Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Мары (народ) 5/214, гл.Марыйцы
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯ́ЦКАЯ ЗЯМЛЯ́,
гістарычная назва ў 12—18 ст. тэрыторыі ў басейне верхняга і часткова сярэдняга цячэння р. Вятка. У 1-м тыс. да н.э. ў Вяцкіх землях жылі плямёны ананьінскай культуры, у 6—10 ст. — комі і удмурты, з 10 ст. — марыйцы. У 14 ст. склаліся феад. адносіны. У 2-й пал. 14 ст. ў сярэднім цячэнні р. Вятка ўзніклі рус. пасяленні. У 1489 Вяцкая зямля далучана да рас. дзяржавы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДЫ ЕЎРО́ПЫ У Еўропе жыве каля 725 млн.чал.
(ацэнка на пач. 1998). Больш за 90% насельніцтва належыць да еўрапеоіднай расы, якая падзяляецца на паўн. і паўд. адгалінаванні. У выніку шматвяковых расавых змяшанняў больш за палавіну насельніцтва адносіцца да пераходных форм паміж паўн. і паўд. еўрапеоідамі. Есць насельніцтва, якое належыць да мангалоіднай расы (калмыкі, групы эмігрантаў з краін Усх. Азіі і інш.) і да негроіднай расы (эмігранты з краін Афрыкі і інш.). Частку насельніцтва складаюць мяшаныя еўрапеоідна-мангалоідныя групы (башкіры, казахі, групы жыхароў Паўн. Каўказа і інш.),
мяшаныя еўрапеоідна-негроідныя групы (мулаты-эмігранты з Вест-Індыі і інш.).
Еўропу насяляюць прадстаўнікі больш як 200 народаў. Прыкладна для 100 народаў Еўропа з’яўляецца асн. месцам пражывання. 65 народаў налічваюць больш за 500 тыс.чал. кожны, іх агульная колькасць 716,4 млн.чал. (98,8% усяго насельніцтва кантынента), з іх 4 народы — больш за 50 млн. (рускія — 120, немцы — 75, італьянцы — 57, французы — 56,8) і 23 народы — больш за 5 млн. (англічане — 48,5, палякі — 42,5, украінцы — 41,6, іспанцы — 39, румыны —21,2, венгры — 13, галандцы — 12,3, партугальцы — 10,8, грэкі — 10,1, беларусы — 9,8, шведы — 8,8, чэхі — 8,5, сербы — 8,4, балгары — 8,2, каталонцы — 7,8, аўстрыйцы — 7,7, фламандцы — 7,1, ірландцы —6, датчане — 5,9, шатландцы — 5,2, славакі — 5,1, фіны — 5, албанцы — 5) чал.Нац. кансалідацыя Еўропы пачалася раней, чым на інш. кантынентах. Да канца 19 ст. многія народы склаліся ў нацыі. Ва Усх. і Паўд.-Усх. Еўропе гэты працэс закончыўся пасля 1-й сусв. вайны. У канцы 20 ст. больш чым у 2/з краін Еўропы (Германія, Партугалія, Італія, Польшча, Данія, Ісландыя, Ірландыя, Венгрыя, Чэхія, Славакія, Грэцыя, Літва, Славенія, Харватыя, Албанія і інш.) асн. народ складае каля 90% і больш. На Беларусі беларусы складаюць 81,2% насельніцтва, жывуць таксама рускія, палякі, украінцы, яўрэі і інш. У шэрагу краін жывуць вял. групы нац. меншасцей (Францыя, Румынія, Балгарыя, Украіна, Латвія, Эстонія, Югаславія), а некаторыя (Расія, Бельгія, Швейцарыя, Іспанія, Вялікабрытанія) з’яўляюцца шматнацыянальнымі краінамі. У еўрап.ч. Расіі акрамя рускіх жывуць народы Паволжа, Паўн. Каўказа, украінцы, беларусы, башкіры, карэлы, комі, выхадцы з Закаўказзя і Сярэдняй Азіі і інш., у Бельгіі — фламандцы і валоны, у Швейцарыі — германа-, франка- і італашвейцарцы і рэтараманцы, у Іспаніі — іспанцы, каталонцы, галісійцы, баскі і інш., у Вялікабрытаніі — англічане, шатландцы, уэльсцы, ольстэрцы, ірландцы, вял. групы эмігрантаў з б. калоній і інш. У 2-й пал. 20 ст. ў краінах Зах. Еўропы з’явіліся значныя групы выхадцаў з Паўн. і Экватарыяльнай Афрыкі, Б. Усходу, Лац. Амерыкі і Вест-Індыі. Каля 95% насельніцтва Еўропы гавораць на індаеўрапейскіх мовах (славянскай, германскай, раманскай, кельцкай, балтыйскай і інш. груп). На славянскіх мовах гавораць больш за 255 млн.чал. (рускія, украінцы, беларусы, палякі, чэхі, балгары, сербы, славакі, харваты, баснійцы, славенцы, македонцы, чарнагорцы, лужычане), на германскіх мовах — больш за 190 млн. (немцы, англічане, галандцы, шведы, аўстрыйцы, фламандцы, датчане, шатландцы, нарвежцы, германа-швейцарцы, эльзасцы, ольстэрцы, фрызы і інш.), на раманскіх мовах — каля 210 млн. (італьянцы, французы, іспанцы, румыны, партугальцы, каталонцы, валоны, малдаване, галісійцы, сардзінцы, франка-швейцарцы, фрыулы, карсіканцы і інш.). Народы кельцкай групы (каля 9,6 млн.чал.), даўней пашыраныя ў Цэнтр. і Зах. Еўропе, жывуць цяпер толькі на Брытанскіх а-вах (ірландцы, уэльсцы і гэлы) і на З Францыі (брэтонцы), б.