. Праходжу моўчкі я начную плошчу, і ловяць сутарэнні гулкі крок. Панчанка. Непадалёку ўжо стаяць аграмадныя люстры, ловяць сонца, даюць энергію для мініяцюрных буравых машын і адбойных малаткоў. Гамолка.

6. перан. Разм. Настройваць радыёпрыёмнік на пэўныя хвалі, прымаць радыёсігналы. Сёння свята. Па радыё Я лаўлю Маскву. Куляшоў.

7. перан. Разм. Выкрываць, абвінавачваць каго‑н. у чым‑н. Лавіць на хлусні.

•••

Варон лавіць — тое, што і варон страляць (гл. страляць).

Лавіць бягучага воўка след — пра марныя пошукі каго‑н.

Лавіць вецер у полі — тое, што і шукаць ветру ў полі (гл. шукаць).

Лавіць вухам — прыслухоўвацца.

Лавіць на ляту — лёгка успрымаць пачутае.

Лавіць на слове (словах) каго — а) карыстаючыся сказаным, прымусіць каго‑н. зрабіць або паабяцаць зрабіць што‑н. з таго, аб чым было сказана; б) скарыстаўшы агаворку, супярэчнасць у словах субяседніка, прыпісваць яму тое, чаго ён не думаў гаварыць. — Гэта што — пагроза, таварыш Наготка? — ловіць на слове Кацялёў. Шамякін.

Лавіць сябе на чым — нечакана заўважаць у сабе якую‑н. новую схільнасць, асаблівасць і пад. Я часта лаўлю сябе на тым, што пішу не так, як гавару. Скрыган.

У каламутнай вадзе рыбу лавіць — мець выгаду з чаго‑н., карыстаючыся няяснасцю абставін, чыімі‑н. цяжкасцямі, няўдачамі і пад.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)