lelek

м. заал. казадой; ляляк (Caprimulgus europeus L.)

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

АРА́Л-ПАЙГАМБА́Р,

запаведнік ва Узбекістане. Размешчаны на аднайм. пясчаным востраве (даўж. каля 8 км, шыр. каля 5 км) у рэчышчы Амудар’і каля г. Тэрмез у Сурхандар’інскай вобл. Пл. больш за 3 тыс. га, у т. л. 964 га пад лесам, 6 га — вадаёмы. Засн. ў 1960 з мэтай аховы і вывучэння прыродных комплексаў тугайных лясоў (туранга, лох, тамарыск) і чарацяных зараснікаў, а таксама для аднаўлення папуляцыі бухарскага аленя. Пашыраны індыйскі пласціністазубы пацук, заяц-пясчанік, дзік, шакал, у паўд. пустыннай частцы в-ва — сярэднеазіяцкая чарапаха, шэры варан, туранская гюрза, стэпавая агама, з птушак — чаплі, крыжанка, шэрая гусь, змеяед, чорны грыф, валасянкі, звычайны ляляк і інш.

т. 1, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ле́лех, ле́лях ’жывот’ (маст., Сцяшк., Сл.; паўн.-усх. беласт., Сл. паўн.-зах.), леляхаваты ’з вялікім жыватом’ (шчуч., Сл. паўн.-зах.). У выніку пераносу значэння паводле падабенства з казадоем. Гл. ляля́к.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ліля́к ’барсук, Meies meles’ (Дразд.). Названы імем птушкі казадоя паводле падабенства буравата-шэрым колерам. Да ляляк (гл.). Параўн. таксама чэш. lilek ’красаўка, Atropa belladonna’, кветкі якой маюць шэра-жоўты колер.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ле́галь ’лежань, абібок’ (мін., Шн. 2; акц., Мат. Гом.). Генетычна роднаснае з харв. задарск. legalj ’казадой, ляляк’. Прасл. legalʼb < legati < clegti > легчы (гл.). Аб суфіксе -аль гл. Слаўскі, SP, 1, 104–105, 107–108 і Сцяцко, Афікс. наз., 25–26.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

САНО́РСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

адна з абласцей Неарктыкі. Займае сярэднюю ч. Паўн. Амерыкі (ад Канады да Мексікі) і п-аў Каліфорнія (акрамя яго паўд. часткі). Размешчана паміж Канадскай біягеаграфічнай вобласцю і Неагеяй. Уключае 3 падвобласці: Каліфарнійскую, Скалістых гор, або Цэнтральную, і Усходнюю, або Атлантычную.

У флоры яе зах. ч. пераважае ксерафітны тып расліннасці, у цэнтр. і ўсх. ч. — хваёва-шыракалістыя і шыракалістыя лясы, на Пд расліннасць мае субтрапічны характар. З рэліктаў захаваліся гіганцкая секвоя, тсуга, псеўдатсуга, туя. Найб. пашыраны розныя віды хвоі, дуба, клёна, платана, вяза, арэха, ясеня і інш. Шмат ліян, эпіфітаў. Характэрны зараснікі калючых кустоў — чапараль. У пустынях вял. колькасць кактусаў і інш. сукулентаў. Горныя лясы пераважна з хвоі і дуба. У фауне трапляюцца палеарктычныя і неатрапічныя групы жывёл, але ядро складаюць «агульнасанорскія», сярод якіх шмат эндэмікаў: апладонтавыя (горны бабёр), крот-зорканос, землярыйка-крот, каліфарнійскі кондар, вілахвосты каршун, бегаючая зязюля, спячы ляляк, гумавая змяя, грымучыя змеі, амбістомы, хвастатая жаба і інш. Найб. тыповыя прадстаўнікі: бізон, віларог, лугавы сабачка, кенгуровы пацук, каёт, віргінскі алень, скунс, куніца-рыбалоў, апосум, лугавы цецярук, кайманава чарапаха, ядазуб, жаба-бык і інш.

А.​М.​Петрыкаў.

Да арт. Санорская біягеаграфічная вобласць: 1 — цецярук лугавы; 2 — суслік калумбійскі; 3 — бізон; 4 — насуха; 5 — кондар каліфарнійскі; 6 — трус амерыканскі заходні; 7 — зязюля бегаючая; 8 — каршун слізняед; 9 — саракапут амерыканскі; 10 — рысь чырвоная.

