МАЙКО́ПСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура 2-й пал. 3-га тыс. да н.э., пашыраная ў перадгор’ях Паўн. Каўказа. Назва ад Майкопскага кургана, даследаванага ў 1897 М.І.Весялоўскім. М.к. прадстаўлена шматлікімі курганамі. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй і земляробствам, на ганчарным крузе вырабляла кераміку (пераважна чырвоную, глянцаваную, зрэдку арнаментаваную), жыло на ўмацаваных паселішчах. На познім этапе з’явіліся каменныя грабніцы, у т.л. дальмены. Сустракаюцца прылады працы і зброя з каменю (сякеры, укладышы для нажоў і сярпоў, наканечнікі стрэл) і медзі (сякеры, матыкі, долаты, нажы, кінжалы, наканечнікі коп’яў). Распаўсюджаны ўпрыгожанні з Усходу. Існавала маёмасная дыферэнцыяцыя.

т. 9, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЯРНО́Е,

паселішчы неаліту і бронзавага веку каля в. Азярное Любанскага р-на Мінскай вобл., на беразе воз. Вячэра. На паселішчы-1 знойдзены крамянёвыя прылады (нажы, скоблі, скрабкі, наканечнікі стрэл і інш.), кераміка днепра-данецкай культуры (канец 3 — пач. 2-га тыс. да н.э.), сярэднедняпроўскай культуры (2-я чвэрць 2-га тыс. да н.э.) і інш. На паселішчы-2 акрамя вырабаў з крэменю і керамікі са дна возера паднята больш за 70 прылад з косці і рогу (кінжалы, наканечнікі коп’яў, дроцікаў і стрэл, гарпуна, матыкі і інш.). На адной з іх выгравіраваны 2 выявы чалавека і ромбападобная фігура.

т. 1, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬЯ́ЛАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура эпохі неаліту (канец 5—3-е тыс. да н.э.) у басейне р. Клязьма і прылеглых раёнах на р. Ака і Волга. Назва ад стаянкі каля в. Льялава Маскоўскай вобл. Насельніцтва займалася рыбалоўствам, паляваннем і збіральніцтвам. Жыло на сезонных паселішчах у паўзямлянках і шалашападобных жытлах. Пахавальны абрад — трупапалажэнне ў скурчаным ці выцягнутым становішчы з охраю, зрэдку з пахавальным інвентаром. Характэрны керамічны паўяйцападобны і вастрадонны посуд, упрыгожаны па ўсёй паверхні радамі ямкавых паглыбленняў і адбіткамі грэбеня. Знойдзены крамянёвыя наканечнікі коп’яў і стрэл, разцы, скрабкі, нажы, матыкі, касцяныя рыбалоўныя кручкі і гарпуны, упрыгожанні.

А.В.Іоў.

т. 9, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛА́НАЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура бронзавага веку (3-е тыс. — 9 ст. да нашай эры) у басейне Сярэдняй Волгі. Назва ад могільніка каля в. Баланава ў Чувашыі. Насельніцтва займалася жывёлагадоўляй, магчыма, земляробствам, мела ўласную металургію медзі, колавы транспарт. Жыло пераважна ў зрубных дамах на ўмацаваных паселішчах. Пахавальны абрад — адзіночныя і парныя трупапалажэнні ў грунтавых магілах (ранні этап), калектыўныя трупапалажэнні пад курганамі. Нябожчыкаў хавалі ў драўляных скрынях ці кашолках, у скурчаным стане. У кераміцы пераважаў шарападобны посуд, упрыгожаны геам. арнаментам, адбіткамі штампаў. Сярод вырабаў з каменю — свідраваныя і клінападобныя сякеры, матыкі, цёслы, наканечнікі стрэл; пашыраны медныя наканечнікі коп’яў, сякеры, упрыгожанні. Некаторыя вучоныя адносяць Баланаўскую культуру да шнуравой керамікі культур, іншыя лічаць лакальнай групай фацьянаўскай культуры.

