АХРЫ́ДСКАЕ ВО́ЗЕРА (Ohrid),
возера ў Македоніі і Албаніі. Размешчана ў міжгорнай катлавіне на выш. 695 м. Пл. 348 км². Глыб. да 285 м. Падземнымі карставымі поласцямі злучана, магчыма, з воз. Прэспа. З Ахрыдскага возера выцякае р. Чорны Дрын (сцёк у Адрыятычнае м.). Суднаходства. Рыбалоўства. Да Ахрыдскага возера прымыкае нац. парк Галічыца (Македонія). Узбярэжжа Ахрыдскага возера. — курортная зона, на берагах — гарады Охрыд (Македонія), Паградэц (Албанія).
т. 2, с. 160
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАРДА́Р (Vardar),
рака ў Македоніі і Грэцыі. Даўж. 388 км, пл. бас. 25,4 тыс. км². Пачынаецца і цячэ пераважна ў гарах Македоніі, нізоўі — на Саланікскай нізіне, упадае ў заліў Тэрмаікос Эгейскага м. Паводкі ў асенне-зімовы перыяд і вясною. Сярэдні расход вады 151 м³/с. Суднаходная. Выкарыстоўваецца пераважна на арашэнне. На Вардары — г. Скоп’е (Македонія).
т. 4, с. 8
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛАГО́ЕЎ Дзімітр (14.6.1856, в. Загорычане, Македонія — 7.5.1924),
дзеяч рэв. руху Балгарыі і Расіі. З 1881 вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. У 1883 стварыў Благоева групу. Арганізатар Балг. с.-д. партыі (1901); у 1903 — партыі цеснякоў (у 1919 перайменавана ў кампартыю). Пераклаў на балг. мову шэраг твораў К.Маркса. Працы па філасофіі, палітэканоміі, гісторыі, эстэтыцы, артыкулы пра балг. л-ру.
т. 3, с. 183
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЯДО́ХІ (ад грэч. diadochos пераемнік, нашчадак),
палкаводцы Аляксандра Македонскага (Пердыка, Антыпатр, Антыгон I Аднавокі, Яўмен, Касандр, Пталамей, Лісімах, Селеўк I, Нікатар Селеўк I Нікатар і інш.), якія пасля смерці Аляксандра (323 да н.э.) падзялілі паміж сабой яго імперыю. У выніку працяглай барацьбы паміж імі (т. зв. войны дыядохаў), а таксама паміж іх нашчадкамі (т. зв. эпігонамі) узніклі 3 буйныя дзяржавы: Егіпет (пад уладай Пталамеяў), Македонія (на чале з Антаганідамі), дзяржава Селеўкідаў. Гл. таксама Элінізм.
т. 6, с. 308
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЭ́СПА (Prespa),
возера на З Балканскага паўвострава, на мяжы Македоніі, Албаніі і Грэцыі. Пл. 285 км². Глыб. 54 м. Знаходзіцца ў міжгорнай катлавіне каля паўн. краю гор Пінд, на выш. 853 м. Злучана пратокай з воз. Мікры-П. Мяркуецца, што падземны сцёк ідзе праз карставыя поласці ў воз. Ахрыдскае (16 км на ПнЗ ад П.). Штогадовыя ваганні ўзроўню 1,5—2 м. Рыбалоўства. На берагах П. — нац. паркі Галічыца (Македонія), Мікра-Прэспа (Грэцыя).
т. 13, с. 95
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРА́ЙКАЎСКІ Борыс (н. 25.6.1956, г. Струміца, Македонія),
македонскі паліт. і дзярж. дзеяч. Юрыст. Скончыў ун-т у г. Скоп’е. Працаваў юрысконсультам. З 1992 саветнік па знешнепаліт. справах лідэра руху за незалежнасць Македоніі Л.Георгіеўскага, кіраўнік камісіі па знешняй палітыцы Усемакед. рэв. арг-цыі — Дэмакр. партыі макед. нац. адзінства (да 1998), адказны за размеркаванне міжнар. гуманіт. дапамогі сярод албанскіх бежанцаў з Косава, саветнік мэра г. Скоп’е (з 1997), нам. міністра замежных спраў Македоніі. Са снеж. 1999 прэзідэнт Македоніі. Праводзіць курс на інтэграцыю краіны ў Еўрап. Саюз і НАТО.
