ВАНДЭ́ЙСКІЯ ВО́ЙНЫ,

антырэспубліканскія мяцяжы раялістаў у зах. ч. Францыі ў час Французскай рэвалюцыі 1789—99. Назва ад дэпартамента Вандэя — гал. цэнтра раялістаў. Пачаліся ў сак. 1793 у гіст. абласцях Брэтань, Анжу, Пуату пасля выдання дэкрэта Канвента ад 24.2.1793 аб прызыве ў армію 300 тыс. чал. Удзельнікі — дваранства, духавенства, частка сялян. У маі—чэрв. 1793 мяцежнікі занялі гарады Туар, Фантэнэ, Анжэ, Самюр, 29 чэрв. пацярпелі паражэнне каля г. Нант. У кастр. 1793 рэсп. войскі разбілі вандэйцаў каля г. Шале. Вандэйцы рушылі на Пн, за Луару, але, пацярпеўшы няўдачу каля Гранвіля, павярнулі назад і 12 і 23 снеж. былі разбіты каля гарадоў Ле-Ман і Саўнэ. На дапамогу мяцежнікам у ліп. 1795 англ. флот высадзіў у Брэтані атрад франц. эмігрантаў, які таксама быў разбіты рэсп. войскамі ген. Л.Л.Гоша. Спробы новых мяцяжоў адбыліся ў 1799, 1813, 1815, 1832. У ходзе вандэйскіх войнаў з абодвух бакоў загінула больш за 600 тыс. чал.

У.Я.Калаткоў.

т. 3, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРН ((Verne) Жуль) (8.2.1828, г. Нант, Францыя — 24.3.1905),

французскі пісьменнік. Аўтар навук.-фантаст., сатыр. і прыгодніцкіх раманаў з элементамі утопіі і антыутопіі «Пяць тыдняў на паветраным шары» (1863), «Падарожжа да цэнтра Зямлі» (1864), «З Зямлі на Месяц» (1865), «Вакол Месяца» (1869), «Дзеці капітана Гранта» (1867—68, бел. пер. 1938), «20 000 лье пад вадой» (1869—70, бел. пер. «80 000 кіламетраў пад вадой», 1937), «За 80 дзён вакол свету» (1872, бел. пер. 1941), «Таямнічы востраў» (1875, бел. пер. 1938), «Пятнаццацігадовы капітан» (1878, бел. пер. 1940), «Рабур-заваёўнік» (1886), «Валадар свету» (1904), «Незвычайныя прыгоды экспедыцыі Барсака» (выд. 1914) і інш.; прац па геаграфіі і гісторыі геагр. даследаванняў. Чалавек і прырода, навука, веды і праца, сучаснасць і будучыня, адказнасць вучонага, асобы, калектыву перад грамадствам — асн. праблемы творчасці Верна. Стварыў «новы тып рамана», які грунтаваўся на дасягненнях навукі. На бел. мову яго творы перакладалі П.Кутылоўскі, С.Грахоўскі з Ю.Лявонным, Я.Камянецкі, М.Паслядовіч, К.Шавель і інш.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—12. М., 1954—57;

Собр. соч.: В 50 т. Т. 1—19. М., 1992—94.

Літ.:

Верн Ж.-Ж. Жюль Верн: Пер. с фр. М., 1978;

Жюль Верн: Биобиблиогр. Указ. 2 изд. М., 1959.

Е.А.Лявонава.

т. 4, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)