ч. гэтых народаў перайшла на англ. і франц. мовы. На мовах балтыйскай групы гавораць літоўцы (3,2 млн.) і латышы (1,3 млн.). Да самаст. груп індаеўрапейскай сям’і належаць грэкі, албанцы, цыганы, армяне, курды, асеціны, выхадцы з Індыі і Пакістана. На фіна-угорскіх мовах гавораць больш за 22 млн.чал. (венгры, фіны, эстонцы, мардва, марыйцы, удмурты, комі і комі-пермякі, карэлы, саамы і інш.), на мовах семіцкай групы (з сям’і семітахаміцкіх моў) —2,5 млн. (арабы, выхадцы пераважна з Паўн. Афрыкі), на цюркскіх мовах — каля 9 млн. (туркі, татары, чувашы, башкіры, нагайцы, кумыкі, гагаузы і інш.). На Паўн. Каўказе каля 3 млн.чал. прыпадае на народы, якія гавораць на іберыйска-каўказскіх мовах (аварцы, лезгіны, даргінцы, лакцы, чэчэнцы, інгушы, кабардзінцы, адыгейцы, чэркесы і інш.). На ПнУ Еўропы жывуць ненцы (каля 7 тыс.чал.) — прадстаўнікі самадзійскай моўнай групы. Ізаляваная ў сістэме моўнай класіфікацыі мова баскаў (1,3 млн.чал.). У розных краінах Еўропы (найб. у Расіі, Украіне, Беларусі, Вялікабрытаніі і Францыі) — каля 2 млн. яўрэяў, якія гавораць на мовах насельніцтва, сярод якога жывуць, і на мове ідыш, што ўваходзіць у германскую групу. Еўропа — радзіма 2 асн. адгалінаванняў хрысціянства — правасл. і каталіцкай цэркваў, шматлікіх пратэстанцкіх цэркваў і рэліг. плыняў, якія вылучыліся з хрысціянства ў перыяд Рэфармацыі (16—17 ст.). У краінах Усх. і Паўд.-Усх. Еўропы (Расія, Украіна, Беларусь, Румынія, Балгарыя, Грэцыя, Югаславія, Македонія) большасць вернікаў праваслаўныя. Каталіцызм пераважае ў краінах Паўд.-Зах. (Італія, Іспанія, Партугалія, Мальта) і некаторых краінах Зах., Цэнтр. і Усх. Еўропы (Ірландыя, Францыя, Бельгія, Люксембург, Аўстрыя, Польшча, Літва, Чэхія, Славакія, Венгрыя, Харватыя); у Германіі, Нідэрландах, Швейцарыі католікі складаюць палавіну насельніцтва, астатнія — пратэстанты. Пратэстантаў найбольш у краінах Паўн. Еўропы (Фінляндыя, Швецыя, Нарвегія, Данія, Ісландыя), а таксама ў Вялікабрытаніі, Латвіі, Эстоніі. Іслам вызнаюць у Албаніі і еўрап.ч. Турцыі. Значныя групы мусульман ёсць у Расіі (Паволжа, Паўн. Каўказ і Урал), Босніі і Герцагавіне, Балгарыі, многіх краінах Зах. Еўропы (нядаўнія эмігранты). У Еўропе жывуць таксама будысты (калмыкі і эмігранты з Паўд. і Усх. Азіі), групы індуістаў, канфуцыянцаў, сінтаістаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАШКОРТАСТА́Н, Рэспубліка Башкортастан, Башкірыя,
у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 143,6 тыс.км². Нас. 4048 тыс.чал. (1994), гарадскога 64%. Сярэдняя шчыльн. 28 чал. на 1 км². Жывуць башкіры, рускія, татары, чувашы, марыйцы, украінцы, мардва, удмурты і інш. Сталіца — г.Уфа. Найб. гарады: Стэрлітамак, Салават, Нафтакамск, Акцябрскі, Беларэцк, Ішымбай, Кумертау, Туймазы.
Прырода. Тэрыторыя Башкортастана займае ўсх. ўскраіну Усх.-Еўрапейскай раўніны, Перадуралле, горную паласу Паўд. Урала і ўзгоркава-раўнінную ч. Зауралля. На З рэльеф раўнінны, на ПдЗ Бугульмінска-Белебееўскае ўзвышша (выш. да 418 м), на Пд адгор’і Агульнага Сырта, на ПнУ Уфімскае плато (выш. да 632 м), паміж імі, на р. Белая, Ніжнябельская ўзгоркава-хвалістая раўніна. На У сістэма мерыдыянальных хрыбтоў Паўд. Урала (выш. да 1640 м, г. Ямантау); на Пд хрыбты зніжаюцца і пераходзяць у Зілаірскае плато. Пашыраны карст. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, вугаль, каменная соль; радовішчы жалеза, медзі, цынку, золата. Клімат кантынентальны, з умерана цёплым летам і суровай зімой. Сярэдняя т-ра студз. ад -14 °C да -17 °C, ліп. 16—20 °C. Ападкаў 300—600 мм за год. Частыя сухавеі і пылавыя буры, зімой бураны. Гал. рака — Белая (1420 км, амаль уся ў межах Башкортастана) з прытокамі Нугуш, Сім, Уфа, Дзёма, на Пдр. Сакмара. Шмат дробных азёраў. Большая ч. раўніннай неўзаранай тэр. пад лесастэпавай і стэпавай кавыльна-разнатраўнай расліннасцю на чарназёмных глебах. Пад лясамі 40% тэрыторыі. На Пн Перадуралля — мяшаныя лясы на шэрых лясных і дзярнова-падзолістых глебах. На Паўд. Урале рэзка праяўляецца вышынная пояснасць: пояс дубова-ліпавых лясоў змяняецца піхтава-яловым. Запаведнікі: Башкірскі, Шульган-Таш. Прыродны нац. парк.
