ГА́ЙДЭЛЬБЕРГ,
Гейдэльберг (Heidelberg), горад у Германіі на Пн зямлі Бадэн-Вюртэмберг. Прыстань на р. Некар, паблізу ад яе ўпадзення ў Рэйн. 108,8 тыс. ж. (1994). Трансп. вузел. Прам-сць: станкабудаванне, вытв-сць паліграф. і хірург. абсталявання, эл.-тэхн., фармацэўтычная, тытунёвая, гарбарная. Выдавецтвы. АН. Гайдэльбергскі універсітэт. Замак курфюрстаў (13—17 ст.), інш. арх. помнікі 15—18 ст. Каля Гайдэльберга ў 1907 знойдзены рэшткі выкапнёвага, т.зв. гейдэльбергскага чалавека. Турызм.
Узнік на месцы стараж. рым. ўмацавання. У дакументах упершыню ўпамінаецца ў 1196, з 1225 уладанне Вітэльсбахаў, пазней сталіца Рэйнскага Пфальца. У 1386 засн. першы на ням. землях ун-т. У час Трыццацігадовай вайны 1618—48 акупіраваны войскамі Каталіцкай лігі і Іспаніі (1622); у 1689 і 1693 разбураны франц. войскамі, сталіца перанесена ў Мангейм (1720). У 1803 адышоў да Бадэна.
т. 4, с. 438
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова) 
БА́ДЭН-ВЮ́РТЭМБЕРГ
(Baden Wurttemberg),
зямля (адм. адзінка) на ПдЗ ФРГ. Пл. 35,7 тыс. км². 10,2 млн. чал. (1994). Адм. ц. — г. Штутгарт. Большая частка тэр. занята сярэднягор’ямі (Шварцвальд, выш. да 1493 м, часткова Одэнвальд), плато (Швабскі Альб); на Пн моцна ўзгорыстае ўзвышша; на З частка Верхнярэйнскай нізіны. Асн. рэкі Рэйн (на мяжы з Францыяй і Швейцарыяй) і Некар. Азёры Бодэнскае і Унтэр-Зе. Эканоміка мае ярка выражаны індустр. характар. Здабыча каменнай і калійнай соляў, жал., поліметал. і уранавых рудаў, нафты і газу, плавіковага шпату. ГЭС на горных рэках, АЭС у Обрыггайме. Развіты машынабудаванне, асабліва аўтамабільнае (Штутгарт, Мангейм), вытв-сць эл.-тэхн. вырабаў, станкоў і вагонаў, авіяракетная, электронная, хім. прам-сць, перапрацоўка нафты. Прадпрыемствы алюмініевай, тэкст., паліграф. прам-сці. У сельскай мясцовасці, асабліва ў Шварцвальдзе развіта рамесная вытв-сць ювелірных вырабаў, муз. інструментаў і інш. У пасевах пераважаюць збожжавыя, вырошчваюць цукр. буракі, бульбу, тытунь, хмель, кармавыя культуры. Развіта малочная жывёлагадоўля, асабліва на Пд і вакол вял. гарадоў. У далінах Рэйна і Некара, на ўзбярэжжы Бодэнскага воз. вінаробства. Праз Бадэн-Вюртэмберг праходзяць важныя трансеўрапейскія трубаправоды і шляхі зносін. Суднаходства па Рэйне, Некары і Бодэнскім возеры. Рачныя парты Мангейм, Гайльбран, Карлсруэ, Штутгарт. Гал. чыг. вузел і авіяпорт Штутгарт. Бальнеалагічныя курорты Бадэн-Бадэн, Бадэнвайлер і інш.
Спроба аб’яднаць у 1918—19 землі Бадэн, Вюртэмберг і прускую адм. акругу Гогенцолерн была няўдалая. У 1945—47 амер. і франц. акупац. ўлады штучна стварылі на гэтай тэрыторыі землі Вюртэмберг-Бадэн, Вюртэмберг-Гогенцолерн, якія ў 1949 сталі землямі ФРГ. У 1951 федэральны ўрад правёў рэферэндум, па выніках якога (у 2 землях 69,7% «за», у Бадэне 62,2% «супраць») у 1952 выбраны ландтаг і створаны агульны ўрад; аб’яднаная федэральная зямля атрымала назву Бадэн-Вюртэмберг. З 1953 дзейнічае канстытуцыя Бадэн-Вюртэмберга. У бадэнскай частцы рашэнне 1951 пра аб’яднанне канчаткова зацвердзіў рэферэндум 1970.
т. 2, с. 215
 Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)