МУЗЫ́КА,

назва народнага скрыпача, пашыраная на тэр. Беларускага Паазер’я. У інш. этнакульт. рэгіёнах сінонімы М. — «скамарох» (Магілёўшчына), «іграч» (Міншчына). М. спрадвеку адыгрываў значную грамадскую ролю ў жыцці бел. вёскі, выконваў сакральна-магічную функцыю ў розных каляндарна-земляробчых (калядных, валачобных, купальскіх і інш. абходах) і сямейна-родавых (асабліва вясельных) абрадах, а таксама эмац.-псіхал. функцыю стваральніка і носьбіта радаснага настрою ў час усіх сямейных і агульнавясковых урачыстасцей (бяседы, ігрышчы, танцы). М звычайна тураваў спевам, разам з інш. інструменталістамі іграў песні, танцы, маршы. Ігру на скрыпцы спасцігаў самавукам («сам па сабе»), у сям’і або ў славутага мясц. выканаўцы. Паводле нар. уяўленняў, сапраўдны М. — чараўнік, які валодае звышнатуральнай сілай уздзеяння на ўвесь навакольны свет. Вобраз М. ўвасоблены ў шматлікіх нар. казках і легендах, выслоўях і песнях, творах бел. л-ры («Сымон-музыка» Я.Коласа, «Музыка» М.Багдановіча, «Страшная музыкава песня» М.Гарэцкага) і выяўл. мастацтва (М.Шагал, Я.Драздовіч). У наш час назву «М.» часам пераносяць і на гарманіста.

І.Дз.Назіна.

т. 11, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУ́ЗЫКА (ад грэч. musikē літар. мастацтва муз),

від мастацтва, у якім маст. вобразы ўвасабляюцца лагічна абумоўленай паслядоўнасцю гукаў і іх спалучэнняў. Падпарадкаваныя вышынным і часавым суадносінам, яны ўтвараюць гукавыя сістэмы, што грунтуюцца на законах акустыкі і фізіялогіі слыху. Сродкі муз. выразнасці: інтанацыя, лад, гармонія, рытм, метр, тэмп, тэмбр, інструментоўка, артыкуляцыя, дынаміка, агогіка і інш. Разгортванне М. ў часе — дыялектычны працэс, у якім узнікаюць пачатковыя муз. пабудовы (матыў, фраза, сказ, перыяд і інш.) і больш складаныя структуры (гл. Форма музычная). Будова кожнага муз. твора спалучае тыповае і індывідуальна-своеасаблівае. М. можа разгортвацца ў адна- (манодыя) і шматгалосым (поліфанія, гамафонія) гучанні, выкладзеным у адпаведнай фактуры. Ва ўвасабленні маст. вобразаў магчымы спалучэнні М. з паэзіяй (вак. музыка, меладэкламацыя) і інш. відамі мастацтва (опера, балет, аперэта, кіно, драм. т-р, тэлебачанне і інш.). Паводле характару драматургіі і прызначэння адрозніваюць М. оперную, сімф., камерную, харавую, ваенна-духавую і інш.; больш дробныя іх жанравыя разнавіднасці: у оперы — seria, buffa, муз. драма, у сімф. М. — сімфонія, сюіта, уверцюра, паэма; у камернай — саната, раманс і інш. Як від мастацтва М. ўключае 2 творчыя акты, што знаходзяцца ў непарыўнай сувязі: кампазіцыю (стварэнне) і выкананне. Паводле спосабу выканання М. падзяляюць на інстр. і вакальную; для аднаго выканаўцы (сола), некалькіх (ансамбль), пэўнага складу інструментаў (аркестр) або галасоў (хор). Тэкст муз. твора, указанні выканаўцам і інш. фіксуюцца нотным запісам (гл. Нотнае пісьмо, Ноты). Сукупнасцю заканамернасцей вобразна-эмацыянальнага зместу і маст. сродкаў вызначаецца муз. стыль. Кожны муз. стыль (класіцызм, рамантызм, імпрэсіянізм, экспрэсіянізм і інш.) — з’ява грамадска-гістарычная. Паняцце «стыль» выкарыстоўваюць і ў дачыненні да пэўнай нац. М. (італьянскі, рускі), да творчасці асобнага кампазітара. Вывучае М. музыказнаўства.