Гісторыя. Паводле археал. звестак тэр. Башкортастана засялялася з часоў верхняга палеаліту. Першае апісанне башкіраў пакінуў араб. падарожнік Ібн Фадлан (921). У 10—13 ст.башк. плямёны качавалі ў Прыураллі ад Волгі да Табола; займаліся жывёлагадоўляй, паляваннем, рыбалоўствам, бортніцтвам; адбываўся пераход ад радавых да феад. адносін. У 13 ст. землі башкіраў заваявалі мангола-татары і ўключылі ў Залатую Арду. З 2-й пал. 15 ст. Башкортастан стаў васалам Нагайскай Арды, Казанскага і Сібірскага ханстваў. Пасля разгрому Казанскага ханства большасць насельніцтва Башкортастана прыняла рас. падданства (1557), захаваўшы сваю рэлігію — іслам. Феад.-калан. прыгнёт, захоп башк. земляў рус. памешчыкамі і заводчыкамі выклікалі паўстанні (гл.Башкірскія паўстанні 17—18 ст.). На чале з Салаватам Юлаевым башкіры ўдзельнічалі ў Сялянскай вайне 1773—75 пад кіраўніцтвам Е.І.Пугачова. З 18 ст. ў Башкортастане развіваецца горназаводская прам-сць. У 1798 рас. ўрад абвясціў башкіраў ваен. саслоўем, у 1863 прыраўняў іх у правах да сельскіх жыхароў. Пасля сял. рэформы 1861 у Башкортастане хуткімі тэмпамі развіваўся капіталізм. Буйным гандл.-адм. цэнтрам стаў г. Уфа. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у шэрагу гарадоў Башкортастана створаны Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Адначасова ў г. Уфа ў крас. 1917 на мусульм. з’ездзе башкіраў і татараў створаны Нац. савет. Летам 1917 нац. рух, які разгарнуўся пераважна на ўсходзе, узначаліў Башк.абл. савет. У снеж. 1917 у Арэнбургу, захопленым казацкімі войскамі А.І.Дутава, Башк. ўстаноўчы сход стварыў Башк.нац. ўрад на чале з З.Валідавым і М.Манатавым. 5.7.1918 Уфу захапілі белагвардзейцы (гл.Уфімская дырэкторыя) і стварылі башк. белае войска. Насельніцтва Башкортастана, незадаволенае рэжымам А.В.Калчака і яго заявамі пра ліквідацыю башк. аўтаноміі, павярнула на бок сав. улады. 20.3.1919 утворана Башкірская АССР са сталіцай у Стэрлітамаку (т.зв. Малая Башкірыя), падпісана Пагадненне Рас. рабоча-сял ўрада з Башк. урадам аб сав. аўтаноміі. Апазіцыйна настроеныя нац. сілы разглядалі гэта як тактычны ход і спрабавалі ізаляваць Башкортастан ад РСФСР. У 1922 да рэспублікі далучана б. Уфімская губ. (Вялікая Башкірыя), сталіца перанесена ў г. Уфа.
11.10.1990 абвешчана Рэспубліка Башкортастан у складзе Рас. Федэрацыі. 31.3.1992 Башкортастан разам з інш. рэспублікамі падпісаў дагавор аб федэрацыі з Расіяй, а з 1993 узяў пад кантроль эканам. і паліт. жыццё як незалежная рэспубліка.
Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: нафтаздабыўная, нафтаперапр., нафтахім. (вытв-сць гумава-тэхн. вырабаў, дубільных рэчываў, лакаў і фарбаў), машынабудаванне і металаапрацоўка (аўтасамазвалы, буд. машыны, машыны для ўнясення ў глебу ўгнаенняў, энерга- і трансп. машынабудаванне, станкабудаванне, вытв-сць горна-нафтавага абсталявання, эл.-тэхн. вырабаў). Развіты металургія чорных і каляровых металаў, хім. (сінт. каўчук, вытв-сць каталізатараў і каўстычнай соды), лясная і дрэваапр. (піламатэрыялы, запалкі, папера), лёгкая (гарбарна-абутковая, тэкст.), харч. (масларобная, спіртавая, цукр., вітамінная, плодаагароднінная) прам-сць. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў (жалезабетонныя вырабы). Здабыча бурага вугалю, меднай руды, золата. Вырошчваюць збожжавыя (яравая пшаніца, жыта, авёс, ячмень, кукуруза). Пасевы тэхн. культур (цукр. буракі, сланечнік). Садаводства. Малочна-мясная жывёлагадоўля (буйн. раг. жывёла, свінні) і мяса-воўнавая авечкагадоўля. Птушкагадоўля. Пчалярства. Па тэрыторыі Башкортастана праходзяць чыг. магістралі Самара—Уфа—Чэлябінск, шэраг мерыдыянальных адгалінаванняў чыг. ліній (Магнітагорск—Беларэцк); аўтамаб. шаша Самара—Чэлябінск. Суднаходства па рэках Белая і Уфа. Сетка нафта- і газаправодаў: Туймазы—Уфа, Ішымбай—Уфа, Ішымбай—Орск, Туймазы—Салават і інш. Курорты Аксакава, Алкіна, Шафранава, Чэхава, Краснаусольскі, Янгантау і інш.
