ПАЛІНЕЗІ́ЙСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Займае астравы Ціхага ак. (акрамя Новай Зеландыі і а-воў Кермадэк). Уваходзіць у царства Палеагею. Паводле сістэмы раянавання рас. вучонага У.​Г.​Гептнера (1936) лічылася Палінезійскай зоагеагр. падвобласцю, што ўваходзіла ў Аўстрал. зоагеагр. вобласць з царства Натагею.

Багацце флоры астравоў П.б.в. знаходзіцца ў прамой залежнасці ад памераў вострава або архіпелага і разнастайнасці рэльефу. На астравах трапляюцца ўсе тыпы раслінных згуртаванняў, ад трапічных лясных да пустынных фітацэнозаў. Відавая разнастайнасць залежыць ад спосабаў пападання насення і дарослых раслін на акіянічныя астравы (з паветранымі і марскімі плынямі, з дапамогай птушак, жывёл і чалавека). Фауна ярка выяўленага астраўнога характару, мае мноства эндэмічных форм. З наземных млекакормячых трапляюцца некат. дробныя грызуны, завезеныя чалавекам, і рукакрылыя (даўгакрылы, крыланы, начніцы). Найб. багатая арнітафауна (каля 100 родаў): мноства галубоў, вадаплаўных (альбатросы, чайкі і інш.), веліканогія куры, зімародкі, зязюлі, кулікі, ластаўкі, медасосы, папугаі, совы і інш. (каля 35 эндэмічных груп). З паўзуноў характэрны геконы і сцынкі, каля берагоў — марскія змеі. Жабы трапляюцца на Гавайскіх, Фіджы а-вах і архіпелагу Бісмарка. З прэснаводных рыб пераважаюць прахадныя формы (напр., вугры). Беспазваночныя найб. багата прадстаўлены ў зах. ч. вобласці, сярод іх ад 30 да 80% эндэмікаў (жукі, матылі і інш.). Характэрны наземны рак — пальмавы злодзей.

А.​М.​Петрыкаў.

Да арт. Палінезійская біягеаграфічная вобласць. Характэрныя прадстаўнікі флоры і фауны: 1 — аргіраксіфіум гавайскі; 2 — эрытрына; 3 — сцэвола такада; 4 — ігуана каналоф; 5 — серпадзюбка-акіялоа; 6 — канюк галапагоскі.

т. 12, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭМАНАЛО́ГІЯ (ад дэман + ...логія),

рэлігійнае вучэнне пра злых духаў, заснаванае на першабытнай веры ў духаў (нячысцікаў), а таксама пра спосабы пазбаўлення ад іх людзей, апанаваных д’яблам. Такімі спосабамі хрысціяне лічаць малітвы, заклінанні і пэўныя культавыя дзеянні па выгнанні д’ябла (экзарцызм). Гіст. Д. бярэ пачатак у першабытнай веры ў духаў. Найб. значэнне мае ў рэлігіях з дуалістычным падзелам Сусвету на свет дабра і зла (зараастрызм і маніхейства). У больш позніх рэлігіях, на якія паўплываў зараастрызм (іудаізм, хрысціянства, іслам і інш.), Д. з’яўляецца таксама важнай састаўной ч. веравучэння. Большасць вобразаў бел. нар. Д. дахрысціянскага паходжання. У Д., як і ў міфалогіі, з’явы навакольнага свету, адухоўленыя нар. фантазіяй, адлюстраваны ў выглядзе фантаст. істот. Дэманалагічныя ўяўленні звязваліся з прыроднымі з’явамі (духі прыроды), гаспадаркай і хатнім побытам (хатнія духі), нягодамі, хваробамі, прычым пераважалі вобразы злой сілы. Нар. фантазія надзяляла іх чалавечымі рысамі, знешне падобнымі да чалавека (пераважна на старога дзядка з сівой барадой). Сярод духаў прыроды вылучаліся лясун — гаспадар лесу, вадзянік — дух вады, палявік, жыцень — духі палёў; вылучалі лазавіка, багніка, што нібыта жылі ў лазняку, багне. Большасць павер’яў пра хатніх духаў звязана з уяўленнямі пра «апекуна» дома і гаспадаркі дамавіка; бытавалі таксама ўяўленні пра хлеўніка, гуменніка, лазніка, ёўніка (апошняму часта ахвяроўвалі сноп жыта, каб не спаліў ёўню). Хваробы, паводле павер’яў, чынілі цётухны (увасаблялі ліхаманку), крыксы, начніцы (увасаблялі дзіцячыя хваробы), маровая панна (увасабляла мор, эпідэмію). Увасабленнем трывожнага сну была мара. Найб. пашыраным у нар. Д. быў вобраз чорта, які лічыўся прычынай усякай бяды, няшчасця, зла; быў падобны на д’ябла і служыў яго сінонімам. У канцы 19 — пач. 20 ст. вобразы нар. Д. страцілі рэліг. значэнне і засталіся ў фальклоры як персанажы нар. маст. фантазіі (трапляюцца пераважна ў былічках і чарадзейных казках).

