МЕНІ́СКАВЫЯ СІСТЭ́МЫлюстрана-лінзавыя сістэмы, у якіх перад сферычным (радзей эліптычным) люстэркам ці перад сістэмай люстэркаў і лінзаў або пасля іх знаходзіцца 1 ці некалькі ахраматычных меніскаў. Вынайдзены ў 1941 Дз.Дз.Максутавым і Д.Габарам, незалежна адзін ад аднаго. Меніскавыя лінзы, радыусы крывізны паверхняў якіх мала адрозніваюцца, не ўплываюць на агульны ход прамянёў, але істотна змяншаюць аберацыі аптычных сістэм, у якія яны ўваходзяць. М.с. маюць малы астыгматызм, у іх можна скампенсаваць сферычную аберацыю, пазбавіцца ад комы. Выкарыстоўваюцца ў астраноміі, фатаграфіі і інш.Гл. таксама Максутава тэлескоп.
Я.У.Чайкоўскі.
Меніскавыя сістэмы тыпу: а — Ньютана; б — Мерсена; 1 — меніск; 2, 3 — галоўнае і дапаможнае люстэркі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКСУ́ТАВА ТЭЛЕСКО́П,
люстрана-лінзавы тэлескоп, пабудаваны па схемах меніскавых сістэм. Вынайдзены ў 1941 Дз.Дз.Максутавым.
У М.т. звычайна выпраўлены аберацыі: сферычная, храматычная і кома (гл.Аберацыі аптычных сістэм). Увядзенне ў люстраныя тэлескопы меніска (роўна таўшчыннай выпукла-ўвагнутай лінзы) з простымі ў вырабе сферычнымі паверхнямі дало магчымасць павялічыць іх адносную адтуліну да 1:3 і поле зроку да 5°, спрасціць канструкцыю паўторных люстэркаў для тэлескопаў схем Касегрэна і Грэгары, герметызаваць трубу і засцерагчы паверхню гал. люстэрка, а таксама выкарыстаць схему М.т. ў фатаграфічных аб’ектывах. Найбольшыя ў свеце М.т. з меніскамі дыям. па 700 мм (люстэркі дыям. каля 1000 мм) пабудаваны ў СССР і ўстаноўлены ў Абастуманскай астрафіз. абсерваторыі (Грузія) і Паўд.астр. абсерваторыі ЗША (Чылі) Розныя варыянты М.т. пашыраны сярод аматараў астраноміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫ́ЧНАЯ ІЗАМЕРЫ́Я, энантыямерыя,
з’ява, абумоўленая здольнасцю рэчыва вярцець у розныя бакі плоскасць палярызацыі святла, што праходзіць праз рэчыва; від прасторавай ізамерыі. Звязана з існаваннем рэчыва ў дзвюх формах (лева- і прававярчальнай), якія наз. аптычнымі ізамерамі або аптычнымі антыподамі і ўзнікаюць у выніку асіметрыі (хіральнасці) малекулы.
Аптычныя ізамеры адносяцца адзін да аднаго як несіметрычны прадмет і яго люстраны адбітак; маюць ідэнтычныя фіз. і хім. ўласцівасці, акрамя аптычнай актыўнасці. Адзін ізамер верціць плоскасць палярызацыі святла ўлева [l- ці (-)-форма], другі — управа [d- ці (+)-форма). Дзве формы аднаго і таго ж рэчыва маюць люстрана процілеглыя канфігурацыі. Для вызначэння генетычнай сувязі рэчываў выкарыстоўваюць знакі L і D, якія сведчаць аб роднасці канфігурацыі аптычна актыўнага рэчыва з L- ці D-гліцэрынавым альдэгідам або адпаведна з L- ці D-глюкозай. Аптычныя антыподы (ізамеры), узятыя ў эквімалекулярнай колькасці, утвараюць аптычна неактыўны рацэмат.
Аптычную ізамерыю маюць прыродныя амінакіслоты, вугляводы, алкалоіды. Фізіял. і біяхім. дзеянне аптычных ізамераў рознае: бялкі, сінтэзаваныя з прававярчальных кіслот (прыродныя бялкі — левавярчальныя) не засвойваюцца арганізмам; левы нікацін больш ядавіты, чым правы. У біял. працэсах існуе феномен перавагі левай формы аптычнай ізамерыі, які ўплывае на ўяўленні аб шляхах зараджэння і эвалюцыі жыцця на Зямлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБ’ЕКТЫ́Ў,
аптычная сістэма або яе частка, якая стварае сапраўдны адваротны відарыс аб’екта. Створаны аб’ектывам відарыс разглядаецца праз акуляр (звычайна пасля абарачальнай сістэмы) ці фіксуецца на экране, фатагр. плёнцы, фотакатодзе перадавальнай тэлевізійнай трубкі і інш. Бываюць лінзавыя, люстраныя і люстрана-лінзавыя.
Асн. аптычныя характарыстыкі: фокусная адлегласць f; дыяметр уваходнай зрэнкі d; святласіла d/f; вугал (поле) зроку; раздзяляльная здольнасць. Аб’ектывы тэлескапічных сістэм маюць фокусную адлегласць да некалькіх метраў і дыяметр уваходнай зрэнкі ад некалькіх сантыметраў (у геад., вымяральных і падзорных трубах) да некалькіх метраў (у тэлескопах-рэфрактарах), аб’ектывы мікраскопаў — фокусную адлегласць 1,5—40 мм, малафарматных фотаапаратаў — 6—2000 мм (для аматарскай практыкі 28—200 мм). Фатагр. аб’ектывы бываюць нармальныя (вугал зроку 40—50°), шырокавугольныя (больш за 70°), звышшырокавугольныя (больш за 83°, аб’ектывы тыпу «рыбіна вока» больш за 180°), даўгафокусныя (менш за 39°) і звышдаўгафокусныя (менш за 9°). Канструкцыя складаных аб’ектываў дазваляе выправіць храматычную і геам.аберацыі аптычных сістэм. Большасць аб’ектываў — анастыгматы. Аб’ектывы з пераменнай фокуснай адлегласцю (панкратычныя), у якіх плоскасць відарыса і святласіла нязменныя, выкарыстоўваюцца ў кіна- і тэлекамерах, спец. прамянёвастойкія — у лазерных сістэмах. Для павелічэння фіз. святласілы аб’ектывы прасвятляюць (гл.Прасвятленне оптыкі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
люстра́ны, ‑ая, ‑ае ілюстраны́, ‑а́я, ‑о́е.
1. Які мае адносіны да люстра 1 (у 1 знач.). Люстраная майстэрня. Люстраная вытворчасць.// Уласцівы люстру, такі, як у люстра. Люстраны глянец. Люстраная паліроўна.// Які з’яўляецца люстрам, з люстрам. Люстрана-лінзавы тэлескоп. □ Станіслаў праз сілу ўзнімаецца з крэсла, падыходзіць да шафы і, раней, чым адчыніць яе, узіраецца ў люстраныя дзверы.Мікуліч.
2.перан. З бліскучай, гладкай паверхняй. Быстра слізгацяць душагубкі па люстранай вадзе пад лоўкімі ўзмахамі вёсел.Колас.Над ракою над шырокай, Над люстранаю ракой, Над лазою невысокай Ходзіць ветрык-неспакой.Астрэйка.
•••
Люстранае шклогл. шкло.
Люстраны карпгл. карп.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)