РУ́БІЯ ((Rubbia) Карла) (н. 31.3.1934, г. Гарыцыя, Італія),
італьянскі фізік. Чл.Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1975), Нац.АН ЗША (1987). Замежны чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1984), Рас.АН (1988). Скончыў Пізанскі ун-т (1958). З 1961 у Еўрап. цэнтры ядз. даследаванняў у Жэневе (у 1989—93 ген. дырэктар), адначасова ў 1970—88 у Гарвардскім ун-це. Навук. працы па фізіцы высокіх энергій і элементарных часціц. Пад яго кіраўніцтвам эксперыментальна пацверджана існаванне нейтральных слабых токаў (1973), знойдзены пераносчыкі слабага ўзаемадзеяння — прамежкавыя вектарныя базоны (1983), адкрыты t-кварк (1984). Прапанаваў канцэпцыю бяспечнай вытв-сці ядз. энергіі з выкарыстаннем сучасных паскаральнікавых тэхналогій (1993). Нобелеўская прэмія 1984 (разам з С. ван дэр Мерам).
Тв.:
Рус.пер. — Обнаружение нейтральных слабых токов (разам з Д.Клайнам, А.Манам) // Успехи физ. наук. 1976. Т. 120, вып. 1;
Экспериментальное наблюдение промежуточных векторных бозонов W+, W− и Z° // Там жа. 1985. Т. 147, вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛУТЭЛІ́НЫ (ад лац. gluten клей),
простыя бялкі насення злакаў і зялёных частак раслін. Раствараюцца ў разбаўленых к-тах і шчолачах, не раствараюцца ў нейтральных растваральніках. З’яўляюцца запаснымі бялкамі, якія разам з праламінамі назапашваюцца ў эндасперме насення. Найб. вывучаны глутэнін пшаніцы і ячменю, арызепін рысу і глутэліны кукурузы. Глутэліны багатыя астаткамі глутамінавай к-ты і лізіну; добра засвойваюцца арганізмам чалавека і жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДАРО́ДНЫ ПАКА́ЗЧЫК (pH),
велічыня, якая характарызуе канцэнтрацыю (актыўнасць) іонаў вадароду ў растворах. Лікава роўны адмоўнаму дзесятковаму лагарыфму канцэнтрацыі [H+] (актыўнасці) вадародных іонаў H+, якая выражана ў молях на літр (моль/л): pH=-lg[H+]. Водныя растворы маюць pH ад 1 да 14: у нейтральныхpH=7, у кіслых pH < 7, у шчолачных pH > 7. Пастаянства вадароднага паказчыку падтрымліваецца буфернымі растворамі. Вызначаюць pH з дапамогай кіслотна-асноўных індыкатараў, больш дакладна — патэнцыяметрычна (гл.Патэнцыяметрыя). Гл. таксама Кіслотна-шчолачная раўнавага.
фізічны метад даследавання рэчыва, заснаваны на вызначэнні масы часціц, што ўтвараюцца пры іанізацыі малекул. Пачатак развіццю М.-с. дадзены англ. фізікам Дж.Дж.Томсанам, які прапанаваў прынцып дзеяння мас-спектрометра і атрымаў першыя мас-спектры (1910).
