ГУ́ЛЬБІШЧА,

вонкавая адкрытая тэраса ці закрытая галерэя, якая абкружае будынак на ўзроўні перакрыццяў падклецця. Выкарыстоўвалася ў культавых будынках 16—17 ст., часам у пабудовах свецкага характару. У драўляным дойлідстве існавала ў выглядзе стоек з укосінамі ў верхняй частцы (Троіцкая царква Маркава манастыра ў Віцебску), у мураваным — у выглядзе аркадных і ордэрных галерэй, глухіх прыбудоў да асн. будынка (храм-пахавальня ў Полацкім Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры).

Г.А.Лаўрэцкі.

т. 5, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РКАЎ (Андрэй Андрэевіч) (14.6.1856, г. Разань, Расія — 20.7.1922),

расійскі матэматык. Акад. Пецярб. АН (1896). Скончыў Пецярб. ун-т (1878), дзе і працаваў (з 1886 праф.). Асн. працы па тэорыі імавернасцей і яе дастасаваннях, тэорыі лікаў, матэм. аналізе і матэм. статыстыцы. Даў пачатак тэорыі т.зв. маркаўскіх працэсаў, увёў паняцце паслядоўнасці залежных выпрабаванняў (гл. Маркава ланцуг), даў імавернаснае абгрунтаванне метаду найменшых квадратаў.

Тв.:

Избр. труды. Теория чисел. Теория вероятностей. М., 1951.

А.А.Маркаў.

т. 10, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАТУСЕ́ВІЧ (Ян) (24.7.1948, в. Каменка Мінскага р-на — 2.9.1998),

бел. рэлігійны дзеяч. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1972), духоўную правасл. семінарыю у Смаленску (1974). У 1974—79 правасл. святар у Смаленску, у в. Маркава Маладзечанскага р-на. У 1979 перайшоў у каталіцтва. У 1979—90 пробашч касцёла ў в. Баруны Гродзенскай вобл. З 1990 пробашч першай Мінскай грэка-каталіцкай парафіі св. Язэпа. З 1993 дэкан Беларускай грэка-каталіцкай царквы.

Дз.К.Беразоўскі.

т. 10, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНА́ДЫР,

рака на крайнім ПнУ Сібіры, у Чукоцкай аўт. акрузе Расійскай Федэрацыі. Даўж. 1150 км, пл. бас. 191 тыс. км. Пачынаецца на Анадырскім пласкагор’і, упадае ў Анадырскі заліў Берынгава м. У вярхоўях мае горны характар, вузкую даліну. На Анадырскай нізіне рэчышча расчляняецца на сетку рукавоў і пратокаў. Асн. прытокі: Майн (справа), Белая, Танюрэр (злева). Сярэдні расход вады ў ніжнім цячэнні 1680 м³/с. Ледастаў з кастр. да канца мая — пач. чэрвеня. У бас. Анадыра больш за 23,5 тыс. азёраў агульнай пл. 3231 км². У ніжнім цячэнні — рыбалоўства. Суднаходная ад с. Маркава (570 км).

т. 1, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ ТРО́ІЦКАЯ ЦАРКВА́ Маркава манастыра. Існавала ў Віцебску ў канцы 17 — пач. 20 ст. Пабудавана з дрэва ў 1691 на правым беразе Зах. Дзвіны ў традыцыях Віцебскай школы дойлідства. Пастаўлена на фундаменце крыжовага драўлянага храма

(засн. ў 1633),

знішчанага пажарам.

Царква 4-зрубная, крыжова-цэнтрычнай кампазіцыі, тры зрубы 5-гранныя, заходні прамавугольны ў плане, паміж крыламі трансепта і алтарным зрубам — шматгранныя рызніцы. Зрубы і сяродкрыжжа былі перакрыты самкнутымі купаламі і накрыты невысокімі шатрамі з галоўкамі. Увесь будынак меў вял. абходную галерэю на разьбяных слупках з ганкам пры ўваходзе, накрытым шатровым дахам. Знесена ў 1920-я г.

Т.В.Габрусь.