Культура. У 1992 у Башкортастане больш за 2,5 тыс. дашкольных дзіцячых устаноў (каля 250 тыс. дзяцей), больш за 3,2 тыс.агульнаадук. школ (больш за 588 тыс. вучняў); 72 сярэднія спец.навуч. ўстановы (каля 64 тыс. навучэнцаў); у 9 ВНУ больш за 53 тыс. студэнтаў. Навук. даследаванні вядуцца ў НДІ і інш.навук. установах.
Літаратура Башкортастана фарміравалася на аснове вуснай нар. творчасці (эпічныя паданні, гіст. і быт. песні, казкі, легенды) і цюрк. пісьмовых помнікаў Прыуралля і Паволжа. Да фальклору набліжаны вершы і песні першага башкірскага паэта Салавата Юлаева. У 1-й пал. 19 ст. паэзія мела пераважна рэліг. суфійскі характар (Т.Ялсыгул, Ш.Закі і інш.). Ідэямі асветніцтва прасякнута творчасць пісьменнікаў 2-й пал. 19 ст. М.Акмулы, М.Бікчурына, М.Умітбаева. Прынцыпы крытычнага рэалізму сцвярджаліся ў творах М.Гафуры, А.Тагірава, Д.Юлтыя, Ш.Бабіча і інш.Л-ра 1930-х г. развівалася па шляху сац. рэалізму (аповесці і раманы С.Агіша, Б.Бікбая, І.Насыры, Х.Даўлетшынай, А.Бікчэнтаева, Тагірава, З.Біішавай, вершы і паэмы Юлтыя, С.Кудаша, Р.Нігматы, М.Сюндзюкле, драмы А.Мірзагітава, І.Абдуліна). Паэзія Т.Арслана, М.Карыма, Х.Карыма,Н.Наджмі, проза Агіша, Кудаша і інш. прысвечаны падзеям Вял. Айч. вайны. У апошнія дзесяцігоддзі плённа развіваюцца дзіцячая літаратура, літаратуразнаўства, крытыка, драматургія (А.Кірэеў, Нігматы, Г.Рамазанаў, М.Карым, Наджмі, Мірзагітаў). Актывізацыі башкіра-бел.літ. сувязяў садзейнічаў 3-і пленум ССП СССР (10—16.2.1936), прысвечаны пытанням башкірскай і бел. л-р. Творы бел. л-ры перакладалі Сюндзюкле, Кудаш, Х.Карым, Г.Аміры, Нігматы, Х.Бікулаў, Рамазанаў і інш.
На тэр. Башкортастана ў Капавай пячоры (Шульганташ) выяўлены палеалітычныя наскальныя размалёўкі. У могільніках 1-га тыс. да нашай эры — 1-га тыс. нашай эры знойдзены кераміка, пацеркі, падвескі, металічныя спражкі з арнаментам і стылізаванымі выявамі жывёл. З пранікненнем ісламу тут пачалі будаваць маўзалеі (Кэшэнэ і Хусейн-хана, абодва 14 ст.), мячэці (с. Стара-Тушкірова, 17—18 ст.). У 16—18 ст. узніклі гарады Стэрлітамак, Белебей, Бірск, Уфа, у якіх з 19 ст. будаваліся драўляныя і мураваныя дамы ў стылі класіцызму, у канцы 19 — пач. 20 ст. — эклектычнага характару. У збудаваннях 1930—50-х г. выкарыстоўваліся элементы класіцыстычнай архітэктуры. З 1960-х г. забудова гарадоў вядзецца комплексна, будынкі сучаснага стылю, простых, лаканічных формаў. У традыц.нар. мастацтве башкіраў здаўна развіты ўзорыстае ткацтва (заслоны, сурвэткі, ручнікі, бязворсавыя дываны), вышыўка тамбурам (налобныя павязкі-«харусы», фіранкі-«шаршаў»), зеляны. У аплікацыях на суконным абутку, цісненнях па скуры, чаканцы і насечках па метале пераважаюць арнаменты, агульныя паводле паходжання з цюрк. і манг. народамі. Пашыраны драўляны посуд («коўш-іжаў») з разьбой і размалёўкай, з 19 ст. — арх. разьба. Першы башкірскі мастак К.Даўлеткільдзееў. Сярод жывапісцаў 1940—80-х г. З.Гаянаў, Б.Дамашнікаў, А.Бурзянцаў, А.Панцялееў, Р.Нурмухаметаў, А.Лутфулін, Ф.Кашчэеў, А.Сітдыкава; сярод скульптараў — Т.Нячаева, Б.Фузееў, Р.Фатыхаў; сярод графікаў — Р.Гумераў, В.Дзіянаў, Э.Саітаў. У 1920 у г. Уфа адкрыты Маст. музей (з 1954 імя М.Несцерава), у 1926 — маст. вучылішча (цяпер Уфімскае вучылішча мастацтваў). У 1933 засн. Саюз мастакоў, у 1938 — Саюз архітэктараў Башкортастана.
