люмено́метр

(ад люмен + -метр)

прыбор для вымярэння светлавога патоку ў люменах.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

СВЕТЛАВЫ́ ПАТО́К,

магутнасць выпрамянення святла, якая ацэньваецца па зрокавым адчуванні або ўздзеянні на селектыўны прыёмнік святла, што мае стандартызаваную спектральную адчувальнасць. Роўны здабытку сілы святла I на прасторавы вугал ω, у якім распаўсюджваецца дадзены С.п.: Φ = Iω.

Поўны С.п., што выпраменены кропкавай крыніцай святла з сілай святла I, роўны Φ = 4πI. У адрозненне ад С.п. прамяністы паток P ацэньваецца з дапамогай вымяральных прылад (аб’ектыўна) і звязаны з С.п. суадносінамі Φ = kP, дзе k — светлавы эквівалент магутнасці, залежны ад даўжыні хвалі святла. Адзінка С.п. ў СІ — люмен, прамяністага патоку — ват.

т. 14, с. 252

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

люкс​2

(лац. lux = святло)

адзінка вымярэння асветленасці ў Міжнароднай сістэме адзінак (СІ), роўная сіле асвятлення паверхні ў 1 м​2 струменем святла ў 1 люмен.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

фот

(гр. phos, -otos = святло)

адзінка вымярэння шчыльнасці светлавога патоку або ступені асветленасці якой-н. паверхні ў СГС сістэме адзінак, роўная асветленасці, якую стварае светлавы паток у 1 люмен, раўнамерна размеркаваны па плошчы 1 см​2.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АДЗІ́НКІ ФІЗІ́ЧНЫХ ВЕЛІЧЫ́НЯЎ,

фізічныя велічыні, якім паводле вызначэння прысвоена лікавае значэнне, роўнае адзінцы. Перадаюцца мерамі і захоўваюцца ў выглядзе эталонаў.

Гістарычна першымі з’явіліся адзінкі фізічных велічыняў для вымярэння даўжыні, масы (вагі), часу, плошчы, аб’ёму. Выбраныя адвольна, яны садзейнічалі ўзнікненню ў розных краінах аднолькавых па назве і розных па памеры адзінак (напр., аршын, валока, гарнец, пуд, фут, цаля і інш.). Развіццё навукі і тэхнікі, эканам. сувязяў паміж краінамі патрабавала уніфікацыі адзінак. У 18 ст. ў Францыі прынята метрычная сістэма мер, на яе аснове пабудаваны метрычныя сістэмы адзінак. Упарадкаванне адзінак фізічных велічыняў праведзена на аснове Міжнароднай сістэмы адзінак (СІ). Даўнія меры і адзінкі фізічных велічыняў вывучае метралогія гістарычная.

Адзінкі фізічных велічыняў падзяляюцца на сістэмныя, што ўваходзяць у пэўную сістэму адзінак, і пазасістэмныя адзінкі. Сярод сістэмных адрозніваюць асноўныя, якія выбіраюцца адвольна (напр., ампер, секунда і інш.), вытворныя, што ўтвараюцца пры дапамозе ўраўненняў сувязі паміж фізічнымі велічынямі (напр., метр у секунду, кілаграм на кубічны метр і інш.), і дадатковыя (напр., радыян). У СІ 17 вытворных адзінак маюць спец. найменні: бекерэль, ват, вебер, вольт, генры, герц, грэй, джоўль, кулон, люкс, люмен, ньютан, ом, паскаль, сіменс, тэсла, фарад. Вельмі вял. ці малыя лікавыя значэнні фіз. велічыняў для зручнасці перадаюць кратнымі адзінкамі і дольнымі адзінкамі.

Літ.:

Деньгуб В.М., Смирнов В.Г. Единицы величин: Слов.-справ. М., 1990;

Сена Л.А. Единицы физических величин и их размерности. 3 изд. М., 1988;

Болсун А.И., Вольштейн С.Л. Единицы физических величин в школе. Мн., 1983.

А.​І.​Болсун.

т. 1, с. 109

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЯ СІСТЭ́МА АДЗІ́НАК (франц. Systéme International d’Unitées; СІ),

сістэма адзінак фізічных велічынь, прынятая 11-й Генеральнай канферэнцыяй па мерах і вазе (1960). Створана для уніфікацыі вымярэнняў фіз. велічынь і замены вял. колькасці сістэм адзінак, што ўзніклі на аснове метрычнай сістэмы мер. Складаецца з 7 асн. адзінак: даўжыні — метр, масы — кілаграм, часу — секунда, сілы эл. току — ампер, тэрмадынамічнай т-ры — кельвін, сілы святла — кандэла, колькасці рэчыва — моль; 2 дадатковых: плоскага вугла — радыян, прасторавага вугла — стэрадыян.

Ахоплівае ўсе галіны навукі і тэхнікі, устанаўлівае пэўную сувязь у вымярэннях мех., цеплавых, эл. і інш. велічынь. Асн. і дадатковыя адзінкі сістэмы даюць магчымасць пры дапамозе вызначальных ураўненняў атрымаць неабходную колькасць кагерэнтных (без увядзення якіх-н. каэфіцыентаў прапарцыянальнасці) вытворных адзінак 18 вытворных адзінак маюць спец. найменні: бекерэль, ват, вебер, вольт, генры, герц, грэй, джоўль, зіверт, кулон, люкс, люмен, ньютан, ом, паскаль, сіменс, тэсла, фарад. Найменні інш. вытворных адзінак утвараюцца праз найменні асн., дадатковых і некаторых вытворных адзінак. Напр., адзінка шчыльнасці мае найменне кілаграм на кубічны метр, адзінка ўдзельнай цеплаёмістасці — джоўль на кілаграм∙кельвін. Пераважная колькасць асн. і вытворных адзінак СІ сваімі памерамі зручная для практыкі. Выкарыстанне дольных адзінак і кратных адзінак дае магчымасць падабраць патрэбныя памеры адзінак пры вымярэнні кожнай фіз. велічыні. Большасць краін свету прыняла М.с.а. для абавязковага ці пераважнага выкарыстання. У б. СССР (у т. л. у Беларусі) з 1.1.1980 было ўстаноўлена абавязковае выкарыстанне М.с.а. ва ўсіх галінах навукі, тэхнікі і нар. гаспадаркі, а таксама пры выкладанні фізіка-тэхн. дысцыплін.

Літ.:

Бурдун Г.Д. Справочник по международной системе единиц. 3 изд. М., 1980;

Болсун А.И., Вольштейн С.Л. Единицы физических величин в школе. Мн., 1983;

Стоцкий Л.Р. Физические величины и их единицы: Справ. М., 1984.

А.​І.​Болсун.

т. 10, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)