ЛО́ГІНАЎ (Анатоль Канстанцінавіч) (н. 6.5.1920, г. Казань, Татарстан),
бел. акцёр. Засл. арт. Літвы (1955). Нар арт. Беларусі (1968). Скончыў тэатр. студыю пры Троіцкім драм. т-ры Чэлябінскай вобл. (1938). З 1936 працаваў у тэатрах Літвы, Малдовы і інш. У 1959—89 у Брэсцкім абл.драм. т-ры. Для творчасці Л. характэрны багацце псіхал. фарбаў, шматграннасць у абмалёўцы вобразаў. Працаваў у розных сцэн. жанрах. Сярод роляў: Ермашоў («Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча), Туляга («Хто смяецца апошнім» К.Крапівы), Тарасаў («Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна), Каравай і Пракусаў («Таблетку пад язык» і «Верачка» А.Макаёнка), Круціцкі («На ўсякага мудраца даволі прастаты» А.Астроўскага), Бяссеменаў («Мяшчане» М.Горкага), Роберт («Вучань д’ябла» Б.Шоу), дон Хераніма («Дзень цудоўных падманаў» Р.Шэрыдана), Атэла («Атэла» У.Шэкспіра), Марозаў («Вернасць» В.Бергольц), Капітон Ягоравіч («Шануй бацьку свайго» В.Лаўрэнцьева), Навум Еўсцігнеевіч і Лысы («Характары» і «Энергічныя людзі» В.Шукшына), Сава Марозаў («Трэцяя варта» Г.Капралава і С.Туманава), Сталін («Дзеці Арбата» паводле А.Рыбакова) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАРО́КІ БІБЛЕ́ЙСКІЯ,
рэлігійна-палітычныя прапаведнікі ў стараж.-яўр.Ізраільскім царстве і Іудзейскім царстве ў 8—4 ст. да н.э. Ужо ў 2-м тыс. да н.э. лічылася, што П.б. надзелены дарам успрымаць божыя пасланні і паведамляць іх людзям, што яны як пасрэднікі паміж богам і людзьмі могуць прадказваць ад імя бога будучыню, у т. л. засухі, голад, рэліг. і паліт. падзеі, чалавечыя лёсы. З 8 ст. да н.э. прарокі становяцца таксама паліт. прамоўцамі і прапаведнікамі. Яны выкрывалі людскія заганы (сквапнасць, распусту, імкненне да раскошы), выступалі супраць войнаў, прыгнёту, абеззямельвання сялян, прадказвалі перамогу сац. справядлівасці ў будучым, калі «людзі перакуюць мячы на аралы» (Ісая). Іх рэліг.-паліт. прамовы, пропаведзі і аракулы (прароцтвы) напачатку перадаваліся вусна, потым іх запісвалі і збіралі ў зборнікі, якія паступова аб’ядноўваліся ў асобныя кнігі прарокаў у Бібліі, канчаткова адрэдагаваныя ў час праўлення Ахеменідаў (6—5 ст. да н.э.). Жыццё і дзейнасць П.б. ахутваліся шматлікімі міфамі і легендамі аб здзейсненых імі цудах. Найб. вядомыя П.б.: Ілія і яго вучань Елісей (9 ст. да н.э.), Амос, Осія, Ісая, Міха (8 ст. да н.э.), Іерэмія, Сафонія, Навум, Авакум (7 ст. да н.э.), Іезекііль, Агей, Захарыя (6 ст. да н.э.). П.б. зрабілі вял. ўплыў на рэліг.-паліт. мысленне. Да іх ідэй звярталіся хрысц. ерэтычныя рухі сярэднявечча, ідэолагі сял. войнаў і інш.нар. рухаў, сацыялісты-утапісты.
Літ.:
Рижский М.И. Библейские пророки и библейские пророчества. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕРЖГГУТО́ЎСКІ (Аляксандр Казіміравіч) (21.6.1864, в. Бялевічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 5.3.1940),
бел. этнограф і фалькларыст. Правадз.чл. Інбелкульта (1925). Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1884) і Пецярбургскі археал.ін-т (1904). Працаваў настаўнікам нар. вучылішчаў на Мазыршчыне і Случчыне (1884—93), у Мінскім аддз. сялянскага пазямельнага банка і Мінскім паштова-тэлегр. ведамстве (1893—96), на паштамце ў Пецярбургу (1896—1906), у этнагр. аддзеле Рус. музея ў Ленінградзе (1906—30). Узначальваў падкамісію ў Камісіі па складанні этнагр. карт і вывучэнні нац. складу насельніцтва Расіі пры АН, аналагічную камісію ў Рус.геагр. т-ве (РГТ, 1922—23), выкладаў у нядзельным рабочым ун-це (1919—20), бел. школе (1918—23) у Петраградзе. У час працы настаўнікам і ў экспедыцыях па даручэнні Рус. музея сабраў на Беларусі багаты этнагр. і фалькл. матэрыял. У этнагр. нарысе «Беларусы-палешукі» (1908, рукапіс) апісаў пабудовы, побыт, звычаі і вераванні сялян Мазыршчыны і Случчыны. Даследаваў земляробчыя прылады працы, бортніцтва, заняткі, звычаі сябрыны, талакі і інш. («Нарысы Беларусі», 1907—09; «Земляробчыя прылады Беларускага Палесся», 1910; «Бортніцтва на Беларусі», 1914, і інш.); вывучаў таксама побыт рускіх, украінцаў, палякаў, літоўцаў, татараў, народаў Каўказа. Выдаў зб-кі «Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў» (1911), «Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета» (1926), «Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў» (1930). Захаваўся рукапісны зб. «Беларускія песні», у якім змешчаны 53 тэксты, запісаныя ў канцы 1890-х г. у Мазырскім пав. Рукапісныя зб-кі «Песні Магілёўшчыны» і этнагр. праца «Быт беларусаў» не захаваліся. У 1908 падрыхтаваў да друку зб.бел. прыказак з слоўнікам (збераглася частка рукапісу), за што атрымаў малы залаты медаль Аддзялення этнаграфіі РГТ, у 1912 — рукапісны зб. «Беларускія прыказкі і прымаўкі, запісаныя ў Мазырскім павеце». Вывучаў дыялекты бел. мовы («Граматычны нарыс беларускай гаворкі в. Чудзіна Слуцкага павета Мінскай губерні», 1911), падрыхтаваў да друку «Кароткі слоўнік беларускай дзіцячай мовы» (1919, не захаваўся). У час. «Чырвоны шлях» (1918) апублікаваў шэраг артыкулаў пра станаўленне бел. народнасці, пра паходжанне і сутнасць рэлігіі, а таксама серыю публіцыст. нарысаў (пад псеўд.Навум Смага) у рубрыцы «Малюнкі Беларусі», у якіх апісаў гаротнае жыццё бел. сялян у дарэв.час. Рукапісная спадчына С. зберагаецца ў Музеі этнаграфіі (С.-Пецярбург), Рус. музеі, Рас.АН (С.-Пецярбург), Нац.АН Беларусі.