МАРМО́НЫ (саманазва «Царква Ісуса Хрыста святых апошняга дня»),
рэлігійная плынь, заснаваная ў 1830-я г. ў ЗША Дж.Смітам. Вучэнне М. уяўляе сабой эклектычную сумесь ідэй хрысціянства, іудаізму, язычніцтва, а таксама самога Сміта, выказаных у «Кнізе Мармона», якая разам з Бібліяй лічыцца крыніцай веравызнання. Гал. тэзіс «Кнігі...» сцвярджае, што М. з’яўляюцца нашчадкамі іудзейскага племя, якое нібыта перасялілася ў Амерыку за 6 ст. да н.э., заснавала там квітнеючую цывілізацыю, знішчаную неўзабаве ў выніку ўнутр. канфліктаў. Адсюль выцякаюць ідэі аб «збіранні плямён ізраілевых» і «адраджэнні сапраўднай хрысціянскай царквы». Тэалагічная дактрына М. мае прыземлены, антрапацэнтрычны характар: гал. бог М. утварыўся з сукупнасці атамаў і ў сваю чаргу парадзіў астатніх багоў і багінь; аднак М. пакланяюцца не яму, а богу Зямлі — Элахіму, цялеснай істоце, якая мае чалавечыя запатрабаванні і пачуцці. Малітоўныя сходы М. складаюцца з пропаведзяў, чытання і спеваў рэліг. гімнаў. Вернікі плацяць царк. падатак — дзесяціну, штомесячна — «прынашэнне посту» (грошы, сэканомленыя ў выніку аднаразовага ўстрымання ад ежы). Культавы сэнс у М. набыла палігамія, да 1890 яны афіцыйна практыкавалі мнагажонства. Сучасны эпіцэнтр М. знаходзіцца ў штаце Юта, г.Солт-Лейк-Сіці (ЗША). На 1.1.2000 на Беларусі дзейнічалі 3 суполкі М.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУІЗІЯ́НА (Louisiana),
штат на Пд ЗША, на Прымексіканскай нізіне. На Пд абмываецца Мексіканскім залівам. Пл. 125,7 тыс.км2. Нас. 4350,6 тыс.чал. (1996), у т.л. 30,8% негры. Адм. ц. — Батан-Руж, найб. горад Новы Арлеан. Прыморская частка — забалочаная нізіна з азёрамі, на У — даліна і дэльта р. Місісіпі. На ПнЗ рэльеф узгорысты (выш. да 163 м). Клімат субтрапічны, вільготны. Сярэднія месячныя т-ры ад 12 °C у студз.—лютым да 27,5 °C у ліпені. Ападкаў каля 1500 мм за год. Індустр.-агр. штат. Здабыча нафты, прыроднага газу, каменнай солі, серы. Буйная нафтаперапр. і хім.прам-сць (Батан-Руж, Лейк-Чарльз, Новы Арлеан). Развіты алюмініевая, нафтахім. (вытв-сцьсінт. каўчуку, пластмас), дрэваапр., папяровая, харч. (цукр., алейная, апрацоўка трапічных прадуктаў), суднабуд. і суднарамонтная, аўтазборачная, металаапр.прам-сць. У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства (больш за 60% даходаў). Асн. культуры: рыс, бавоўнік, цукр. трыснёг, соя, кукуруза, батат. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і свіней. Рачное і марское рыбалоўства. Транспарт аўтамабільны, чыгуначны, рачны, марскі.
Тэр. Л., якую здаўна насялялі індзейцы, у 1539—42 адкрылі іспанцы, з 1682 даследавалі і з 1699 каланізавалі французы (у 1718 засн.г. Новы Арлеан). У канцы 17 — пач. 19 ст.Л.наз. вялізная тэр. басейна р. Місісіпі. У выніку Сямігадовай вайны 1756—63 Францыя перадала зах. частку Л. пад уладу Іспаніі, усходнюю — Англіі. Пасля ўтварэння ЗША усх. частка Л. ўвайшла ў іх склад (1783), а заходняя зноў адышла (1800) да Францыі, якая ў 1803 прадала сваю частку Л. ЗША за 15 млн.дол. З 1804 паўд. частка Л. — тэрыторыя (адм. адзінка), з 30.4.1812 штат ЗША (астатнія часткі Л. ўвайшлі ў інш. штаты ЗША), які ў грамадз. вайну 1861—65 удзельнічаў на баку паўд. (канфедэратыўных, рабаўладальніцкіх) штатаў. У Л. працяглы час адбываліся сац. і расавыя хваляванні, асабліва ў канцы 1920 — пач. 1930-х г.