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 6, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Начні́ца1 ’начная птушка’ (Яруш.), ’казадой’ (Інстр. 2), ’ляляк звычайны’ (Веснік БДУ, 1981, 1), ’пішчуха’ (столін., там жа), ’сава’ (віц., Зап. Сев.-зап. отд. РГО, 1910, 1), укр. ночни́ця ’кажан; казачная сляпая птушка, якую водзіць малая птушка: у летнюю ноч яна жаласна крычыць’, рус. ночни́ца ’казадой’. Да начны́ ’які вядзе начны спосаб жыцця’, параўн. Антропаў, Веснік БДУ, 1981, 1, 26 (выказваюцца сумненні адносна пішчухі, паколькі яна дзённая птушка), хутчэй за ўсё ўтворана ў выніку семантычнай кандэнсацыі спалучэнняў тыпу начная птушка, начная мыш і пад.

Начні́ца2 ’начны матылёк, цьма’ (Пятк. 2), польск. nocnica ’тс’, славац. nočnica ’тс’, серб.-харв. ноћница ’тс’. Да начны́ ’які лятае ноччу’; паводле народных уяўленняў, можа ўвасабляць нячыстую сілу (гл. начні́ца3), параўн.: Preklatyje nacznicy (ćmy) letajuć (Пятк., 2, 169).

Начні́ца3, часцей начні́цы ’злыя духі, якія ў начны час турбуюць дзіця’ (Сл. ПЗБ), ’злыя начныя істоты’ (Федар. 1), ’начныя здані’ (Ян.), ’выдуманыя, фантастычныя істоты, начныя ведзьмы’ (Сцяшк.), ’маленькія і злыя духі ночы’ (барыс., Шн. 3), ’дзіцячая хвароба’ (Касп.), ночны́ця ’нячыстая сіла, якая ноччу знішчае птушанят у гнёздах і яйкі, калі сказаць пра іх месцазнаходжанне пасля захаду сонца’ (Клім.), ночні́ца ’бяссонніца’ (ТС), укр. ночни́ця, нічни́ця ’бяссонніца; адзін са злых духаў (паводле вераванняў гуцулаў)’, рус. ночни́ца ’бяссонніца; дзіцячая хвароба, крыксы’, польск. nocnica ’начны дух, мара; начны прывід’, nocnice ’дэманы, што мучаць спячых дзяцей’, славац. nočnica, noclica ’мара; міфічная істота, што душыць у сне’, серб.-харв. но̀ћница ’здань, прывід; мара’. Да начны́ ’які з’яўляецца ноччу’, параўн. субстантываваныя назвы: ночны́ ’начны дэман’ (ТС), рус. ночна́я ’персаніфікацыя начной бяссонніцы ў дзяцей’ (параўн.: Из‑под кровати как бы женщина поднялась и в дверь ушла. Это, говорит, ночная ушла. Ребенок сразу спать стал, гл. Черепанова, Мифол. лексика рус. Севера. Л., 1983, 37), балг. дыял. но́шно ’здань, мара’ і пад.

Начні́ца4 ’паўночнік, Jasione montana L.’ (віц., Кіс.), ношні́ца ’тс’ (Жд. 2), ночны́ця ’кветкі, якія распускаюцца ноччу’ (Клім.), польск. nocnica ’дэкаратыўная расліна, Nyctago gortensis’, славен. nočnica ’начная фіялка’. Гл. начні́к1, параўн. рус. ночна́я цари́ца ’Matthiola annua L.’ Пра народнаэтымалагічную сувязь назвы расліны, якая можа служыць асновай яе магчымай функцыі, і начніца3 ’бяссонніца’ сведчыць наступны кантэкст: «Дзяцей, якія ноччу ні сьпяць, купаюць у нашіцах» (Жд. 2, 107).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)