т. 4, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ННІК (Юрый Уладзіміравіч) (21.1. 1915, г. Белая Царква, Украіна — 30.6. 1972),

расійскі матэматык. Акад. АН СССР (1964), замежны чл. Шведскай каралеўскай АН (1971). Герой Сац. Працы (1969). Сын У.П.Лінніка. Скончыў Ленінградскі ун-т (1938), у якім і працаваў (з 1944 праф.). З 1942 у Ленінградскім аддз. Матэм. ін-та АН СССР. Навук. працы па тэорыі лікаў, тэорыі імавернасцей і матэм. статыстыцы. Сфармуляваў лімітныя тэарэмы для незалежных выпадковых велічынь і неаднародных ланцугоў Маркава, выканаў шэраг грунтоўных даследаванняў (рашэнне праблемы Варынга, дысперсійны метад у адытыўнай тэорыі лікаў, тэорыя ацэньвання і інш.). Ленінская прэмія 1970, Дзярж. прэмія СССР 1947.

Тв.:

Избр. труды. [Т. 1—2]. Л., 1979—81.

Літ.:

Академик Ю.В. Линник: Биобиблиогр. указ. Л., 1975.

Ю.У.Ліннік.

т. 9, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РКАЎСКІ ПРАЦЭ́С спецыяльны від выпадковых працэсаў без паслядзеяння. Служыць мадэллю для многіх працэсаў у фізіцы

(напр., распад радыеактыўнага рэчыва),

у біялогіі (рост папуляцыі, працэсы мутацыі), у хіміі, тэорыі масавага абслугоўвання.

Выпадковы працэс X(t) наз. М.п., калі для любых момантаў часу t0 i t1 (t0 < t1) умоўнае размеркаванне X(t1) пры ўмове, што зададзены ўсе значэнні X(t) пры t≤to, залежыць толькі ад X(t0). Гэтая вызначальная ўласцівасць М.п. наз. маркаўскай уласцівасцю або адсутнасцю паслядзеяння: стан нейкай сістэмы ў момант t0 адназначна вызначае размеркаванне імавернасцей будучага развіцця працэсу пры t > t0 і інфармацыя аб мінулым развіцці працэсу да моманту t0 не ўплывае на гэтае размеркаванне. Тэорыя М.п. бярэ пачатак ад работ 1907 А.А.Маркава, прысвечаных вывучэнню паслядоўнасці залежных выпрабаванняў (гл. Маркава ланцуг). Агульная тэорыя М.п. і іх класіфікацыя дадзены А.М.Калмагоравым (1931).

В.І.Бернік.

т. 10, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫСКРЭ́ТНАЯ СІСТЭ́МА,

тэхнічная (электронная ці інш.) сістэма, працэс функцыянавання якой характарызуецца канечным (ці бясконцым) дыскрэтным наборам станаў, змены якіх могуць адбывацца ў дыскрэтныя моманты часу (гл. Дыскрэтнасць). Напр., паслядоўнасць выпрабаванняў з некалькімі магчымымі зыходамі. Пры гэтым ролю часу выконвае нумар выпрабавання, ролю стану — нумар зыходу. Існуюць неперарыўныя сістэмы, якія таксама можна разглядаць як дыскрэтныя (напр., лічбавыя вымяральныя прылады): станы ўлічваюцца ў пэўныя (дыскрэтныя) моманты часу і іх лікавыя значэнні акругляюцца. Апісанне і даследаванне Д.с. выконваецца з дапамогай дыскрэтных Маркава ланцугоў, рознасных ураўненняў, стахастычных матрыц і інш. Пашыраны Д.с. аўтам. кіравання (гл. Аўтаматычнага кіравання тэорыя), апрацоўкі інфармацыі на ЭВМ, а таксама лічбавыя элементы выліч. тэхнікі, лічбавыя інтэгральныя схемы і інш. На Беларусі пытанні аналізу, сінтэзу, аўтаматызацыі праектавання Д.с. распрацоўваюць у Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ, Бел. дзярж. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, НВА «Інтэграл» і інш.

М.П.Савік.

