СКА́НДЫЙ (лац. Scandium),
Sc, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 21, ат. м. 44,95591, адносіцца да рэдказямельных элементаў. У прыродзе адзін стабільны нуклід 45Sc. У зямной кары 1∙10−3% па масе. Існаванне С. прадказана Дз.І.Мендзялеевым у 1870; адкрыты ў 1879 швед. хімікам Л.Нільсанам, назва ад лац. Scandi(navia) па месцы адкрыцця.
Мяккі серабрысты метал з жоўтым адценнем, шчыльн. 3020 кг/м³, tпл 1541 °C, tкіп 2837 °C. Слабы парамагнетык. У паветры пакрываецца ахоўнай плёнкай сесквіаксіду Sc2O3. Пры 200 °C акісляецца кіслародам. Узаемадзейнічае з растворамі салянай, сернай, азотнай кіслот, пры награванні з вадародам, азотам (утварае нітрыд ScN), галагенамі (трыгалагеніды). З металамі ўтварае цвёрдыя растворы і інтэрметаліды. Атрымліваюць аднаўленнем трыфтарыду ScF3 ці трыхларыду ScCI3 метал. кальцыем з наступнай перагонкай металу ў высокім вакууме. Выкарыстоўваюць С. як кампанент лёгкіх сплаваў з высокай трываласцю і каразійнай устойлівасцю, як гетэр, нейтронны фільтр у ядз. тэхніцы, Sc2O3 у вытв-сці ферытаў для элементаў памяці ЭВМ, штучных гранатаў, цвёрдых электралітаў (разам з дыаксідам цырконію) і інш.
т. 14, с. 435
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ДЗЕРНАЯ ТЭ́ХНІКА,
галіна тэхнікі, якая займаецца атрыманнем ядзернай энергіі і выкарыстаннем яе ў розных галінах нар. гаспадаркі. Асн. прызначэнне — атрыманне вял. колькасці энергіі ў адносна невял. аб’ёме ў выніку рэакцыі дзялення атамаў цяжкіх элементаў (у асн. урану, плутонію, торыю). Навук. аснова — ядзерная фізіка.
Я.т. ўзнікла ў пач. 20 ст. як тэхніка ядзерна-фіз. эксперыментаў. У сярэдзіне 20 ст. пачала выкарыстоўвацца ў ваен. справе, на транспарце, у энергетыцы. Адрозніваюць Я.т. грамадзянскага (мірнага) і ваен. прызначэння. У грамадз. Я.т. энергія вылучаецца ў кіравальным ядз. устройстве — ядзерным рэактары, у ваен. — у некіравальным ядзерным выбуху атамнай бомбы, снарада і інш. (гл. Ядзерная зброя). Я.т. аб’ядноўвае: метады і сродкі разведкі, здабычы. раздзялення ізатопаў, атрымання ядзернага паліва для ядз. рэактараў; абагачэнне ядзернага паліва; рэактарабудаванне; захоўванне адпрацаванага ядз. паліва і яго хім. перапрацоўку, захоўванне і пахаванне радыеактыўных адходаў; сродкі транспарціроўкі свежага і адпрацаванага ядз. паліва; тэхналогію атрымання новых канструкцыйных і падзельных матэрыялаў, здольных працяглы час працаваць у розных асяроддзях пад уздзеяннем патокаў хуткіх і цеплавых нейтронаў; метады і сродкі аховы персаналу ад выпрамянення. З Я.т. цесна звязаны стварэнне надзейных сістэм аўтам. рэгулявання і кіравання рэактарамі і ядз. сілавымі ўстаноўкамі, распрацоўка рацыянальных сістэм адводу і выкарыстання цяпла, што выдзяляецца ў рэактары. тэорыі і метадаў разліку ядз.-фіз. і цеплавых працэсаў і інш. навукова-тэхн. праблем.
На Беларусі Я.т. пачала развівацца з 1958 (прынята рашэнне Прэзідыума АН БССР пра буд-ва атамнага рэактара ІРТ-2000 цеплавой магутнасцю 2000 кВт). Рэактар запушчаны ў 1962 г. На ім вяліся даследаванні па ядз. фізіцы, радыяцыйнай хіміі, фізіцы цвёрдага цела, біялогіі і інш. У 1968 запушчана шматкамерная універсальная гама-ўстаноўка на 420 тыс. грам-эквіваленту радыю (УГУ-420). Работы па Я.т. і падрыхтоўцы спецыялістаў у гэтай галіне вяліся ў асн. у створаным у 1965 Ін-це ядз. энергетыкі і Ін-це фізікі АН Беларусі, БДУ. У гэты перыяд праведзены даследаванні па выкарыстанні дысацыіруючага цепланосьбіта для ахаладжэння атамнага рэактара і як рабочага цела. У 1985 пачаты выпрабаванні першай у свеце перасоўнай АЭС з рэактарам, які ахаладжаецца чатырохвокісам азоту (ПАЭС «Памір»). У 1995 уведзены ў эксплуатацыю найб. ў Еўропе нейтронны генератар НГ-12-1 з патокам 1012c−1. Ёсць некалькі гама-ўстановак і паскаральнікаў электронаў рознага прызначэння.
Літ.:
Петросьянц А.М. Атомная наука и техника — народному хозяйству. М., 1981;
Кащеев В.П., Левадный В.А. Атомная энергия: Прошлое, настоящее и будущее. Мн., 1984.
В.Ц.Казазян.
т. 18, кн. 1, с. 236
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)