Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ЛЯКАПАДО́БНЫЯ (Caprimulgiformes),
атрад птушак, 5 сям., 93 сучасныя і 8 выкапнёвых відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных раёнаў, найб. — у тропіках. На Беларусі 1 від — ляляк звычайны (Caprimulgus europaeus). Жыве парамі ў лясах, пераважна хваёвых. Начная птушка. Нар. назвы начніца, лежань. Пуэртарыканскі ляляк (C. noctitherus) — у Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. леляка звычайнага да 29 см, маса да 100 г. Апярэнне мяккае, рыхлае, буравата-шэрае, стракатае. Крылы і хвост доўгія. Дзюба кароткая, рот шырокі, абкружаны доўгімі шчацінкападобнымі пёрамі. Вочы вялікія. Ногі кароткія, слабыя. Корміцца насякомымі. Нясе 3 яйцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРА́Л-ПАЙГАМБА́Р,
запаведнік ва Узбекістане. Размешчаны на аднайм. пясчаным востраве (даўж. каля 8 км, шыр. каля 5 км) у рэчышчы Амудар’і каля г. Тэрмез у Сурхандар’інскай вобл.Пл. больш за 3 тыс.га, у т. л. 964 га пад лесам, 6 га — вадаёмы. Засн. ў 1960 з мэтай аховы і вывучэння прыродных комплексаў тугайных лясоў (туранга, лох, тамарыск) і чарацяных зараснікаў, а таксама для аднаўлення папуляцыі бухарскага аленя. Пашыраны індыйскі пласціністазубы пацук, заяц-пясчанік, дзік, шакал, у паўд. пустыннай частцы в-ва — сярэднеазіяцкая чарапаха, шэры варан, туранская гюрза, стэпавая агама, з птушак — чаплі, крыжанка, шэрая гусь, змеяед, чорны грыф, валасянкі, звычайны ляляк і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САНО́РСКАЯ БІЯГЕАГРАФІ́ЧНАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
адна з абласцей Неарктыкі. Займае сярэднюю ч.Паўн. Амерыкі (ад Канады да Мексікі) і п-аў Каліфорнія (акрамя яго паўд. часткі). Размешчана паміж Канадскай біягеаграфічнай вобласцю і Неагеяй. Уключае 3 падвобласці: Каліфарнійскую, Скалістых гор, або Цэнтральную, і Усходнюю, або Атлантычную.
У флоры яе зах.ч. пераважае ксерафітны тып расліннасці, у цэнтр. і ўсх.ч. — хваёва-шыракалістыя і шыракалістыя лясы, на Пд расліннасць мае субтрапічны характар. З рэліктаў захаваліся гіганцкая секвоя, тсуга, псеўдатсуга, туя. Найб. пашыраны розныя віды хвоі, дуба, клёна, платана, вяза, арэха, ясеня і інш. Шмат ліян, эпіфітаў. Характэрны зараснікі калючых кустоў — чапараль. У пустынях вял. колькасць кактусаў і інш. сукулентаў. Горныя лясы пераважна з хвоі і дуба. У фауне трапляюцца палеарктычныя і неатрапічныя групы жывёл, але ядро складаюць «агульнасанорскія», сярод якіх шмат эндэмікаў: апладонтавыя (горны бабёр), крот-зорканос, землярыйка-крот, каліфарнійскі кондар, вілахвосты каршун, бегаючая зязюля, спячы ляляк, гумавая змяя, грымучыя змеі, амбістомы, хвастатая жаба і інш.Найб. тыповыя прадстаўнікі: бізон, віларог, лугавы сабачка, кенгуровы пацук, каёт, віргінскі алень, скунс, куніца-рыбалоў, апосум, лугавы цецярук, кайманава чарапаха, ядазуб, жаба-бык і інш.