АРФЕ́Й,

у грэчаскай міфалогіі фракійскі спявак, сын музы Каліопы. Цудоўнымі спевамі і ігрой на кіфары ён зачароўваў багоў і людзей, утаймоўваў дзікія сілы прыроды. Паводле міфаў, Арфей удзельнічаў у паходзе арганаўтаў, лічыўся заснавальнікам арфічных культаў. Калі раптоўна памерла яго жонка Эўрыдыка, Арфей адправіўся за ёю ў царства мёртвых. Міф пра Арфея — часты сюжэт у выяўл. мастацтве (ант. вазы, фрэскі, карціны П.​Рубенса, Я.​Тынтарэта), л-ры (Авідзій, Вергілій), музыцы (К.​Глюк, Ф.​Ліст, І.​Стравінскі) і інш.

Арфей, які іграе на ліры. Мазаіка. 3 ст.

т. 1, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НГРЫЎ ((Congreve) Уільям) (10.2. 1670, Бардсі, каля г. Лідс, Вялікабрытанія — 19.1.1729),

англійскі камедыёграф, паэт. Атрымаў юрыд. адукацыю ў Дубліне і Оксфардзе. Дэбютаваў раманам «Інкогніта» (1692). Аўтар узорных класіцыстычных камедый «Стары халасцяк», «Двайная гульня» (абедзве 1693), «Каханне за каханне» (1695), «Так робяць у свеце» (1700), якім уласцівы мяккая сатыра, дасціпны дыялог, гумар, бездакорны густ і лаканізм. Пісаў оды, паэмы («Нараджэнне музы», «Пасланне да віконта Кабхэма»), літ. памфлеты. Перакладаў Гамера, Авідзія, Мальера і інш. Паўплываў на творчасць Вальтэра, Дж.​Свіфта, А.​Поўпа.

Тв.:

Рус. пер. — Комедии. М., 1977.

Н.​М.​Саркісава.

т. 8, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРНА́С (Parnasos),

горны масіў у Грэцыі, на Пн ад Карынфскага зал. Выш. 2457 м. Складзены з вапнякоў, вяршыня скалістая. Да выш. 1000 м укрыты міжземнаморскімі хмызнякамі і хваёвымі лясамі. Каля падножжа П. — стараж.-грэч. г. Дэльфы, археал. запаведнік, уключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны; рэшткі помнікаў архітэктуры 7 ст. да н.э. — 1 ст. н.э. Паводле стараж.-грэч. міфалогіі П. — месцазнаходжанне Апалона і муз; у пераносным значэнні — садружнасць паэтаў, парнаскія кветкі — вершы, парнаскія сёстры — музы. Адсюль выраз «Узысці на П.»: дасягнуць сапр. поспеху і прызнання ў л-ры і мастацтве. Арх. музей. Нац. парк.

т. 12, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́БІХТ (Генрык Тэадоравіч) (1835 ці 1836, Вільня — 12.6.1863),

удзельнік нац.-вызв. руху 1850—60-х г. на Беларусі, у Польшчы, Літве. Скончыў Віленскую гімназію (1852), служыў паштовым чыноўнікам. Каб пазбегнуць арышту за ўдзел у рэв. гуртках, у 1857 эмігрыраваў у Лондан. Быў актыўным дзеячам польскай Рэвалюцыйнай грамады «Лондан», працаваў у друкарні «Колокола». Вясной 1862 нелегальна прабраўся ў Варшаву. Уваходзіў у лявіцу «чырвоных», быў агентам Цэнтральнага нацыянальнага камітэта. Асн. рухальнай сілай паўстання лічыў народ. У ліст. 1862 арыштаваны, зняволены ў Брэсцкую крэпасць. Павешаны ў Варшаўскай цытадэлі.

Літ.:

Кісялёў Г. Вязень Брэсцкай крэпасці // Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 1, с. 23

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭНІ́ ((Denis) Марыс) (25.11.1870, г. Гранвіль, Францыя — 3.11.1943),

французскі жывапісец. Вучыўся ў Парыжы ў акадэміі Жуліяна (з 1887) і ў Школе прыгожых мастацтваў. Зазнаў уплыў П.​Сезана, П.​Гагена. Адзін з заснавальнікаў і тэарэтык групы «Набі» (1890) і «Майстэрняў рэлігійнага мастацтва» (1919). Лідэр неатрадыцыяналістычнай плыні ў франц. жывапісе. Працаваў у стылях сімвалізму і мадэрну. Для твораў характэрны манум. формы, дэкар. гармонія, рэліг.-містычныя сюжэты, плоскасная стылізацыя, светлы каларыт. Сярод твораў «Музы» (1893), «Марфа і Марыя» (1896), «Партрэт Івоны Лероль» (1897), «У гонар Сезана» (1900), 11 пано «Гісторыя Псіхеі» (1908—09) і інш. Аўтар кніг «Тэорыі» (1912), «Новыя тэорыі» (1921).

М.Дэні. Партрэт Івоны Лероль. 1897.

т. 6, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЫ́ШКА (Баляслаў Вікенцьевіч) (7.8.1837, фальварак Карманішкі, Эйшышкскі р-н Літвы — 9.6.1863),

удзельнік рэв. руху 1860-х г. З 1860 вучыўся ў Маскоўскім ун-це, у 1861 вёў рэв. агітацыю ў Лідзе і Лідскім пав., удзельнічаў у студэнцкіх хваляваннях, сутыкненнях з паліцыяй у Маскве. У сак. 1863 сфарміраваў паўстанцкі атрад (Дубіскі полк) у цэнтр. Літве. 5.4.1863 з атрадам далучыўся да З.Серакоўскага, камандаваў адной з калон у паходзе паўстанцаў на Пн Літвы. Пасля разгрому паўстанцаў у Біржайскай бітве (25—27.4.1863) узяты ў палон і паводле прысуду павешаны ў Вільні на плошчы Лукішкі.

