ВАЙНАРА́ЛЬСКІ (Парфірый Іванавіч) (1844 — 29.7.1898),

рускі рэвалюцыянер-народнік. З дваран. Адзін з гал. арганізатараў «хаджэння ў народ» (1874). Стварыў рэв. гурткі ў Пензенскай, Самарскай і Саратаўскай губ., фінансаваў дзейнасць нелегальнай друкарні і інш. Арыштаваны ў 1874, разам з інш. арганізатарамі «хаджэння ў народ» праходзіў па працэсе 193-х (1877—78, Пецярбург). Асуджаны на 10 гадоў катаргі.

т. 3, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСА́ЕЎ Рыгор Пракопавіч [22.1.1857, г. Магілёў — 6.4.1886], рэвалюцыянер-народнік. Удзельнік студэнцкага руху 1878—79 у Пецярбургу, падтрымліваў сувязь з гуртком магілёўскіх гімназістаў. З 1879 чл. тэрарыст. групы «Свабода або смерць», потым «Народнай волі» і яе выканкома. Удзельнік падрыхтоўкі замахаў на цара, рыхтаваў з М.А.Кібальчычам выбуховыя рэчывы. Арыштаваны ў крас. 1881, прыгавораны да пакарання смерцю, якое было заменена пажыццёвай катаргай. Памёр ад сухотаў у Шлісельбургскай крэпасці.

т. 7, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВЕ́НКА (Сяргей Мікалаевіч) (1.2.1847, г. Барысаглебск Варонежскай вобл., Расія — 18.6.1906),

расійскі публіцыст, рэвалюцыянер-народнік. Скончыў Паўлаўскае ваен. вучылішча ў Пецярбургу (1867). У 1873—83 на старонках час. «Отечественные записки» распрацоўваў праграму і тактыку народніцтва, адстойваў прынцып вярх. права народа на зямлю, прапагандаваў кааператыўныя прадпрыемствы, здольныя канкурыраваць з капіталіст. вытв-сцю. З 1876 чл. «Народнай волі». У 1884—90 у ссылцы ў Вяцкай і Табольскай губ. У 1891—95 рэдактар час. «Русское богатство», у 1896—97 — «Новое слово», дзе прапагандаваў «малых спраў тэорыю». Аўтар успамінаў пра І.​С.​Тургенева і М.​Я.​Салтыкова-Шчадрына.

т. 8, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЛЯ́ЎСКІ (Восіп Фаміч) (1859, в. Райск Беластоцкага ваяв., Польшча — 1935),

бел. рэвалюцыянер-народнік, дзеяч польскага сацыяліст. руху. З 1878 чл. народніцкай арг-цыі «Зямля і воля». У 1879 перайшоў на пазіцыі «Народнай волі». Разам з чл. нарадавольскага гуртка ў Гродне планаваў серыю тэрарыст. актаў. Быў арыштаваны, прыцягваўся да дазнання па справах аб сацыяліст. прапагандзе ў Пецярбургу, Гродне, «працэсе 137-і» ў Варшаве. У 1880 высланы ў Кастраму, у 1881 — у Цюменскую вобл., дзе ў 1884 удзельнічаў у хваляваннях ссыльнапасяленцаў. У 1886 вярнуўся ў Беласток. За сувязі з «Народнай воляй» і польскай рэв. арг-цыяй «Пралетарыят» у 1887 арыштаваны, у 1888 высланы ў Іркуцкую вобл.

В.​М.​Чарапіца.

т. 3, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЙНІЛО́ВІЧ (Восіп Мікалаевіч) (1860, Віцебск — 24.5.1890),

рэвалюцыянер-народнік. З бел. шляхецкага роду Вайніловічаў. У час вучобы ў Віцебскай гімназіі быў чл. Віцебскага рэв. гуртка. У час вучобы ў Варшаўскім ун-це (з 1882) адзін са стваральнікаў Варшаўскага нарадавольскага гуртка беларускіх студэнтаў, які цесна супрацоўнічаў з польскай рабочай партыяй «Пралетарыят». Кватэра Вайніловіча выкарыстоўвалася для канспіратыўных сувязей з «Пралетарыятам», сюды паступалі пісьмы, нелегальнае друкарскае абсталяванне. За ўдзел у выступленнях варшаўскіх студэнтаў (крас. 1883) выключаны з ун-та. Жыў у Віцебску пад тайным наглядам паліцыі, 8.3.1884 арыштаваны. Пасля выхаду з турмы (снеж. 1884) быў пад наглядам паліцыі; даваў прыватныя ўрокі, займаўся літ. творчасцю.

В.​М.​Чарапіца.

т. 3, с. 459

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛЯ́БАЎ (Андрэй Іванавіч) (29.8.1851, с. Султанаўка, Рэспубліка Крым, Украіна — 15.4.1881),

расійскі рэвалюцыянер-народнік. Скончыў Керчанскую гімназію (1869), вучыўся ў Новарасійскім ун-це ў Адэсе. За ўдзел у студэнцкіх хваляваннях (кастр. 1871) выключаны з ун-та і высланы. З 1873 чл. гуртка чайкоўцаў, вёў рэв. прапаганду сярод рабочых і інтэлігенцыі Адэсы. Удзельнік Ліпецкага і Варонежскага з’ездаў (1879), чл. выканаўчага к-та «Народнай волі», сааўтар яе гал. праграмных дакументаў, у т. л. дэкларацыі. Адзін з удзельнікаў замаху на жыццё Аляксандра II; 27.2.1881 арыштаваны, асуджаны. Павешаны, тайна пахаваны на Праабражэнскіх могілках у Пецярбургу.

