падчы́сціць, ‑чышчу, ‑чысціш, ‑чысціць; зак., што.

1. Зрабіць больш чыстым; прывесці ў парадак. Гулка забубнілі па зямлі раптоўныя ліўні; яны то аціхалі, то наляталі зноў і ўсё абмылі, усё падчысцілі, сагналі мутнымі пераваламі з двароў і палеткаў бруд, трэскі, салому. Лужанін. Падчысціць бы.. [рэчы], падрамантаваць, дык і пайшлі б у ход. Кулакоўскі.

2. Сцерці, саскрэбці (напісанае, надрукаванае).

3. Разм. Усё дачыста, без астатку забраць, з’есці і пад. [Маці:] — А ў каморцы і мышам ужо няма чаго есці — надоечы я ўсё да апошняй крупінкі падчысціла. Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КАСМІ́ЧНЫЯ ПРАМЯНІ́,

патокі атамных ядраў і элементарных часціц у космасе і атмасферы. К.п. ў космасе наз. першаснымі (ПКП); прамяні, якія ўзнікаюць ад узаемадзеяння ПКП з рэчывам атмасферы ці міжзорнага газу, наз. другаснымі (ДКП).

У склад ПКП уваходзяць пратоны (92%), α-часціцы (7%), інш. ядры і электроны (1%). Большасць ПКП з энергіямі ад 1 да 10​8 ГэВ прыходзяць на Зямлю з Галактыкі і толькі невял. іх колькасць звязана з актыўнасцю Сонца. ПКП з энергіяй большай за 10​8 ГэВ, але меншай за 5∙10​10 ГэВ, магчыма, прыходзяць з Метагалактыкі. Найб. верагодныя крыніцы галактычных ПКП — успышкі звышновых зорак і пульсары, якія пры гэтым утвараюцца. Поўная энергія, што пераносіцца ПКП на Зямлю, невял. і параўнальная з энергіяй бачнага святла зорак. Узаемадзеянне ПКП (большасць іх часціц зараджана дадатна) з магн. полем Зямлі выклікае шэраг т.зв. геамагнітных з’яў, напр., залежнасць інтэнсіўнасці К.п. з энергіяй ~1 ГэВ ад геамагнітнай шыраты і даўгаты. У склад ДКП уваходзяць усе вядомыя элементарныя часціцы. На ўзроўні мора ДКП падзяляюць на жорсткія (μ-мезоны) і мяккія (электроны, пазітроны і фатоны) кампаненты. Мяккія кампаненты ДКП разам з ядз. каскадам утвараюць шырокія атмасферныя ліўні (магутныя патокі другасных часціц), папярочнік якіх дасягае соцень метраў. К.П выкарыстоўваюцца для вывучэння працэсаў узаемадзеяння элементарных часціц і іх структуры, а таксама для выяўлення і вывучэння астрафіз. працэсаў, што адбываюцца ў нетрах Сусвету.

І.​С.​Сацункевіч.

т. 8, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пала́дзіць, ‑ладжу, ‑ладзіш, ‑ладзіць; зак.

1. Наладзіць з кім‑н. добрыя адносіны; ужыцца. [Богдан:] — Нам патрэбен такі чалавек, які б нас за людзей лічыў.. Андрэй Максімавіч змог бы і з людзьмі наладзіць і гаспадарку навесці. Дуброўскі. — Дык-ты ў парабкі да Халусты? — Але, Сымон. — Не ведаю, як ты з ім паладзіш. Чарнышэвіч.

2. Памірыцца пасля сваркі з кім‑н. [Аленка:] — А ты як-небудзь паладзь з бацькам. [Сцёпка:] — Потым паладзім, а цяпер ладу не будзе. Колас.

3. што. Рамантуючы, зрабіць прыгодным для карыстання, работы. І я не выходзіў з двара — папраўляў платы, якія сям-там збуцвелі і асунуліся,.. наладзіў на хаце страху, бо ў раптоўныя навальнічныя дажджы, асабліва ў ліўні, яна працякала. Сачанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ско́нчыцца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Прыйсці да канца; закончыцца. Скончылася лета. Змена скончылася. Скончыўся водпуск. □ Вось і снеданне скончылася, і хата апусцела — усе паразыходзіліся. Колас. Будаўніцтва Міхалавай хаты скончылася толькі восенню. Васілевіч. Скашынскі зразумеў, што і тут яго кар’ера можа хутка і ганебна скончыцца. Чарнышэвіч. // Споўніцца, мінуць (пра ўзрост, гады). Калі пачалася вайна,.. [Ганне] неўзабаве павінна было скончыцца дваццаць чатыры гады. Чорны. // Спыніцца, перастаць. Грыбныя скончыліся ліўні, Туманы нікнуць да трысця. Лось. // Поўнасцю зрасходавацца. Гаручае скончылася. □ Скончыўся хлеб, цукар, елі адно мяса. Шамякін. У дыску скончыліся патроны. М. Ткачоў. // Дасягнуць граніцы сваёй працягласці. Сасновы бор скончыўся, і мы выйшлі на паляну. В. Вольскі. Асфальт скончыўся. Далей пайшла брукаваная шаша. Корбан.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.), чым. Прыйсці да пэўнага выніку, завяршыцца чым‑н. Невядома, чым бы скончыліся гэтыя размовы, каб цётка Наста не паклала абаіх адпачываць. Скрыпка. Усе чакалі, чым жа скончацца ўрэшце гэтыя падзеі. Лынькоў.