У першабытным грамадстве М. мела дапаможнае значэнне, была неад’емнай ад прац. працэсаў і магічных дзействаў, сінкрэтычна звязаная з паэзіяй і танцам. Паступова, у непарыўнай сувязі з эвалюцыяй форм працы і побыту вылучалася як асобны від мастацтва. Краіны стараж. цывілізацый (Егіпет, Грэцыя, Рым, Кітай, Індыя) мелі развітое муз. мастацтва, у т. л. прафесійнае. У сярэдневяковай Еўропе інтэнсіўна развівалася песенная, інстр. быт. і прафесійная М. Напачатку цэнтрамі прафес. М. былі саборы і манастыры. У краінах Усходу актывізавалася прыдворнае і быт. музіцыраванне. Паваротны этап у станаўленні еўрап. М. — эпоха Адраджэння, калі расквітнелі жанры месы, матэта, мадрыгала, рэквіема, напісаныя ў традыцыях поліфаніі «строгага стылю», зарадзіліся многія жанры М., у т. л. опера, араторыя, кантата, пачала складвацца сістэма прафес. музычнай адукацыі, удасканальвалася нотнае пісьмо. У 1-й пал. 18 ст. дасягнула кульмінацыі мастацтва поліфаніі (І.С.Бах). У 18 ст. сфарміраваліся асновы класічнай гармоніі, оперныя і інстр. формы, у т. л. сімфонія, канцэрт, саната, выпрацаваўся класічны склад аркестра, зарадзіліся нац. муз. школы. Уздым муз. творчасці звязаны з антыфеадальным дэмакр. рухам (Бах, Г.Ф.Гендэль, К.В.Глюк, І.Гайдн, В.А.Моцарт), з франц. рэвалюцыяй 1794, ідэі якой яскрава ўвасоблены ў творчасці Л.Бетховена. Класіцызм, рамантызм, інш. стылявыя плыні, а таксама нац. школы, што складваліся на аснове нац. муз. традыцый, узбагачалі сусв. муз. культуру. Найб. значныя дасягненні нац. школ у 19 ст. звязаны з творчасцю Ф.Шуберта (Аўстрыя), К.М.Вебера, Р.Шумана, І.Брамса, Р.Вагнера (Германія), Г.Берліёза, Ж.Бізэ (Францыя), Дж.Расіні, Дж.Вердзі (Італія), Ф.Шапэна, С.Манюшкі (Польшча), Ф.Ліста, Ф.Эркеля (Венгрыя), Э.Грыга (Нарвегія), А.Дворжака, Б.Сметаны (Чэхія). Вял. роля ў развіцці М. належыць рус. нац. школе, станаўленне і росквіт якой прыпадае на 19 ст. (М.Глінка, А.Даргамыжскі, М.Балакіраў, А.Барадзін, М.Мусаргскі, М.Рымскі-Корсакаў, П.Чайкоўскі, С.Танееў, А.Глазуноў і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. ў зах.-еўрап. М. сфарміраваліся новыя тэндэнцыі, у выніку якіх адбылася дыферэнцыяцыя аўтарскіх стыляў, у т. л. імпрэсіянізм (К.Дэбюсі, М.Равель), верызм (П.Масканьі, Р.Леанкавала), неарамантызм (Г.Малер, Р.Штраус) і інш. Значнае месца ў гэтым рэчышчы займае творчасць рус. кампазітараў А.Скрабіна, І.Стравінскага. Глыбокія змены адбыліся ў гукавышынных сістэмах (Б.Бартак, А.Анегер, Ф.Пуленк, К.Орф, К.Шыманоўскі, Л.Яначак, Б.Марціну, Б.Брытэн, А.Шонберг, А.Веберн, Ч.Айвз, А.Месіян і інш.), што абумовіла існаванне разнастайных стылявых плыняў у М. 20 ст. Традыцыі рус. кампазітарскай школы развівалі Глазуноў, С.Рахманінаў, М.Метнер, С.Пракоф’еў, Дз.Шастаковіч, М.Мяскоўскі, Г.Свірыдаў, Р.Гліэр, А.Хачатуран, Ц.Хрэннікаў і інш. Значнае месца ў сусв. муз. мастацтве займае творчасць Р.Шчадрына, Э.Арцем’ева, С.Сланімскага, Э.Дзянісава, А.Шнітке, С.Губайдулінай. Пра гісторыю развіцця нац. М. гл. раздзелы Музыка ў арт. пра дзяржавы, напр., пра бел. М. ў арт. Беларусь.