Літ.:

Ходаковский М.П. Крым в биографии А.​И.​Желябова // История СССР. 1988. № 2.

т. 6, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЬПЕ́РЫН (Яфім Абрамавіч) (каля 1855, Мінск — ?),

рэвалюцыянер-народнік. Вучыўся ў Мінскай гімназіі. У 1874 далучыўся да ідэй народніцкага сацыялізму. У 1875—76 вёў «лятучую прапаганду» сацыялізму ў Смаленскай і Тульскай губ. Вярнуўся ў Мінск, супрацоўнічаў з землявольскім гуртком М.Л.Велера. Пасля расколу «Зямлі і волі» далучыўся да «Чорнага перадзелу», кіраваў яго гуртком у Гродне. З канца 1881 у Мінску далучыўся да нарадавольскага гуртка Я.​С.​Хургіна. З 1885 уваходзіў у гурток І.А.Гурвіча, вёў прапагандысцкую работу ў т.зв. «ісаакаўскіх» рабочых гуртках, супрацоўнічаў з газ. «Минский листок». Адзін са стваральнікаў Рабочай партыі палітычнага вызвалення Расіі. У 1900 арыштаваны, сасланы на 5 гадоў у Сібір. У 1924 напісаў успаміны пра рэв. дзейнасць.

М.​Б.​Ласінскі, М.​А.​Сакалова.

т. 4, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЭ́ЙША (Антон Сцяпанавіч) (1858, б. хутар Любопаль Пінскага р-на Брэсцкай вобласці — 1924),

рэвалюцыянер-народнік. У час вучобы ў Беластоцкім рэальным вучылішчы ўваходзіў у нелегальны вучнёўскі гурток, арганізаваны І.Я.Грынявіцкім. У 1877—79 студэнт Пецярбургскага тэхнал. ін-та. У студз.жн. 1880 жыў у Пецярбургу на адной кватэры з Грынявіцкім. Уваходзіў у цэнтр. гурток рабочай арг-цыі «Народнай волі», кіраваў яе раённымі аддзяленнямі за Нарвенскай заставай; вёў рэв. прапаганду на фабрыках і заводах горада. Са снежня 1880 працаваў у нарадавольскай друкарні, якая выпускала «Рабочую газету», з сак. 1881 у друкарні газ. «Народная воля». Улетку 1881 у Маскве ўдзельнічаў у стварэнні рабочай нарадавольскай арг-цыі. 18.12.1881 арыштаваны і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць; прыцягнуты да суд. «працэсу 17-ці» (сак.крас. 1883). Засуджаны да ссылкі ў Сібір. Памёр у г. Кірэнск (Іркуцкая вобл.).

т. 2, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУМЯ́НЦАЎ (Пётр Васілевіч) (1859, Масква — 15.5.1929),

расійскі рэвалюцыянер, сацыял-дэмакрат. Скончыў Маскоўскае камерцыйнае вучылішча (1878). Напачатку народнік. з канца 1880-х г. сацыял-дэмакрат. За рэв. дзейнасць у вучылішчы высланы ў Цвярскую губ. У 1886 па заданні арг-цыі «Чорны перадзел» стварыў падп. друкарню ў Цверы, за што сасланы ў Акмолінскую вобл. З сярэдзіны 1890-х г. працаваў у Мінску ва ўпраўленні Лібава-Роменскай чыгункі. Чл. Мінскай с.-д. арг-цыі. 13—15.3.1898 на кватэры Р. адбыўся Першы з’езд РСДРП. У ліп. 1898 арыштаваны і сасланы ў Кіеўскую губ. У 1901 вярнуўся ў Мінск, працаваў на чыгунцы, надворны саветнік (1910); тайна працягваў удзельнічаць у с.-д. руху. З 1919 у Гомелі. Пазней пераехаў у г. Сураж Бранскай губ. У доме ў Мінску, дзе жыў Р., Дом-музей I з’езда РСДРП.

т. 13, с. 449

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІБА́ЛЬЧЫЧ (Мікалай Іванавіч) (31.10.1853, г. Корап Чарнігаўскай вобл., Украіна — 15.4.1881),

расійскі рэвалюцыянер-народнік, вынаходнік. Вучыўся ў Пецярбургскім ін-це інжынераў шляхоў зносін (1871—73) і Медыка-хірург. акадэміі (1873—75). У кастр. 1875 — ліп. 1878 зняволены па абвінавачанні ў рэв. прапагандзе. У канцы 1878 у сувязі з пагрозай новага арышту перайшоў на нелегальнае становішча і ў падп. умовах да вясны 1879 распрацаваў тэхналогію вытв-сці нітрагліцэрыну і дынаміту. Са жн. 1879 агент выканкома «Народнай волі», яе «гал. тэхнік», арганізатар друкарняў і дынамітнай майстэрні. Удзельнік замаху на цара Аляксандра II у Зімнім палацы ў Пецярбургу (люты 1880). Зрабіў бомбу, якой І.Я.Грынявіцкі 13.3.1881 забіў Аляксандра II. 29.3.1881 арыштаваны і прыгавораны да пакарання смерцю. У турме за некалькі дзён да пакарання распрацаваў праект рэактыўнага апарата для палёту чалавека. Імем К. названы кратэр на адваротным баку Месяца.

Літ.:

Серпокрыл С.М. Подвиг перед казнью. Л., 1971.

т. 8, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)