НЕЙТРАФІ́ЛЫ [ад лац. neuter ні той, ні іншы + ...філ(ы)],
мікрафагі, спецыяльныя лейкацыты, гетэрафілы, адна з форм зярністых лейкацытаў (гранулацытаў) у пазваночных жывёл і чалавека. Дыяметр 9—12 мкм. Цытаплазма мае нейтрафільныя гранулы, лізасомы. Утвараюцца Н. са стваловых крывятворных клетак і праходзяць паслядоўныя стадыі дыферэнцыроўкі. У чалавека Н. складаюць 48—78% лейкацытаў перыферычнай крыві. Асн. іх функцыя — фагацытоз, растварэнне (лізіс) амярцвелых тканак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЗМО́ЛІЗ (ад плазма + лізіс),
аддзяленне прысценачнага слоя цытаплазмы ад цвёрдай абалонкі расліннай клеткі. Адбываецца ў жывых клетках па прычыне сціскання пратапласта пад уздзеяннем плазмалітыку — раствору, гіпертанічнага да клетачнага соку. Пры запаволеным П. клеткі здольныя даволі доўга заставацца жывымі і пры перанясенні ў звычайную ваду хутка аднаўляюць стан тургару. Здольнасць да П. выкарыстоўваюць у эксперым. цыталогіі і фізіялогіі раслін для вызначэння асматычнага патэнцыялу, вязкасці цытаплазмы, вывучэння клетачнай пранікальнасці і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПНЕЎМАТО́ЛІЗ (ад грэч. pneuma павеў, паветра, дыханне + лізіс),
утварэнне мінералаў за кошт вылучаных з магмы пры яе раскрышталізацыі лятучых кампанентаў (пара- і газападобных) ці ад уздзеяння іх на горныя пароды. Пры ўздзеянні магматычных эманацый, складзеных пераважна са злучэнняў бору, фтору, хлору, фосфару і шчолачных металаў, на ўмяшчальныя пароды адбываецца пнеўматалітавы метасаматоз (гл.Метасаматызм), адкладваюцца злучэнні металаў і металоідаў (мінералы: касітэрыт, вальфраміт, шэеліт, берыл, тапаз і інш.). Звычайна П. суправаджаецца гідратэрмальнымі працэсамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКТЭРЫЯФА́ГІ [ад бактэрыі +...фаг(і)],
фагі, вірусы бактэрый, здольныя пашкоджваць бактэрыяльную клетку, размнажацца ў ёй і выклікаць яе разбурэнне (лізіс). Пашыраны ў глебе, раслінных і жывёльных арганізмах. Вылучаюць бактэрыяфагі ўмераныя (не парушаюць жыццядзейнасці пашкоджанай клеткі) і вірулентныя (выклікаюць гібель клеткі). Упершыню апісаны ў 1915. Класічны аб’ект даследаванняў у малекулярнай генетыцы. Выкарыстоўваюць для фагапрафілактыкі і фагатэрапіі інфекцыйных хвароб.
Складаюцца з бялковай абалонкі (капсіда) і ўнутранага змесціва — нуклеінавай кіслаты (ДНК або РНК). Маюць форму сперматазоіда або ніткападобную ці шматгранную. Да вызначанай клеткі прымацоўваюцца з дапамогай хваставых нітак-адросткаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
лізацы́мы
(ад ліза- + гр. zyme = закваска)
бялкі, якія змяшчаюцца ў жывёльных і раслінных арганізмах і з’яўляюцца ферментамі, што выклікаюць лізіс 2 некаторых мікраарганізмаў.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ПІРО́ЛІЗ (ад піра... + лізіс),
дэструктыўныя ператварэнні арган. злучэнняў пад уздзеяннем высокай (некалькі соцень градусаў) т-ры. Пры П. адначасова з асн. рэакцыяй (расшчапленнем вуглярод-вугляродных сувязей), што прыводзіць да ўтварэння прадуктаў ненасычанага характару з меншай малекулярнай масай, адбываюцца рэакцыі ізамерызацыі, цыклізацыі, полімерызацыі ці полікандэнсацыі зыходных злучэнняў і прадуктаў іх ператварэнняў. У прам-сці найб. пашыраны П. нафтавай сыравіны, піроліз драўніны, а таксама вугалю (гл.Каксаванне).
П. нафтавай сыравіны (пераважна газаў нафтаперапрацоўкі, бензінавых і газойлевых фракцый) — дэструктыўныя ператварэнні вуглевадародаў нафты пры т-рах 650—900 °C (гл.Крэкінг тэрмічны). Асн.прамысл. працэс атрымання этылену, прапілену, а таксама бутэнаў, бутадыену, бензолу, талуолу і інш. манамераў і паўпрадуктаў для хім. прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПЛЕМЕ́НТ (ад лац. complementum дапаўненне),
бялковы комплекс, выяўлены ў сываратцы крыві; важны фактар імунітэту ў жывёл і чалавека. Тэрмін уведзены ням. вучонымі П.Эрліхам і Ю.Моргенратам (1899). Складаецца з 9 кампанентаў, якія абазначаюцца літарай C з адпаведнымі лічбамі (у сываратцы крыві найб. кампанента C3), лёгка разбураецца пры награванні сывараткі, захоўванні яе доўгі час, на святле. Удзельнічае ў шэрагу імуналагічных рэакцый: пры далучэнні да комплексу антыгену з антыцелам на паверхні клетачнай мембраны ён выклікае лізіс бактэрый, эрытрацытаў і інш. клетак, апрацаваных адпаведнымі антыцеламі. З дзеяннем К. звязана ўстойлівасць да хваробатворных мікробаў, вызваленне гістаміну пры алергічных рэакцыях неадкладнага тыпу, аўтаімунныя працэсы. У медыцыне кансерваваныя прэпараты К. выкарыстоўваюцца пры сералагічнай дыягностыцы шэрагу інфекц. хвароб, для вызначэння антыгенаў і антыцел.