т. 2, с. 237

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Скло́бка ‘від матыкі з жалезным пальцам замест лапаткі для чысткі ўнутры вялікіх прадметаў’ (Мат.), ‘скобля’ (Пятк. 1), скло́бка, шкло́бка ‘тс’ (ТС), склы́бка ‘тс’ (Шатал.), склэ́бка ‘тс’ (Сл. Брэс.), скло́бля ‘прылада для прыгатавання борці (нож з ручкай)’ (Сержп. Борт.). Укр. палес. скло́бка ‘прылада для здымання кары з дрэва’. Відаць, ад склобі́ць ‘здымаць кару з дрэва’ (ПСл), ‘скрэбці’ (ТС), ‘чысціць рыбу, скрэбці малую бульбу’ (Вешт.), што ў выніку метатэзы з скаблі́ць ‘ачышчаць кару з дрэва; ачышчаць бульбу ад шалупіння’ (Варл., Бяльк., Касп.), ‘часаць’: скабліла ногі (Касп.), ско́блыты ‘абіраць бульбу’ (Сл. Брэс.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

цы́пкі 1, ‑пак; адз. няма.

Разм. Дробныя трэшчыны, шурпатасць і чырвань на скуры рук і ног (ад абветрывання і пад.). Шурпатая ў калгасніцы далонь. Смаліў яе мароз, Паліў яе агонь. На ёй, бы на анкеце, па парадку Чытай працоўнай біяграфіі пячаткі: ..Ад цаўя матыкі — мазалі, Ад ветру — цыпкі. Жычка.

цы́пкі 2, ‑пак; адз. няма.

Разм. У выразах: на цыпках — на пальцах ног, на дыбачках (хадзіць, ступаць, стаяць і пад.). [Шашура] наводдалек абышоў яе [Аксінню] на цыпках, стараючыся зайсці ёй з-за спіны і з’явіцца знянацку. Мележ; на цыпкі — на пальцы ног (стаць, прысесці і пад.). [Алена] павярнулася тварам к усходу і нават узнялася на цыпкі, каб хоць трошкі быць вышэйшай за пшаніцу. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЛЕЙКАПАДО́БНЫХ КУ́БКАЎ КУЛЬТУ́РА,

археалагічная культура неалітычных і энеалітычных плямён, якія ў 4—3-м тыс. да н.э. жылі на тэр. Паўн. і Цэнтр. Еўропы, сучаснай Польшчы, паўн.-зах. Украіны і (на познім этапе) паўд.-зах. Беларусі. Назва ад наяўнасці ў кераміцы кубкаў з лейкападобнай (канічнай) шыйкай. Насельніцтва займалася земляробствам, жывёлагадоўляй, паляваннем, знаходзілася на стадыі патрыярхату; вырабляла касцяныя і крамянёвыя прылады (сякеры, матыкі, праколкі, наканечнікі дзідаў, нажы, разцы і інш.), зрэдку трапляюцца медныя вырабы. Посуд арнаментаваны зігзагамі, касымі насечкамі, пальцавымі ўцісканнямі, адбіткамі зубчастага штампа ці шнура. Паселішчы размяшчаліся на мысах берагоў рэк ці азёр, некаторыя былі ахаваны равамі і валамі. Жытлы — невял. прамавугольныя ў плане зямлянкі, паўзямлянкі і наземныя слупавой канструкцыі памерам 5 χ 4 м; будаваліся і вял. жытлы даўж. да 80 м. Унутры іх размяшчаліся глінабітныя агнішчы, побач — гасп. ямы. Пахавальны абрад — трупапалажэнне на бескурганных могільніках, сустракаюцца мегалітычныя збудаванні памерамі да 130 × 15 × 3 м, з некалькімі пахаваннямі пад кожным. Ва ўсх. частцы арэала (Валынь, Брэстчына) помнікі Л.к.к. з’явіліся 3,5—2,5 тыс. г. да н.э. На думку некаторых вучоных, плямёны Л.к.к. маюць дачыненне да этнагенезу стараж. германцаў.