Літ.:

Кісялёў Г. Рэвалюцыянер-інтэрнацыяналіст з Лідчыны // Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982.

Генадзь Кісялёў.

Б.В.Калышка.

т. 7, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТАФІЗІ́ЧНЫ ЖЫ́ВАПІС,

кірунак у італьян. жывапісе. Заснаваны ў 2-й пал. 1910 — пач. 1920-х г. Дж. Дэ Кірыка пад уплывам філасофіі А.​Шапенгаўэра і Ф.​Ніцшэ і стаў рэакцыяй на рацыяналістычную схему кубізму і дынамізм футурызму. Тэарэтык — паэт А.​Савіньё. Прадстаўнікі М.ж. (К.​Кара, М.​Кампільі, Ф.​Казараці, Дж.Марандзі, Ф. Дэ Пісіс) у карцінах з выявамі пустынных гарадоў з далёкай перспектывай, манекенаў, у нацюрмортах з дзіўным складам прадметаў імкнуліся вывесці рэальнасць за рамкі звычайнай логікі, стварыць таямнічы настрой і раскрыць містыку вобразаў, якія знаходзіліся па-за межамі адлюстравання рэчаіснасці. Значна паўплываў на станаўленне сюррэалізму і часта разглядаецца як адзін з яго кірункаў.

В.​Я.​Буйвал.

Да арт. Метафізічны жывапіс. Дж. Дэ Кірыка. 1950. Музы непакою.

т. 10, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПЕСНЬ НА БО́ЖЫ ЧАС»,

«Паўстанцкая песня», бел. агітацыйны вершаваны твор перыяду паўстання 1863—64. Магчыма, напісаны Ф.Ражанскім. Надрукаваны лацінкай у падп. друкарні ў выглядзе лістоўкі; распаўсюджваўся таксама ў рукапісе. Задуманы як масавая песня, мае памету «На матыў: I шуміць, і гудзіць». Складаецца з 24 радкоў; у творы выкарыстоўваюцца традыц. для фалькл. песеннай паэтыкі воклічы і паўторы, у змесце прасочваецца ўплыў ідэй К.​Каліноўскага. Насуперак пашыраным тады ў вызв. руху салідарысцкім тэндэнцыям «П.п.» заклікала да барацьбы не толькі з царызмам, але і з памешчыкамі. Твор прасякнуты гіст. аптымізмам, верай у бязмежныя сілы ўзбр. народа, у шчаслівы зыход паўстання.

Публ.: У кн. — Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. Мн., 1971.

Літ.:

Кісялёў Г. Стары сшытак // Кісялёў Г. Героі і музы. Мн., 1982.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 12, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЗНЯК (Вячаслаў Аляксандравіч) (н. 30.4.1940, Мінск),

бел. мастак манум.-дэкар. мастацтва. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1967), выкладаў у ім у 1968—69. Сярод твораў вітражы: «Музы» для Дзярж. рус. драм. т-ра Беларусі (1976), «Помнікі старажытнага беларускага дойлідства» для Галоўпаштамта (1980), у вестыбюлі корпуса Мінскага лінгвістычнага ун-та (1982), чыг. вакзала (1983), вітраж з размалёўкай Дамавой царквы (1987, усе ў Мінску), «Нарачанскія матывы» для гасцініцы «Нарач» (1983), для Палаца піянераў у Брэсце (1990—91), санаторыя «Радон» Гродзенскай вобл. (1993—94). Выканаў Вянок Славы і дэкар. афармленне столі ў Зале цырыманіялаў плошчы Перамогі ў Мінску (1985). Творы П. вылучаюцца кампазіцыйнай завершанасцю, гарманічнасцю колеравых і пластычных суадносін.

Л.​Ф.​Салавей.

В.Позняк. Вітраж у будынку Галоўпаштамта ў Мінску. 1980.

т. 12, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГОЛЬЦ-МІ́ЛЕР (Іван Іванавіч) (9.12.1842, г. Іанішкеліс, Літва — 17.8.1871),

удзельнік рэв.-дэмакр. руху, рус. паэт. Скончыў Мінскую гімназію (1859). У 1860 паступіў на юрыд. ф-т Маскоўскага ун-та. У 1861 арыштаваны як удзельнік рэв. гуртка П.​Р.​Заічнеўскага па справе аб друкаванні і распаўсюджванні нелегальнай л-ры. З турмы вярнуўся ў Мінск, адкуль неўзабаве высланы ў г. Карсун Сімбірскай губ. У 1867—69 жыў у Мінску, вандраваў па Расіі. Памёр і пахаваны ў Арле. Друкаваўся ў час. «Современник», «Отечественные записки». У Мінску напісаў вершы «З верай за справу», «Сум раз’ядае мне сэрца» і інш. Яго лепшы верш «Слу-хай!» (1864) пакладзены на музыку П.​Сакальскім, стаў папулярнай песняй.

Тв.:

Поэт-революционер И.​И.​Гольц-Миллер /Сост. Б.​Козьмин, Г.​Лелевич. М., 1930.

Літ.:

Бас І. «...Не памерла слова яго!» // Бас І. Падарожжа ў літаратурнае мінулае. Мн., 1971;

Кісялёў Г.В. Яго помніць Мінск // Кісялёў Г.В. Героі і музы. Мн., 1982.

Г.​В.​Кісялёў, І.​У.​Саламевіч.

т. 5, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)