Пры М.-с. даследуемае рэчыва пераводзяць награваннем ці інш. спосабам у лятучы стан для атрымання малекулярнага пучка, на які ўздзейнічаюць іанізавальным выпрамяненнем. У выніку ўзаемадзеяння нейтральных малекул з выпрамяненнем утвараецца пучок дадатна зараджаных часціц (іонаў) і нейтральных фрагментаў малекул рознай малекулярнай масы і атамнага саставу. Пры аднолькавых умовах выпрамянення колькасць дадатна зараджаных часціц рознага саставу, што ўтвараюцца пры іанізацыі, з’яўляецца велічынёй пастаяннай і залежыць толькі ад будовы малекул рэчыва. Раздзяленне сумарнага патоку часціц на патокі часціц з аднолькавай малекулярнай масай і вымярэнне токаў раздзеленых іонаў ажыццяўляюць з дапамогай мас-спектральных прылад. Найб. шырока М.-с. выкарыстоўваюць у арган. хіміі для ідэнтыфікацыі хім. злучэнняў (па мас-спектрах), вызначэння малекулярнай масы, элементнага і ізатопнага саставу рэчыва, якаснага і колькаснага аналізу складаных сумесей арган. злучэнняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМБІНАВА́НАЯ ІНВЕ́РСІЯ, CP-пераўтварэнне,
аперацыя пераходу ад часціц сістэмы да антычасціц (зарадавае спалучэнне, C) з адначасовай зменай знакаў прасторавых каардынат часціц (прасторавая інверсія, P). З К.і. звязана існаванне адпаведнай сіметрыі (CP-сіметрыі), якая характарызуецца камбінаванай цотнасцю (КЦ) — цотнасцю абсалютна нейтральных часціц (γ-квант, π0-мезон і інш.). КЦ захоўваецца ва ўсіх узаемадзеяннях элементарных часціц, за выключэннем распадаў доўгаіснуючых KL°-мезонаў, выкліканых слабымі ўзаемадзеяннямі, што сведчыць аб прыблізным характары CP-сіметрыі. Гл. таксама Людэрса—Паўлі тэарэма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРАНО́МІЯ (ад аэра... + грэч. nomos закон),
раздзел фізікі атмасферы, які вывучае верхнія слаі атмасферы (вышэй за 30 км), дзе адбываюцца значная дысацыяцыя і іанізацыя атм. газаў. Узнікла ў 1950-я г. ў Англіі і Францыі (працы Д.Р.Бейтса і М.Нікале). Развіццё аэраноміі звязана з ракетнымі і спадарожнікавымі даследаваннямі фіз.-хім. працэсаў у верхняй атмасферы. Даследуе размеркаванне т-ры, шчыльнасці і нейтральных часцінак паветра на вышыні, канцэнтрацыю электронаў у іанасферы, серабрыстыя воблакі, свячэнне начнога неба, палярныя ззянні, радыяцыйныя паясы Зямлі і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНГА́РЫЯ (грэч. angareia),
1) у Рымскай імперыі, Візантыі, дзяржавах сярэдневяковай Еўропы (імперыі Каралінгаў, Балгарыі, Польшчы і інш.) дзярж. ямская павіннасць — пастаўка ўючнай жывёлы для дзярж. перавозак. У 13—14 ст. у Візантыі і Балгарыі ангарыя ўключала і інш. павіннасці (работа на буд-ве дарог, мастоў, крэпасцяў).
2) У Візантыі, феад. Італіі і некаторых інш. краінах Еўропы паншчына і інш. павіннасці на карысць землеўладальніка.
3) У міжнар. праве захоп дзяржавай, якая ваюе, у сваіх портах гандл. суднаў нейтральных краін для выкарыстання ў ваен. мэтах (перавозкі войскаў, узбраення і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМАНІФІКА́ЦЫЯ (ад амоній + лац. facio раблю),
працэс раскладання мікраарганізмамі арган. азоцістых рэчываў глебы з вылучэннем аміяку. Мае вял. значэнне ў кругавароце азоту ў прыродзе і жыўленні раслін. У аманіфікацыі ўдзельнічаюць гніласныя бактэрыі, актынаміцэты, плесневыя грыбы. Аманіфікацыі падвяргаюцца рэшткі раслін, жывёл, якія загінулі, гумус, арган. ўгнаенні і інш. Аміяк, што выдзяляецца пры аманіфікацыі, часткова выкарыстоўваецца мікраарганізмамі ў сінтэзе бялкоў уласных клетак. Большая колькасць яго ператвараецца ў глебе ў аманійныя солі, якія засвойваюцца раслінамі, частка акісляецца да нітратаў (гл.Нітрыфікацыя). Лепш працякае ў слабакіслых і нейтральных, дастаткова ўвільготненых глебах, што добра аэрыруюцца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБВЯШЧЭ́ННЕ ВАЙНЫ́,
папярэдняе матываванае паведамленне адной дзяржавы аб ваен. дзеяннях супраць другой дзяржавы. Рэгулюецца 3-й Гаагскай канвенцыяй 1907, паводле якой вайна не павінна пачынацца без папярэджання, неабходнага для мірных перагавораў канфліктуючых дзяржаў і інфармавання нейтральных дзяржаў. Абвяшчэнне вайны з’яўляецца кампетэнцыяй вышэйшых органаў улады. У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь гэта права належыць Вярх. Савету. Існуючае міжнар. права, зыходзячы з прынцыпу неўжывання сілы і пагрозы сілай, кваліфікуе любы ваен. напад як агрэсію, міжнар. злачынства. Выкарыстанне ўзбр. сіл дапускаецца толькі як мера ў адказ супраць агрэсара.