Сярод найб.стараж. жанраў башкірскага муз. фальклору эпічныя кубаіры (быліны) і баіты (сюжэтныя песні-казкі), вясельныя галашэнні (сенляу) і велічанні (цяляк), працяжныя (азанкюй) і кароткія (кыска-кюй) песні, такмакі (песні-танцы тыпу прыпевак). Пашырана меладычнае аднагалоссе, элементы шматгалосся пры гарлавых спевах — узляу. Нар.муз. інструменты — курай, кубыз, дамбра. Прафес. музыка развіваецца з 1920-х г. У 1940-я г.паст. першыя нац. оперы («Хакмар» М.Валеева, «Мэргэн» і «Ашказар» А.Эйхенвальда) і балет «Жураўліная песня» Л.Сцяпанава і З.Ісмагілава (1944). Уклад у развіццё сімф., камерна-інстр. і вак. жанраў зрабілі З. і Л.Ісмагілавы, Х.Ахметаў, Р.Муртазін, Н.Сабітаў, Х.Заімаў, Т.Карымаў, Р.Газізаў, Р.Хасанаў, Д.Хасаншын і інш. Працуюць (1995): Башк. т-р оперы і балета, філармонія, хар. капэла, Башк. ансамбль нар. танца, Ін-т мастацтваў, муз. вучылішча; Саюз кампазітараў (з 1940).
У 1919 у Башкортастане створаны першы прафес.тэатр. калектыў (цяпер Башкірскі акад. т-р драмы). Ставіліся нац.фалькл. і гіст.-рэв. п’есы, у 1920—30-я г. — творы рус. і зах.-еўрап. класікі, башк. драматургаў (М.Гафуры, Х.Ібрагімава, А.Тагірава, Д.Юлтыя). У гады Вял. Айч. вайны створаны спектаклі: «Вайна» К.Мэргэна, «На беразе Белай» Р.Нігматы, «Нашэсце» Л.Лявонава і інш. У 1950—80-я г. рэпертуар т-раў узбагаціўся п’есамі М.Карыма, Н.Наджмі, Н.Асанбаева, А.Атнабаева, Р.Ішмурата, А.Мірзагітава, І.Юмагулава і інш. аб мінулым і сучасным жыцці башк. народа. У Башкортастане 3 нац., 2 рус.драм. і лялечны т-ры.
Р.А.Жмойдзяк (прырода, гаспадарка).
Да арт. Башкортастан. А.Сітдыкава. Зброя Батыра. 1974.Да арт. Башкортастан. Зелян (жаночы расшыты халат). Пач. 20 ст.Да арт. Башкортастан. А.Лутфулін. Тры жанчыны. 1968.Да арт. Башкортастан. З.Гаянаў. Час уборкі. 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЎРО́ПА,
частка свету, зах.ч. мацерыка Еўразія. Пл. каля 10 млн.км², у т. л.пл. астравоў каля 730 тыс.км². Крайнія пункты кантынентальнай Е.: на Пн — мыс Нордкін, 71°08 паўн. ш., на Пд — мыс Маракі, 36° паўн. ш., на З — мыс Рока, 9°34 зах. д., на У — Палярны Урал (паблізу Байдарацкай губы), 67°30 усх. д. Мяжу з Азіяй умоўна праводзяць па ўсх. падножжы Урала, рэках Эмба, Каспійскім м., рэках Кума і Маныч, Азоўскім, Чорным і Мармуровым морах, прал. Басфор і Дарданелы. Абмываецца морамі Паўн. Ледавітага і Атлантычнага ак.: на Пн і ПнЗ Карскім, Баранцавым, Белым і Нарвежскім, на З — Балтыйскім і Паўночным, на Пд — Міжземным, Мармуровым, Чорным і Азоўскім, на ПдУ бяссцёкавым возерам Каспійскім морам. Берагі моцна парэзаныя, асабліва на З і Пд. Даўж. берагавой лініі каля 38 тыс.км. На долю паўастравоў прыпадае каля 1/4 тэрыторыі, самыя вялікія Кольскі, Скандынаўскі, Пірэнейскі, Апенінскі, Балканскі. Найб. а-вы: Новая Зямля, Ісландыя, Вялікабрытанія, Ірландыя, Корсіка, Сардзінія, Сіцылія, Крыт. Найб. аддаленасць ад мораў каля 1600 км.
Рэльеф. Па сярэдняй (каля 300 м) і максімальнай вышыні (г. Манблан — 4807 м) Е. саступае інш. часткам свету, акрамя Аўстраліі. У будове паверхні пераважаюць раўніны. Горы займаюць каля 17% тэр. Палавіну плошчы займае Усходне-Еўрапейская (Руская) раўніна і яе працяг на З — Сярэднееўрапейская раўніна. На раўнінах ёсць узвышшы да 300—400 м над узр. м. (Сярэднярускае, Прыволжскае, Валынскае, Падольскае, Валдайскае і інш.) і нізіны да 150—200 м (Прычарнаморская, Прыдняпроўская, Прыкаспійская і інш.). Для паўн.ч. характэрны ледавікова-акумуляцыйныя і водна-ледавіковыя формы рэльефу. У цэнтр. і паўд.ч. Рускай раўніны пераважаюць эразійнарасчлянёныя паверхні (яры, лагчыны і інш.). На Пд — маладыя марскія акумуляцыйныя нізіны — Прычарнаморская і Прыкаспійская. Найб. значныя горы: Альпы, Карпаты, Пірэнеі, Апеніны, Скандынаўскія, горы Балканскага п-ва (Радопы, Рыла, Пірын). Уздоўж усх. граніцы — Уральскія горы. Да Е. зрэдку адносяць Каўказ. Дзеючыя вулканы ёсць у Ісландыі (Гекла, Лакі, Аск’я) і Міжземнамор’і (Этна, Везувій, на Ліпарскіх а-вах і а-вах Тыра).
Геалагічная будова. У фундаменце Е. ляжыць Еўрап. платформа, якая займае ўсю Усх. Е. і паўн.-зах.ч.Зах. Е.