т. 14, с. 158

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ле́жань, ле́жэнь, ле́жынь, лэ́жэнь ’сусветны гультай, абібок; нярупны, які любіць паспаць’ (КЭС, лаг., Арх. Гом., Мат. Гом., Бяльк., ТСБМ, Сл. паўн.-зах.; паўд.-усх., КЭС), ’галец, Nemachilus barbalulus L.’ (басейн р. Сож, Жук.), ’ляжачае гнілое дрэва’ (жытк., лоеў., ЛАПП), ’ляжачы вулей-калода’ (слаўг., Нар. сл.; паст., в.-дзв., Сл. паўн.-зах.; паст., З нар. сл.), ’птушка ляляк, Caprimulgus europeus’ (Маш., Анік., Дэмб. 1, Фед.–Долб., Птицы 1; паўн.-зах., КЭС; маг., Працы, 6; Нар. сл.; лоеў., калінк., Мат. Гом.), ’птушка’ — …ні гнязда не ўе, нічога, а лежыць і лежыць (Ян.). Укр. ле́жень ’гультай’, ’падруба’, ’ляжачы вулей’, рус. лежень, ст.-рус. ’ляжачы хворы’, ’гультай’, ’ляжачая бэлька’, польск. даўн. leżeń ’гультай’, ’вартаўнік галеры’. Прасл. lež‑ьnjь ’чалавек, які любіць ляжаць’, ’ляжачы прадмет’ (Слаўскі, 4, 198) < і.-е. leg‑e‑nis (Аткупшчыкоў, Из истории, 246).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Звадыяш ’зводнік, падбухторшчык’, дыял. зваду́н, звод ’тс’ (Касп.). Параўн. рус. сводня, сводник ’асобы, што выступаюць пасрэднікамі’ (у тым ліку, паводле Даля, ’злачынных сувязей’), укр. звідник ’абманшчык’ (Грынч.), уст. дыял. зводи́тель ’спакуснік’, польск. дыял. zwodzijasz, zwodzijaś ’птушка ляляк, Caprimulgus europaeus, якая водзіць людзей па лесе’, ’падманшчык’ (1 красавіка — dzień św. Zwodzijasa) (Карловіч), ст.-польск. zwodzicz, zwodca ’баламут, падманшчык’ (Рэчак). Параўн. бел. звада ’спрэчка’ (Мікуцкі, Полымя, 1971, 8, 251), звадзіць ’пасварыць’ (Багушэвіч, Мар. дыс., 176). Паводле Мартынава–Міхневіча (Маладосць, 1969, 9, 149), да кораня вад‑ (гл. вадзіць). Аднак у словатворчых адносінах дакладней Сцяцко (Афікс. наз., 32–33): звадыяш ад зводнік. Сувязь з вадзіць пазнейшая. Зважаючы на бел.-польск. пашырэнне, хутчэй тут запазычанне, верагодна, з польск. у бел. Ад зводзіць з суфіксам ‑ун утворана звадун, што тыпова для бел. словаўтварэння. Звод можа быць рэфлексам старога ўтварэння з аблаўтам ад sъved‑ti (рус. свести) у спецыфічным значэнні, адкуль потым адназоўнікавы дзеяслоў зводзіць, але магчыма і больш новае, другаснае ўтварэнне ад гэтага дзеяслова, утворанага на базе звод з шырокім значэннем.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Начні́ца 1 ’начная птушка’ (Яруш.), ’казадой’ (Інстр. 2), ’ляляк звычайны’ (Веснік БДУ, 1981, 1), ’пішчуха’ (столін., там жа), ’сава’ (віц., Зап. Сев.-зап. отд. РГО, 1910, 1), укр. ночни́ця ’кажан; казачная сляпая птушка, якую водзіць малая птушка: у летнюю ноч яна жаласна крычыць’, рус. ночни́ца ’казадой’. Да начны́ ’які вядзе начны спосаб жыцця’, параўн. Антропаў, Веснік БДУ, 1981, 1, 26 (выказваюцца сумненні адносна пішчухі, паколькі яна дзённая птушка), хутчэй за ўсё ўтворана ў выніку семантычнай кандэнсацыі спалучэнняў тыпу начная птушка, начная мыш і пад.

Начні́ца 2 ’начны матылёк, цьма’ (Пятк. 2), польск. nocnica ’тс’, славац. nočnica ’тс’, серб.-харв. ноћница ’тс’. Да начны́ ’які лятае ноччу’; паводле народных уяўленняў, можа ўвасабляць нячыстую сілу (гл. начні́ца 3), параўн.: Preklatyje nacznicy (ćmy) letajuć (Пятк., 2, 169).

Начні́ца 3, часцей начні́цы ’злыя духі, якія ў начны час турбуюць дзіця’ (Сл. ПЗБ), ’злыя начныя істоты’ (Федар. 1), ’начныя здані’ (Ян.), ’выдуманыя, фантастычныя істоты, начныя ведзьмы’ (Сцяшк.), ’маленькія і злыя духі ночы’ (барыс., Шн. 3), ’дзіцячая хвароба’ (Касп.), ночны́ця ’нячыстая сіла, якая ноччу знішчае птушанят у гнёздах і яйкі, калі сказаць пра іх месцазнаходжанне пасля захаду сонца’ (Клім.), ночні́ца ’бяссонніца’ (ТС), укр. ночни́ця, нічни́ця ’бяссонніца; адзін са злых духаў (паводле вераванняў гуцулаў)’, рус. ночни́ца ’бяссонніца; дзіцячая хвароба, крыксы’, польск. nocnica ’начны дух, мара; начны прывід’, nocnice ’дэманы, што мучаць спячых дзяцей’, славац. nočnica, noclica ’мара; міфічная істота, што душыць у сне’, серб.-харв. но̀ћница ’здань, прывід; мара’. Да начны́ ’які з’яўляецца ноччу’, параўн. субстантываваныя назвы: ночны́ ’начны дэман’ (ТС), рус. ночна́я ’персаніфікацыя начной бяссонніцы ў дзяцей’ (параўн.: Из‑под кровати как бы женщина поднялась и в дверь ушла. Это, говорит, ночная ушла. Ребенок сразу спать стал, гл. Черепанова, Мифол. лексика рус. Севера. Л., 1983, 37), балг. дыял. но́шно ’здань, мара’ і пад.

Начні́ца 4 ’паўночнік, Jasione montana L.’ (віц., Кіс.), ношні́ца ’тс’ (Жд. 2), ночны́ця ’кветкі, якія распускаюцца ноччу’ (Клім.), польск. nocnica ’дэкаратыўная расліна, Nyctago gortensis’, славен. nočnica ’начная фіялка’. Гл. начні́к 1, параўн. рус. ночна́я цари́ца ’Matthiola annua L.’ Пра народнаэтымалагічную сувязь назвы расліны, якая можа служыць асновай яе магчымай функцыі, і начніца 3 ’бяссонніца’ сведчыць наступны кантэкст: «Дзяцей, якія ноччу ні сьпяць, купаюць у нашіцах» (Жд. 2, 107).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)