т. 6, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Лаху́дра ’неахайны, апушчаны, дрэнна апрануты чалавек’ (Янк. II, Мат. Маг., Янк. БП; докш., Мат. Янк., КЭС, лаг.; жытк., КЭС; стаўб., Нар. сл., Юрч. Вытв.), ’неахайная, непрычасаная жанчына, дзяўчына’ (Шат., Бяльк., Яўс., Мат. Маладз.; драг., Нар. лекс.; трак., беласт., Сл. паўн.-зах.), ’абшарпаны, абадраны’ (міёр., З нар. сл.), ’скамечаная, парваная фуражка ці адзенне’ (Шат.), лаху́дры (мн.) ’валасы’ (б.-каш., глус., Мат. Маг., Мат. Гом.), лаху́тры ’скамечаная пасцель’ (Сл. паўн.-зах.), лахудры ’неахайны, няўклюдны’ (глус., Янк. II; хойн., Мат. Гом.), лахудрысты ’тс’ (Юрч. Вытв.). Рус. валаг., ярасл. лаху́дра ’абадранец’, ’жабрак’, ’хваравіты, слабы’, ’неахайны, непрыглядны’, тул. ’парванае, паношанае адзенне’, польск., малапольск., ц.-польск. łachudra, кацеўск. łachuder ’бедны чалавек у падраным убранні’. Паўн.-слав. словаскладанне łachu‑dьra з laxъ < лах (гл.) і derti > драць (гл.) ’абадранец’ (Слаўскі, 4, 409). Параўн. аналагічнае ўтварэнне лахтадрай (гл.). Менш імаверна ў Абнорскага (РФВ, 72, 380–382; 73, 347–349) і Фасмера (2, 468) — з лахон і кудри, а таксама ў Маркава (РФВ, 73, 103) — з мяркуемага фін. *laahutra ’няшчасны бадзяга’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВІ́ЦЕБСКАЯ ШКО́ЛА ДО́ЙЛІДСТВА,

самабытная арх. школа, што склалася ў драўляным грамадз. і культавым дойлідстве Віцебска ў 17—18 ст. Сфарміравалася пад уплывам Адраджэння, у 18 ст. развівалася пад уплывам стылю барока.

Спецыфічная рыса школы — ярусныя кампазіцыі, дзе кожны аб’ём быў самаст. арх. адзінкай і адначасова падпарадкоўваўся агульнай кампазіцыі будынка. Першапачаткова традыцыі школы склаліся ў абарончым буд-ве — сцены ў выглядзе гародняў, раскаты, вежы і інш. Асн. тыпы вежаў — прамавугольныя і васьмігранныя («круглікі»); у залежнасці ад функцый — вежы-брамы і глухія вежы. Замкавыя пабудовы (Верхні, Ніжні, Узгорскі замкі, гл. ў арт. Віцебскія замкі) фарміравалі адзіную структуру, суцэльную горадабуд. сістэму. Дынамічную асіметрыю мелі палацавыя будынкі 1-й пал. 17 ст. — дамы Горскага, Шапкіна, Віцебскі палац Агінскага. Да помнікаў Віцебскай школы дойлідства належаць грамадз. пабудовы — будынак прыказа, двор ваяводы, Віцебская ратуша з Віцебскім гасціным дваром. Культавыя будынкі мелі спецыфічныя рысы аб’ёмнапланіровачнай кампазіцыі, якія набліжалі іх да рус. і ўкр. архітэктуры. Яны ўяўлялі сабой ярусныя кампазіцыі, якія аб’ядноўвалі некалькі аб’ёмаў у адзіны суцэльны ансамбль; крыжова-цэнтрычныя храмы ўключалі 4—5 зрубаў, размешчаных вакол цэнтральнага, а таксама званіцу на гал. фасадзе (Віцебская Троіцкая царква на Пескаватыку), мелі галерэі, якія апяразвалі па перыметры ўвесь будынак або размяшчаліся з боку бабінца (Віцебская Троіцкая царква Маркава манастыра). Помнікі Віцебскай школы дойлідства не захаваліся, вядомыя паводле абмераў, замалёвак, фотаздымкаў 19 — пач. 20 ст.

Літ.:

Чарняўская Т.І. Архітэктура Віцебска: З гісторыі планіроўкі і забудовы горада. Мн., 1980.

Г.А.Лаўрэцкі.

т. 4, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)