На большай ч. платформы дакембрыйскі крышт. фундамент перакрыты гарызантальна залягаючымі асадкавымі пародамі магутнасцю ад 1—2 да 5 км. З З і ПнЗ платформу акаймоўваюць каледонскія структуры (Скандынаўскія горы, Паўн.-Шатландскае нагор’е, Паўд.-Шатландскае ўзв., горы Уэльса). На УЕўрап. платформа абмежавана Уральскімі гарамі герцынскага ўзросту. Шырока прадстаўлены герцыніды ў Зах. Е.: Пд Брытанскіх а-воў, Цэнтр. Французскі масіў, Вагезы, Шварцвальд, Рэйнскія Сланцавыя горы, Чэшскі масіў з Судэтамі, Руднымі гарамі, Шумавай, Чэшскі Лес і Калецка-Сандамірскі краж. З Пд герцыніды акаймоўваюцца маладым альпійскім поясам (Альпы, Карпаты, Стара-Планіна). На Пд Е. альпійскія структуры прадстаўлены Андалускімі, Пірэнейскімі, Апенінскімі гарамі, Дынарскім нагор’ем, Паўн.-Албанскімі Альпамі, хр. Пінд, горнымі ўтварэннямі на астравах. Перадгорныя прагіны займаюць Паданская і Ніжнедунайская раўніны. Значную ролю ў геалаг. гісторыі Е. мелі чацвярцічныя зледзяненні. Асноўнымі цэнтрамі фарміравання ледавіковага покрыва былі Фенаскандыя і Шатландыя. Ледавікі пакінулі ледавікова-экзарцыйныя і ледавікова-акумуляцыйныя формы рэльефу. Чацвярцічныя зледзяненні адзначаліся і ў гарах на Пд.
Карысныя выкапні. У Е. буйныя радовішчы нафты і прыроднага газу (шэльф Паўночнага м., перадгор’і Каўказа, Волга-Уральская нафтагазаносная вобл., Прыкаспійская нізіна), каменнага вугалю (в-аў Вялікабрытанія, Рурскі, Верхнесілезскі, Данецкі, Пячорскі басейны), жал. (Скандынаўскі і Кольскі п-вы, Латарынгія, Курская магнітная анамалія, Крывы Рог, Керч), марганцавых (Нікапаль), алюмініевых (Кольскі п-аў, Венгрыя, Грэцыя), поліметал. (Германія, Іспанія, Балгарыя, Польшча), нікелевых, кобальтавых, медных руд. Германія, Беларусь і Францыя багатыя калійнымі солямі. Ёсць кухонная соль, разнастайныя буд. матэрыялы і інш.
Клімат. Е. знаходзіцца ў 4 кліматычных паясах: арктычным. субарктычным, умераным і субтрапічным. Розная аддаленасць ад акіянаў і ўплыў рэльефу абумоўліваюць ваганні кліматычных умоў. Цыркуляцыя паветр. мас вызначаецца цэнтрамі атм. ціску: Ісландскім мінімумам, Азорскім і Азіяцкім максімумамі, арктычным поясам высокага ціску.
Найб. тэрыторыі ляжаць ва ўмераным поясе, для якога характэрны заходні перанос паветра. З-за ўплыву цёплых атл.паветр. мас большая ч.Зах. Е. мае акіянічны клімат. У студз. тут дадатныя т-ры паветра (да 6 °C). Пры руху на У павялічваецца кантынентальнасць, паветра выхалоджваецца, ва Усх. Е. часта пранікае арктычнае паветра. Гэта выклікае паніжэнне т-р да -10, -24 °C. Ва Усх. Е. ўтвараецца ўстойлівае снегавое покрыва на 4—8 месяцаў. Летам тэрмічны рэжым у асноўным адпавядае занальнаму размеркаванню сонечнага цяпла. На Пн Е. т-ра самага цёплага месяца (ліпень—жнівень) 5 °C. Самыя высокія т-ры адзначаюцца ў Міжземнамор’і (26—28 °C). Колькасць ападкаў ад 1000—1500 мм на З да 400 мм на У. Найменш іх выпадае ў Прыкаспійскай нізіне — 150—200 мм. Найб. колькасць ападкаў на З выпадае ўвосень і ў пачатку зімы, на У улетку, у Паўд. Е. — зімой.
Унутраныя воды. Па велічыні слоя сцёку (каля 300 мм) Е. займае 2-е месца пасля Паўд. Амерыкі, але з-за малых памераў сушы аб’ём сцёку невялікі (каля 2950 км² за год). Е. багатая паверхневымі водамі. Большасць рэк належыць да бас. Атлантычнага ак. або яго мораў (Нява, Зах. Дзвіна, Нёман, Вісла, Одра, Эльба, Рэйн, Сена, Луара, Гарона, Дуэра, Таха, Эбра, Рона, По, Дунай, Дняпро, Дон). Самая доўгая р. Волга ўпадае ў Каспійскае м. Да бас.Паўн. Ледавітага ак. адносяцца Пячора і Паўн. Дзвіна. Большасць рэк мае павольнае цячэнне, малыя нахілы рэчышчаў, моцнае меандраванне. Для іх рэжыму характэрны веснавы максімум, летне-асенні і зімовы мінімумы, зімовы ледастаў. Не замярзаюць толькі рэкі на крайнім 3 і Пд. Большасць рэк суднаходныя, многія з іх злучаны паміж сабой каналамі. Рэкі Паўд. Е. з’яўляюцца важнай крыніцай арашэння. Многія рэкі выкарыстоўваюцца ў гідраэнергет. мэтах. Буйныя вадасховішчы на Волзе, Дняпры, Доне. Шмат азёр у раёнах чацвярцічнага зледзянення. Найбольшыя з іх — Ладажскае (пл. 18,4 тыс.км²), Анежскае (9,9 тыс.км²), Венерн, Ветэрн, Меларэн, Ельмарэн, Інары, Імандра — маюць ледавікова-тэктанічнае паходжанне. Шмат запрудных ледавіковых азёр: Сайма, Мюрыц, Снярдвы, Мамры. Каля падножжа Альпаў падпруджаныя стараж. марэнамі далінных ледавікоў азёры Жэнеўскае, Фірвальдштэцкае, Кома, Гарда, Лага-Маджорэ. Ёсць тэктанічныя, вулканічныя і карставыя азёры. У лясной зоне шмат балот. Агульная пл. сучасных ледавікоў каля 100 тыс.км², у т. л. на астравах Арктыкі (каля 75 тыс.км²), у Ісландыі (11,8 тыс.км²), Скандынаўскіх гарах (5 тыс.км²), Альпах (3,2 тыс.км²).
