Кацёлка ’драўляны кружок, круг’; ’драўлянае кола, якое качаюць дзеці дзеля забавы’; ’усё, што нагадвае сабой круг, кола’ (ТСБМ, БРС), таксама ’круг на навоі, які стрымлівае ніткі, каб не рассоўваліся’, ’шапка сланечніка’ (Бяльк.). Сюды ж, відавочна, качу́лка (Касп.), кацю́лька ’круглы кусок палкі, якая падкладваецца пад вілы, каб лягчэй падаць у печ гаршчок’. У Нас. каце́лка ’плоская акругленая дошчачка для катання, для дзіцячай гульні’, каце́ль ’коўзанка’; ’вырубленае з лёду круглае сядзенне, на якім катаюцца’. Утварэнне ад дзеяслова *kotiti ’каціць’ або *katati ’катаць’ суфіксам *‑elь. Адносна словаўтварэння параўн., напр., прасл. *kotelь — фармацыя на ‑*elь ад дзеяслова *kotiti (гл. Трубачоў, Эт. сл., 11, 199–200). Кацёлка і інш. утвораны, відаць, па гэтай мадэлі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Навой ’дэталь у кроснах’ (Бяльк., Гарэц., Тарн., Сцяшк. МГ, Сл. ПЗБ, ТС), навоі ’частка кроснаў’ (Воўк-Лев., Татарк.), навойка ’тс’ (полац., Нар. сл.; Янк. 1, Мат. Гом., ТС). Укр. навій, рус. наво́й, польск. nawój, чэш. návoj, славац. návoj, н.-луж. nawój ’тс’, серб.-харв. дыял. на́вој ’дзве расошкі, на якія кладзецца задняе вараціла пры навіванні асновы’. Да навіваць, віць, параўн. навіць ’наматаць’ (Бяльк.), першапачаткова адносілася, відаць, да задняга вала ў кроснах, пра што сведчыць значэнне серб.-харв. дыялектнай назвы (Машынскі, Kultura, 1, 349), і звязвалася з навіваннем нітак асновы на яго; не выключана, што гэтым словам называлася само навітае прадзіва, пра што можа сведчыць балг. дыял. навой ’тонкая звітая вяроўка, якой абвязваюць абмоткі на нагах’, перанос назвы на вараціла і іншыя дэталі, якія звычайна маюць праславянскія назвы, праз стадыю ’вал з навітым на яго прадзівам’, параўн. докш. Навой — пяць губак і болей (Сл. ПЗБ). Адносна чаргавання гл. Шустар-Шэўц, 994.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)