ГРА́ШЧАНКАЎ Мікалай Іванавіч (26.3.1901, в. Забор’е Смаленскай вобл., Расія — 8.10.1965),

савецкі неўролаг. Акад. АН Беларусі (1947). Чл.-кар. АН СССР (1939). Акад. АМН СССР (1944). Д-р мед. н. (1935), праф. (1938). Скончыў Маскоўскі ун-т (1926), дзе і працаваў да 1939. З 1939 дырэктар Усесаюзнага ін-та экстрым. медыцыны, з 1944 — Ін-та неўралогіі АМН СССР. У 1947—51 прэзідэнт АН Беларусі. З 1951 працаваў у Маскве. Навук. працы па фізіялогіі і паталогіі органаў пачуццяў, нерв.-гумаральнай рэгуляцыі, траўматычных і інфекцыйных захворваннях ц. н. с. Вывучыў і апісаў газавую гангрэну мозга, прапанаваў комплексныя метады тэрапіі агнястрэльных раненняў пазваночніка. У Беларусі заснаваў нейрахірургічны цэнтр Ін-та неўралогіі, фізіятэрапіі і нейрахірургіі.

Тв.:

Анаэробная инфекция мозга. М., 1944;

Гипоталамус, его роль в физиологии и патологии. М., 1964.

М.І.Грашчанкаў.

т. 5, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАНЬКО́ Георгій Георгіевіч (н. 1.7.1936, г. Навагрудак Гродзенскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне дзіцячай неўралогіі; заснавальнік навукова-практычнай школы дзіцячых неўролагаў Беларусі. Д-р мед. н. (1974), праф. (1985). Засл. дз. нав. Беларусі (1995). Гал. дзіцячы неўролаг Беларусі (1970—2002). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1958). З 1965 у Бел. НДІ неўралогіі, нейрахірургіі і фізіятэрапіі (з 1973 нам. дырэктара па навук. рабоце). З 1980 у Бел. мед. акадэміі паслядыпломнай адукацыі (у 1987—99 прарэктар па лячэбнай рабоце). У 1997—2002 старшыня вучонага мед. савета Мін-ва аховы здароўя Беларусі. Навук. працы па гіперкінезах, эпілепсіі; стварыў (з А.У.Руцкім) новы кірунак у дзіцячай неўралогіі і артапедыі па спалучаных і ўзаемазвязаных пашкоджаннях.

Тв.:

Генерализованный тик (болезнь Жиль де ля Туретта) у детей и подростков. Мн., 1979;

Энциклопедия детского невролога. Мн., 1993 (у сааўт);

Эпилепсия у детей: классификация, диагностика, лечение. Мн., 1997.

т. 17, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)