Глебы і расліннасць. На раўнінах Усх. Е. добра акрэслена шыротная занальнасць глеб і расліннасці; у гарах вышынная пояснасць. На астравах Паўн. Ледавітага ак. — арктычныя пустыні з мохава-лішайнікавай расліннасцю на маламагутных арктычных глебах. На ПнУсх.-Еўрап. раўніны і Фенаскандыі — тундравая зона з мохава-лішайнікавым і хмызняковым покрывам, якая на Пд пераходзіць у лесатундру; глебы тундравыя, глеевыя, часткова ападзоленыя. На Пд да Ладажскага воз. і Паўн. Увалаў, а таксама на большай ч. Фенаскандыі — ялова-піхтавыя, хваёвыя і лістоўнічныя таежныя лясы на падзолістых моцна забалочаных глебах. Мяшаныя (хвойна-шыракалістыя) лясы займаюць Пн Вялікабрытаніі, Пд Скандынавіі, У Сярэднееўрап. раўніны, а на Рус. раўніне дасягаюць 52—54 паўн. ш., паступова выкліньваюцца да Урала. Занальным тыпам глебы з’яўляюцца дзярнова-падзолістыя. Ва ўмовах акіянічнага ўмеранага клімату ў Зах. Еўропе пашыраны шыракалістыя лясы (бук, граб, каштан, на У — дуб). Пераважаюць бурыя лясныя глебы. На ўзбярэжжах развіваюцца верасоўнікі. У гарах вышынная пояснасць. У Альпах дубова-букавыя лясы перадгор’яў зменьваюцца хвойна-шыракалістымі лясамі сярэднягор’яў (да выш. 1700—2100 м). Вышэй субальпійскія і альпійскія лугі. Зоны лесастэпаў і стэпаў прымеркаваны да ўмоў умеранага кантынентальнага клімату на Прыдунайскіх раўнінах і на ПдРус. раўніны. Пераважаюць разнатраўна-злакавыя і злакавыя стэпы на чарназёмных і каштанавых глебах. На Пд Ніжняга Паволжа пашыраны паўпустыні з перавагай ксерафітных хмызнякоў, салянак, палыноў. У міжземнаморскім клімаце атрымала развіццё зона вечназялёных субтрапічных ксерафітных лясоў (каменны і коркавы дуб, італьян. хвоя і інш.) і ксерафітныя фармацыі з вечназялёных і лістападных хмызняковых; у гарах шыракалістыя і мяшаныя лясы.
Жывёльны свет. Тэр. Е. ўваходзіць у склад Арктычнай (у межах арктычнай, тундравай і лесатундравай зон), Еўрап.-Сіб. (з лясной, лесастэпавай і стэпавай зонамі) і Міжземнаморскай падабласцей Палеаарктычнай біягеагр. вобласці. Самы бедны відамі жывёльны свет на паўн. акіянічных узбярэжжах і ў зоне тундры (пясец, гарнастай, паўн. алень, лемінгі, з птушак — палярная сава і курапатка, гусі, качкі і інш.). На ўзбярэжжах трапляецца белы мядзведзь, у морах маржы, цюлені, розныя віды рыб. Для лясной зоны характэрны лось, дзік, ліс, воўк, буры мядзведзь, бабёр, заяц, з птушак — рабчыкі, глушцы, курапаткі. На У у лясах водзяцца собаль, расамаха, вавёрка, бурундук, лясная пяструшка. У зах.-еўрап. лясах — высакародны алень, казуля, дзік, заяц. У лесастэпах і стэпах Е. пераважаюць суслікі, суркі, тушканчыкі, палёўкі, хамякі. на У трапляюцца сайгакі. У міжземнаморскай зоне — дзікабраз, вівера-генета, шматлікія птушкі (блакітная сарока, каменны дрозд, фламінга, белагаловы сіп, сіваваронка), паўзуны і земнаводныя (яшчаркі, хамелеоны, чарапахі, вужы, гадзюкі і інш.), насякомыя. У гарах захаваліся горныя каалы, серны, муфлоны.