Літ.:

Ливанова Т.Н. История западноевропейской музыки до 1789 г. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1982—83;

Яе ж. Из истории музыки и музыкознания за рубежом. М., 1981;

Грубер Р.И. История музыкальной культуры. Т. 1—2. М.; Л., 1941—59;

История русской музыки: В 10 т. Т. 1—6. М., 1983—89;

История музыки народов СССР. Т. 1—7. М., 1970—97.

Т.А.Дубкова.

т. 11, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

музыка

Том: 18, старонка: 219.

img/18/18-219_1115_Музыка.jpg

Гістарычны слоўнік беларускай мовы (1982–2017)

музыка

Том: 18, старонка: 220.

img/18/18-220_1116_Музыка.jpg

Гістарычны слоўнік беларускай мовы (1982–2017)

музы́ка

(польск. muzyk < лац. musicus, ад гр. musikos = музычны)

музыкант-выканаўца; той, хто іграе на музычным інструменце.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

Му́зыка ’галіна мастацтва’, ’твор або сукупнасць музычных твораў’, ’выкананне і гучанне музычных твораў на інструментах’, ’музычны інструмент’, драг. ’танцы’ (ТСБМ, Гарэц., Яруш., Бяльк., Лучыц-Федарэц), музы́ка ’музыкант’, ’скамарох’ (ТСБМ, Нас., Мядзв., Гарэц., Яруш., Касп., Шат., Бяльк.; Нік. Очерки, 2; Мат. Гом., Сл. ПЗБ, ТС), ст.-бел. музыка, музика, музыкъмузыка’ (1565 г.) запазычана са ст.-польск. muzyk ’тс’, muzyka ’музычны інструмент’, якія з лац. mūsicus ’музычны; музыкант; паэт’, mūsica ’мастацтва Муз’, ’музыка, музычнае мастацтва’ < ст.-грэч. μουσικός ’які належыць Музам’, ’музыкант’, ’мастацкі, паэтычны, адукаваны’ (Булыка, Лекс. запазыч., 159 і 161). У ст.-рус. мове лексема мусикия, мусикиамузыка’, ’спевы’, ’музычны інструмент’, ’музыкант-жанчына’ з XII ст. (Фасмер, 3, 6). Гл. таксама Краўчук (Праблемы філал., 60), Маргаран (ЭИРЯ, 4, 1968, 90–94).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

му́зыка

[польск. muzyka < лац. musica, ад гр. musike (techne) = музычнае мастацтва]

1) від мастацтва, які адлюстроўвае рэчаіснасць у гукавых вобразах, а таксама творы гэтага мастацтва;

2) выкананне твораў гэтага мастацтва;

3) перан. прыемнае для слыху гучанне чаго-н. (напр. м. размовы, м. ручая).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

музы́́ка

(польск. muzyk < лац. musicus, ад гр. musikos = музычны)

музыкант-выканаўца; той, хто іграе на музычным інструменце.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

му́зыка

[польск. muzyka < лац. musica, ад гр. musike (techne) = музычнае мастацтва]

1) мастацтва, якое адлюстроўвае рэчаіснасць у гукавых вобразах, а таксама творы гэтага мастацтва;

2) выкананне твораў гэтага мастацтва (напр. м. і спевы);

3) перан. прыемнае для слыху гучанне чаго-н. (напр. м. размовы, м. ручая).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

рэп-му́зыка

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз.
Н. рэп-му́зыка
Р. рэп-му́зыкі
Д. рэп-му́зыцы
В. рэп-му́зыку
Т. рэп-му́зыкай
рэп-му́зыкаю
М. рэп-му́зыцы

Крыніцы: piskunou2012, sbm2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)