3. Разм. Памерці. Мядзведзь скончыўся ад страху. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спусці́цца, спушчуся, спусцішся, спусціцца; зак.

1. Сысці, перамясціцца зверху ўніз. [Лабановіч і Садовіч] прайшлі жалезны мост, спусціліся з высокага насыпу і пайшлі берагам. Колас. [Баніфацый] спусціўся з Касцельнай гары і доўга хадзіў па парку, чакаючы світання. Чарнышэвіч. Калі Рыта спусцілася з ганка і пайшла па алейцы, Вігдароўскі вынырнуў са змроку і ўзяў яе пад руку. Навуменка. // Перамясціцца ніжэй, знізіцца; апусціцца. Ужо адвячорак. Нізка спусцілася сонца. Шамякін. // Злезці адкуль‑н. уніз. — Трэба праверыць, — ледзь чутна прашаптаў Юрка і асцярожна спусціўся на зямлю. За ім злез і Сяргей. Курто. Фёдар спыніў каня, хацеў дапамагчы Апанаску сысці, але той сам спачатку абмацаў нагой утулку кола — стаў на яе ботам, а потым спусціўся на зямлю і толькі цяжка дыхаў — як усё роўна мяхі, падымаліся і апускаліся грудзі. Даніленка. // Сысці на ніжэйшае месца; апынуцца дзе‑н. [Колька:] — Мама, давай спусцімся да самай вады, пройдзем па беразе, га? Кулакоўскі. Прачытаўшы ліст Колі Высоцкага, .. [Клава] спусцілася на карчомны двор пашукаць сабе работы. Чорны. // Папасці ў сярэдзіну, у глыбіню чаго‑н. У шахту, у забой Спусціўся ён [Максім] глыбока. Куляшоў. Калі .. [Алёшка] спусціўся ў кацельную, то знясілены лёг на ложак і доўга ляжаў, без руху, без думак. Лынькоў. // Ссунуцца (пра што‑н. адзетае, абутае). Панчохі спусціліся. Спадніца спусцілася. // перан. Апусціцца да ўзроўню каго‑, чаго‑н. [Стругач:] — Сёння, бадай, трэба паехаць. Час ужо. Заседзеўся. Трэба спусціцца ў нізы. Прокша.

2. на што і без дап. Сесці, прызямліцца (пра птушак, насякомых, лятальныя апараты). Самалёт спусціўся на аэрадром. □ Сказала [крыжанка]: — Разбойнік Ідзе па гушчарах, Дзе знойдзе бяззбройных, Усіх выпішчае.. Спусціўся ўстрывожаны шпак: — І мой падабраў маладняк! Калачынскі. // перан. Наступіць, насунуцца (пра ноч, імглу, туман і пад.). А калі спусціцца поўнач, Раптам з прыціхшай даліны.. Спеў даляціць салаўіны. Танк. Спусціўся вячэрні змрок, здавалася б, самы час для лёту качак, а іх усё не відаць. Ігнаценка. // Працяглы час ісці, ліць (пра дождж, снег і пад.). У жніўні спусціліся на зямлю цяжкія ліўні. Кірэйчык.

3. Звіснуць, навіснуць. Густы чуб чорных .. валасоў спусціўся на лоб. Бядуля. А Лапко нічым не выказваў свайго хвалявання, можа толькі бровы яго трохі ніжэй спусціліся над вачыма. Колас.

4. Размясціцца па нахіленай плоскасці. Купайся, цягні падвалокі: Да ціхай азёрнай затокі Спусціўся з гары Маленькі пасёлак Суёкі. Маляўка.

5. Ідучы, выйсці куды‑н. Маленькая працэсія спусцілася на дарогу, мінула мосцік праз ручай, які шумна бег у рэчку, і пайшла па Галёнах. Васілеўская. // перан. Цягнучыся, вывесці куды‑н. За вёскай дарога спусцілася ў лагчыну, дзе сінеў ланцужок невялікіх сажалак. Беразняк.

6. Разм. Прыйсці ў заняпад, разарыцца. [Пан Бірыла:] — Мне трэба гаспадарку трымаць, каб не спусціцца з яе. Чорны. // Страціць ранейшыя пазіцыі, становішча. Што Славіку ранейшы брыгадзір усяляк дапамагаў, каб мы [механізатары] не спусціліся ніжэй рэкордных паказчыкаў, мне тады таксама не вельмі падабалася. Даніленка.

7. Сарвацца з чаго‑н., што ўтрымлівае. Курок сам спусціўся.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)