Насельніцтва. У Е. жыве больш за 700 млн.чал. Шчыльнасць нас. вагаецца ад 5 чал. у Паўн. Е. да 250—300 чал. у Цэнтр. Е. У некат. краінах (Нідэрланды, Бельгія) шчыльнасць перавышае 300 чал. на 1 км². У Е. самы высокі (73%) працэнт гар. насельніцтва (Бельгія — 97%, Ісландыя — 91, Вялікабрытанія і Нідэрланды — па 89, Германія — 86, Швецыя — 83%). Найб. нізкі працэнт гар. насельніцтва на ПдУ (Албанія — 37%, Югаславія — 47, Малдова — 50, Харватыя — 51%). У Е. 59 гарадоў з нас. больш за 1 млн.ж., Мінск знаходзіцца прыкладна на 30-м месцы. Найб. гарады Е.: Лондан, Парыж, Масква, Санкт-Пецярбург, Берлін. Для большасці краін Е. ў канцы 20 ст. характэрны нізкі прырост насельніцтва — каля 0,1—0,3% за год. У некат. краінах (Венгрыя, Украіна, Германія, Беларусь) натуральны прырост адмоўны. Насельніцтва Е. належыць да вял. еўрапеоіднай расы, большасць народаў гаворыць на мовах індаеўрап. сям’і. Славянская група моў гэтай сям’і падзяляецца на 3 падгрупы: усх. (беларусы, рускія, украінцы), зах. (палякі, чэхі, славакі, лужыцкія сербы), паўд. (балгары, сербы, харваты, славенцы, македонцы, баснійцы, чарнагорцы). Блізкія да славян мовай і культурай народы балт. моўнай групы — літоўцы і латышы. Паўн.-Зах. і Цэнтр. Е. насяляюць народы герм. моўнай групы, якая падзяляецца на паўн. (шведы, датчане, фарэрцы, нарвежцы, ісландцы) і зах. (немцы, аўстрыйцы, германа-швейцарцы, эльзасцы і латарынгцы, люксембуржцы, галандцы, фламандцы, фрызы, англічане, шатландцы, ольстэрцы) падгрупы. У Зах. і Паўд.-зах. Е. жывуць народы раманскай моўнай групы (італьянцы, французы, іспанцы, партугальцы, каталонцы, галісійцы, валоны, франка-швейцарцы, італа-швейцарцы, карсіканцы, рэтараманскія народы — фрыулы, ладзіны, раманшы). У раманскую групу таксама ўваходзяць блізкія да славян культурай малдаване, румыны, арамуны (влахі). Да кельцкай моўнай групы адносяцца ірландцы, уэльсцы (валійцы), гэлы, брэтонцы; асобныя моўныя групы складаюць албанцы і грэкі; цыганы належаць да інд. моўнай групы. На тэр. Е. жывуць народы уральскай сям’і: да фінскай групы гэтай сям’і адносяцца фіны, карэлы, эстонцы, лівы, іжорцы, вепсы, саамы, комі і комі-пермякі, удмурты, марыйцы, мардва, да угорскай — венгры, мансі, да самадыйскай — ненцы. У цюркскую моўную групу алтайскай сям’і моў уваходзяць чувашы, татары, башкіры, туркі, гагаузы, у мангольскую — калмыкі. Адасобленае становішча займаюць баскі, якія жывуць на ўзбярэжжы Біскайскага зал. ў Францыі і Іспаніі. Да семіта-хаміцкай моўнай сям’і належаць мальтыйцы. Яўрэі карыстаюцца мовамі тых народаў, сярод якіх жывуць. і мовамі ідыш і іўрыт. Е. — радзіма 2 асноўных галін хрысціянства — праваслаўя і каталіцтва, а таксама шматлікіх пратэстанцкіх цэркваў і плыней, якія ўзніклі ў 16—17 ст. Большасць веруючага насельніцтва Е. вызнае хрысціянства: праваслаўе (усх. і паўд. славяне, усх.-раманскія народы, грэкі, мардва, удмурты і інш.), каталіцызм (амаль усе раманскія народы, зах. славяне, ч.паўд. славян, літоўцы, ірландцы, аўстрыйцы, фламандцы. венгры, ч. немцаў і інш.), пратэстанцтва (палавіна немцаў, галандцы, англічане, шатландцы, уэльсцы, датчане, шведы, нарвежцы, фіны). Частка насельніцтва Е. (туркі, татары, башкіры, казахі, ч. баснійцаў, большасць албанцаў, выхадцы з мусульманскіх краін) вызнае іслам. Невял. групы насельніцтва вызнаюць іудаізм (яўрэі), будызм (калмыкі) і інш.
Палітычны падзел. На тэр. Е. размешчаны дзяржавы: Албанія, Андора, Аўстрыя, Балгарыя, Беларусь, Бельгія, Боснія і Герцагавіна (складаецца з 2 самаст.ч.), Ватыкан, Вялікабрытанія, Венгрыя, Германія, Грэцыя, Данія, Ірландыя, Ісландыя, Іспанія, Італія, Казахстан (еўрап. частка), Латвія, Літва, Ліхтэнштэйн, Люксембург, Македонія, Малдова, Мальта, Манака, Нарвегія, Нідэрланды, Партугалія, Польшча, Расія (еўрап. частка), Румынія, Сан-Марына, Славакія, Славенія, Турцыя (еўрап. частка), Украіна, Фінляндыя, Францыя, Харватыя, Чэхія, Швейцарыя, Швецыя, Эстонія, Югаславія; Гібралтар — уладанне Вялікабрытаніі, Фарэрскія а-вы — аўтаномная ч. Даніі. Пра кожную дзяржаву і ўладанне гл. асобны артыкул.
М.В.Лаўрыновіч.
Да арт, Еўропа. Мінскае ўзвышша ў наваколлі Мінска.Да арт.Еўропа. Тыповы ландшафт на Скандынаўскім паўвостраве.Да арт.Еўропа. Краявід у цэнтральнай частцы вострава Сіцылія.Да арт.Еўропа. Даліна Рэйна ў Германіі.Да арт.Еўропа. Ландшафт у Падмаскоўі.