У.Ф.Ісаенка.

т. 9, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Тапары́шча ’дзяржанне сякеры’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Сцяшк., Стан.), тапары́шчо, тапары́шчэ ’тс’ (Сл. ПЗБ), топо́рышчэ ’тс’ (Вруб.), топоры́шчэ ’тс’ (ТС, Горбач, Зах.-пол. гов.), ст.-бел. топорище ’тс’, ’адзінка вымярэння даўжыні ў цесляроў’ (Ст.-бел. лексікон). Параўн. укр. топори́ще ’тс’, рус. топори́ще ’тс’, в.-луж., н.-луж. toporišćo ’дзяржанне, ручка (напр., сякеры)’, харв. toporišće ’дзяржанне сякеры’, дыял. toporìšče ’чаранок матыкі’, славен. toporìšče ’тс’, таксама дыял. ’чаранок лапаты’, ’ручка цэпа, цапільна’, балг. топори́шка ’дзяржанне сякеры’, дыял. топори́ште ’дзяржанне вялікага молата, якім збіваюць сукно ў валюшы (сукнавальні)’. На значнай частцы моўнай тэрыторыі ўжываецца паралельна з тапарыска (гл.), якое мае адпаведнік у польск. toporzysko ’дзяржанне сякеры’, чэш. topořisko ’тс’, славац. toporisko ’тс’, што несумненна ўяўляе пазнейшую інавацыю ў славянскіх мовах. Шустар-Шэўц (1518) рэканструюе дзве праславянскія формы *toporiště і *toporisko, вытворныя ад *toporъ (гл. тапор). На беларускай і ўкраінскай тэрыторыі формы тапары́ска і топари́сько ’дзяржанне сякеры’ з’яўляюцца пранікнёнымі з польскай мовы, падтрыманымі экспансіяй суф. ‑isko.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Маты́ка, моты́ка, маты́га, маты́чка ’ручная прылада (лапатка) для рыхлення глебы, акучвання агародніны’ (ТСБМ, Тарн., Шат., Сл. ПЗБ, ТС, Бяльк., Бес., Мат. Гом.); матыкава́ць, матыгава́ць, мотыкова́ць ’матычыць’ (Сл. ПЗБ, ТС), маты́чыць, моты́чыты ’тс’ (ТСБМ, Выг. дыс.). Укр. моти́ка ’кірка’, рус. моты́ка, пазней моты́га, ст.-рус. мотыка, польск. motyka, н.-луж. motyja, в.-луж., чэш., славац. motyka, славен. motîka, серб.-харв. мо̀тика, макед., балг. мотика, ст.-слав. мотыка. Прасл. motyka Махэк₂ (375) лічыць вельмі старым, незапазычаным, вылучаючы аснову mat‑, роднаснымі да якой з’яўляюцца: ст.-інд. matyám ’барана, каток’, matī‑kr̥tas ’пабаранаваны, пракачаны’, лац. mateola ’від малатка’, ст.-в.-ням. medela ’плуг’, stein‑mezzo ’камяняр’ (Фасмер, 2, 665; Выгонная, БЛ, 8, 57). Этымолагамі прыводзяцца і ст.-англ. mattoc, англ. mattok, а таксама блізкія да іх уэл. matog, гальск. matog ’матыка’, якія разглядаюць як запазычаныя з народналац. *mattiūka ’матыка’ (Покарны, ZfSlPh, 5, 393) < і.-е. *mat‑ ’капаць, дзяўбці’. Мартынаў (Язык, 72), разглядаючы прасл. лексічную пару kopačьmotyka ’матыка’, прыходзіць да вываду, што motyka з’яўляецца іт. пранікненнем у прасл., якое паступова выцесніла балта-слав. назву матыкі (kopačь).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)