Татара-мангольская няволя, гл. Мангола-татарская няволя

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

РАЗА́НСКАЕ КНЯ́СТВА,

сярэдневяковая рус. дзяржава ў сярэднім цячэнні р. Ака і ў вярхоўях Дона ў 1129—1521. Вылучылася з Чарнігаўскага княства. Цэнтр — г. Старая Разань, з сярэдзіны 14 ст. — г. Пераяслаўль-Разанскі (сучасная Разань). У 1237 і 1239 спустошана мангола-татарамі і трапіла ў залежнасць ад Залатой Арды. Да пач. 15 ст. часта варагавала з Маскоўскім вял. княствам, уступала ў саюзы з мангола-тат. ханамі і ВКЛ, да якога пры Вітаўце трапіла ў часовую залежнасць (з 1427). З сярэдзіны 15 ст. ў залежнасці ад Маскоўскага вял. княства, да якога далучана ў 1521.

т. 13, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́Ў (Пётр Кузьміч) (15.10.1863, г. Духаўшчына Смаленскай вобл., Расія — 26.9.1935),

расійскі даследчык Цэнтр. Азіі. Акад. АН УССР (1928). Скончыў ваен. вучылішча (1887). Удзельнічаў у экспедыцыях М.​М.​Пржавальскага, М.​В.​Пяўцова, У.​І.​Рабароўскага. Кіраваў мангола-тыбецкімі (1899—1901 і 1923—2.6) і мангола-сычуаньскай (1907—09) экспедыцыямі, у час якіх даследаваў вярхоўі рэк Хуанхэ, Янцзы, Меконг, адкрыў у пустыні Гобі рэшткі стараж. г. Хара-Хота і інш., сабраў матэрыялы пра араграфію, геалогію, клімат, раслінны і жывёльны свет, насельніцтва, гісторыю Цэнтр. Азіі. Яго імем названы ледавік у хр. Табын-Богда-Ола.

Тв.:

Монголия и Амдо и мертвый город Хара-Хото. 2 изд. М., 1947;

Монголия и Кам. 2 изд. М., 1948.

т. 7, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЯКСА́НДР (1190 ? — 31.5.1223),

князь дубровіцкі. Верагодна, сын кн. Глеба Юр’евіча з тураўскай дынастыі Ізяславічаў, зяць кіеўскага кн. Мсціслава Раманавіча. Упамінаецца ў летапісах з нагоды яго гібелі ў бітве рус. і палавецкіх князёў супраць мангола-татараў на р. Калка.

т. 1, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІ́НІЯ ВО́ДЫ, Сіняя Вада, Сінюха,

левы прыток Паўд. Буга ў Кіраваградскай і Мікалаеўскай абл. Украіны. Даўж. 111 км, пл. басейна 16 725 км². На беразе С.В. у 1362 войска вял. кн. ВКЛ Альгерда разбіла мангола-татар. Гл. Бітва каля Сініх Вод 1362.

т. 14, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАСКА́К (цюрк.),

у сярэднія вякі прадстаўнік мангольскага хана, які кіраваў захопленай тэрыторыяй і меў шырокія паўнамоцтвы. На Русі з’явіліся ў сярэдзіне 13 ст., збіралі даніну, вялі ўлік насельніцтва, кантралявалі дзейнасць мясц. улады. Баскакі мелі ваен. атрады, якія душылі выступленні заваяванага насельніцтва супраць мангола-татарскага панавання.

т. 2, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАМА́Н ДАНІ́ЛАВІЧ (каля 1230—58?),

князь навагрудскі ў 1250-х г. Сын галіцка-валынскага кн. Данілы Раманавіча. Дапамагаў бацьку ў вайсковай і дыпламат. дзейнасці. Вызначыўся ў баях супраць мангола-татараў, удзельнічаў у паходах на яцвягаў. У 1252 ажаніўся з герцагіняй Гертрудай, пляменніцай і спадкаемніцай Фрыдрыха II — апошняга аўстр. герцага з дынастыі Бабенбергаў, які ў барацьбе за аўстр. трон пацярпеў паражэнне і пакінуў Аўстрыю. Паводле дагавора, заключанага каля 1255 Данілам Раманавічам з Міндоўгам пры пасрэдніцтве яго сына Войшалка. Р.Д. атрымаў Навагрудскае княства з гарадамі Навагрудак, Слонім і Ваўкавыск; тады ж ажаніўся з Аленай — дачкой ваўкавыскага кн. Глеба. У адказ на паход галіцка-валынскіх і мангола-татарскіх войск на літ. ўладанні Войшалк і Таўцівіл у 1258 адбілі Навагрудак, захапілі Р.Д. ў палон і, верагодна, забілі яго. Існуе меркаванне, што сынам Р.Д. быў слонімскі кн. Васілька.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 13, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАНІ́ЛА РАМА́НАВІЧ (1201—64),

князь галіцкі і валынскі. Сын Рамана Мсціславіча. З 1211 княжыў у Галічы (у 1212 выгнаны), з 1221 — на Валыні. У 1229 завяршыў аб’яднанне валынскіх зямель, у склад якіх былі ўключаны Бярэсце, Кобрын, Камянец, Бельск, Драгічын; яму падпарадкоўваліся таксама тураўскія і пінскія князі. У 1223 удзельнічаў у бітве супраць мангола-татар на р. Калка, разбіў ням. рыцараў у Драгічынскай бітве 1238. У 1238 канчаткова авалодаў Галічам, у 1239 — Кіевам. Заснаваў гарады Львоў, Холм (зрабіў яго сталіцай княства), Угровеск і інш. Ваяваў супраць Польшчы і Венгрыі (1245), літ. князёў, прымусіў яцвягаў плаціць даніну. Каб стварыць кааліцыю супраць мангола-татар, у 1254 прыняў ад рымскага папы карону караля галіцкага, каранаваўся ў Драгічыне. У 1259 вымушаны прызнаць залежнасць ад манголаў. У перыяд яго княжання Галіцка-Валынскае княства дасягнула эканам. і паліт. росквіту, пашырыўся яго ўплыў на бел. землі.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 6, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́ЕЎСКАЯ ЗЯМЛЯ́,

гістарычная назва ў 9—15 ст. тэрыторыі на правым беразе сярэдняга цячэння Дняпра з цэнтрам у Кіеве. Да 1130-х г. у складзе Кіеўскай Русі, пасля распаду якой утварылася Кіеўскае княства. У 1240 спустошана мангола-татарамі. З 1362 у складзе ВКЛ, у 1471 на тэр. К.з. ўтворана Кіеўскае ваяводства.

Г.​В.​Штыхаў.

т. 8, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХІ́ЙСКАЯ БІ́ТВА 1241.

Адбылася 11 крас. каля сяла Махі (Мухі) у паўн. Венгрыі ў час манг.-тат. нашэсця 1241—42 паміж войскамі хана Батыя (120 тыс. чал.) і венг. караля Белы IV (60 тыс. чал.). Батый выманіў венг. армію з крэпасці Пешт на адкрытую мясцовасць, дзе колькасную перавагу (асабліва ў конніцы) мелі мангола-татары, што забяспечыла яму перамогу. Бела IV выратаваўся ўцёкамі.

т. 10, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)