М.С.Даўгяла.
т. 15, с. 499
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМЕ́ТРЫЙ I ПАЛІЯРКЕ́Т (грэч. Dēmētrios Poliorkētēs, каля 337, Македонія — 283 да н.э.),
палкаводзец эліністычнага перыяду. Сын Антыгона I Аднавокага, паплечніка Аляксандра Македонскага. Разам з бацькам прымаў удзел у барацьбе дыядохаў. У 306 перамог флот Пталамея каля Саламіна на Кіпры, разам з бацькам прыняў тытул цара. У 301 каля г. Іпс Антыгон і Д.П. пацярпелі паражэнне, Антыгон быў забіты, Д.П. уцёк. У 295 захапіў Афіны, у 294—288 валодаў Македоніяй. У 287 у М. Азіі пацярпеў паражэнне ад караля Сірыі Селеўка I, трапіў у палон, дзе і памёр. Біяграфію Д.П. дае Плутарх у «Параўнальных жыццяпісах».
т. 6, с. 349
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМІ́РНЕНСКІ (сапр. Ізмірліеў) Хрыста
(29.9.1898, Кукуш, Македонія — 18.6.1923),
балгарскі паэт. Вучыўся ў тэхн. і ваен. вучылішчах. З 1920 супрацоўнічаў у гумарыстычных часопісах і інш. выданнях. Друкаваўся з 1915. Аўтар зб-каў гумарэсак «Рознакаліберныя ўздыханні ў вершах і прозе» (1918), вершаў «Хай будзе дзень!» (1922), паэм, у т. л. «Зімовыя вечары» (1923), сатыр. вершаў, фельетонаў, памфлетаў, нарысаў. Яго творчасць прасякнута рэв. пафасам. На бел. мову асобныя вершы С. перакладалі Н.Гілевіч, А.Разанаў, М.Хведаровіч.
Тв.:
Бел. пер. — у кн.: Хай зорыць дзень! Мн., 1973;
У кн.: Сто гадоў, сто паэтаў, сто песень. Мн., 1978;
Рус. пер. — Избранное. М., 1954.
т. 15, с. 55
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭРЭ́ЗА (Teresa),
Маці Тэрэза [свецкае Баяджыў Агнес Гонджа (Bojaxhiu); 26.8.1910, Скоп’е, Македонія — 5.9.1997], албанская каталіцкая манахіня, заснавальніца і кіраўніца Ордэна міласэрнасці. З 1928 паслушніца ордэна «Ірл. сёстраў Ларэта», выкладала ў місіянерскай школе св. Марыі ў Калькуце (Індыя). У 1935 прыняла манаскі пострыг пад імем Т. У 1946 заснавала Ордэн міласэрнасці, члены якога павінны дапамагаць усім абяздоленым. Пад кіраўніцтвам Т. створана больш за 50 школ у Індыі і інш. краінах для дзяцей самых бедных пластоў насельніцтва, засн. прытулак для паміраючых жабракоў, лепразорый, першы цэнтр для хворых на СНІД і інш. дабрачынныя ўстановы. Нобелеўская прэмія міру 1979.
т. 16, с. 144
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСІМА́Х (грэч. Lysimachos; 361, г. Пела, Македонія — 281 да н.э.),
палкаводзец Аляксандра Македонскага, пасля смерці якога (323 да н.э.) правіў Фракіяй. У перыяд барацьбы дыядохаў за ўладу Л. у 315 да н.э. ваяваў у кааліцыі супраць Антыгона. Пасля паўторнага перадзелу спадчыны Аляксандра Македонскага Л. пашырыў тэрыторыю за кошт далучэння да сваіх уладанняў узбярэжжа праліва Гелеспонт (цяпер Дарданелы). У 306 да н.э. абвясціў сябе царом. У 303—301 да н.э. далучыў да сваёй дзяржавы частку М. Азіі. У 287—286 да н.э. ў саюзе з царом Эпіра Пірам падпарадкаваў сабе Македонію. Вёў безвыніковыя войны на Пн з гетамі і баспорскім царствам. Загінуў у барацьбе з б. дыядохам Селеўкам I Нікатарам, войска Л. было разбіта, а дзяржава распалася.
т. 9, с. 282
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)