ПРА́ПАРШЧЫК (ад стараж.-слав. прапар — сцяг, палотнішча),

воінскае званне ў арміях шэрагу краін, у т. л. ва Узбр. Сілах Беларусі. У рас. арміі з 1649 П. наз. сцяганосцамі. У 1712—1917 — малодшы афіцэрскі чын (з 1884 толькі для ваен. часу). У рас. ВМФ у 1862—82 П. адпавядала званне гардэмарын. Ва Узбр. Сілах СССР званне П. ўведзена ў 1972 (адпавядала званню мічман у ВМФ), старшы П. — у 1980.

т. 13, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУРАЎЛЁЎ (Леанід Вячаслававіч) (н. 8.10.1936, Масква),

расійскі кінаакцёр. Нар. арт. Расіі (1977). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1960). Дэбютаваў у фільме «Мічман Панін» (1960). Талент камед., вострахарактарнага акцёра выявіўся ў фільмах «Залатое цяля» (1968), «Іван Васілевіч мяняе прафесію» (1973), «Самазабойца» (1991). Сярод інш. фільмаў: «Жыве такі хлопец» (1964), «Ваш сын і брат» (1966), «Вій», «Старэйшая сястра» (абодва 1967), «Пачатак» (1970), «Семнаццаць імгненняў вясны» (1973), «Афоня» (1975), «Ты — мне, я — табе» (1977), «Мы, ніжэйпадпісаныя» (1980) і інш.

т. 9, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАСКО́ЛЬНІКАЎ (сапр. Ільін) Фёдар Фёдаравіч

(28.1.1892, С.-Пецярбург — 12.9.1939),

савецкі ваен. і дзярж. дзеяч, дыпламат і літаратар. Скончыў у Пецярбургу політэхн. ін-т (1913) і Асобныя гардэмарынскія класы (1917). Бальшавік з 1910. У 1912 1-ы сакратар рэдакцыі газ. «Правда», высланы ў Германію (вярнуўся ў 1913 па амністыі). З 1914 у ВМФ, мічман. У 1917 рэдактар кранштацкай газ. «Голос правды», таварыш (нам.) старшыні Кранштацкага савета рабочых, салдацкіх і матроскіх дэпутатаў, старшыня Кранштацкага к-та бальшавікоў. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917. Да 1921 у сав. ВМФ, у т. л. камісар Марскога ген. штаба ў Петраградзе (з ліст. 1917), нам. наркома па марскіх справах (1918), каманд. Волжска-Каспійскай ваен. флатыліяй (з 1919) і Балт. флотам (1920—21). З 1921 паўпрэд РСФСР у Афганістане. З 1924 заг. аддзела ў Выканкоме Камінтэрна, рэдактар час. «Молодая гвардия» і «Красная новь». З 1928 старшыня Галоўрэперткома, нач. Галоўмастацтва. З 1930 зноў на дыпламат. працы; паўпрэд СССР у Эстоніі, Даніі, з 1934 у Балгарыі. У 1938 адкліканы, але, з прычыны пагрозы арышту, адмовіўся вярнуцца ў СССР, жыў у Францыі. У 1939 абвешчаны Вярх. судом СССР па-за законам. Выступіў у замежным друку з заявамі «Адкрыты ліст Сталіну» і «Як мяне зрабілі «ворагам народа» (абедзве 1939), у якіх выкрываў рэпрэсіўны, антынар. характар створанай Сталіным у СССР дыктатарскай сістэмы. Памёр у г. Ніца (Францыя). У 1963 пасмяротна рэабілітаваны. Аўтар кнігі ўспамінаў «Кранштат і Піцер у 1917 г.» (1925, 2-е выд. 1990), сац. трагедыі «Рабесп’ер» (1930), «Апавяданняў мічмана Ільіна» (1934), навел і інш. твораў.

Тв.:

О времени и о себе: Воспоминания, письма, документы. Л., 1989.

Літ.:

Гребельский З.В. Федор Раскольников. М., 1988.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 13, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кружы́цца, кружуся, кружышся, кружыцца; незак.

1. Паварочвацца вакол сваёй восі, рухацца па кругу; круціцца, вярцецца. Іграе гармонік, у вальсе кружацца пары. І Рыгор з Ларысай у агульным кругу. Б. Стральцоў. Мічман пачаў кружыцца пад музыку, танцаваць і рабіць усялякія выкрунтасы нагамі. Хромчанка. // Беспарадкава рухацца, мітусіцца. Слава не магла ўстаяць на адным месцы ні моманту. Яна кружылася, бегала, паказвала маці на мох і верас. Чорны.

2. Лятаючы, рабіць, апісваць кругі. Марудна цягнецца ў хаце летні дзень. Горача. Гудуць і кружацца роем мухі, у вочы лезуць. Колас. Самалёты сады нашы наліваюць, над полем кружацца, рунь падкормліваюць. Бялевіч. // Насіцца ў паветры (пра снег, пыл і пад.). Ціха, павольна кружыліся ў паветры сняжынкі, сцелючы мяккую пасцель зямлі. Васілевіч. Над палянаю кружыўся залаты рой кляновага лісця. Шамякін. // перан. Пастаянна вяртацца да адной і той жа тэмы, прадмета, думкі і пад. Думкі найбольш кружыліся ля свайго раёна. Як там? Што там? Пестрак. Едучы ў трамваі, Парамон Пісанец думаў пра сваё даручэнне. Думкі кружыліся навокал загадкавага прозвішча. Грамовіч.

3. Разм. Тое, што і кружыць (у 3 знач.). Так некалькі дзён і начэй .. [Пацейчык і немец] кружыліся па гэтым лесе, то выпускаючы адзін аднаго з вока, то зноў сыходзячыся. Чорны.

4. Разм. Тое, што і кружыць (у 4 знач.). Кружыцца мяцеліца, Сцежкі запарошвае. Валасевіч.

•••

Галава кружыцца гл. галава.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)