ПРЫЛУ́КІ,
стаянка эпохі мезаліту (8—5-е тыс. да н.э.), неаліту (5—3-е тыс. да н.э.) і могільнік эпохі сярэдняй бронзы (16—12 ст. да н.э.) каля в. Прылукі Брэсцкага р-на. Выявіў і даследаваў у 1898 М.Ф.Беляшэўскі. Знойдзены крамянёвыя наканечнікі стрэл, пілка, нажы, вастрыі, абломкі посуду эпохі неаліту, гаршкі тшцінецкай культуры.
т. 13, с. 70
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРО́ЎКА,
паселішча ранняга этапу грэнскай культуры (12—10 тыс. г. да нашай эры) каля в. Бароўка Быхаўскага р-на Магілёўскай вобласці. Культурны пласт 0,3 м. Уздоўж броўкі тэрасы выяўлены ў выглядзе скопішчаў расшчэплены крэмень: адшчэпы, пласціны, нуклеусы і вырабленыя рэчы (наканечнікі стрэл, скрабкі, праколкі, разцы, вастрыі), што сведчыць пра існаванне на паселішчы месцаў пач. апрацоўкі крэменю.
т. 2, с. 316
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАМО́РСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямёнаў эпохі неаліту, якія ў 3—2-м тыс. да нашай эры жылі на ўзбярэжжы Дзвінскага і ўсх. часткі Анежскага заліва Белага мора (Расія). Прадстаўлена рэшткамі часовых стойбішчаў. Насельніцтва займалася рыбалоўствам і паляваннем. Характэрны кругладонны посуд з ямкава-грабеньчатым геам. арнаментам. З крэменю выраблялі скрабкі, доўгія трохвугольныя наканечнікі стрэл, фігуркі жывёл і інш. рэчы.
т. 2, с. 388
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭНСК,
археалагічная стаянка ранняга мезаліту (10—8 тыс. г. назад) ва ўрочышчы Грэнск, каля в. Ворнаўка Кармянскага р-на Гомельскай вобл. Выяўлены рэшткі агнішчаў, вял. колькасць крамянёвага інвентару, у т. л. тронкавыя наканечнікі стрэл (грэнскі тып), вастрыі, праколкі, разцы, скрабкі і інш. Знаходка вял. колькасці нуклеусаў сведчыць пра існаванне тут крэменеапрацоўчай майстэрні. Ад стаянкі атрымала назву грэнская культура.
т. 5, с. 495
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЙКО́ЎКА,
паселішча позняга мезаліту (5-е тыс. да н.э.) каля в. Гайкоўка Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. У навук. л-ры вядома пад назвай Печанеж (балота). Знойдзена больш за 2000 прадметаў крамянёвага інвентару, у т. л. тронкавыя наканечнікі стрэл, канцавыя, паўкруглыя і двайныя скрабкі, разцы, авальныя сякеры і цёслы, праколкі і інш. Апрацоўка крэменю рабілася непасрэдна на паселішчы.
т. 4, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́МБУРГСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура канца верхняга палеаліту (каля 11 тыс. г. да н.э.) на тэр. паўн. Германіі і Нідэрландаў. Насельніцтва ў асноўным займалася паляваннем на паўн. аленяў, што ішлі з Пд за адступаючым ледавіком, мела жытлы — круглыя і авальныя палаткі. Тыповымі прыладамі былі невял. крамянёвыя наканечнікі з бакавой выемкай, разцы з рога аленя з крамянёвымі ўкладышамі.
т. 5, с. 13
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́МКА,
стаянка ранняга этапу грэнскай культуры (12—10 тыс. г. назад) ва ўрочышчы Каромка каля в. Залаззе Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. Пры даследаванні знойдзены скрабкі, разцы, тронкавыя і асіметрычныя наканечнікі стрэл, сякеркі з перахватам, пласцінкі з прытупленым краем і інш. Трапляюцца дробныя, старанна апрацаваныя вастрыі, невял. праколкі, разнастайныя камбінаваныя прылады для апрацоўкі косці, рогу, дрэва, скуры і інш.
т. 8, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБІ́НАВІЧЫ,
два паселішчы эпохі неаліту (4—3-е тыс. да нашай эры) каля в. Бабінавічы Лёзненскага р-на Віцебскай вобласці. Раскопкамі выяўлены рэшткі посуду, блізкага да керамікі верхня-волжскай культуры, кераміка нёманскай культуры, крамянёвыя прылады (наканечнікі стрэл, разцы, нажы і інш.). Стаянкі неаліту на У Бел. Падзвіння і ў прылеглых раёнах Верхняга Падняпроўя з-за іх гіст. агульнасці атрымалі назву «помнікі бабінавіцкага тыпу».
т. 2, с. 181
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТЭ́Р (Aterian),
археалагічная культура сярэдняга палеаліту ў Паўн. Афрыцы (каля 30—19 тыс. г. назад). Назва ад стаянкі каля г. Бір-эль-Атэр (Алжыр). Сярод помнікаў — гроты і стаянкі на адкрытай мясцовасці. Насельніцтва займалася паляваннем на насарогаў, газеляў, сланоў і інш. Найб. характэрныя прылады — крамянёвыя тронкавыя і лістападобныя наканечнікі стрэл з двухбаковай апрацоўкай. Некат. прылады (бакавыя скрабкі, адшчэпы) нагадваюць мусцьерскія.
т. 2, с. 81
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДО́БРЫ БОР,
археалагічная стаянка нёманскай культуры каля в. Добры Бор Баранавіцкага р-на. Выяўлены 12 агнішчаў, 5 ям (3 з іх. магчыма, паўзямлянкі).
Знойдзены абломкі ляпных вастрадонных і пласкадонных гаршкоў, крамянёвыя зброя і прылады працы (лістападобныя наканечнікі коп’яў, нажы з гарбатай спінкай і інш.), шліфаваныя каменныя сякеры з адтулінамі Непадалёку ад вёскі выяўлены сляды мезалітычнага паселішча, стаянкі неаліту і бронзавага веку.
т. 6, с. 174
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)